Каб харашэць душойПедагагічны сайт Міколы Жуковіча, Пазакласная праца |
Абарона любімай кнігіПазакласнае мерапрыемства “Абарона любімай кнігі” дае настаўніку-філолагу магчымасць фармаваць у падлеткаў уменне сцісла перадаваць змест самастойна прачытанай кнігі, дзяліцца ўражаннямі аб падзеях і героях твора, даваць ацэначную характарыстыку прачытанага. I, нарэшце, выхоўваць высокі і патрабавальны літаратурны густ, эс тэтычную граматнасць школьнікаў. Такі ўрок звычайна праводзіцца ў бібліятэцы. На яго запрашаюцца бацькі, вучні іншых класаў, настаўнікі. Афармленне бібліятэкі павінна мець адметнасць. Тут дарэчы выставы кніг «Раім прачытаць летам», вучнёўскіх ілюстрацый да любімых твораў, пла каты з выказваннямі вядомых пісь меннікаў пра кнігі. Напрыклад: Для мяне кніга заўсёды была цу дам. Яна была для мяне, можна сказаць, — настаўнікам жыцця. I . Мележ Заўсёды з любай кніжкай быў, У залежнасці ад вучнёўскай аўдыторыі будуецца змест уступнага слова. Гэта могуць быць гутаркі: «Чаму чалавек павінен многа чытаць?», «Мая бібліятэка», «Што такое дынамічнае чытанне і як ім авалодаць?» і інш. Затым ставіцца перад школьнікамі задача: на працягу 3-7 хвілін проста і цікава расказаць пра сваю любімую кнігу. Гэта можа быць інсцэніроўка цікавага ўрыўка з твора, інсцэніраванае інтэрв'ю, ілюстрацыйны аповед, аповед-адкрыццё, аповед-рэклама, аповед-споведзь, аповед-дыспут... Асобныя з іх прапануем вашай увазе. Інсцэніроўка Перад вучнямі — самаробны шчыт у выглядзе вокладкі кнігі. На ім — назва кнігі і малюнкі, якія ілюструюць зборнік. Пасярэдзіне шчыта — прамавугольная адтуліна ў выглядзе акенца з аканіцамі, у ім паказваецца выканаўца ў ролі казачніка. Збоку ад шчыта стаіць бутафорская фурманка. На ёй сядзяць два вучні (выконваюць ролі пана і фурмана). Казачнік (адчыняе аканіцы). Добры дзень, сябры! Раскажу я вам сёння адну казку са зборніка «Людзей слухай, а свой розум май» (Мн., 1988). Беларускі народ смяецца ў казках з гультаёў і карае людзей зайздросных, сквапных. А вышэй за ўсё ён шануе розум, дабро і справядлівасць. Ну, дык слухайце і глядзіце беларускую народную казку «Разышоўся, як заечае сала». Адзін пан вельмі любіў хваліцца. Не было таго дня, каб ён не зманіў. Пан. А што, ёсць на гэтым зайцы сала? Фурман. Адкуль, пан, у яго тое сала! Пан. Дрэнныя ж у вас зайцы. Вось у маім маёнтку зайцы водзяцца, дык сала на іх на цэлы корх (далонь) будзе. Фурман. Ой, пане (круціць галаваю), дзе ты бачыў такіх зайцоў? Ці не схлусіў ты? Пан (упэўнена). Не. Фурман. Тут, пане, па дарозе хутка брод будзе. Дык у нас, хто хлусіць, то ўсе ў тым бродзе топяцца. Пан (спалохаўшыся). Праўда? Фурман. Калі кажу, дык праўда. Пан. А далёка да таго броду? Фурман. Не, ужо недалёка. Пан (мякка). Ну, то я, можа, крыху і прыхлусіў. Не на корх, а на тры пальцы. Фурман. А можа, на адзін? Пан. А далёка брод? Фурман. Ды хутка... Пан. Ну, то няхай будзе на адзін. Фурман. А можа, пане, і на адзін мнагавата? Пан. А брод далёка? Фурман. Ды от-от перад намі. Пан. Э, чорт з ім з тым салам. Можа, і на адзін не будзе. Казачнік. Праехалі яшчэ з паўвярсты. Пан. Ну, дзе ж твой брод? Фурман. Няма. Пан. А дзе ж ён падзеўся? Фурман. Разышоўся, як сала на панскіх зайцах. Казачнік. Ну, ці спадабалася вам казка? У гэтым зборніку змешчана шмат такіх цікавых народных твораў. Спяшайцеся, сябры, хутчэй прачытаць іх. (Зачыняе аканіцы.)
