Каб харашэць душой

Педагагічны сайт Міколы Жуковіча,
настаўніка беларускай мовы і літаратуры, дырэктара Бярозаўскай СШ № 1 Брэсцкай вобласці

Школьныя тэхналогіі навучання


Праграмаваны кантроль на ўроках літаратуры. Рэкамендацыі да правядзення ўрока-заліку па жыццёвым і творчым шляху Янкі Купалы ў 10-ым класе адзінаццацігадовай школы з прымяненнем камп’ютэра

     Здаецца, зусім нядаўна з'явіўся першы персанальны камп'ютэр, а ўжо сёння ён уваходзіць у наша паўсядзённае жыццё, як некалі каляровы тэлевізар ці відэамагнітафон. Камп'ютэр стаў не толькі неад'емным прадметам вывучэння на ўроках інфарматыкі ў сучаснай агульнаадукацыйнай школе, але, як паказвае вопыт, ён можа стаць добрым, надзейным і аб'ектыўньм памочнікам настаўніка — фізіка, географа, гісторыка, біёлага, а таксама і філолага.
    Прапануем незвычайную форму кантроля за ведамі вучняў на ўроках беларускай літаратуры з дапамогай персанальнай электронна-вылічальнай машыны (ПЭВМ). Прыдатнымі для такой працы могуць паслужыць розныя яе мадэлі: тыпу "Карвет", "Няміга", "Ямаха", ДВК, ІВМ-сумяшчальны і многія іншыя, якія даволі распаўсюджаны ў навучальных установах нашай рэспублікі.
     Метад выкарыстання камп'ютэра на падагульняльных занятках па літаратуры дастаткова эфектыўны: за адзін урок настаўнік мае мажлівасць без значных намаганняў праверыць веды школьнікаў 5-11-ых класаў па пэўнай вывучанай тэме, раздзеле, аб'ёмным мастацкім творы; аб'ектыўна ацаніць працу 20 - 30 вучняў пры наяўнасці ў кабінеце 10 — 17 персанальных электронна-вылічальных машын. Акрамя гэтага, заняткі на камп'ютэры выпрацоўваюць навыкі індывідуальнай працы і — самае галоўнае на сённяшні дзень — павышаць цікавасць да вывучэння літаратуры як прадмета.
    Ніжэй змешчаная праграма зрэзаў ведаў у форме тэстаў не патрабуе ад вучня якіх-небудзь значных навыкаў і ўменняў па пытаннях праграмавання на ПЭВМ. У час эксперымента выявілася, што неабходны прынцып работы на камп'ютэры можна вывучыць за 2 - 3 хвіліны. Перад такім урокам пажадана правесці з класам невялікія ўводныя заняткі з мэтай псіхалагічнай адаптацыі да кабінета інфарматыкі, навучання элементарным прыёмам работы на машыне. Не лішнім момантам будзе невялікая гутарка па правілах тэхнікі бяспекі, дысцыпліны і гігіены.
    Добра, калі на ўводныя заняткі настаўнік падрыхтуе пробны мікраматэрыял, праграму, набліжаную да тэмы будучага заліку.
    Праграма-тэст даволі простая. Праўда, закласці яе ў "памяць" машыны па сіле толькі спецыялісту — настаўніку інфарматыкі ці добра падрыхтаванаму вучню-аматару. Філолагу не варта дужа хвалявацца за калегу, які згадзіўся запісаць праграму-тэст у ПЭВМ, нават калі ў наяўнасці ёсць звыш 10 камп'ютэраў. Канечне, праца над закладкай заданняў патрабуе значнага часу, адказнасці, празмернай увагі ды і фізічных сілаў. Але, дзякуючы носьбіту інфармацыі — магнітнаму дыску, дыскеце, — спецыяліст можа перанесці запісаны тэст з аднаго камп'ютэра на другі за некалькі хвілінаў. Ёсць спосаб перадаць тэст і па сетцы паміж камп'ютэрамі.
     Каб праілюстраваць адметнасць афармлення заданняў, спецыфіку іх выканання, прывядзем найбольш тыповыя патрабаванні да запісу праграмы-тэста.
Пажадана ўсю структуру зрабіць у форме зменнага кадра, які лёгка пераключыць націскам клавішы "Еntеr" — "Увод".
     На першым кадры-застаўцы патрэбна запісаць тэму заняткаў. На другім — мэту, але падаць яе варта з улікам узроставых асаблівасцяў школьнікаў. Добра, калі будуць агавораны і крытэрыі адзнак. Цэнтральным блокам праграмы з'яўляецца блок 20 - 30 пытанняў. Можна да пытанняў падаць варыятыўныя адказы, што дае мажлівасць вучню націскаць клавішу толькі з адпаведным, на яго думку, нумарам адказу. Пажадана, каб на экране манітора адразу высвечвалася, як адказаў вучань: "правільна" ці "памылкова". Калі памыліўся, то які варыянт правільны.
     Аформіць кадр прапануем наступным чынам:
    1. Пад пэўным нумарам запісаць змест пытання.
    2. Праз інтэрвал падаць магчымыя варыянты адказу.
    3. Затым змясціць інфармацыю аб правільнасці ці памылковасці адказу.
    4. Калі вучань памыліўся, то варта ўвесці інфармацыю з правільным нумарам адказу.
    5.У правым верхнім куце змясціць табло падліку.

