Каб харашэць душой

Педагагічны сайт Міколы Жуковіча,
настаўніка беларускай мовы і літаратуры, дырэктара Бярозаўскай СШ № 1 Брэсцкай вобласці

Урокі літаратуры


ДЗЯЦІНСТВА, АПАЛЕНАЕ ВАЙНОЙ
Сістэма ўрокаў па вывучэнні твора Івана Сяркова
“Мы з Санькам у тыле ворага”


    Ужо не адно пакаленне школьнікаў выхоўвалася і выхоўваецца, беручы за ўзор жыццё, паводзіны, учынкі галоўных герояў, вясковых хлапчукоў Івана Сырцова і Санькі Макавея з трылогіі сучаснага беларукага празаіка Івана Кірэевіча Сяркова — «Мы з Санькам у тыле ворага», «Мы — хлопцы жывучыя» і “Мы з Санькам — артылерысты».
    Аповесць “Мы з Санькам у тыле ворага” адразу пасля выхаду ў свет у 1968 г. прыцягнула да сябе ўвагу юных чытачоў сярэдняга і нават старэйшага школьнага ўзросту. Напэўна, твор прываблівае перш за ўсё тым, што апавядае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і што галоўнымі героямі ў ім выступаюдь равеснікі сучасных чытачоў. Гэтая аповесць даўно ўключана ў школьную праграму. Спачатку яна вывучалася на ўроку пазакласнага чытання ў VI класе, а з 1991 г. на яе чытанне і аналіз складальнікамі праграмы адведзена чатыры гадзіны ў V класе.
     Такім чынам, аповесць Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага» па праву стала хрэстаматыйным творам. Яна належыць да лепшых здабыткаў беларускай ваеннай патрыятычнай дзіцячай літаратуры.
    Не абмінулі ўвагай кнігу Івана Сяркова і складальнікі паралельнай Праграмы па беларускай літаратуры для V—XI класаў базавых школаў, якая распрацавана выкладчыкамі кафедры беларускага літаратуразнаўства Берасцейскага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна.
    Вось анатацыя да вывучэння аповесці “Мы з Санькам у тыле ворага”:
Услаўленне патрыятызму падлеткаў, іх непахіснай веры ў перамогу над фашыстамі. Тэма дачаснага сталення дзяцей у гады вайны. Драматызм і вастрыня сюжэта. Вобраз бабулі. Гумар у творы. Вобраз апавядальніка ў аповесці.
    Тэорыя літаратуры. Аўтар-апавядальнік і герой у творы. Прыёмы характарыстыкі (апісанне побыту, партрэта, учынкаў дзеянняў, аўтарская характарыстыка).

     3 уласнага вопыту ведаю, што адведзеныя чатыры гадзіны на работу па змесце аповесці ўсё роўна не задавальняюць патрэбаў ні настаўніка, ні саміх вучняў. Апошнім даводзіцца чытаць і перачытваць на кожны ўрок літаратуры вялікі аб'ём тэксту. Ды й хіба можна глыбока прааналізаваць сорак раздзелаў за такі час? Гэты недахоп, звязаны з размеркаваннем часу, настаўнік ужо сёння зможа выправіць і сам.
    Рэкамендую ў сістэму вывучэння кнігі прыбавіць яшчэ два ўрокі: адзін з рэзерву часу, а другі на развіццё звязнай вуснай мовы.
     Кіруючыся вышэй сказаным, прапаную наступную сістэму ўрокаў па вывучэнні гэтага твора:
    1-ы ўрок. Уступныя заняткі. Апошняе лета дзяцінства. Работа над зместам 1—8-га раздзелаў аповесці.
    2-3-і ўрокі. Вайна ў Падлюбічах. Вобразы бабулі Матроны, дзеда Мірона, камісара Аляксандра Карпавіча і паліцая Кузьмы Няўмыкі. Работа над зместам 9—15-га раздзелаў.
    4-ы ўрок. Цяжкія дні вайны. Работа над зместам 16—22-га раздзелаў кнігі.
    5-ы ўрок. Развіццё звязнай вуснай мовы. Сціслы пераказ паасобных эпізодаў з 23—29-га раздзелаў аповесці.
    6-ы ўрок. Суровыя выпрабаванні лёсу. Работа над зместам 30—40-га раздзелаў. Вобраз апавядальніка ў творы.

1-ы ўрок. Уступныя заняткі. Апошняе лета дзяцінства.
Работа над зместам 1-8-га раздзелаў аповесці.


    Вывучэнне аповесці Івана Сяркова “Мы з Санькам у тыле ворага” прыпадае якраз на пачатак IV навучальнай чвэрці. Кніга па памерах вялікая, таму рэкамендую пяцікласнікам прачытаць яе загадзя.
    На першы ўрок у якасці дамашняга задання прапаную вучням яшчэ раз перагартаць старонкі аповесці, узнавіць у памяці яе змест, асабліва добра ведаць сюжэт першых васьмі раздзелаў кнігі. У час перачытвання твора адзначыць закладкамі ў тэксце тыя месцы, фрагменты, дэталі, вобразы, якія сведчаць, што падзеі, апісаныя пісьменнікам у пачатку аповесці, адбываюцца ў даваенны час.
    Задача на ўрок: засваенне вучнямі зместу аповесці Івана Сяркова; развіццё ў іх вобразнага мыслення, вызначэнне характэрных асаблівасцей часу, апісанага ў кнізе;выхаванне ў пяцікласнікаў цікавасці да гістарычнага мінулага сваёй мясцовасці і яе людзей.
    Пачынаю ўрок з віктарыны, якае дае мажлівасць праверыць засваенне вучнямі зместу аповесці “Мы з Санькам у тыле ворага”.
    I. Пазнайце герояў па наступных апісаннях.
    1. «Ёй ужо каля шасцідзесяці, і нішто сабе — як маладая: рухавая,упраўная... Твар...гарбаносы, сухі, валасы густыя і чорныя, вочы зыркія, то насмешлівыя, то калючыя.
Яна імі мяне наскрозь бачыць, яна ведае, чым я дыхаю».
    (Бабуля Івана Сырцова Матрона, або, як яе называлі аднавяскоўцы, цёця-Моця.)
    2. «Ён прыязджаў да нас у госці гады два назад. Бацьку ён прывез новыя камандзірскія боты, маці —вялізную цёплую хустку ў клетку, а мне падарыў пілотку».
    (Дзядзька Назар, які ваяваў у Іспаніі.)
    3. «Гэта сквапны чалавек. Сквапны і злосны. Ён спіць і ў сне мяркуе, як бы нас з Санькам крапівой адсцёбаць. А ўстрэне на вуліцы, кожны раз пальцам трасе і глядзіць з-пад калматых броваў, як з-пад страхі, наскрозь праймае».
    (Дзед Мірон, сусед Івана і Санькі.)

