Каб харашэць душой

Педагагічны сайт Міколы Жуковіча,
настаўніка беларускай мовы і літаратуры, дырэктара Бярозаўскай СШ № 1 Брэсцкай вобласці

Школьныя тэхналогіі навучання


Тэхналогія калектыўнага асэнсавання. Абмеркаванне аповесці Уладзіміра Караткевіча “Ладдзя Роспачы” ў 10-ым класе. Урок пазакласнага чытання.

    

    Закончыць вывучэнне манаграфічнай тэмы "Уладзімір Караткевіч" праграма прапануе аповесцю "Ладдзя Роспачы" ці "Сівая легенда". Дзесяцікласнікі найчасцей аддаюць перавагу першаму з пералічаных твораў, які можна прачытаць за гадзіну-дзве перад урокам.
    Да чытання "Ладдзі Роспачы" падлеткаў прыцягвае не толькі параўнальна малая колькасць старонак, але i лёгкая манера пісьменніцкага аповеду. Сам У. Караткевіч зазначаў, што гэты твор — адзін з найбольш улюбёных.
    Калі зыходзіць з патрабаванняў любой сучаснай педагагічнай методыкі, урок патрэбна пачаць з мэтавай устаноўкі і матывацыі, якія, як вядома, стымулююць вучняў да навучальна-пазнавальнай дзейнасці. Настаўнік прапаноўвае старшакласнікам самім сфармуляваць мэту і задачы ўрока пазакласнага чытання, пастарацца раскрыць тэматыку, праблемы, ідэйны змест і мастацкую арыгінальнасць самастойна прачытанай аповесці.
    Пасля некалькіх адказаў педагог скіроўвае ўвагу на пералік задач, загадзя запісаных на дошцы, і просіць параўнаць іх з выказанымі:
    - пазнаёміць з творчай гісторыяй напісання аповесці "Ладдзя Роспачы";
    - вызначыць канкрэтна-гістарычнае, міфалагічнае і агульначалавечае ў змесце твора, раскрыць значэнне выкарыстаных сімвалаў і алегарычных вобразаў у ім;
    - звярнуць увагу на глыбокі пісьменніцкі роздум над сэнсам чалавечага жыцця і лёсам роднага краю, падкрэсліць аўтарскую пазіцыю ў творы і спосабы яе выяўлення.
    Як вядома з вопыту, добра падрыхтаваны клас без асаблівых намаганняў спраўляецца з фармуляваннем мэты і задач урока, але ў вызначэнні праблематыкі, ідэйнага зместу аповесці "Ладдзя Роспачы" без папярэдняга літаратурнага аналізу ў дзесяцікласнікаў узнікаюць цяжкасці.
    У сціслым паведамленні пра гісторыю напісання аповесці настаўнік можа зазначыць, што "Ладдзю Роспачы" Уладзімір Караткевіч надрукаваў у 1964 г. Задума яе напісання ўзнікла падчас гасцявання пісьменніка ў свайго дзядзькі Ігара Васілевіча Грынкевіча, які жыў у Рагачове. Ігар Васілевіч валодаў рэдкім талентам выдатнага апавядальніка. У гэтым старажытным горадзе пісьменнік пачаў пісаць раман "Каласы пад сярпом тваім", аповесць "Чазенія" і іншыя творы.
    Чаму аповесць "Ладдзя Роспачы" прысвечана менавіта Рыгору Барадуліну?
    З невялікага настаўніцкага аповеду дзесяцікласнікі даведаюцца, што Рыгор Барадулін — блізкі сябар пісьменніка, таксама яго зямляк, бо паходзіць з Віцебшчыны. Яны пазнаёміліся і пасябравалі на адным з пасяджэнняў літаратурнага аб'яднання пры газеце "Чырвоная змена". Разам пісьменнікі пабывалі ў творчай камандзіроўцы на Далёкім Усходзе.
    Тут можна праз эпідыяскоп паказаць фотаздымкі "Рыгор Барадулін, Уладзімір Караткевіч і Янка Брыль на Ушаччыне. 1965 г." і "Уладзімір Караткевіч і Рыгор Барадулін. 1972 г", што змешчаны ў 6 томе Збору твораў У. Караткевіча (у 8т.;Мн., 1990).
