Каб харашэць душой

Педагагічны сайт Міколы Жуковіча,
настаўніка беларускай мовы і літаратуры, дырэктара Бярозаўскай СШ № 1 Брэсцкай вобласці

Урокі мовы


Урок – КВіЗ (Клуб вясёлых і знаходлівых) па тэме “Фразеалагізмы” ў 5-ым класе. Абагульняльныя заняткі

    Важнейшай задачай для настаўніка-славесніка з'яўляецца выхаванне ў школьнікаў любові i цікавасці да моўнага багацця свайго народа. У гэтай справе шмат шляхоў. Аднак для прыкладу прывядзём адзін з урокаў. Мэта яго - замацаваць i паглыбіць веды вучняў па тэме «Фразеалагізмы», удасканальваць уменне заўважаць i вылучаць устойлівыя спалучэнні слоў у кантэксце, тлумачыць лексічнае значэнне, рабіць супастаўляльны пераклад беларускіх i рускіх фразеалагічных зваротаў, падбіраць да слоў i словазлучэнняў сінанімічныя i антанімічныя фразеалагізмы. Пажадана не выпускаць з поля зроку i паходжанне некаторых устойлівых спалучэнняў слоў. Выхоўваць у школьнікаў калектыўны пошук трапнага адказу, кемлівасць, знаходлівасць, гумар i артыстызм.
Эпіграфам да ўрока можна ўзяць такія цудоўныя словы:
    Iльняная i жытнёвая. Сялянская.
    Баравая ў казачнай красе.
    Старажытная. I самая славянская,
    Светлая, як травы ў расе.
    Вобразная, вольная, пявучая.
    Мова беларуская мая!
    П. Панчанка
    Урок прапануем пачаць з чытання на памяць верша Пімена Панчанкі «Беларуская мова» або Петруся Бpoўкi «Багата, родная ты мова» на фоне беларускай народнай мелодыі (на выбар настаўніка), якая гучыць у запісу.
    Затым настаўнік скажа, што пісьменнікі, фалькларысты, лінгвісты слушна называюць фразеалагізмы самародкамі i самацветамі роднай мовы, залацінкамі народнай мудрасці. А таму ix трэба ўжываць у мове ўмела i дарэчы. Для таго, каб пераканацца, што мы правільна выкарыстоўваем моўнае багацце, правядзем урок-КВі3.
    Пасля арганізацыйнага моманту (выбары капітанаў каманд, членаў журы) прапануем вучням конкурс-размінку «Ці ведаеце вы?». Кожная каманда павінна растлумачыць значэнне пяці фразеалагізмаў:
    адкрыць Амерыку (сказацъ пра даўно ўciм вядомае);
    белая варона (чалавек, які выдзяляецца паводзінамі ці знешнасцю сярод іншых людзей);
    матаць на вус (брацъ пад увагу, прыкмячацъ, запамінацъ што-небудзь);
    не спускаць вока (пільна сачыць за чым-небудзъ);
    на сёмым небе (бязмерна шчаслівы, вельмі задаволены чымсьці);
    настройваць лыжы (ісці, ехацъ, накіроўвацца кудысьці);
    віламі па вадзе пісана (невядома яшчэ, ці ажыццявіцца штосъці; пра няпэўнае);
    на шыі сядзець (жыцъ за кошт каго-небудзь);
    макам сыпаць (выказваць асаблівую прыхілънасцъ, увагу, хваліць каго-небудзъ);
    шпільку падпускаць (гаварыцъ колка, намякацъ на штосъці непрыемнае).
    Зразумела, што пасля кожнага конкурсу журы падводзіць вынікі.
    Настаўнік. Вы з папярэдніх урокаў ведаеце, што многія спалучэнні слоў могуць быць устойлівымі i вольнымі. Напрыклад, у сказе: «Васілёк свайму таварышу падаў руку» ўсе словы ў словазлучэнні падаў руку мы разумеем: Васілёк павітаўся пры сустрэчы. 3yciм іншае назіраем у сказе: «Да лесу было рукой падаць». Кожны здагадаўся, што тут ідзе гаворка не пра прывітанне, а пра адлегласць.
    Я буду называць спалучэнні слоў. Першая каманда прыдумвае сказ так, каб гэтае спалучэнне было ўжыта ў прамым сэнсе, другая — у ролі фразеалагізма. Пасля пяці прыкладаў каманды мяняюцца заданнямі:
    1. Закінуць вуды,
    стаяць на шляху,
    вырваць з коранем,
    прыкусіў язык,
    доўгая песня.

     2. Па галоўцы гладзіць,
    падняўся на ногі,
    вады не замуціць,
    пусціць слязу,
    на руках насіць.