    4. «Ранены ў гімнасцёрцы, з зоркай на рукаве, галава абкручана белымі анучкамі, пад расхрыстаным каўняром таксама бінты з чорнымі плямамі. Кроў».
(Камісар Аляксандр Карпавіч.)
    5. «Ён цяпер стаў важнай птушкай, начапіў на рукаў павязку і ходзіць па вёсцы з нямецкай вінтоўкай. На ім новы, з іголачкі касцюм, хромавыя боты, у руцэ гумавая палка.Ляпае ён той палкай па халяве і смяецца з людзей”.
(Паліцай Кузьма Няўмыка.)
    II. Пра што ідзе размова ў наступных урыўках?
    1. “І вось ён ляжыць сам у дарожным пыле, нежывы, акрываўлены. Больш не ўзнімецца пад воблакамі, не зробіць развітальнага круга перад вылетам у вырай. Яго забілі немцы”.
    (У такім жахлівым выглядзе ўбачылі ля школы Іван і Санька раскіданае гняздо і забітага бусла пасля наступлення ворагаў у першыя дні вайны .)
    2. “Зараз...ходзіць па хаце. Мне спіну сваю паказваў: уся ў шрамах, а на левай лапатцы яшчэ і зараз сядзіць вялікі струп, з-пад яго цячэ сукравіца”. (Герой-апавядальнік убачыў такім свайго сябра Саньку Макавея, які вярнуўся дахаты ледзь жывым пасля расстрэлу.)
    III. Закончыце тэкст.
    1. “Толькі адзін чалавек нічога не даваў чырвонаармейцам. Ён стаяў каля сельмага, радасна ўсміхаўся немцам і крычаў у калону:
-- Што? Дапамог вам ваш Сталін?
    Гэта быў...” (паліцай Няўмыка).
    2. “Бабуля войкнула і адскочыла ў парог. Выгляд у яе разгублены, рукі цярэбяць зашмальцаваны фартук, а вочы з жахам глядзяць на стол. Там дыміць бульба, і з чыгунка тырчыць драўляная ручка...» (гранаты).
    3. “Каска нічога не пачула. Пакуль Санька ўтаймоўваў свой нос, яна знікла ў двары, за шуламі, на якіх калісьці віселі вароты. Цяпер можна прабірацца далей. Ён паўзе асцярожна, спрытна і нячутна, як вуж. Ён чуе, як стукае ўласнае сэрца, стукае гучна і трывожна. Вось і тое акно. Тут, пад акном, павінны ляжаць...» (сумка і пісталет).
    IV. Адкажыце на пытанні:
    1. Каго з герояў аповесці і чаму называлі Чапаевым? (Называлі так Саньку, якому дужа падабалася кіно пра Чапаева. Не адзін раз стараліся хлапчукі перахітрыць кінамеханіка, каб паглядзець фільм бясплатна. Аднойчы кінамеханік у чарговы раз выцягнуў з-пад лаўкі «зайцоў», а Санька з перапуду сказаў, што ён — Чапаеў.)
    2. Хто ў вёсцы Падлюбічы быў першай ахвярай вайны? (Скокава карова.)
    3. Для чаго Іван і Санька шылі сабе ранцы, сушылі сухары, назапашвалі бінты і ёд?
    (Рыхтаваліся ісці ў партызаны.)
    4. Што сказаў нямецкі афіцэр у сваёй кароткай прамове сагнаным жыхарам вёскі Падлюбічы на школьным двары? (Ён сказаў, што нямецкая ўлада будзе высока цаніць і паважаць тых, хто падтрымлівае “новы” парадак. Хто ж будзе ігнараваць яго, таго чакае суровая кара — расстрэл.)
    5. Якім чынам Іван Сырцоў паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна? (Нямецкі афіцэр патрабаваў ад падлетка паказаць дарогу ў вёску Стараселле, але Іван улучыў момант і ўцёк, пакінуўшы ворага ў няведанні.)
    6. Чый ліст і да каго цытуецца ніжэй: «Я жыў-здароў, чаго і вам жадаю, хаця сербануў усякага: і выходзіў з акружэння, і двойчы ледзь не трапіў ў палон, і пад Масквой ледзь танк мяне не затаптаў»? (Іванаў бацька пісаў сваім родным са шпіталя.)
    Першыя восем раздзелаў аповесці Івана Сяркова апавядаюць чытачу пра мірнае, але ўжо трывожнае жыццё жыхароў беларускай вёскі Падлюбічы і галоўных герояў твора Івана Сырцова і Санькі Макавея.
    Такім чанам, на першым уроку, які сэнсава можна назваць «Апошняе лета дзяцінства», будзе ісці размова пра гэты час.
    Аналіз першых васьмі раздзелаў кнігі праводжу з выкарыстаннем наступных пытанняў:
--Як вядома, у аповесці “Мы з Санькам у тыле ворага” апавядальнікам усяго ўбачанага і перажытага з’яўляецца хлопчык Іван. Што канкрэтна даведаліся вы пра яго з першых старонак кнігі?
    (Івану споўнілася прыкладна дзесяць-адзінаццаць гадоў, бо перад вайной ён перайшоў у 4-ты клас. Сябраваў са сваімі аднакласнікамі і равеснікамі, асабліва з Санькам Макавеем.)
     — Як вы думаеце, чаму пісьменнік вядзе аповед ад першай асобы?
(Апавяданне ад першай асобы дае мажлівасць чытачу глыбей пранікнуць ва ўнутраны свет героя, убачыць падзеі ягонымі вачыма, зразумець яго думкі, перажыванні.)
     — У якіх яшчз творах, што вывучаліся намі раней, апавяданне вядзецца ад першай асобы?
    (На ўроках беларускай літаратуры ў V класе вучні ўжо прачыталі апавяданне «Бурык» Уладзіміра Караткевіча і інш.)
    — 3 самых першых раздзелаў кнігі герой-апавядальнік знаёміць нас з вонкавым выглядам старой і новай школ і іх гісторыяй. Успомніце гэтыя апісанні (1-ы і 3-і раздзелы) і параўнайце выгляд гэтых будынкаў.
    (Старая школа — гэта пачарнелая ад часу драўляная будыніна. Знаходзілася яна на высокім падмурку. Патрэскаліся і параслі мохам яе сцены. У час дажджу працякаў дах, адвальваўся ад столі тынк. Абапал школы растуць старыя таполі.