Вывучэнне чытальніцкага ўспрымання твора выкладчык пачынае з пытання:
    У які час і дзе адбываюцца падзеі, апісаныя ў "Ладдзі Роспачы "? Якія мастацкія эпізоды, вобразы, дэталі ілюструюць жыццё людзей той эпохі?
    Без дамашняй падрыхтоўкі дзесяцікласнікі не змогуць даць поўнага, дакладнага адказу пра гістарычныя абставіны, апісаныя ў кнізе. Час, адлюстраваны ў "Ладдзі Роспачы", — другая палова XVI ст. (прыкладна 50 — 80-я гг.): "...Няшчасны быў горад. Зусім нядаўна яго крымчакі абрабавалі і спалілі, за дваццаць сем год перад гэтым тое самае зрабіла маскоўская раць". Гэтыя радкі распавядаюць пра Лівонскую вайну, распачатую ў канцы 50-х гг. XVI ст., якая падтачыла моц Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.
    У аповесці дзейнічаюць два вобразы — "літасцівая каралева Бона з роду Сфорца " і прывід Івана Жахлівага,— прататыпамі якіх з'яўляюцца рэальныя гістарычныя асобы. Вядома, што Бона Сфорца стала жонкай Жыгімонта I Старога ў 1518 г., а ў Італію выехала ў 1556 г. Іван Жахлівы памёр у 1584 годзе.
    Уважлівыя вучні адзначаць: для 2-й паловы XVI ст. Вялікаму княству Літоўскаму характэрна паступовая дэградацыя беларускага дваранства і шляхты. Напрыклад, Гервасій Выліваха ўжо не ведаў, да якога герба належаў яго род. Сам герой разам з сябрам вёў амаральны лад жыцця: ні мясцовыя ўлады, ні святары не маглі ўтаймаваць разгульную рагачоўскую кампанію на чале з Вылівахам, што з'яўляецца яскравым сведчаннем дзяржаўнай слабасці і ўпадку. Адзначаны ў "Ладдзі Роспачы" і рэлігійны ўціск: "Біскуп Смарагд хадзіў па наваколлі, зачыняючы грэцкага абраду цэрквы, а дабро іхняе рабуючы".
    У. Караткевіч апісвае і іншыя бакі жыцця беларускага грамадства канца эпохі Адраджэння. Бацькаўшчына славілася багаццем лясоў, выдатнымі паляўнічымі, бортнікамі, рыбакамі, нават краўцамі. "У той час Магілёў з Рагачовам нават у Маскву пастаўлялі гатовае адзенне. Краўцоў было — грэблю масці". Пашыраўся на Беларусі і кнігадрук: "... ды яшчэ Іра Францічак, за пераплёт на служэнне надзелены вёскай Мазурыкі".
    Хто з'яўляецца галоўным героем аповесці? Сцісла раскажыце пра яго жыццёвыя ідэалы. Як сам У. Караткевіч ставіцца да свайго героя на пачатку твора?
Галоўны герой — "небагаты, але добрага роду дваранін па прозвішчу Гервасій Выліваха; (выліваха — г. зн. белая чапля). За яго плячыма — трыццаць тры гады жыцця. Як зазначае ў экспазіцыі твора сам пісьменнік, Г. Выліваха быў "хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты". Але аўтар заўважае і тое, што галоўны герой вызначаўся знешняй прыгажосцю, пяшчотнасцю, меў шмат сяброў, з якімі пастаянна бавіў час у корчмах ды замках. Уладзімір Караткевіч намаляваў вобраз далёка не ідэальнага чалавека, хутчэй наадварот, хоць дакладна сваіх аўтарскіх сімпатый ці антыпатый не выказаў.
    У 1987 г. "Ладдзя Роспачы" экранізавана рэжысёрам Алегам Белавусавым. Паспрабуйце і вы пабываць у ролі рэжысёра і аператара і слоўна намалюйце некалькі рабочых кадраў да самых яскравых і запамінальных эпізодаў твора.
    Такое пытанне развівае ў дзесяцікласнікаў творчае ўяўленне і, безумоўна, дапаможа выявіць, наколькі добра вучні ведаюць змест аповесці.
