Каб харашэць душой

Педагагічны сайт Міколы Жуковіча,
настаўніка беларускай мовы і літаратуры, дырэктара Бярозаўскай СШ № 1 Брэсцкай вобласці

Урокі мовы


Урок па тэме “Тыпы аднасастаўных сказаў ” ў 9-ым класе (ўводны ўрок)

    Як паказвае педагагічны вопыт, гэты матэрыял засвойваецца вучнямі з цяжкасцю, таму мы прапануем вывучаць яго з дапамогай мультымедыйных сродкаў, выкарыстоўваючы прыём блокавай падачы паняццяў адразу ўсіх пяці тыпаў аднасастаўных сказаў: пэўна-асабовыя , няпэўна-асабовыя, безасабовыя , абагульнена-асабовыя і назыўныя . Усе названыя віды сказаў з адным галоўным членам засвойваюцца школьнікамі больш эфектыўна, калі параўноўваюцца між сабой. І хоць праграмай па мове на вывучэнне тыпаў (відаў) аднасастаўных сказаў адводзіцца да шасці гадзін, прапануем ужо на ўводным уроку прэзентаваць усе іх віды.
    Перш чым пачаць прэзентацыю, на матывацыйным этапе ў ходзе франтальнай гутаркі неабходна ўзнавіць веды вучняў пра безасабовыя дзеясловы, іх ужыванне і ролю ў тэксце.
    Каб увесці дзевяцікласнікаў у новую тэму, можна выкарыстаць загадзя запісанае на дошцы тэставае заданне, якое звычайна прапануецца выпускнікам на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове з варыянта B :
Вызначце тып аднасастаўнага сказа:
      	  Кінь саромецца мовы сваёй,
          Зваць сябе беларусам пачні, 
          Папрацуй над сялібай сваёй, 
          А пасля з ціхатой адпачні !.. 
                             М.Чарот
				   
  1. безасабовы
  2. пэўна-асабовы
  3. няпэўна-асабовы
  4. абагульнена-асабовы
  5. назыўны

    Такі падыход, безумоўна, павышае цікавасць вучняў да новага матэрыялу, практычна ніхто з іх не можа даць правільны адказ — узнікла праблемная сітуацыя.

     На інфармацыйным і трэніровачна-карэкцыйным этапах ўрока, пасля пастаноўкі вучнямі яго мэты і задач, настаўнік прапануе класу ўважліва паслухаць лекцыю і актыўна ўключыцца ў калектыўную працу па засваенні тэмы “Тыпы аднасастаўных сказаў”.

    Звычайна любая прэзентацыя пачынаецца тытульным слайдам, на якім аб’яўлена яе тэма :

На другім пажадана адлюстраваць мэту і задачы заняткаў:

    Выхаваўчай мэтай урока стане рэалізацыя педагогам актуальнай ідэі фарміравання ў школьнікаў нацыянальнай самасвядомасці, грамадзянскай пазіцыі і ўсведамлення неабходнасці беражлівых адносін і павагі да беларускай мовы.

    Для чытача, які пакуль не мае ўяўлення пра мультымедыйную прэзентацыю, патлумачым, што практычна на кожным слайдзе неабходныя аб’екты да тэмы з’яўляюцца на экране не ў гатовым выглядзе, як паказана ў дадзеных кадрах, а іх прадстаўленне адбываецца паступова, пасля чарговага шчаўчка “мышкаю”. Напрыклад, у час тлумачэння новага матэрыялу з выкарыстаннем ніжэй змешчанага слайда запланаваныя рознакаляровыя аб’екты будуць з’яўляцца па чарзе, па загадзя прадуманаму сцэнарыю. Вось як гэты парадак будзе выглядаць у лічбавым эквіваленце – ад (1) да (12):

 

    На наступных пяці слайдах неабходны тэарэтычны матэрыял пабудаваны і выкладаецца на аснове агульнага прынцыпу : спачатку на экране з’яўляецца азначэнне пэўнага тыпу аднасастаўнага сказа, затым узнікае апорная схема, а напрыканцы веды падмацоўваюцца адпаведным сказам.