     Да рэвалюцыі ў старой школе размяшчалася валасное праўленне.У ім сядзелі валасны старшыня, пісар і паліцэйскі прыстаў. Самае цікавае месца каля школы — халодная. У гэтым склепе сядзелі арыштаваныя, тыя, хто не падпарадкоўваўся мясцовым уладам.
    Новая школа – двухпавярховая будыніна, вельмі высокая і прыгожая. Яе толькі што пабудавалі. Восенню Іван са сваімі аднакласнікамі збіраліся пайсці ўжо ў новую школу, у IV клас.)
    (Слухаем адно-два выступленні пяцікласнікаў на гэтую тэму.)
-- Герой-апавядальнік знаёміць нас таксама з ваколіцамі сваёй роднай вёскі Падлюбічы. Знайдзіце ў тэксце і выразна прачытайце ўрывак, дзе гаворыцца пра гэта. Падумайце, што можна яшчэ сказаць пра падлетка на аснове прачытанага.
    (Іван умее бачыць прыгожае, любуецца сваёй вёскай, яе ваколіцамі. Хлопчык улюбёны ў сваю маленькую радзіму, у яго праяўляецца паэтычнае бачанне свету.)
    — Як вы думаеце, навошта аўтар твора знаёміць нас са знешнім выглядам школ і падрабязна апісвае ваколіцу роднай вёскі героя?
    (Каб даць поўнае ўяўленне чытачу аб мясцінах, дзе нарадзіўся і рос герой аповесці і яго сябры, дзе адбудуцца потым жахлівыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Немалаважна паказаць радасць і захапленне падлетка новай школай, у якой хацелася яшчэ лепш вучыцца.)
    — Падлюбічы славутыя не толькі дзвюма школамі, багатай і прыгожай прыродай, але і сваімі жыхарамі. Пра гэта мы даведваемся з размовы хлапчукоў-аднакласнікаў ля халоднай. Успомніце, кім жа ганарыліся падлеткі? Што давала падставы для гэтага?
    (Коля Бурэц, па мянушцы Храбры Заяц, ганарыўся сваім бацькам, які некалі быў матросам і сядзеў у гэтай халоднай пры буржуях у грамадзянскую вайну. Санька хваліўся сваім дзедам, якога пры тых жа буржуях секлі дубцамі, таму што не здымаў шапкі перад імі. А Іван Сырцоў асабліва ганарыўся дзядзькам Назарам, які ваяваў супраць фалангістаў у Іспаніі і меў баявыя ўзнагароды. Хлопцы ганарыліся гэтымі людзьмі таму, што яны ўжо змагаліся са злом, умелі пастаяць за свой чалавечы гонар.)
    — Цікава, а ці ёсць у вашым сяле (горадзе) такія людзі, якімі можна ганарыцца і з якіх браць прыклад у наш час? Раскажыце пра іх.
(Слухаем тры-чатыры адказы вучняў на пастаўленае пытанне.)
    — Як вядома, у першых васьмі раздзелах кнігі “Мы з Санькам у тыле ворага” пісьменнік апісвае апошняе лета падлеткаў Івана і Санькі. Гэтае лета 1941 г. трывожнае     — чуецца подых вайны. Пацвердзіце гэта на прыкладах. Ахарактарызуйце агульную атмасферу першых дзён вайны.
    (У роднай вёсцы хлапчукоў пачынаюць праводзіць электрычнасць і радыё. Міцькаў брат Панас мае ўзнагароды. Іванаў дзядзька Назар быў у Іспаніі на вайне ў 1937 г. Дапрызыўнікі маршыруюць і бадзёра спяваюць даваенную песню «Если завтра война». Хлопцы прыглядаюцца да незнаёмых людзей, падазраюць у іх шпіёнаў. У местачковага брыгадзіра з'явілася зброя.)
    Пачатак вайны. Амаль кожны дзень праз вёску ідзе войска. Не адзін раз ужо ў небе пралятаў фашысцкі самалёт “рама”. Людзі рыхтуюцца да прыходу ворагаў: пякуць хлеб, капаюць бліндажы. Пад Гомелем шугаюць пажары. У Скокаў двор упала бомба і забіла ў хляве яго карову...)
    -- Для чаго Іван Сяркоў уводзіць на пачатку твора некалькі эпізодаў з даваеннага жыцця галоўных герояў?
    (Каб паказаць мірныя клопаты дзяцей, лепш адцяніць іх заняткі ў гады вайны.)
    — Іван і Санька не могуць сядзець склаўшы рукі ў такі трывожны час. Яны рыхтуюцца да гераічных учынкаў, збіраюцца ісці ў партызаны. У глыбокай тайне ад усіх хлапчукі шыюць сабе ранцы, сушаць сухары, стараюцца паболей дастаць бінтоў і ёду на выпадак ранення. На аснове чаго сфармавалася ў Івана і Санькі ўяўленне пра фронт і партызанскі атрад?
    (Наіўнымі паўстаюць перад намі падлеткі. Іх уяўленне пра барацьбу з фашыстамі склалася пад уражаннем некаторых даваенных кінафільмаў. «Партызаны ходзяць па лесе са сцягам. Наперадзе камандзір. Яны робяць на дарогах засады і страляюць»,— так наіўна разважае герой-апавядальнік пра партызанаў. Мара стаць партызанамі найперш асацыюецца ў хлопчыкаў з пэўнымі атрыбутамі: рэчавым мяшком, сухарамі, ёдам і бінтамі. Гэта для іх нібы працяг даваенных гульняў.)
    Заканчваю ўрок выразным чытаннем па ролях эпізода “У фельчара”, пачынаючы са слоў: “Я заходжу і баюся, а што, калі Цімафей Інанавіч успомніць пра зялёныя яблыкі і дасць мне касторкі?” і да канца 8-га раздзела “На выпадак ранення”.
    Прапаную пяцікласнікам яшчэ раз перачатаць дома 9—15-ы раздзелы аповесці “Мы з Санькам у тыле ворага”; закладкамі адзначыць у кнізе тыя старонкі, якія сведчаць пра змены, што адбыліся ў Падлюбічах з прыходам немцаў; звярнуць увагу на апісанне знешнасці бабулі Матроны, дзеда Мірона, камісара Аляксандра Карпавіча і паліцая Няўмыкі.