    Дзеля эфектыўнасці ўрока далейшае абмеркаванне-аналіз можна правесці "следам за аўтарам" па тэхналогіі калектыўнага асэнсавання. Стваральнікам гэтай дыдактычнай сістэмы з’яўляецца Вазіна Кіма Якаўлеўна, расійскі прафесар, загадчык кафедры “Дзейнасць” Ніжагародскага міжабласнога інстытута павышэння кваліфікацыі работнікаў прафтэхадукацыі.
    Назва “тэхналогія калектыўнага асэнсавання” – гэта беларускі пераклад рускага тэрміна “технология коллективной мыследеятельности”, сустракаецца ў навукова-педагагічнай літаратуры і абрэвіятурны варыянт – “КМД”. У дадзенай дыдактычнай мадэлі ўвесь працэс навучання ажыццяўляецца на аснове праблемных сітуацый, якія вырашаюцца ў чатыры этапы: увядзенне ў сітуацыю, праца па абмеркаванні ў мікрагрупах, абарона сваёй пазіцыі і вызначэнне новай праблемы.
    Настаўнік прапануе кожнай групе з чатырох-пяці вучняў адпаведнае пытанне, якое можна загадзя запісаць на дошцы ці на асобных картках або паказаць праз эпідыяскоп. Пасля пяці-сямі хвілін калектыўнага абмеркавання адзін з членаў мікрагрупы яшчэ раз зачытвае прысутным сваё праблемнае пытанне і дае аргументаваны адказ. Потым бярэ слова наступны міні-калектыў. Колькасць мікрагруп залежыць ад колькасці запланаваных настаўнікам пытанняў. На адзін міні-калектыў могуць прыпадаць некалькі праблемных пытанняў. Для абмеркавання аповесці Уладзіміра Караткевіча "Ладдзя Роспачы" вучням прапануюцца наступныя аналітычныя пытанні і заданні:
    Для 1-й мікрагрупы. У эпізодзе "Суд хатняга лебедзя над дзікім" пісьменнік падае дыялог каралевы Боны Сфорцы з Гервасіем Вылівахам. Чаму аўтар так падрабязна апісаў гутарку гэтых персанажаў?
    Што можна сказаць пра Караткевічавы адносіны да іх? Як бы вы ахарактарызавалі абодвух герояў?
    Для 2-й мікрагрупы. Чаму жыццялюб Гервасій Выліваха хутка, без асаблівых ваганняў, згадзіўся на прапанову Смерці ісці ў апраметную?
    Чаму сярод розных раслін галоўны герой выбраў і адламаў у дарогу менавіта кветку шыпшыны, а не галінку глогу ці барбарысу?
    Чаму Г.Выліваха не аддаў кветку Смерці?
    Які апошні ў сваім жыцці ўрок даў Гервасій дзяўчыне-сялянцы, калі перад адпраўкай у пекла моцна пацалаваў яе?
    Для 3-й мікрагрупы. Якія філасофскія погляды беларускай шляхты 2-й паловы XVI ст. увасобіліся ў вобразе Вылівахі ў эпізодах "Па дарозе ў апраметную" і "На ладдзі Роспачы"?
    Навошта герой захапіў з сабою музычны інструмент — лютню? Сімвалам чаго яна з'яўляецца?
    Для 4-й мікрагрупы. На што разлічвала Смерць, калі менавіта Выліваху прапанавала згуляць з ёю ў шахматы?
    Чаму галоўны герой пасля першага пройгрышу згадзіўся і на другую партыю гульні?
    Што дапамагло яму выйграць? Як вы ставіцеся да такога ўчынку Вылівахі?
    Для 5-й мікрагрупы. У эпізодах "Развітанне па дарозе ў апраметную" і "Вяртанне з таго свету" Уладзімір Караткевіч тройчы паўтарае згадку пра жаўрукоў: "ён паправіў на спіне лютню і рушыў поплеч са Смерцю. Ішоў, здольны кожную хвіліну паваліцца і разбіць нос, бо зусім не глядзеў пад ногі, задзёршы твар у гарачае неба, пад якім нястомна звінелі несмяротныя беларускія жаўрукі"); "І Выліваха яшчэ раз азірнуўся. Гарачае святло ляцела на яго з-пад аблокаў, блакітных унізе, сляпуча белых уверсе. I ў гэтым акіяне раскошы ўтрапёна звінелі беларускія жаўрукі"; "трапятаў на межах залаты баркун, залатыя пчолы гулі над свепетамі, а ў небе, у палючым святле, звінелі між аблокамі беларускія жаўрукі" .