     Наступнае заданне. Да фразеалагізмаў рускай мовы падбярыце адпаведныя фразеалагізмы, прымаўкі, прыказкі беларускай мовы (адпаведнікі запісаны праз коску на дошцы):
    два сапога пара — абое рабое;
    олух царя небесного — асёл маляваны;
    иметь зуб — вока мець;
    из уст в уста — з вуха на вуха;
    нашли дурака — няма дурных;
    баклуши бить — лынды біць;
    беречь как зеницу ока — глядзецъ як вока;
    обломать рога — рогі пазбівацъ;
    изо всех сил — на ўсю моц (з усяе моцы);
    не боги горшки обжигают — не святыя гаршкі лепяцъ.

     У беларускай мове ўжываюцца фразеалагізмы, запазычаныя з іншых моў. Ёсць група фразеалагізмаў-інтэрнацыяналізмаў, г. зн. такіх, што вядомы ў большасці моў свету. Напрыклад: дамоклаў меч, ахілесава пята, праметэеў агонь, агнём i мячом i інш. Такія ўстойлівыя спалучэнні слоў паходзяць звычайна з антычных i стараславянскай моў.
    А цяпер паслухайце невялікае паведамленне «3 гісторыі фразеалагізмаў», падрыхтаванае вашым таварышам. Выступленне аднакласніка мае на мэце расказаць пра паходжанне вышэй пералічаных фразеалагічных зваротаў. (Для паведамлення можна выкарыстаць адпаведныя артыкулы з «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў» I. Лепешава; Мн., 1981.)
    Гучыць у грамзапісе беларуская народная песня або вучні спяваюць caмi (на выбар вучняў).
    Настаўнік. Наступны конкурс— конкурс капітанаў. Праверым, наколькі трывала капітан кожнай каманды валодае ведамі па фразеалогіі.
    Заданне: у дадзеных урыўках з мастацкіх твораў беларускіх пісьменнікаў знайсці ўстойлівыя спалучэнні слоў.
    Капітанам даецца па пяць картак з запісаным тэкстам. Па чарзе кожны чытае ўрывак i адразу называе фразеалагізмы.
    Тэксты для картак:
    Вырас ён (хлопчык) ужо, у гады ўвайшоў, а ўсё толькі з дзецъмі гуляе, як маленькі. І празвалі яго людзi Іванкам Прастачком.
    Казка «Цудоўная дудка»

     Амаль сем тыдняў пракачаўся пан, чуць чорту душу не аддаў.
    Казка «Пану навука»

    Глядзeлi ўтрох на гэты сшытак
    I ўсё разгледзелі да нітак.
    I хлопцы тут пасябравалі,
    Язык i Яську развязалі...

    Ён толькі летась скончыў школку
    I веды меў у адну столку,
    Ды й тых патраціў з палавіну,
    У поле гонячы скаціну.

    А хлопцы нават паўставалі,
    У чыгунчык вочы пaўcтaўлялі,
    Глядзяцъ, не моргнуцъ яны вокам:
    Эх, мусіць смачны клёцкі з сокам!

    А хлопцы проста збілісъ з тропу
    I ў нейкім страсе i ў захопу
    На дзядзьку-кухара глядзелі,
    Як бы яны аслупянелі.
    Якуб Колас. Новая зямля

— Чаго ты крычыш? — абазвалася пакрыўджаная буфетчыца.— Я старая жанчына. Бач, які герой знайшоўся. Сам кату па пяту, а распараджаецца.
    Кузьма Чорны. Насцечка

І цяпер усе на вёсцы, абы размова зайшла пра Ганъчынага бацьку, кажуць, што ён сабакам сена косіць.
    А. Васілевіч. Расці, Ганька

І калі пaльнyлi пры iм з вінтоўкi, Мішка як дуж кінуўся з ycix ног наўцёкі i зашыўся ў стог саломы, што стаяў каля дарогі.
    М. Лынькоў. Пра смелага ваяку Мішку i яго слаўных таварышаў

Ляжыцъ Міколка нi жывы нi мёртвы i толькі чуе, як моцна б'ецца ды вырываецца з грудзей яго маленькае сэрца.
    М. Лынькоў. Міколка-паравоз

Заданне: закончыць фразеалагізмы. Улічваецца i тое, як хутка будзе дадзены правільны адказ (адпаведнікі таксама загадзя запісаны на дошцы).
    Як гром... (з яснага неба).
    Як дзве... (кроплі вады).
    Навучыць,... (дзе ўюны (ракі) зімуюць).
    Надзьмуўся як... (мыш на крупы).
    Мядзведзь наступіў... (на вуха).
    Кідаць словы... (на вецер).
    Камень на камені... (не пакінуць).
    Хоць кол... (на галаве чашы).
    3 вялікага грому... (малы дождж).
    Hi слыху... (нi дыху).