2-3-і ўрокі. Вайна ў Падлюбічах. Вобразы бабулі Матроны, дзеда Мірона, камісара Аляксандра Карпавіча і паліцая Кузьмы Няўмыкі.
Работа над зместам 9—15-га раздзелаў аповесці.


    Задача другога ўрока – раскрыць бесчалавечнасць і ганебнасць вайны, навучыцца даваць характарыстыку героям аповесці, зыходзячы з наступных прыёмаў — апісанне побыту, партрэта, учынкаў і дзеянняў персанажаў з улікам аўтарскіх адносінаў да іх.
    — На мінулым уроку адзначалася, што ўяўленні Івана Сырцова пра фронт і партызанскі атрад былі наіўнымі. Цікава, а што ведаў хлопчык наогул пра вайну? Даць адказ на гэтае пытанне. Пажадана падмацаваць радкамі з твора. Выказаць адносіны да наступных думак героя:
    «Што такое вайна, я ведаю. Вайна — гэта калі бацьку прыносяць з сельсавета павестку, каб ён хуценька збіраўся ў нейкі там ваенкамат. Тут маці пачынае плакаць, збіраць торбу. Бабуля таксама ходзіць па хаце з кута ў кут і гаворыць, што якой толькі пошасці на чалавека не прыдумаюць. I ў мяне шкрабаюць на душы кошкі, але я трымаюся, каб не заплакаць. Я мужчына» (раздзел 5).
    — Посвіст снарадаў парушыў ранішнюю цішыню і ў вёсцы Падлюбічы. Вайна дабралася і сюды. Агіду, жах, нянавісць выклікае ў Івана Сырцова прыход фашыстаў. Успомніць і расказаць, што найбольш уразіла героя ў паводзінах ворага.
    (Іван з жахам назіраў, што вытвараюць фашысты. Хлопчык не разумеў, як гэта можна паваліць плот у вёсцы, абарваць без дазволу яблыкі ў садзе дзеда Мірона, зарэзаць свінню ў Салодкай Пёклы. Варожы снарад выбіў яму каля сельмага, другі ссек талолю, разбурыў буслінае гняздо і забіў бусла. Паўліку Здору, сыну камандзіра апалчэнцаў, адарвала ногі. Згарэла жыта.
     Івану давялося быць не толькі сведкам, але і адчуць вайну непасрэдна на сабе. Адзін немец кінуўся з нажом да роднай маці Івана, таму што яна няветла аднеслася да яго. Пакрыўдзілі фашысты і бабулю. Зруйнавалі агарод, знішчылі ўвесь авёс.)
— Асабліва ўразіла Івана і Саньку смерць бусла. Знайсці патрэбны ўрывак і выразна прачытаць яго.
    (Адзін з вучняў чытае ўрывак ад слоў «Адчапіўшыся так-сяк ад Глыжкі, мы выскачылі на вуліцу і пабеглі да школы...» і да слоў «...Мы пахавалі бусла недалёка ад дарогі, замест помніка паклалі на яго магілу вялікі камень».)
    — Што можна сказаць пра характары апавядальніка і яго сябра на аснове вышэйзгаданага эпізоду?
    (Балюча перажывалі хлопчыкі смерць птушкі, бо любілі яны яе з маленства. Бусел дзецям «прыносіў на сваіх крылах цяпло і радасць». Але вайна знішчала ўсё без разбору, забіла нават нявіннага бусла. Яна ўнесла значныя карэктывы ва ўяўленні хлопчыкаў аб саміх сабе. Смерць птушкі выклікала ў іх яшчэ большую нянавісць да ворагаў.)
    — Нянавісць у падлеткаў пачынае перарастаць у адзінае жаданне — помсціць. Усе іх думкі, розум, кемлівасць скіраваны на тое, каб хоць чым-небудзь нашкодзіць няпрошаным чужынцам. Успомніць і расказаць, як хлопчыкі помсцілі ворагам, ацаніць гэтыя іх учынкі.
    (Іван і Санька разам з Міцькам Малахам пабілі ў сельмагу бутэлькі, у праўленні калгаса раструшчылі пішучую машынку, каб усё гэта не засталося фашыстам. Хлапчукі хацелі выдраць цвіком вочы на партрэце Гітлера. Схавалі дома кніжкі са школьнай бібліятэкі, каб пасля вайны вярнуць іх назад.
    Вядома ж, па-дзіцячы паводзілі сябе сябры. Ці патрэбны былі добра забяспечанаму і ўзброенаму да зубоў ворагу пустыя бутэлькі і абгарэлая пішучая машынка? Вядома — не. А вось за здзек з партрэта можна было нават паплаціцца жыццём, калі б немцы злавілі хлопцаў на месцы злачынства.)
    На працягу ўсёй аповесці «Мы з Санькам у тыле ворага» пісьменнік знаёміць нас і з іншымі героямі: з роднымі Івана, з некаторымі жыхарамі-аднавяскоўцамі, якія, мяркуючы па ўсім, былі добра знаёмы герою-апавядальніку. Вобразы бабулі Матроны, суседа дзеда Мірона і параненага камісара выклікаюць у чытача асаблівую сімпатыю і суперажыванне. Праўда, зусім адваротную рэакцыю — агіду, нянавісць — выклікаюць здраднікі Кузьма Няўмыка і крывароты Ахонька.
    Пра характар і ўчынкі гэтых герояў аповесці і будзе далей ісці размова на ўроку.
    Каб такая праца была плённай, прапаную вучням у сшытках па літаратуры зрабіць характарыстыку асноўных вобразаў аповесці Івана Сяркова “Мы з Санькам у тыле ворага”:
1. Герой-апавядальнік Іван Сырцоў
2. Санька Макавей
3. Бабуля Матрона
4. Дзед Мірон
5. Паліцай Кузьма Няўмыка
    Пажадана адвесці ў сшытку цэлую старонку на вобраз Івана Сырцова, які паказаны пісьменнікам у працэсе развіцця і фармавання светапогляду.
— Безумоўна, адным з цікавых нам падаўся вобраз бабулі Івана Сырцова, Матроны, ці, як яе называюць у Падлюбічах, цёці-Моці. Якой уяўляецца вам гэтая старая жанчына? Падрабязна пераказаць або зачытаць аўтарскую характарыстыку гэтай жанчыны, апісанне яе знешнасці.
    Вучні выказваюць свае думкі пра бабулю Матрону або зачытваюць уголас адпаведныя абзацы з чацвёртага раздзела твора.
    — 3 набліжэннем вайны некаторыя жыхары вёскі збіраліся ісці ў бежанцы (шылі торбы, пяклі і сушылі на “чорны” дзень хлеб), каб уратавацца ад акупантаў. Бабуля Матрона адмовілася: «А я чаго пайду ў белы свет са сваёй хаты? У тую вайну, калі прыйшлі немцы, я не адступала і зараз не буду. Не дажывуць яны да таго дня, каб я ім усё кінула-рынула». Чаму старая вырашыла застацца з сям'ёю дома? Што можна сказаць пра такое яе рашэнне?
    (Гэтая жанчына не збіралася падавацца ў бежанства, бо адчувала сябе гаспадыняй на сваёй зямлі. Яна ўжо ведае з мінулай вайны, як трэба паводзіць сябе ў час акупацыі, таму назапашвае збожжа, бульбу і ўсё хавае, каб не знайшлі ворагі. Мудрасць, практычнасць, кемлівасць выявіліся ў яе характары. Старая жыве адной мэтай — уратаваць сям'ю ад голаду, холаду, смерці.)
