Каб харашэць душой

Педагагічны сайт Міколы Жуковіча,
настаўніка беларускай мовы і літаратуры, дырэктара Бярозаўскай СШ № 1 Брэсцкай вобласці

Урокі літаратуры


Вусны часопіс па тэме “Біяграфія і творчасць Адама Міцкевіча” ў 10-ым класе

     Прыкладна за тыдзень да гэтага ўрока настаўнік арганізоўвае ў класе міні-калектывы пад умоўнымі назвамі — "мастакі-афармляльнікі”, "фатографы", "бібліятэкары", "бібліёграфы", "артысты", “літаратуразнаўцы”, “гісторыкі”, "краязнаўцы" — і дае вучням канкрэтныя спісы літаратуры і заданні, неабходныя для рэалізацыі запланаванай тэмы заняткаў. Такім чынам, ход урока рыхтуецца сіламі саміх дзесяцікласнікаў. Педагогу патрабуецца толькі прадумаць і ўмела звязаць усе сітуацыі навучальнай гульні.
    Вучням — “мастакам-афармляльнікам” і "бібліятэкарам" варта прымацаваць у кабінеце і прыгожа аздобіць партрэт Адама Міцкевіча; пажадана падрыхтаваць кніжную выставу перакладных твораў пісьменніка і літаразнаўчых прац; на дошцы або на аркушы паперы можна напісаць па-польску і ў перакладзе наступныя словы, што паслужаць эпіграфам да ўрока:

  Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое:
  Не цэнім, маючы, а страцім залатое – 
  Шкада, як і красы твае, мой родны краю. 
  Тугою па табе тут вобраз твой ствараю. 
                                 Пан Тадэвуш. 
                                 Пераклад Я. Семяжона. 
      Ці: 
  0, мне дажыць 6ы да гэткай уцехі, 
  Каб мае трапілі кнігі пад стрэхі, 
  ...Каб і мае ўзялі кнігі сялянкі, 
  Простыя кнігі, як іх калыханкі. 
                                 Пан Тадэвуш.  
                                 Пераклад М. Танка. 