    Гэта можа выглядаць на экране так:

    Дапусцім варыянт памылковага адказу. Тады інфармацыя будзе выглядаць наступным чынам:

    Каб надаць жывасць "дыялогу" вучня з камп’ютэрам, прапануем увесці гукавое афармленне: на станоўчы адказ можна запісаць прывітальныя сігналы, на памылковыя — сумныя, працяжныя. Такое гукавое суправаджэнне ўласціва амаль кожнай мадэлі камп'ютэра.
    На апошнім кадры праграмы пажадана змясціць падагульняльную табліцу. Напрыклад:

    Запісаную праграму-тэст добра захоўваць на магнітным дыску, які без асаблівых праблем можна выкарыстаць і ў наступным навучальным годзе. Такім чынам філолагу можна паступова папаўняць свой уласны банк праграм па літаратуры.
    Каб забяспечыць доўгі тэрмін работы дыскеты, неабходна ведаць і прытрымлівацца наступных правілаў:
    1. У час работы з дыскетай нельга загінаць яе засцерагальны канверт або чапаць рукамі адкрытыя ўчасткі магнітнага пакрыцця.
    2. Захоўваць дыскету патрэбна як мага далей ад тэлевізара, відэамагнітафона, тэлефона і іншых электрапрыбораў.
    3. Устаўляць і вымаць яе неабходна асцярожна, каб не пашкодзіўся дыскавод.
Як выявілася з эксперыментальнага даследавання, праводзіць урок-залік з прымяненнем камп'ютэра пажадана апошнім па раскладзе пэўнага класа.
    Што ж рабіць настаўніку літаратуры, калі ёсць магчымасць зрэз ведаў правесці на другім-чацвёртым уроках? Тады прапануем на такія заняткі падрыхтаваць кніжную выставу з буклетаў, фотаальбомаў, твораў, літаратуразнаўчых працаў па творчасці пэўнага пісьменніка, каб вучань пасля заліку мог з карысцю правесці астатні час урока: адвольна пагартаць старонкі незнаёмай кнігі.
    Калі ўлічваць усё яшчэ пасрэднае становішча многіх агульнаадукацыйных школ рэспублікі па камп'ютэрызацыі, то літаратару не так часта давядзецца праводзіць падобныя заняткі ў кабінеце інфарматыкі, але адзін-два ўрокі на навучальны год, думаецца, будуць рэальным святам для вучняў 5-11-ых класаў.
    Безумоўна, настаўніку літаратуры патрабуецца шмат часу на складанне зместу тэстаў. Таму прапануем матэрыял да ўрока-заліку па жыццёвым і творчым шляху Янкі Купалыдля вучняў 10-га класа .
    Гэтая тэсты можна выкарыстаць і без прымянення камп'ютэра. Дастаткова размножыць іх на ксераксе ці на друкавальнай машынцы. Адціснуты тэкст можна змясціць у цэлафанавы празрысты мяшэчак, пад плёнку, а затым вучню ў час зрэзу прапануецца фламастэрам адзначыць правільныя нумары адказаў. Пасля праверкі вельмі лёгка сцерці напісанае на цэлафане, каб потым зноў выкарыстаць у будучым навучальным годзе.
    Прапануем прыкладныя нормы адзнак, якія можна загадзя закласці ў праграму-тэст камп'ютэра:
    Каб атрымаць "10", патрэбна адказаць на ўсе 30 пытанняў;
— "9" — на 28 — 29 пытанняў;
— "8" — на 26 — 27 пытанняў;
— "7" — на 24 — 25 пытанняў і г.д.
1
    Назавіце месца і час нараджэння Янкі Купалы.

    1. Мінск. 1891 г.
    2. Засценак Акіньчыцы (недалёка ад сяла Мікалаеўшчына). І882 г.
    + 3. Фальварак Вязынка Вілейскага павета. 1882 г.
    4. Вёска Пяшчаны Лідскага павета. 1876 г.
    5. Фальварак Завоссе Навагрудскага павета. 1798 г.

    2
Якое сапраўднае прозвішча паэта?