    -- Мы ведаем, што Івану не заўсёды падабаліся ўчынкі бабулі. Ён бывае абураны, здзіўлены, калі яна паддобрываецца да немцаў, імкнецца ўлагодзіць іх. Чаму так паводзіць сябе старая?
    (Паводзіць яна сябе так дзеля таго, каб зберагчы дзяцей, выжыць у экстрэмальных умовах. Адкрыта, дэманстратыўна змагацца з акупантамі ёй не пад сілу, таму яна не ўхваляе бескампраміснасць дачкі і ўнука: «Дурны ты са сваёй маткай разам. Каб разумнымі былі, не лезлі б дарма на ражон»,)
    — У кнізе «Мы з Санькам у тыле ворага» часта сустракаюцца эпізоды, калі бабуля Матрона сварыцца на Івана, пагражае адлупцаваць яго. Можа нават скласціся ўражанне, што яна ліхі чалавек, не любіць унука. Ці так гэта?
    (Бабуля дужа трывожыцца за хлопчыка, любіць яго. Яна хоча, каб Іван рос сумленным, добрым і спагадлівым чалавекам. І самае галоўнае – каб застаўся жывым.)
    —Можа падацца дзіўным, што бабуля Матрона па просьбе дзеда Мірона дазволіла ўнуку правесці за вёску камісара. Чаму ў гэтай сітуацыі, якая таксама пагражала небяспекай Івану і ўсёй сям’і, бабуля не пабаялася магчымых наступстваў?
    (Відаць, бабуля адпусціла ўнука таму, што справа была вельмі сур'ёзная, патрэбная людзям. Праўда, аўтар піша: «Вярнулася бабуля ў хату спалоханая і разгубленая...».)
    — Якія рысы характару беларускай жанчыны ўвасобіў Іван Сяркоў у вобразе бабулі?
    (У вобразе бабулі Матроны пісьменнік увасобіў працавітасць, любоў да людзей і зямлі, мудрасць і разважлівасць.)
    — Цікавы ў аповесці таксама вобраз дзеда Мірона, суседа Івана і Санькі. Праўда, перад вайной хлопцы не любілі гэтага чалавека. Напачатку ім здавалася, што ён сквапны і злосны і толькі чакае выпадку, каб адсцёбаць іх крапівою. Ды й было за што: хлопцы не адзін раз лазілі ў дзедаў сад. Аднак падлеткаў вельмі ўразіла, калі яны ўбачылі, як дзед Мірон хаваў на полі бою забітых чырвонаармейцаў. Сябры пакляліся больш ніколі не трэсці дзедавых груш і іншым не даваць гэтага рабіць. Якія думкі выклікае гэты эпізод?
    (Гэты эпізод сведчыць пра сталенне галоўных герояў. Яны пачынаюць усведамляць каштоўнасць чалавечага жыцця.)
    -- Здарылася так, што Іван і Санька выпадкова апынуліся ў бліндажы дзеда Мірона. Расказаць пра гэты выпадак.
    Вучні пераказваюць гэты ўрывак ад першай асобы.
    — Якія рысы характару Мірона Захаравіча выяўляюцца ў сітуацыях, калі ён пахаваў забітых байцоў на полі бою і выратаваў жыццё параненаму камісару?
(Гуманнасць, чалавечнасць, імкненне дапамагчы людзям у цяжкую хвіліну.)
    — Не раз наведвалі Іван і Санька параненага камісара Аляксандра Карпавіча, гутарылі з ім пра ваенныя падзеі. Упершыню пачулі падлеткі з яго вуснаў праўдзівы аповед пра нядаўнія цяжкія баі з ворагамі. Прачытаць выразна ўрывак з 14-га раздзела, пачынаючы са слоў «Прагнаўшы смагу, Аляксандр Карпавіч загаварыў, успамінаючы нядаўнія баі» і да слоў «А полк? Полк іх пайшоў. Ён вернецца».
    (Гэты эпізод у кнізе вельмі ўражвае, таму што раскрывае адзін з самых драматычных момантаў Вялікай Айчыннай вайны і дапамагае зразумець, што перамога вельмі дорага каштавала нашаму народу.)
    — На пытанне Івана і Санькі, ці не сустракаў Аляксандр Карпавіч на фронце іх бацькоў, ён адказаў, што яны служылі разам з ім у адным палку і нават здзейснілі баявыя подзвігі. Чаму ён сказаў падлеткам няпраўду?
    (Камісар сказаў няпраўду, напэўна, таму, што як вайсковец у нейкай ступені адчуваў сябе вінаватым за страчанае дзяцінства гэтых хлапчукоў, за іх сіроцтва. Ён хацеў, каб яны захавалі веру ў перамогу над фашыстамі, не ачарсцвелі душой і чакалі сваіх бацькоў з вайны.)
    — Якія рысы характару адлюстраваў Іван Сяркоў у вобразах бабулі Матроны, дзеда Мірона і камісара Аляксандра Карпавіча? Як сам аўтар ставіцца да гэтых герояў?
    (У гэтых вобразах пісьменнік увасобіў лепшыя рысы характару беларускага народа: цярплівасць, цвёрдасць, разважлівасць, духоўную моц, мужнасць. У складанай сітуацыі яны здолелі супрацьстаяць чужынцам, верылі ў перамогу і імкнуліся наблізіць яе.)
— Аднак сярод аднавяскоўцаў знайшліся і такія, што радаваліся “новай уладзе” і “новаму парадку”. Кузьма Няўмыка, крывароты Ахонька і яшчэ некалькі чалавек сталі паліцаямі.
    Чаму яны сталі здраднікамі? Што паспрыяла гэтаму? Якая слава хадзіла пра іх у Падлюбічах яшчэ да вайны? Пра што гавораць самі прозвішчы паліцаяў: Няўмыка, Ахонька?
    (Прозвішча Няўмыка хутчэй за ўсё азначае няўмека, гультай, абібок. Да вайны Кузьма нідзе не працаваў, рэдка бываў дома, краў. Не заўсёды яму соладка даводзілася: з'яўляўся ў вёсцы час ад часу пабіты, з сінякамі пад вачыма, і бывала, што ледзь жывога родзічы прыводзілі яго дамоў. I сем'янін з яго быў нікудышны: часта піў, біў жонку, зусім не займаўся выхаваннем сына, які мала ў чым адставаў ад свайго бацькі. Кузьму Няўмыку перад самай вайной, напэўна, у пяты раз пасадзілі ў турму. А крывароты Ахонька стаў першым памочнікам у Кузьмы. Таксама «нягеглым быў», як зазначыла бабуля Матрона.
    Такім чынам, пра Кузьму Няўмыку і Ахоньку сярод людзей хадзіла дрэнная слава. Відавочна, гультайства, безадказнасць, прага лёгкага жыцця прывялі іх на шлях здрады.)
    —Як Іван і Санька ставяцца да паліцаяў? Знайсці і зачытаць адпаведныя радкі з аповесці.
    “Калі б прыйшлі партызаны, мы першыя паказалі б ім, дзе жыве Няўмыка. Ён цяпер стаў важнай птушкай, начапіў на рукаў павязку і ходзіць па вёсцы з нямецкай вінтоўкай» (раздзел 13).
    (У гэтым эпізодзе выявілася нянавісць хлопчыкаў да здраднікаў.)
У якасці дамашняга задання прапаную:
    — перачытаць змест 16 – 22-га раздзелаў кнігі;
    — навучыцца выразна чытаць эпізоды “На школьным двары» (з раздзела 17 «Кулямёт пад крыжам») і «У Санькавай хаце» (з раздзела 22 “Нямецкія жартачкі”);
— падрыхтаваць ад першай асобы падрабязны пераказ раздзела 19 «Як нас падвёў кот».