    Дарэчы будзе выкарыстаць і схематычную карту "Па мясцінах вандроўніка-пілігрыма Адама Міцкевіча", а таксама вялікі самаробны часопіс, на лістах якога можна напісаць назвы старонак і змясціць патрэбны ілюстрацыйны матэрыял.
    Ва ўступным слове настаўнік згадвае, што сёння — ужо другая сустрэча з асобай і творчасцю Адама Міцкевіча на ўроках беларускай літаратуры: у сёмым класе ішла гаворка пра радзіму класіка, вывучалася яго балада “Свіцязянка”, а таксама верш "Бульба". Таму ў мэтах актывізацыі апорных ведаў заняткі варта пачаць з невялікай гутаркі па пытаннях 1 - 4, змешчаных у падручніку “Беларуская літаратура” (пад рэд.. В. Ляшук; 2000) на с. 102.
    Распачаць часопіс настаўнік можа з праслухоўвання славутага паланэза “ Развітанне з Радзімай" Міхала Клеафаса Агінскага або аднаго з паланэзаў Фрыдэрыка Шапэна — блізкага сябра і суайчынніка Адама Міцкевіча. Такая музычная застаўка створыць адпаведны настрой і эмацыйна ўвядзе ў гістарычную эпоху канца XVIII — пачатку XIX ст. Выкладчык паказвае партрэт Адама Міцкевіча і адгортвае першую старонку часопіса: "Такім бачылі Міцкевіча яго сучаснікі". Добрым дадаткам да вуснага апісання знешняга выгляду творцы будзе зачытванне ўспамінаў яго сучаснікаў.
    Вось як апісваў першую сустрэчу з паэтам-выгнаннікам у Швейцарыі польскі пісьменнік Зыгмунт Красіньскі: "11 жніўня 1830 года Міцкевіч вельмі ветліва мяне прыняў. Ён вельмі бледны і слабы, невысокага росту, з худым тварам, але з цудоўнымі спакойнымі меланхалічнымі рысамі... Халодны, пануры, выглядае вельмі разважлівым чалавекам..." Значна пазней, у Францыі, у 1849 г., рускі крытык Аляксандр Герцэн запомніў Адама Міцкевіча такім: "Шмат думак і пакутаў баразнілі яго хутчэй літоўскае, чым польскае аблічча. Яго фігура, галава з пышнымі сівымі валасамі і стомленым поглядам выяўлялі перажытае няшчасце, унутраны боль..."
    Акцэнтуючы ўвагу вучняў на партрэце Адама Міцкевіча, настаўнік адзначае, што такім задумлівым і меланхалічным паэта зрабіла туга па Радзіме. Трыццаць адзін год, аж да самай смерці, А. Міцкевіч так і не здолеў вярнуцца з выгнання ў сваю Літву-Бацькаўшчыну.
    Тут будзе дарэчы працытаваць радкі з уступу да паэмы “Пан Тадэвуш”, якімі выкладчык "адгорне" другую старонку часопіса — "Зямля навагрудская, краю мой родны...".
    Вучань-"краязнаўца" працягвае далей, што Наваградчына — надзвычай маляўнічы куток Беларусі. Заезджаму госцю адразу кідаецца ў вочы прыгажосць яе прыроды: зялёныя палі, лясы, высокія ўзгоркі, зубчасты край Налібоцкай пушчы, непаўторнасць краявідаў ракі Нёман і возера Свіцязь, авеяных легендамі і паданнямі.
    Праз эпідыяскоп можна паказаць паштоўку з выявамі славутага возера і прапанаваць паслухаць адну з легендаў. Змест народных легендаў пра Свіцязь ёсць у кнізе “Лісце забытых алеяў” Кастуся Цвіркі (с. 20) і ў зборніку твораў беларускага фальклору “Свяці, свяці, сонейка” (с. 96 - 98).
    Пасля даецца слова вучням-“бібліёграфам”. Трэцяя стяронка — "3 радаводнага дрэва Міцкевічаў".
    Радавод Міцкевічаў бярэ пачатак з XVIII ст., калі прадзед пісьменніка са сваёй сям'ёй пакінуў Лідскі павет і асеў на Наваградчыне, дзе купіў невялікі фальварак. 3 прычыны шматлікіх падзелаў гаспадарка меншала, і паступова род страціў усялякія доказы сваёй прыналежнасці да шляхты.
    Бацька Адама, Мікалай Міцкевіч, спачатку працаваў каморнікам (чыноўнікам па зямельных справах), а пазней - адвакатам. Дзякуючы гэтай пасадзе ён дамогся звання шляхціца. Маці, Барбара Маеўская, таксама была шляхцянкай. Гадаваць дзяцей бацькам дапамагалі нянька Гансеўская і стары слуга Блажэй.
    Сям'я Міцкевічаў ганарылася і сваім радавым гербом пад назвай "Порай" - яркім сведчаннем шляхетнасці. Аднак сама па сабе прыналежнасць да знатнага роду не давала сродкаў на існаванне, таму чацвёра сыноў Мікалая Міцкевіча здабывалі свой жыццёвы хлеб уласнай працай, інтэлектам: Францішак служыў падпаручнікам, Адам быў настаўнікам, Аляксандр - юрыстам, Ежы – медыкам, пяты памёр яшчэ немаўлём.
Чацвёртая старонка — "Дзяцінства край, ты з намі да сканання, чысты, светлы, як першае каханне…”
    Нарадзіўся Адам Міцкевіч 24 снежня 1798 г., на Куццю, напярэдадні каталіцкіх Калядаў, у фальварку Завоссе (цяпер Баранавіцкі раён), паводле іншых версій - у вёсцы Літоўка ці фальварку Асавец.
    Дом Міцкевічаў амаль нічым не адрозніваўся ад сялянскіх хат: "Высокая саламяная страха, ганачак на драўляных слупах, пад вокнамі ў агародчыку кветкі. Недалёка ад хаты свіронак, крыху збоку - прасторны хлявец. Побач высока ў неба нацэліўся калодзежны журавель. На прыгуменні бярозы, а за імі гумно. Палявая сцяжынка за гумном уздымаецца на ўзгорак, а адтуль накіроўваецца на навагрудскі гасцінец". Так апісаў фальварак у сваім нарысе беларускі літаратуразнаўца Сцяпан Александровіч.
    (У час чытання можна паказаць на экране літаграфію "Фальварак Завоссе" паводле малюнка Напалеона Орды альбо іншую выяву дома, у якім нарадзіўся паэт.)
    Па рэлігійным веравызнанні Міцкевічы былі католікамі. Свайго сына Адама бацькі хрысцілі 22 лютага 1799 г. у Наваградскім фарным касцёле, што быў заснаваны яшчэ ў XIV ст. вялікім князем літоўскім Вітаўтам. Пабудова захавалася да нашага часу і знаходзіцца каля Замкавай гары.
    Вера ў Бога яшчэ больш умацавалася ў сямейнікаў Адама Міцкевіча пасля аднаго здарэння, якое расказаў свайму сябру Антону Эдварду Адынцу сам паэт. Аднойчы, калі Адам быў яшчэ зусім маленькі, ён незнарок выпаў з акна і страціў прытомнасць. Маці, напалоханая няшчасцем, з напаўжывым сынам на руках пабегла да цудадзейнага абраза Прасвятой Панны Замкавай у Наваградку. Пасля матчынай малітвы хлопчык ажыў. Вось як сам Адам Міцкевіч распавёў пра гэта ў пачатку паэмы "Пан Тадэвуш":