1. Іван Люцыянавіч Неслухоўскі.
2. Антон Іванавіч Лявіцкі.
3. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.
4. Іван Антонавіч Брыль.
+ 5. Іван Дамінікавіч Луцэвіч.

    3
Легенда пра якую расліну натхніла маладога Івана Луцэвіча выбраць сабе псеўданім Купала?

1. Васілёк.
+2. Папараць.
3. Гваздзікі.
4. Вярба.
5. Верас.
    4
Назавіце асноўны занятак яго бацькоў.

1. Настаўнікі
+2. Арандатары.
3. Леснікі.
4. Адвакаты.
5. Чыгуначнікі.
    5
Аб якім месцы сваёй працы Янка Купала пазней скажа ў аўтабіяграфіі: "Зазнаў там такога пекла, якога яшчэ дагэтуль не меў"?

1. Аб хатняй гаспадарцы.
2. Аб працы хатняга настаўніка.
3. Пісара.
4. Прыказчыка.
+5. Памочніка вінакура на броварах.
6. Бібліятэкара.
7. Адказнага рэдактара газеты "Наша ніва".
    6
На старонках якой газеты і калі быў надрукававы першы верш паэта?

1. "Наша ніва", 1907 г.
2. "Наша доля", 1906 г.
+3. "Северо-Западный край", 1905 г.
4. "Мужыцкая праўда", 1863 г.
    7
Калі і дзе ўпершыню сустрэліся Янка Купала і Якуб Колас?

+1. У 1912 г. на хутары Смольня.
2. У 1908 г. у Вільні.
3. У 1913 г. у Пецярбургу.
4. У 1921 г. у Мінску.
    8
1908 год асабліва памятны ў жыцці Янкі Купалы. У гэтым годзе выйшла першая кніга яго паэзіі. Адразу ж яна была забаронена і двойчы канфіскоўвалася царскімі ўладамі. Пра які зборнік ідзе гаворка?

+1. "Жалейка".
2. “Гусляр".
3. "Шляхам жыцця".
4. “Спадчына".
5. "Безназоўнае".
    9
Вядома, што Янка Купала зрабіў празаічны і вершаваны пераклады агульнага літаратурнага помніка трох усходнеславянскіх народаў — беларускага, рускага і ўкраінскага. Назавіце гэты твор.

1. "Аповесць мінулых гадоў".
+ 2. "Слова аб палку Ігаравым".
3. "Жыціе Барыса і Глеба".
4. "Жыціе Еўфрасінні Полацкай".
    10
Які верш Янкі Купалы перакладзены на 82 мовы свету?

1. "Мужык".
+ 2. "А хто там ідзе?"
3. "Хлопчык і лётчык".
4. "Выйдзі".
5. "Маладая Беларусь".
6. "3 кутка жаданняў".
    11
Хто высока ацаніў і назваў верш "А хто там ідзе?" суровай і красамоўнай песняй, гімнам беларускага варода?

1. Якуб Колас.
+ 2. Максім Горкі.
3. Максім Багдановіч.
4. Аляксандр Твардоўскі.
5. Цётка.
    12
Купалаўскі афарыстычны выраз "Людзьмі звацца!" застаецца як ніколі надзённым і ў наш час. 3 якога твора гэты выраз?

1. "Выйдзі...".
2. "Свайму народу".
3. "... О так! Я — пралетар!..".
4. "Перад вісельняй".
5. "Маладая Беларусь".
+ 6. "А хто там ідзе?".
    13
Афарыстычнымі сталі і купалаўскія радкі "Мне сняцца сны аб Беларусі!". 3 якога твора яны?

+ 1. "... О так! Я — пралетар!..".
2. "Спадчына".
3. "Прарок".
4. “Я ад вас далёка, бацькоўскія гоні...".
5. "Паязджане".
6. “Свайму народу”.
    14
З якога верша наступныя радкі:
Падымайся з нізін, сакаліна сям'я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!..?

1. "Выйдзі".
2. "Спадчына".
3. "Моладзі".
+4. "Маладая Беларусь".
5. "Ворагам Беларушчыны".
    15
Які верш паэта натхніў Юрыя Гагарына стаць у будучым касманаўтам?

+ 1. "Хлопчык і лётчык".
2. "Млечны шлях".
3. "Алеся".
4. "Арлянятам".
5. "Сыны".

    16
Які твор у гады Айчыннай вайны распаўсюджваўся як лістоўка?

1. "Зноў будзем шчасце мець і волю".
+ 2. "Беларускім партызанам".
3. "Грабежнік".
4. "Паўстаў народ".
    17
У змесце якой паэмы апавядаецца легенда пра заснаванне горада Магілёва?