4-ы ўрок. Цяжкія дні вайны. Праца над зместам 16- 22-га раздзелаў кнігі.


    Задача чарговага ўрока — адзначыць гатоўнасць герояў кнігі да самаахвяравання, філасофскае ўспрыманне жыцця і паэтычнае бачанне свету Іванам Сырцовым. Неабходна прадоўжыць працу па фармаванні ўмення даваць звязны адказ на прапанаванае настаўнікам пытанне і па развіцці ўмення выразна чытаць эпізоды з мастацкага твора.
     Працу на ўроку можна правесці па наступных пытаннях:
— Калі вы прачыталі раздзел 16 пад назваю “Пі, фашысцкая морда!”, то, відаць, звярнулі ўвагу, што ўсе думкі, кемлівасць і неўтаймаваная энергія Івана Сырцова і Санькі Макавея скіраваны на тое, каб змагацца з фашыстамі, шкодзіць ім. Успомніце і раскажыце пра такія ўчынкі хлопцаў, ацаніце, наколькі рацыянальнымі яны былі. (Гэтыя спробы змагання былі значнымі і сур'ёзнымі. Хлапчукі рабілі жалезныя швайкі, каб праколваць шыны нямецкіх аўтамашын, спрабавалі павыцягваць загваздкі і адкруціць гайкі з колаў фурманак, на якіх ворагі везлі снарады. Не выканалі падлеткі і загад напаіць коней нямецкіх абознікаў.)
    — Чаму Іван і Санька не маглі змірыцца з абставінамі акупацыйнага жыцця? Якую галоўную рысу адзначаем у характары падлеткаў?
    (Вайна, акупацыя адабралі ў сяброў свабоду і радасць дзяцінства. Відаць, таму хлопцы і гатовы былі змагацца, каб вярнуць страчанае. Вядучай рысай у характары Івана і Санькі з'яўляецца іх гатоўнасць да гераічных учынкаў.)
     — Выразна прачытайце эпізод з раздзела 17 пад назваю “Кулямёт пад крыжам” ад слоў “І раптам па натоўпе прайшоўся” і да «У гэтым позірку не было ні страху, ні здзіўлення, ні болю». Якія пачуцці ўзніклі ў вас пры чытанні гэтага ўрыўка? (Пачуццё болю за знявечаныя лёсы гэтых людзей.)
    — Мара стаць партызанамі не збылася. Усяму віною быў Санькаў кот. Расказаць падрабязна гэты эпізод.
Пераказ зместу раздзела 19 “Як нас падвёў кот”.
    — Не злітавалася вайна і над сям'ёй Івана Сырцова. Здарылася самае страшнае: пасля доўгай хваробы памерла маці. Іван і яго брат Грышка засталіся сіротамі. Прачытайце раздзел 20 «А маёй маці ўжо не холадна», дзе выказаны пачуцці галоўнага героя, які перажыў смерць блізкага чалавека.
    Звярніце ўвагу на абрад пахавання людзей у час фашысцкай акупацыі ў беларускай вёсцы. Параўнайце, ці адрозніваецца ён чым-небудзь ад пахавання ў нашы дні.
    (Жанчыны прыбралі маці Івана і Грышкі ў новую кофту і спадніцу, абулі ў чуні, на лоб палажылі жоўтую царкоўную паперку з малюнкамі і надпісам, а ў рукі, што былі складзены на грудзях, прыладзілі і запалілі свечку. Каля памерлай прамаўляе малітвы Чмыхава Маўра, бо святара ў Падлюбічах ужо даўно няма. Зранку прыходзілі пабачыць нябожчыцу аднавяскоўцы, пераважна жанчыны. Некаторыя з іх дапамагалі варыць боршч і кашу.
     Мужчыны ў гэты час рабілі дамавіну, крыж.
    Пасля пахавання адбываліся памінкі, якія пачыналі з канону. У аповесці гаворыцца, што канон быў прыгатаваны з хлеба, які крышылі ў ваду і падсалоджвалі мёдам. У іншых рэгіёнах рэспублікі канонам мог быць вараны боб, куцця, крошачкі белага хлеба, якія перамешваліся з прасвіркай, з мёдам, цукрам, рассыпісты рыс, спечаныя аладкі і бліны.
    Вучні прыходзяць да высновы, што пахаванне ў час вайны нічым асаблівым не адрознівалася ад сучаснага. Відаць, таму, што традыцыі нашага народа, якія перадаюцца ад пакалення пакаленню тысячагоддзямі, яшчэ трывалыя.)
    — У народзе гавораць: “Не памірае той, хто не народзіцца”. Немудрагелісты чалавечы лёс: нарадзіўся, увабраўся ў гады, ажаніўся, выгадаваў сваіх дзяцей ды збірайся й паміраць... Такімі зямнымі клопатамі жыла і бабуля Івана — Матрона. У сталыя гады яна пачала рыхтавацца да смерці. Што рыхтавала беларуская жанчына на смерць? Якія думкі выклікалі ў вас старонкі твора, дзе гаворыцца пра гэта? (Раздзел 21 «Мой кажушок і Германія».)
    (У клунку бабулі былі чорная спадніца, белыя тапачкі, сподняя кашуля, сіняя кофта і хустка. Бабуля Матрона сабрала самае неабходнае, што патрэбна ў такіх выпадках.
    Гэты своеасаблівы рытуал сведчыць пра сціпласць, розум, беражлівыя адносіны старой да народных традыцый. Яна не хоча лішні раз турбаваць сваіх родных нават пасля смерці...)
    -- Аднойчы ранняй вясной пасля цяжкай хваробы Іван назіраў, як бабуля перабірала бульбу. Увагу хлопчыка прыцягнуў невялічкі парастак бульбы, які прабіўся са шчыліны ў падлозе. Зачытайце гэты ўрывак і адкажыце на пытанне: што сімвалізуе тут бульбяны парастак? Якія здольнасці Івана выяўляюцца ў гэтым эпізодзе твора?
    (Адзін з вучняў выразна чытае ўрывак ад слоў “Пад ложкам са шчыліны ў падлозе выцягнуўся на святло парастак” і да слоў “Бульбіну пакладуць у чыгун і звараць, а парастак выкінуць на смецце...” – раздзел 22. Парастак сімвалізуе нялёгкі лёс самога падлетка і лёс пакалення, дзяцінства якога было пакалечана вайной. Такое супастаўленне жыцця чалавека і кволай расліны наводзіць на думку, што Іван ужо здольны па-філасофску разважаць, у яго праяўляецца паэтычнае бачанне свету.)
    На заканчэнне ўрока прапаную пяцікласнікам выразна прачытаць або сцісла пераказаць эпізод “У Санькавай хаце” (раздзел 22), у якім апавядаецца і пра іншыя расправы акупантаў.
    Для падрыхтоўкі наступнага ўрока па развіцці вуснай мовы вучняў даецца дамашняе заданне: перачытаць раздзелы 23 — 29; падрыхтаваць сціслы пераказ ад першай асобы зместу раздзелаў 23—24, 26—29.