Паненка... што горад замковы
бароніш Навагрудскі з верным ягоным жа людам!
Вось так, як мяне да здароўя вярнула ты цудам
(тады, як ад плакаўшай маці табе пад апеку
я ахвяраваны, падняў амярцвелу павеку
і зараз жа мог да святыняў тваіх ад парогу
йсці пешкі, за вернута жыцце падзякаваць Богу),
так нас ты цудоўна павернеш пад родны блакіты...

                         Пераклад Б. Тарашкевіча.


    У 1804 г. бацька будучага паэта пераехаў з Завосся ў Наваградак, дзе купіў маленькі дамок. Праз тры гады Адам паступіў вучыцца ў Наваградскую дамініканскую школу. Тут пачалося сяброўства Адама Міцкевіча з будучым пачынальнікам новай беларускай літаратуры, фалькларыстам Янам Чачотам. Сваю дружбу яны пранеслі праз усё жыццё. Не заўсёды хлапчукі былі ідэальнымі ў паводзінах: таксама лёталі па школьных калідорах, лупцавалі, бывала, па прычыне і без яе сваіх равеснікаў, карысталіся шыфраванай мовай у час адказу настаўніку, але дапамагалі адзін аднаму, стаялі адзін за аднаго гарой.
    Пазней, калі сябры былі студэнтамі, на дзень нараджэння Яна Чачота Адам склаў прывітальны верш, у якім з замілаваннем успомніў сумесныя гады вучобы і дружбы.
[Настаўнік чытае верш А. Міцкевіча "Ямбы на імяніны Яна Чачота" (1819) у перакладзе К. Цвіркі.]
    У гады вучобы ў Наваградскай школе ў падлетка і зарадзілася цікавасць і любоў да літаратуры, творчасці. Выконваючы заданні па рыторыцы і паэтыцы, хлопчык шмат чытаў, пісаў байкі і эпіграмы. Свой першы верш Адам стварыў пад уражаннем вялікага пажару, які аднойчы здарыўся ў Наваградку.
    Пятая старонка — "Дзіцячыя і юнацкія захапленні Адама Міцкевіча".
    3 дзяцінства Адам захапляўся гістарычным мінулым свайго краю. Па-першае, сведкам жывой гісторыі быў бацька хлопчыка - удзельнік паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам славутага генерала Тадэвуша Касцюшкі. Безумоўна, Мікалай Міцкевіч мог шмат цікавага расказаць свайму сыну і яго сябру Яну Чачоту. Пазней, вывучыўшы гістарычныя падзеі і факты, вялікі паэт напрыканцы свайго жыцця напісаў славутую паэму ў гонар Касцюшкі і гераічных паўстанцаў - "Пан Тадэвуш".
    Другой прычынай, відаць, былі гістарычныя адметнасці роднага Наваградка. Нямала яскравых падзей звязана з яго старажытнай Замкавай гарой, на якой прыкладна ў XII ст. быў узведзены замак. У 1250 г. у горадзе князь Міндоўг прыняў хрысціянства, і да канца XIII ст. Наваградак зрабіўся сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Праўда, пасля шматлікіх войнаў ад замка засталіся толькі разбураныя сцены. Яны пазней і натхнілі паэта напісаць паэму "Гражына", якая стала сапраўдным гімнам Наваградку:


Ля Навагрудка, на ўздыбленых горах, -
Замак у месяца срэбным зіхценні;
Вал здзірванелы схаваўшы, сувора
Волатаў-вежаў ламаныя цені
Падалі ў роў, дзе між вечнай цясніны
Дыхалі воды, затканыя цінай.

Пераклад С. Дзяргая.

    Трэцяе, што абуджала ў Адама Міцкевіча захапленне гісторыяй, - гэта чытанне старажытных летапісаў і кніг у адной з найбагацейшых бібліятэк Беларусі - шчорсаўскай бібліятэцы графа Храптовіча. Тут, у Шчорсах, у паэта ўзнікла задума паэм "Гражына" і "Конрад Валенрод".
    Шостая старонка — “Беларуская народная песня і мова ў жыцці паэта”.
    Паэтычная натура Адама Міцкевіча фармавалася і на беларускіх народных казках, песнях, паданнях і легендах. 3 вуснай народнай творчасцю паэт пазнаёміўся значна раней, чым з польскай кніжнай літаратурай.
    Таварыш Адама і Яна па Віленскім універсітэце Ігнат Дамейка ўспамінаў пра іх зацікаўленні: "Два нашы студэнты Навагрудскай школы з гадоў маленства добра ведалі наш літоўскі (г. зн. беларускі. - М. Ж.) люд, палюбілі яго песні, прасякнуліся яго духам і паэзіяй, да чаго, вядома ж, прычынілася і тое, што малое мястэчка Навагрудак не шмат чым адрознівалася ад нашых вёсак і засценкаў. Школьнае жыццё было, хутчэй, сельскае. Сябры хадзілі на кірмашы, на царкоўныя ўрачыстасці, бывалі на сялянскіх вяселлях, дажынках і хаўтурах. У тыя школьныя часы ўбогая страха і народная песня распалілі ў абодвух першы паэтычны агонь. Адам хутка ўзнёсся да высокай сферы сваіх цудоўных твораў, Ян жа да смерці застаўся верны народнай паэзіі..."
    Пад уплывам беларускіх паданняў Адам Міцкевіч стварыў балады "Свіцязь", "Свіцязянка", "Рыбка", "Курганок Марылі" і інш.
    Пісьменнік шырока ўводзіў у творы і беларускія словы: зажынкі, дасеўкі, вечарынка, покуць, рунь, бульба, пацеркі, глячок і інш. Паэт не толькі добра ведаў беларускую мову, мог вольна весці на ёй гутарку, але і высока цаніў яе: “...3 усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гродзенскай губерняў, захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рыс. У іх казках і песнях ёсць усё. Пісьмовых помнікаў у іх мала, толькі Літоўскі Статут напісаны іх мовай, самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай”. І яшчэ: “...На беларускай мове, якую называюць русінскай або літоўска-русінскай... гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі”.
    Потым настаўнік прапануе класу паразважаць над пытаннем: "Чаму Адам Міцкевіч, узгадаваны на глебе беларускасці, пачаў пісаць па-польску?".
    Прычынай паслужыла, мажліва, тое, што ў сям'і Міцкевічаў практычна ўсе размаўлялі па-польску - гэта было адметнай рысаю шляхецтва. Акрамя таго, у сувязі з трэцім (і апошнім) падзелам Рэчы Паспалітай (1795) Беларусь была канчаткова далучана да Расеі. 3 гэтага часу афіцыйнай мовай на Беларусі стала руская. Улічваючы палітычнае становішча канца XVIII - пачатку XIX ст., мастак слова, калі хацеў набыць вядомасць, мусіў пісаць альбо па-руску, альбо па-польску. У адваротным выпадку яго магла напаткаць доля іншых беларускіх паэтаў XIX ст., якія так і не здолелі разгарнуць свой талент.