    Шчаўчком камп’ютэрнай “мышкі” адкрываецца блок “Назыўны сказ” для азнаямлення і аналізу:

    Настаўнік прапануе класу вусна з каментарыем выканаць практыкаванне 207 на старонках 101-102 падручніка Л.А.Антанюк , З.І.Бадзевіч і інш. “Беларуская мова: Сінтаксіс і пунктуацыя...”( 2000) , дзе вучням патрэбна вызначыць назыўныя сказы ў вершаваным тэксце.

    Далей пажадана павесці гаворку пра тыпы аднасастаўных сказаў з галоўным членам выказнікам, прадэманстраваўшы яшчэ раз слайд № 3, і адкрыць новы аб’ект прэзентацыі – блок “Безасабовы сказ”:

    Як зазначалася вышэй, да гэтага блока тэмы вучні былі падрыхтаваны ўжо на матывацыйным этапе, калі вялася размова пра безасабовыя дзеясловы. Для трэніроўкі і карэкцыі ведаў настаўнік рэкамендуе класу самастойна прыдумаць і запісаць два-тры безасабовыя сказы пра беларускую мову і вызначыць, чым у іх выражаны выказнікі.

    Адкрыўшы паўторна слайд № 3, а пасля -- № 6, настаўнік акцэнтуе ўвагу на пэўна-асабовых сказах:

    Для замацавання ведаў школьнікаў можна выканаць практыкаванне 180 (с.91), дзе прапануецца вызначыць асобу дзеясловаў-выказнікаў ў пэўна-асабовых сказах.

    Падобнае тлумачэнне пра няпэўна-асабовыя і абагульнена-асабовыя сказы настаўнік правядзе па слайдах № 7 і № 8 :

    Напрыканцы выкладу тэмы настаўнік прапануе класу выніковы слайд у выглядзе апорнай табліцы, якую пажадана раздрукаваць для кожнага вучня.

    На кантрольна-рэфлексійным этапе ўрока прапануем дзевяцікласнікам у пары з суседам вызначыць тыпы аднасастаўных сказаў у вершы Генадзя Бураўкіна:

       Слова наша роднае, хапала
       На стагоддзі доўгія цябе. 
       Багдановіч, Колас і Купала 
       Прыпадалі да цябе ў журбе, 
       Адкідалі кпіны і абразу, 
       З дзён былых цягнулі ў заўтра ніць
       І, хаця не ўсіх і не адразу,-- 
       Навучылі ўсё ж цябе цаніць.
       Вымытае ў гулкіх навальніцах,
       Нам як запавет перадалі,
       Каб пілі і не маглі напіцца 
       І ўзнялі наўздзіў усёй зямлі. 
    
       Матчына нявыцвілае слова, 
       Даўжнікі мы вечныя твае... 
       Так нам не хапае Куляшова. 
       Мележа так горка не стае. 
       Нам цяпер цябе на раздарожжах 
       Берагчы за іх і за сябе, 
       Даражыць пявучым гукам кожным, 
       Як зярняткам чыстым на сяўбе, 
       Каб не адляцела, як салоўка, 
       Не аглухла ў гуле бальшакоў... 
       Строга з нас вачэй не зводзіць Броўка. 
       Стоена ўзіраецца Лынькоў... 
       Мова продкаў нашых і нашчадкаў – 
       Шэпт дубровы і пчаліны звон, -- 
       Нам цябе ласкава і ашчадна 
       Спазнаваць ажно да скону дзён. 
       Па чужых краях не пабірацца, 
       Не аддаць цябе на забыццё, 
       Наша невычэрпнае багацце, 
       Наша несмяротнае жыццё. 
      

 

    Пасля франтальнай праверкі адказаў настаўнік арганізуе калектыўны аналіз прыведзенага на самым пачатку ўрока тэста з варыянта B .

     Час, які, магчыма, застанецца пасля мультымедыйнай прэзентацыі, можна прысвяціць абмеркаванню праблемы функцыянавання беларускай мовы ў нашым грамадстве ці на выяўленне вучнёўскіх ўражанняў, рэфлексій.

     У якасці дамашняга задання настаўнік прапануе выканаць практыкаванне 216 на с.105, па ўмове якога неабходна вызначыць тыпы (віды) аднасастаўных сказаў і зрабіць іх сінтаксічны разбор.

     На наступных уроках па тэме адбываецца канкрэтызацыя і замацаванне вывучанага матэрыялу, выпрацоўваюцца адпаведныя ўменні і навыкі.

   
   

Хостинг от uCoz