+1. "Магіла льва".
2. "Курган".
3. "Над ракою Арэсай".
4. "Безназоўнае".
5. "Адвечная песня".
    18
Пазнайце партрэт героя і назву твора:
Невыдумная світка — убор на плячах,
Барада, як снег белы — такая,
Незвычайны агонь, у задумных вачах,
На каленях ляглі гуслі-баі

1. Машэка. "Магіла льва".
2. Князь. "Курган".
+ 3. Гусляр. "Курган".
4. Пан ПатоцкІ. "Бандароўна".

    19
У якой паэме Беларусь увасоблена ў вобразе шчаслівай нявесты-вясельніцы?

1. "Бандароўна".
2. "Адвечная песня".
3. "Яна і я".
+4. "Безназоўнае".
5. "Над ракою Арэсай".
6. "Нікому".
    20
Вызначце ідэйны змест драмы "Раскіданае гняздо".

+ 1. Пошукі героямі шляхоў да волі і справядлівасці.
2. Праблема прыстасавальніцтва, манкурцтва, рэнегацтва.
3. Выкрыццё шляхетнай фанабэрыстасці, саслоўных забабонаў.
4. Аптымістычнае ўспрыманне паэтам гістарычных перамен у лёсе беларускага народа.
    21
Хто з герояў драмы "Раскіданае гняздо" сказаў гэтыя словы: "Сярпы мае сталёвыя дабро цэламу свету жнуць, а палотны мае шаўковыя цэлы свет адзяваюць, а яны ў торбы мяне хочуць прыбраць!" ?

1. Лявон Зяблік.
2. Марыля.
3. Сымон.
+ 4. Зоська.
5. Данілка.
    22
На якім вобразе драмы "Раскіданае гняздо" аўтар імкнуўся паказаць таленавітасць беларускага народа, яго любоў да мастацтва?

1. Лявон Зяблік.
2. Марыля.
3. Сымон.
4. Зоська.
+ 5. Данілка.
6. Старац.
7. Незнаёмы.
    23
У якім творы галоўнымі героямі з'яўляюцца Адольф Быкоўскі, Сцяпан Крыніцкі, Якім Сарока і інш.?

1. "Раскіданае гняздо".
+ 2. "Паўлінка".
3. "'Прымакі".
4. "Тутэйшыя".
5. "Сон на кургане".


    24
Назавіце п'есу Янкі Купалы, якая з 1926 г. не перадрукоўвалася больш 60 гадоў.

1. "Раскіданае гняздо".
2. "Паўлінка".
3. "Прымакі".
+4. "Тутэйшыя".
    25
У якім творы Купала-драматург адлюстраваў праблему чужой волі і самасвядомасці беларусаў, праблему прыстасавальніцтва, манкурцтва, рэнегацтва?

1. "Адвечная песня".
2. "Сон на кургане".
3. "На папасе".
4. "Раскіданае гняздо".
5. "Паўлінка".
+ 6. "Тутэйшыя".
7. "Прымакі".
    26
Хто з герояў Янкі Купалы жыў па прынцыпе: "Можна мець светапогляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвёртае..."?

1. Янка Здольнік. "Тутэйшыя".
2. Пан Патоцкі. "Бандароўна".
3. Сымон. "Раскіданае гняздо".
4. Адольф Быкоўскі. "Паўлінка".
+5. Мікіта Зносак. "Тутэйшыя".
    27
Назавіце аўтара вядомай карціны "Віленскія сустрэчы", сюжэт якой звязаны з жыццём Янкі Купалы.

1. П. Сергіевіч.
2. А. Волкаў.
3. Азгур.
4. Я. Раманоўскі.
+ 5. М. Савіцкі.
6. М. Купава.
    28
Хто з беларускіх кампазітараў напісаў музыку на тэкст верша "Спадчына"?

1. М. Чуркін.
2. М. Аладаў.
+ 3. I. Лучанок.
4. А. Багатыроў.
5. Э. Ханок.

    29
Імя Янкі Купалы даўно ўжо вядома за межамі нашай Беларусі. Сімвалічна тое, што помнік беларускаму паэту ўстаноўлены побач з помнікамі А. Пушкіну, Т. Шаўчэнку і У. Уітмену. Калі і дзе гэта адбылося?

1. У 1980 г. на Краснай плошчы ў Маскве.
+ 2. У 1973 г. у Араў-парку ў Нью-Ерку.
3. У 1982 г. у Аўстраліі.
4. У 1992 г. у Германіі.
    30
Хто сказаў пра народнага песняра наступныя словы: "Паэзія Янкі Купалы — гэта квітнеючы і чароўны сад, дзе сабраны водар беларускай зямлі" ?

1. Максім Горкі.
2. Максім Багдановіч.
+ 3. Якуб Колас.
4. Цётка
5. Валеры Брусаў.

 
   

Хостинг от uCoz