    Увагу школьнікаў варта звярнуць на той факт, што апрача беларускай, польскай і рускай моў Адам Міцкевіч валодаў нямецкай, французскай, італьянскай, англійскай, лацінскай і грэцкай.
    3 паведамленнем па сёмай старонцы часопіса "Рэч Паспалітая ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя" выступае вучань-"гісторык".
    У другой палове XVIII ст. Рэч Паспалітая ўступіла ў эпоху Асветніцтва, што значна паўплывала на развіццё навукі і разняволенне грамадскай думкі. Усё гэта выклікала патрэбу сацыяльных, эканамічных і палітычных рэформаў. Такія дэмакратычныя пераўтварэнні ў Рэчы Паспалітай не падабаліся суседнім манархічным дзяржавам, успрымаліся імі варожа. Манархі Расеі, Прусіі і Аўстрыі задумалі падзяліць паміж сабою Рэч Паспалітую - радзіму Адама Міцкевіча. Гэтыя падзелы адбыліся ў 1772, 1793 і 1795 гг. Палітыка гвалтоўнага захопу земляў выклікала нацыянальна-патрыятычны рух за незалежнасць і адзінства, які выліўся ў вызваленчае паўстанне 1794 г. Яно было задушана: многія са змагароў загінулі, трапілі ў ссылку, эмігравалі. Але бунтарскі дух у народа застаўся. Мікалай Міцкевіч стараўся выхоўваць у сыноў пачуццё патрыятызму. У 1812 г., незадоўга да смерці, бацька вітаў уваходжанне ў Польшчу войскаў Напалеона, бо спадзяваўся на хуткае вызваленне сваёй радзімы. Вядома, што падлетак Адам і яго браты цікавіліся лёсам вялікага французскага войска і на ўсё жыццё запомнілі бацькавы ілюзіі пра вызваленчую місію Напалеона.
    Змест восьмай старонкі "Філаматы і філарэты" таксама раскрываецца вучнем-“гісторыкам” .
    У 1815 г. Адам Міцкевіч паступіў у Віленскі універсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, але праз год перайшоў на гісторыка-філалагічны, які закончыў у 1819 г. Ва універсітэце будучы паэт атрымаў грунтоўную філалагічную адукацыю і захапіўся творамі сусветных філосафаў і пісьменнікаў. 3 цікавасцю чытаў Вальтэра, Жан-Жака Русо, Ўільяма Шэкспіра, Ёгана Вольфганга Гётэ, Джорджа Байрана.
    Віленскі універсітэт быў тады самай прэстыжнай на Беларусі і ў Літве навучальнай установай, у якой лекцыі студэнтам чыталі вядомыя вучоныя і грамадскія дзеячы. Некаторыя з іх пазней сталі актыўнымі ўдзельнікамі паўстання 1830 - 1831 гг.
    У гады вучобы ва універсітэце Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ігнат Дамейка і іншыя студэнты - нараджэнцы Наваградчыны - уваходзілі ў тайнае Таварыства філаматаў (сяброў навукі), ад якога пазней адгалінавалася Таварыства філарэтаў (сяброў дабрачыннасці). Як вядома, усе тайныя арганізацыі строга забараняліся царскімі ўладамі, таму філаматы і філарэты былі вельмі асцярожнымі ў падборы новых членаў. Прымаліся самыя надзейныя і здатныя да навукі і творчасці студэнты. Таму таварыства было нешматлікае: спачатку ў яго ўваходзіла 19 чалавек, пазней - 26.
    Першапачатковую мэту сваёй арганізацыі філаматы бачылі ў маральным выхаванні асобы і аказанні ўзаемнай дапамогі ў набыцці адукацыі:


Не возьмем мы хцівасць ва ўжытак -
Прэч, сквапнасці, пыхі насенне!
Наш самы высокі набытак –
Айчына, навука, сумленне!
Песня Адама.

Пераклад К. Цвіркі.