    Як вы разумееце гэты караткевічаўскі прыём? 3 якой мэтай ён ужыты ў творы?
    Для 6-й мікрагрупы. Які чалавек адлюстраваны ў вобразе Перавозчыка (Шолаха)?
    Пасля песні Гервасія Вылівахі ў палачаніна пакаціліся пякучыя слёзы, з вачніц знікла плесня і з-пад яе з'явіліся вочы. Як вы разумееце гэтую мастацкую дэталь?
Чаму палачанін вырашыў расказаць пра сваю здраду ?
    1) Ярка і каларытна апісвае У. Караткевіч характары і жыццёвыя ідэалы абодвух суразмоўцаў — двараніна Гервасія Вылівахі і каралевы Боны ў сцэне "Суд хатняга лебедзя над дзікім". Хітры "дзікі лебедзь" (Г. Выліваха), вітаючыся з каралевай, выкарыстаў загадзя падрыхтаваную цікавую фразу: "Сонца табе заўсёды на шляхах, пані матка". У экстрэмальнай сітуацыі спрацаваў донжуанскі прыём — загадкавая, магчыма, выдуманая алегарычная гісторыя пра Верасовую Жанчыну. Строгая суддзя каралева Бона была кранутая абаяльнасцю галоўнага героя. Строгасць і непахіснасць хутка змяніліся звычайнай жаночай зацікаўленасцю — і стаў іншым тон размовы. У гутарцы з каралевай падсудны паніч трымаецца ўпэўнена, імкнецца даць ёй хуткія і абгрунтаваныя доказы асэнсаванасці свайго жыцця. Ведаючы пра ўклад жыцця каралёў, Гервасій стараецца паставіць суразмоўніцу ў тупіковую сітуацыю: "Цікава, якія валасы ў літасцівага пана караля, калі ў іх заблытаецца месяц?". А фраза "тады судзі мяне, каралева. Толькі памятай — гэта будзе суд хатняга лебедзя над дзікім" стала ў іх размове пераломнай. Пасля гэтых слоў Гервасій Выліваха зразумеў: вялікага пакарання ад каралевы не будзе.
    У гэтым урыўку аўтарскія адносіны да галоўнага героя пэўна не акрэслены, а вось да каралевы Боны пісьменнік ставіцца з сімпатыяй. У. Караткевіч называе яе літасцівай, славутай фундатаркай касцёлаў. Бона Сфорца мела добрую рэпутацыю сярод сваіх падданых. Пісьменнік адзначае яе строгасць і справядлівасць: "...вялікі Цыкмун нездарма казаў, што пакуль яна над дзяржавай— аб маральнасці можна не непакоіцца". Аўтар завяршае характарыстыку "хатняга лебедзя" наступнымі радкамі: "Усе бачылі, як стараецца яна вярнуць гэтую аблудную душу на верны шлях, і нават кароль быў бы задаволены, убачыўшы яе намаганні ў доўгіх дыспутах. Яна ведала, што адзін схілены варты сотні верных, і таму была вынаходлівая і няўтомная, не шкадуючы для справы веры ні дня, ні ночы".
    2) Падчас сустрэчы са Смерцю галоўны герой паводзіў сябе надзіва стрымана і нават гасцінна, пачаставаўшы госцю салодкім напоем. Выліваха паслухмяна падпарадкаваўся яе загаду, бо добра ведаў, што ад Смерці яшчэ ніхто не схаваўся і не адкупіўся. Як зазначае ў аповесці У. Караткевіч: "І вышэй за гэтую жанчыну не было нікога на зямлі". Па дарозе ў апраметную Гервасій сарваў і прышпіліў да сваіх грудзей першую кветку шыпшыны — сімвал роднай зямлі. Аддаць кветку Смерці — значыць страціць радзіму, стаць бяспамятным. Моцна пацалаваўшы на развітанне дзяўчыну-сялянку, галоўны герой даў ёй урок жыццялюбства: чалавек створаны не толькі для працы, але і для кахання. Трэба спяшацца кахаць, бо чалавечае жыццё кароткае.