5-ы ўрок. Развіццё звязнай вуснай мовы. Сціслы пераказ асобных эпізодаў раздзелаў 23-24, 26-29 аповесці «Мы з Санькам у тыле ворага».


     Да сціслага пераказу названых раздзелаў кнігі школьнікі загадзя рыхтуюцца дома. Такім чынам, гэта будзе ўрок-справаздача падрыхтаванага дамашняга задання. Такі аб’ём тэксту (шэсць раздзелаў) засвоіць за адзін урок пяцікласнікам складана, таму прапаную вучням падзяліцца на шэсць груп. Кожнай групе, а значыць і кожнаму яе члену, неабходна падрыхтаваць сціслы пераказ толькі аднаго раздзела твора, а астатнія толькі перачытаць. Пажадана самастойна скласці просты план выбранага раздзела і запісаць яго ў сшыткі па літаратуры. Складзены план можна выкарыстоўваць у час аповеду.
     — У пачатку ўрока развіцця мовы па беларускай літаратуры перад школьнікамі ставяцца наступныя мэты — паўтарыць і сістэматызаваць веды аб асноўных патрабаваннях да сціслага пераказу, якія вучні набылі на ўроках беларускай і рускай мовы; развіваць навыкі і ўменне сцісла пераказваць эпізоды з самастойна прачытаных дома раздзелаў кнігі; вучыцца знаходзіць і адзначаць недахопы і станоўчыя якасці мовы выступаючага; выхоўваць вусную культуру мовы і культуру слухача.
    Для таго каб падрыхтавацца да пераказу, трэба вызначыць тэму, асноўную думку тэксту, падзяліць яго на часткі, скласці план. У час сціслага пераказу тэксту можна апусціць нехарактэрныя дэталі, падрабязнасці, замяніць падобныя факты агульнымі – аб’яднаць выключэнне і абагульненне. Пажадана пры пераказе замяніць дыялогі герояў ускоснай мовай.
    Далей ставіцца задача – сцісла і эмацыянальна (пры дапамозе складзенага плана) пераказаць ад першай асобы змест раздзела 23 “Навошта мне твой цурык”. Астатнія вучні класа ўважліва слухаюць і сочаць за аповедам аднакласнікаў, звяртаюць увагу на правільнасць перадачы зместу і чысціню мовы.
    На пераказ раздзела выклікаюцца па 2-3 вучні з адпаведных груп. Аповед кожнага выступоўцы абавязкова рэцэнзуецца аднакласнікамі. Такім чынам праводзіцца праца і па іншых раздзелах аповесці. У канцы ўрока падводзяцца вынікі.
    На дом прапануецца перачытаць змест раздзелаў 30-40 аповесці. Навучыцца выразна чытаць раздзел 31 “Засада”. Па магчымасці зрабіць ілюстрацыі да любімых эпізодаў гэтай кнігі.