    У 1818 г., згодна з новым статутам, задачы таварыстваў пашырыліся - усебакова займацца краязнаўствам і весці культурна-асветніцкую працу сярод насельніцтва, агітаваць моладзь у тайныя патрыятычныя згуртаванні з мэтай будзіць у народа імкненні змагацца з расейскім царызмам.
    На жаль, дзейнасць членаў таварыстваў была выяўлена царскімі ўладамі. У 1823 г. пачалося следства. Адам Міцкевіч, Ян Чачот і іншыя члены былі арыштаваны і зняволены. Дваццаць удзельнікаў асуджаны і высланы ўглыб Расейскай імперыі. Такі лёс напаткаў і А. Міцкевіча, які ў 1824 г. вымушаны быў назаўсёды пакінуць сваю Наваградчыну, родную Літву-Бацькаўшчыну.
    Закончыць старонку можна падрыхтаваным загадзя выразным чытаннем на памяць твораў "Песня Філарэтаў", "Песня Адама", "Ода да маладосці", дзе аўтар выказаў веру ў светлую будучыню свайго народа.
    Па дзевятай старонцы "Ніколі, нідзе не магу я расстацца з табою!.." выступае вучань-"бібліёграф".


Ніколі, нідзе не магу я расстацца з табою!
Ідзеш ты па моры, па сушы ў дарогу са мною,
Сляды твае бачу па схілах, высокіх і слізкіх,
І чую твой голас у шуме каскадаў альпійскіх;
Наўкол азірнуся, і страх валасы падымае:
Баюся сустрэцца з табой, але прагна жадаю
...
Пераклад М. Калачынскага.