    3) Прааналізаваўшы паводзіны шляхціца Гервасія Вылівахі ў апошні дзень жыцця (эпізоды "Па дарозе ў апраметную" і "На ладдзі Роспачы"), бачым, што герой у час развітання імкнуўся ўвабраць у сябе прыгажосць неба, наваколля. Спяваў пад акампанемент лютні — даўняй спадарожніцы і сяброўкі яго жыцця. У падарожнай размове з кашчавай павадыркай ён зацікаўлена распытваецца пра лёс чалавечай душы ў апраметнай. Яго малітва да Усявышняга сведчыць пра не страчаную веру. Выліваха — яшчэ і добры суразмоўца, жартаўнік: першы завёў гутарку з незнаёмымі людзьмі, што таксама трапілі ў апраметную, сыпаў народнымі жартамі. Можна назваць шляхціца і бунтаром — ён прапанаваў прысутным не плаціць грошы за перавоз праз тагасветнае мора і наогул не веславаць.
    4) Гульня са Смерцю ў шахматы з'яўляецца кульмінацыйным момантам твора. Уладарка пекла з усіх весляроў выбрала для гульні менавіта Гервасія, таму што ён — неардынарная асоба. Не спадабаліся Смерці яго прага да жыцця, бунтарства, нязломнасць духу і аптымізм. Сваёй загадзя прадбачанай перамогай кашчавая разлічвала знішчыць Выліваху маральна, прадэманстраваць усім прысутным яго нікчэмнасць перад ёю. Хоць шляхціц і прайграў першую партыю, але прынізіць яго чалавечы гонар гаспадыні апраметнай усё роўна не ўдалося. Любоў да людзей, імкненне дапамагчы ім выжыць натхнілі Гервасія і на другую партыю гульні. Стаць пераможцам яму дапамагла не толькі хітрая падтасоўка гульні, але, няхай і позняе, усведамленне цаны і сэнсу чалавечага жыцця. Героем кіравалі мудрасць і любоў да роднай зямлі. «Рабі нечаканае... рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш, — гаворыць у аповесці У. Караткевіч. — Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаванне і плюе на "спрадвечны"закон» .
    5) Апроч сімвалічных вобразаў кветкі шыпшыны і лютні, Уладзімір Караткевіч тройчы ўжывае ў аповесці і вобраз беларускіх жаўрукоў -- прадвеснікаў надыходу вясны, цяпла, волі і шчасця. Першы выраз "нястомна звінелі несмяротныя беларускія жаўрукі" пісьменнік уводзіць у эпізод, калі Гервасій пакідае родныя мясціны.Эпітэтам "несмяротныя" аўтар, магчыма, хацеў падкрэсліць думку пра вечнаспь жыцця на зямлі і выказаў уласнае шкадаванне, што герой ідзе паміраць. Другі выраз-паўтор "утрапёна звінелі беларускія жаўрукі" У. Караткевіч ужывае ў эпізодзе, калі Выліваха ўваходзіць у апраметную. Да эпітэта "ўтрапёна" можна падабраць сінонім 'адчайна'. Раскошная прырода са шкадаваннем і жалем развітваецца з суайчыннікам. Трэці радок паўтору пісьменнік уводзіць без дадатковай эмацыйнай нагрузкі ў эпізод, калі пераможца Смерці разам з каханай дзяўчынай Бярозкай і астатнімі выратаванымі пакутнікамі вяртаецца на белы свет.
Такім чынам, Уладзімір Караткевіч з дапамогай празаічнага рэфрэна адлюстраваў кантраст двух светаў — зямнога і небыццёвага, выказаў свае адносіны да галоўнага героя, абудзіў думкі чытача.