6-ы ўрок. Суровыя выпрабаванні лёсу. Праца над зместам раздзелаў 30-40. Вобраз апавядальніка ў аповесці. Заключныя заняткі.


    На апошні ўрок прапанаванай сістэмы па аповесці Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага» ставіцца задача — прасачыць далейшы лёс Санькі Макавея і Івана Сырцова, адзначыць у іх характары мужнасць, патрыятызм, непахіснасць веры ў перамогу над фашыстамі, ацаніць сапраўднасць дружбы падлеткаў; выхоўваць у вучняў любоў і павагу да маці, пачуццё адказнасці за свае ўчынкі перад бацькамі і старэйшымі людзьмі.
    Аналіз работы над тэкстам можна правесці па наступных пытаннях:
-- У апошніх раздзелах аповесці Івана Сяркова “Мы з Санькам у тыле ворага” апавядаецца аб суровых выпрабаваннях, якія жорстка наваліліся на яшчэ кволыя плечы Івана і Санькі.
     Для таго каб трапіць у партызанскі атрад, Санька спрабуе ўкрасці ў фашыста-кватаранта пісталет і палявую афіцэрскую сумку. Праўда, за гэта ён ледзь не паплаціўся жыццём. Яшчэ раз прачытайце выразна раздзел 31 “Засада”. Якія пачуцці і настрой выклікае гэтае апавяданне? Якую ролю адыгрывае ў гэтым раздзеле апісанне вечара?
     (Вучні могуць звярнуць увагу на тое, што ў час чытання раздзела “Засада” яны ўвесь час у напружанні, бо хвалююцца за лёс Санькі. Змрочны, трывожны настрой выклікае апісанне вечара. Такія дэталі, як нечая гаворка, бразганне вёдраў, брэх сабак, халодны выгляд месяца, здаецца, прадказваюць бяду. Так яно і здараецца — Саньку схапілі немцы.)
     — Сцэна допыту Санькі. Прачытайце па ролях гэты эпізод. Якая рыса характару хлопчыка найбольш ярка выявілася ў час размовы з нямецкім афіцэрам? (Чытаць ад слоў “І вось перад ім сядзіць пажылы, гладка паголены, наадэкалонены афіцзр” і да канца раздзела 34 “Санька вінаваціць вераб'ёў”.)
(У час допыту і катаванняў Санька праявіў сябе мужным і стойкім хлопчыкам, не спалохаўся фізічнага болю і пакутаў.)
    -- Раскажыце пра паводзіны Івана ў той час, як яго сябар Санька трапіў у фашысцкі палон. Што можна сказаць пра іх сяброўства? Вывады запішыце ў сшыткі па літаратуры.
     — Немцы везлі расстрэльваць палонных. У іх ліку быў Санька. У гэтыя, як думаецца, апошнія хвіліны свайго жыцця хлопчык моцна шкадаваў сваю родную матулю. Якія думкі і пачуцці выклікае ў вас гэты эпізод? (Дадзены эпізод, безумоўна, абуджае любоў і павагу да самага дарагога чалавека — маці.)
    — Раскажыце пра свае ўзаемаадносіны з бацькамі.
     Другая частка ўрока адводзіцца на аналіз вобраза апавядальніка ў творы. Зыходзячы з запісаў у сшытку па літаратуры «Характарыстыка асноўных вобразаў у аповесці Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага», пяцікласнікам прапануецца выступіць з вусным паведамленнем пра Івана Сырцова.
    На заключных занятках па вывучэнні гэтай кнігі адводзіцца час, каб пазнаёміцца з выставай малюнкаў, якія падрыхтавалі вучні да гэтага ўрока. Затым неабходна правесці абагульняльную гутарку па наступных пытаннях:
     — Чаму пісьменнік напісаў кнігу пра падлеткаў, чыё дзяцінства апаліла вайна?
     — У якіх раздзелах аповесці выяўляецца найбольшае напружанне, вастрыня сюжэта, хваляванне і боль аўтара за лёс герояў, а ў якіх пераважаюць смешныя сітуацыі?
     — Як пісьменнік ставіцца да сваіх герояу?
    У заключэнне гаворыцца пра тое, што аповесць Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага» адносіцца да аўтабіяграфічных твораў. Пісьменніку ў гады Вялікай Айчыннай вайны было столькі ж гадоў, колькі і яго героям. Вельмі сугучнае прозвішча апавядальніка Івана з прозвішчам аўтара: Іван Сырцоў — Іван Сяркоў. Падобныя і назвы вёсак. Вёска, у якой нарадзіліся і гадаваліея героі твора Іван і Санька, называлася Падлюбічы (недалёка ад Гомеля), а вёска, у якой нарадзіўся пісьменнік, называлася Пакалюбічы. У вайну Івану Сяркову, як і яго герою, давялося перажыць смерць роднай маці, ён таксама выхоўваўся ў сваёй бабулі. Па другой сваёй кнізе «Мы — хлопцы жывучыя» (1970) Іван Кірэевіч напісаў сцэнар тэлевізійнага мастацкага фільма “Хлопцы жывучыя”, які быў пастаўлены ў 1974 г. У 1989 г. выйшла ў свет апошняя кніга трылогіі “Мы з Санькам – артылерысты”.
     Рэкамендуецца дома вучням самастойна прачытаць апошнія часткі трылогіі «Мы хлопцы жывучыя» і «Мы з Санькам артылерысты». Урывак з раздзела 37 (ад слоў «Маці,маці, колькі слёз пралілі вашы вочы, колькі начэй недаспалі, калі вы, схіліўшыся над сынамі, адганялі ад іх бяду» і да слова «Жывіце!») вывучыць на памяць.
     На вывучэнне гэтай аповесці можна адвесці яшчэ адзін урок развіцця звязнай мовы (пісьмовы) — сачыненне-разважанне на тэму «Мой любімы герой аповесці Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага». Асноўнымі тэзісамі для сачынення могуць паслужыць запісы ў сшытках па літаратуры “Характарыстыка вобразаў аповесці...». Можна напісаць сачыненне па тэме «Мой сябар», “Ці сапраўдны я сябар?” і інш.

 
   

Хостинг от uCoz