     Гэтыя пранікнёныя радкі паэта прысвечаны Марыі Верашчацы, дачцэ шляхціцаў з Туганавічаў. Сюды ўпершыню Адам Міцкевіч прыехаў са сваім сябрам і калегам па Віленскім універсітэце Тамашом Занам, які быў знаёмы з Міхалам і Юзафам Верашчакамі - братамі Марыі. Юнакі прыехалі ў Туганавічы якраз у дзень Марыіных імянінаў - у жніўні 1820 г. Для каталіцкай дзяўчыны гэта быў дзень, калі яна ўшаноўвала свайго анёла-ахоўніка, хоць нарадзілася Марыя, як і Адам, 24 снежня, толькі ў 1799 г. (ці не знак гэта лёсу?).
    Марыля (так называў яе паэт) была адукаванай і вельмі шматграннай асобай: яна шмат чытала (па-французску - у арыгінале), ведала яшчэ нямецкую і італьянскую мовы, пісала вершы і п'есы, іграла на фартэпіяна. Захапленне дзяўчыны беларускімі народнымі песнямі перадалося і закаханаму ў яе Адаму, які любоў да роднага фальклору захаваў на ўсё жыццё.
    Але закаханыя не змаглі злучыць свае лёсы: гэтаму перашкаджала недастатковая матэрыяльная забяспечанасць маладога паэта. Бацькі выдалі дзяўчыну замуж за багатага графа Путкамера.
    Вобраз Марылі Верашчакі адлюстраваны ў вершах А. Міцкевіча "Да М..." ("Прэч з воч маіх..."), "Няўпэўненасць", "Сон", "Курганок Марылі", "Сябрам", "Люблю я", "Да ***" ("На Альпах у Сплюгене") і інш.
    Тут варта прапанаваць вучням прачытаць два-тры вершы з інтымнай лірыкі паэта.
    Зразумеўшы, што каханне страчана, у кастрычніку 1822 г. паэт напісаў замужняй Марыі ліст: "...Каханая Марыя, я цябе шаную і абагаўляю, як багіню. Каханне маё такое ж бязвіннае і нябеснае, як і сам яго прадмет... Ты мой анёл-захавальнік, усюды прысутны... Але я не магу ўтрымацца ад страшэннага хвалявання, калі ўспамінаю, што я страціў цябе назаўсёды, што я буду толькі сведкам чужога шчасця, што ты забудзеш мяне; часта ў адну і тую ж хвіліну я малю Бога, каб ты была шчаслівая, хаця б і забылася пра мяне, і адначасна гатоў закрычаць, каб ты памерла... разам са мной!... Дарагая, адзіная мая! Ты не бачыш прорвы, над якой мы стаім!.."
    Толькі на трыццаць шостым годзе жыцця, калі паэт знаходзіўся ў эміграцыі ў Парыжы, ён ажаніўся з Цэлінай Шыманоўскай, дачкой славутай польскай піяністкі Марыі Шыманоўскай. У іх сям'і нарадзілася шасцёра дзяцей. Першую дачку Адам Міцкевіч назваў Марыяй.
    Дзесятая старонка "Калі ж дазволіш, Божа, мне ў той край вярнуцца з выгнання горкага, каб дома апынуцца..." таксама агучваецца вучнем-“бібліёграфам”.
    Настаўнік Ковенскай павятовай школы і паэт Адам Міцкевіч быў высланы з Літвы ва "ўнутраныя" губерні Расеі. У 1824 г. ён назаўсёды пакінуў сваю Наваградчыну і зрабіўся эмігрантам. Спачатку паэт па этапе прыехаў у Пецярбург. Тут ён пазнаёміўся і зблізіўся з паэтамі-дзекабрыстамі Кандратам Рылеевым і Аляксандрам Бястужавьш. За пяць гадоў вандравання па Расеі пісьменнік наведаў яшчэ Крым, Адэсу і Маскву.
    Восенню 1826 г. у Маскве Адам Міцкевіч пазнаёміўся з Аляксандрам Пушкіным, які толькі што вярнуўся з Міхайлаўскага, куды бьгў высланы пасля задушэння дзекабрысцкага паўстання. «Два паэты сустрэліся, быццам два браты. Паэзія і вялікая ўзаемная сімпатыя зблізілі іх. Асабліва захаплялі Пушкіна дзівосныя імправізацыі Міцкевіча... Падчас адной з такіх імправізацый у Маскве Пушкін, у гонар якога была наладжана вечарына, раптам саскочыў з месца і, кудлацячы валасы, амаль бегаючы па зямлі, ускрыкнуў: "Які геній! Які свяшчэнны агонь! Што я побач з ім!" І, кінуўшыся Адаму на шыю, абняў яго і пачаў цалаваць, быццам брата...» - пісаў у кнізе "Все волновало нежный ум" Арнольд Гесэн.
    У 1829 г. Адам Міцкевіч пакінуў Расею і спешна скіраваўся ў Заходнюю Еўропу, дзе правёў астатнія 26 гадоў свайго жыцця. Нейкі час пісьменнік жыў у Германіі, Францыі, Швейцарыі, Італіі, Турцыі.
    За мяжою сродкі на існаванне для сябе і сваёй сям'і паэт здабываў пераважна выкладчыцкай дзейнасцю: чытаў курс лекцый па лацінскай літаратуры ў Лазане (1839), выкладаў славянскія літаратуры ў Калеж дэ Франс у Парыжы (1840 - 1844), рэдагаваў газету "Трыбуна народаў" (1849).
    У 1848 г. А. Міцкевіч паехаў у Італію, каб дапамагаць эмігранцкай моладзі ў арганізацыі легіёнаў для барацьбы з Аўстрыйскай імперыяй. Паэт разам з патрыётамі-эмігрантамі спрыяў вызваленню не толькі італьянцаў, але і іншых народаў, найперш славянскіх. Легіён, у якім служыў А.Міцкевіч, абараняў ад французскай арміі і вольны Рым.
    Падчас Крымскай вайны (1853 - 1856) пісьменнік выехаў у Канстанцінопаль для фармавання легіёнаў для барацьбы з Расеяй на баку Турцыі. Але тут ён захварэў на халеру і 26 лістапада 1855 г. памёр. У 1856 г. прах А. Міцкевіча быў перавезены ў Парыж, а ў 1890 г. - у Вавельскі замак у Кракаве.
    Закончыць урок можна літаратурнай віктарынай "Што ты запомніў з жыцця і творчасці Адама Міцкевіча?" ці загадзя падрыхтаваным выразным чытаннем на памяць вершаў пра вялікага земляка: "Над Свіцяззю" Петруся Броўкі, "На Навагрудскай гары" Максіма Танка, “Адаму Міцкевічу” Рыгора Барадуліна, "Адам Міцкевіч у Туганавічах" Вольгі Іпатавай.
    Для хатняга задання дзесяцікласнікам прапануецца самастойна прачытаць па падручніку артыкул “Біяграфія” і падрыхтаваць вуснае паведамленне на тэме ўрока.

 
   
     

Хостинг от uCoz