     Апошняе заданне патрабуе ад капітанаў не толькі ведаў па фразеалогіі, але i кемлівасці, артыстычных здольнасцей. Па чарзе кожны капітан выцягвае невялікую картку з запісаным фразеалагічным зваротам. Значэнне гэтага фразеалагізма трэба перадаць пры дапамозе пантамімы (жэстаў i мiмікі). Пры гэтым можна карыстацца прадметамі на стале, якія загадзя падрыхтаваны. А каманды павінны назваць запісаны фразеалагізм.
    Словазлучэнні для картак: кішэнь трэсці, закасаўшы рукавы, падпілаваць pori, у бубен біць, з нari на нагу, з кута ў кут, намыліць галаву (шыю), абводзіць вакол пальца, вадзіць за нос, язык прыкусіць, звязаць pyкi, брацца за жывот i інш..
    I зноў гучыць беларуская народная песня.
    Настаўнік. А цяпер заданне камандам: да слоў i словазлучэнняў, якія запісаны на дошцы, падбярыце фразеалагізмы-сінонімы з ліку дадзеных. (На экран праецыруюцца праз графапраектар (кадаскоп) фразеалагізмы.) Для таго, каб сэканоміць час на выкананне гэтага задання, можна насупраць кожнага слова i словазлучэння запісаць толькі адпаведныя нумары фразеалагізмаў:
    1) блізка — 4; 7;
    2) добра працаваць — 8; 13; 16; 17;
    3) нечакана, раптоўна — 6; 11; 15; 19;
    4) усе без выключэння — 1; 9;
    5) хлусіць, гаварыць абы-што — 2; 12; 18; 20;
    6) хутка бегчы — 3; 5; 10; 14 (16; 17).
    (Для даведак: 1. Усе як адзін. 2. Наверзці сем карабоў. 3. Высалапіўшы язык. 4. Рукой падаць. 5. Аж пяткі блішчаць. 6. Як гром з яснага неба. 7. Пад бокам. 8. Да сёмага поту. 9. У адзін голас. 10. Зямлі не чуць пад сабой. 11. Як з-пад зямлі вырас. 12. Намалоць глупства. 13. Закасаўшы рукавы. 14. Як з прывязі сарваўся. 15. Як з неба зваліцца. 16. На ўсю моц. 17. Штосілы. 18. Плесці лухту. 19. Як снег на галаву. 20. Дурыць галаву.)

     Наступнае заданне: да ўстойлівых словазлучэнняў падбярыце антанімічныя фразеалагізмы (адпаведнікі таксама пажадана змясціць на дошцы ці экране).
    Хоць вока выкалі (хоць іголкі збірай);
    трымаць язык за зубамі (распускаць язык);
    лёгкі на нагу (цяжкі на нагу);
    нi свет нi зара (на шапачны разбор);
    апусціць галаву (задраць галаву);
    за вочы (у вочы);
    рукой падаць (блізкі свет);
    востры на язык (цяляты язык аджавалі);
    жыць cвaiм розумам (жыцъ чужым розумам);
    аж пяткі блішчаць (як мокрае гарыцъ).

     Настаўнік. А цяпер праверым, як нашы каманды справіліся з дамашнім заданнем.
    Удзельнікам патрэбна было да ўpoкa-KBi3a як мага больш запісаць фразеалагізмаў сваёй мясцовасці. Перамагае тая каманда, якая назаве найбольшую колькасць гэтых устойлівых словазлучэнняў.
    Значэнне фразеалагічных зваротаў можна перадаць не толькі пантамімай, але i з дапамогай гумарыстычных малюнкаў. Да сённяшняга ўрока мастакам нашых каманд патрэбна было намаляваць па 5-7 малюнкаў да любых фразеалагізмаў i падпісаць ix. Давайце пазнаёмімся з падрыхтаванымі працамі i ацэнім, наколькі ўдала атрымаліся яны (школьнікі дэманструюць зробленае).
    Пакуль журы падводзіць вынікі, для школьнікаў прапануецца выступленне ix таварыша па тэме «Моўныя самацветы ў слоўніках i кнігах».
    Адначасова вучні знаёмяцца з выставай слоўнікаў i кніг па фразеалогіі: Гаўрош Н.В. , Лепешаў I.Я., Янкоўскі Ф.М. Фразеалагічны слоўнік (Мн., 1973); Клышка М. Слоўнік сінонімаў i блізказначных слоў (Мн., 1976); Лепешаў I.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Пад. рэд. Ф.Янкоўскага (Мн., 1981), Моўныя самацветы (Мн., 1985), 3 народнай фразеалогіі. Дыферэнцыяльны слоўнік (Мн., 1981); Мяцельская Е.С., Камароўскі Я.М. Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі (Мн., 1972); Юрчанка Г.Ф. I коціцца i валіцца (Мн., 1971), I сячэ i паліць (Мн., 1974), Слова за словам (Мн., 1977); Шкраба I., Шкраба Р. Крынічнае слова (Мн., 1987); Янкоўскі Ф.М. Беларуская фразеалогія (Мн., 1981) і інш.
    Журы падводзіць вынікі.

   
   

Хостинг от uCoz