    6) На прыкладзе Перавозчыка (Шолаха) У. Караткевіч выкрывае ганебную з'яву здрадніцтва. Герой з болем прызнаецца прысутным на ладдзі ў сваёй здрадзе: прадаў Полацк кіеўскаму князю Уладзіміру. Слёзы, якія з'явіліся на вачах Шолаха пасля песні Вылівахі, сведчаць пра духоўнае ачышчэнне палачаніна — ён становіцца відушчым. Перавозчык перажывае ўласную здраду, якая прынесла няшчасці Полацку. Прызнацца людзям у сваёй здрадзе, хутчэй за ўсё, яго прымусілі пачутая ў апраметнай песня, ззянне кветкі шыпшыны і пытанне Вылівахі: "Хто ты, каб зычыць гэткае страшнае?".
    Пасля вусных адказаў вучняў — прадстаўнікоў кожнай з мікрагруп, настаўнік прапануе старшакласнікам заключныя пытанні і заданні.
    Вызначце тэму і ідэйны змест аповесці. Як вы разумееце сэнс яе назвы?
Ці згодныя вы з думкай беларускага літаратуразнаўцы Анатоля Вераб'я адносна загалоўка твора? Чаму?
"Ладдзя Роспачы — гэта Беларусь, якая, пераадольваючы змрок забыцця, бяспамяцтва і жахі апраметнай, уваскрасае і адраджаецца. Ад смерці і знікнення яе ратуе Гервасій Выліваха — жыццялюб, мастак (ён не расстаецца з лютняй і ў царстве Смерці), абаронца людзей і шчыры патрыёт роднай зямлі. У. Караткевіч сцвярджае, што любоў, цярпенне, смех і жартаўлівасць дазволілі беларускаму народу выстаяць у самых неспрыяльных умовах".
    Гэтае выказванне пажадана запісаць у сшыткі па літаратуры.
    Многія радкі аповесці з'яўляюцца афарыстычнымі. Зачытайце і выкажыцеся наконт іх зместу.
    Дома вучні маглі выпісаць наступныя цытаты: "Людзі бываюць бруднейшыя за свінню і чысцейшыя за анёла. Дабрэйшыя за жыццё і ў сто разоў страшнейшыя за смерць", "Чалавек носіць сваё неба з сабою" або яшчэ: "мужчыны подлы народ, але няма нікога падлейшага за жанчын" і «...чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаванне і плюе на "спрадвечны " закон».
    Каб праілюстраваць багацце пісьменніцкай мовы, настаўнік прапануе зачытаць загадзя падабраныя пісьменніцкія азначэнні вобраза Смерці.
    Уважлівыя чытачы абавязкова назавуць каля дзесятка сінонімаў. Гэта — Курносая, Бязвокая, Кума, найвялікшая ўладарка сусвету, вышэйшая і халодная істота, Каралева Смерці, гора і няшчасце Рагачова, бязвокая дрэнь.
    Завяршыць заключныя заняткі можна настаўніцкім ці вучнёўскім невялікім паведамленнем пра прататып Гервасія Вылівахі. Ім мог быць і рагачовец-асілак, пра якога Караткевіч згадвае ў нарысе "Зямля пад белымі крыламі". Гэты чалавек "калісьці ў Рагачове, на спрэчку, пазносіў у адно месца дзесяць дванаццаціпудовых якараў з баржаў і пераблытаў іх лапамі так, што пасля куча людзей з гэтых лайбаў ледзь разблыталі, каб кожнаму забраць свой".
    Прататыпам галоўнага героя мог быць і дзядзька Уладзіміра Караткевіча Ігар Васілевіч Грынкевіч, які, як ужо адзначалася ў пачатку ўрока, быў жыхаром Рагачова і славіўся рэдкім талентам апавядальніка.
    У вобразе Гервасія Вылівахі пісьменнік мог адлюстраваць таксама і рагачоўца Зміцёра Дорахава, якога ў лісце да Янкі Брыля ахарактарызаваў як чалавека, які строіць "смешачкі, начальству і мешчаноце жыць не дае". Ліст датуецца 26 ліпеня 1964 г, калі і пісалася аповесць.
    Закончыць урок пазакласнага чытання па творы Уладзіміра Караткевіча можна падагульняльным пытаннем: Якія жыццёвыя ўрокі можа ўзяць сённяшняя моладзь з прачытанай аповесці Уладзіміра Караткевіча "Ладдзя Роспачы”?
 
   

Хостинг от uCoz