Інсцэніраванае інтэрв’ю За часопісны столік садзяцца два вучні — адзін у ролі журналіста, другі (дзяўчына) выконвае ролю пісьменніцы. (У аснову інсцэніраванага інтэрв'ю пакладзены артыкул Валерыя Добкіна «Не кажыце, што вы не былі на вайне...» / Работніца і сялянка. 1990. № 2.) Журналіст. Сёння ў нас у гасцях беларуская пісьменніца, аўтар кніг «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», "Чарнобыльская малітва" — Святлана Алексіевіч. Святлана Аляксандраўна, яшчэ ў 1991 годзе была надрукавана чарговая Ваша кніга-споведзь, кніга-дакумент, кніга памяці «Цынкавыя хлопчыкі». Што натхніла Вас на яе напісанне? Пісьменніца. Я ехала да бацькоў. Яны жывуць непадалёку ад Мазыра. На аўтастанцыі ў Мазыры аднойчы я ўбачыла прапаршчыка і хлопца ў цывільным. Штосьці ў паводзінах хлопца падалося дзіўным, ды і не толькі мне адной. А ведаеце, як на аўтастанцыі ў невялікім горадзе, дзе і пасажыры, бадай, адны і тыя самыя: усё пра ўсіх ведаюць. Я дазналася, што прапаршчык суправаджае хлопца, ціхага вар'ята. Яны ехалі з Афганістана. А на аўтастанцыі былі тыя, чые дзеці таксама ваявалі там. I тут страшна закрычала нейкая жанчына. Не ведаю, што са мною ў гэты момант адбылося, але я зразумела, што павінна пра гэта расказаць, расказаць усю праўду пра гэтую неаб'яўленую вайну. Назва прыйшла ўжо калі працавала над кнігай. Журналіст. Вы назвалі яе «Цынкавыя хлопчыкі». Нават ад гэтай назвы — мароз па скуры. Невыпадкова Вы напісалі ў прадмове: «Гісторыя гэтай вайны яшчэ не напісана. Мы ведаем аб ёй роўна столькі, колькі нам можна ведаць, каб не ўбачыць сябе такімі, якія мы ёсць... Не кажыце, што вы не былі на той вайне. Няпраўда! Мы ўсе вярнуліся адтуль...». Але, на жаль, многія — у цынкавых трунах... Пісьменніца. Гэтыя хлопцы і іх камандзіры, людзі старэйшыя, але, па сутнасці, таксама маладыя, з пасляваеннага пакалення, нябачна прысутнічаюць у аповедах аднапалчан, якія засталіся жывымі, у горкіх расказах удоў і мацярок. Першая з іх была Марыя Цярэнцеўна Бабкова, з якою я пазнаёмілася на могілках. А прывялі мяне туды хлопцы-«афганцы». У гэтай жанчыны былі два сыны, і абодва загінулі. Адзін — у час памятных канфліктаў на савецка-кітайскай граніцы, а другі — у Афганістане. Чым змераць трагедыю маці, як перадаць яе боль, чым суцешыць?! Але яна знайшла ў сабе сілы распавесці аб сваіх дзецях... I, слухаючы яе, я «пачула» кнігу... Журналіст. Напэўна, Вам зноў, як і пры рабоце над першай кнігай, давялося пабываць у розных гарадах краіны, сустрэцца з сотнямі людзей, слухаць і запісваць у блакнот і на магнітафонную стужку іх аповеды, поўныя кранальных і страшных падрабязнасцей... Пісьменніца. I яшчэ — двойчы пабываць у Афганістане. Бо ледзь не кожны, з кім давялося гутарыць, пытаўся: «А вы там былі?» I я разумела, як гэта важна для іх. Ды і для мяне, каб адчуць хоць бы тысячную долю іх пакут, іх суму па Радзіме, іх страху і адчаю. Гэта не была прыемная турыстычная паездка. Напружанне не адпускала, бадай, з таго моманту, калі пры пералёце граніцы ў салоне самалёта завыла сірэна..., і я з баявой машыны глядзела на афганскіх дзяцей, якія ваяўніча размахвалі рукамі і штосьці крычалі ў наш адрас... Затое цяпер я мела маральнае права пісаць. Журналіст. Што Вам асабліва запомнілася ў той паездцы? Пісьменніца. Сустрэча ў турме. З душманамі, якія асуджаны на смерць. Я спыталася ў аднаго з іх: «Хіба не страшна забіваць?» Ён адказаў, бліснуўшы бялкамі сіня-чорных вачэй: «Гэта вельмі проста». I вось пазней, пры сустрэчы з хлопцамі, якія пабывалі там, я раптам зразумела, што і яны так лічаць: гэта вайна забівала і калечыла не толькі целы, але і душы. Вайна ў Афганістане была амаральная па сваёй сутнасці, і таму, думаю, цяжка было ў ходзе яе чакаць высокамаральных учынкаў. Хоць гераізм, вядома ж, быў. Журналіст. Якія водгукі Вы атрымалі аб кнізе? Пісьменніца. Калі ў друку з'явілася мая кніга, мне пазваніў бацька афіцэра, які загінуў у Афганістане, і сказаў, што я напісала шкодную кнігу, што ён заўсёды быў актыўным прапагандыстам маіх кніг, а цяпер не скажа аб новай ніводнага добрага слова, наадварот, будзе яе праціўнікам. Што тут сказаць? Я не чакаю нічыёй удзячнасці. Я проста павінна дапамагчы выказаць праўду, якая б горкая яна ні была. Журналіст. Шчыра дзякую, Святлана Аляксандраўна, за гутарку! Шчаслівага лёсу Вам і Вашым кнігам! Ілюстрацыйны аповед Вучань, які выбраў абарону любімай кнігі ў форме ілюстрацыйнага аповеду, малюе і падпісвае адпаведным аўтарскім тэкстам 10-15 ілюстрацый да цікавых эпізодаў твора. Атрыманыя старонкі наклейвае ў альбом. На вокладцы — назва работы. Напрыклад, «Ілюстрацыі да аповесці I. Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага». У час абароны прамоўца выходзіць да дошкі, гаворыць, які твор і якога пісьменніка абараняе, гартае свой альбом і зачытвае подпісы. Аповед-адкрыццё «...Трыццаць першы год. На сходзе пісьменнікаў слова бярэ Бэндэ. Падымаецца на трыбуну. Скрыпяць хромавыя боты. Паўваенны сталінскі фрэнч, з правага боку кабура з пісталетам. «Калі Купала і Колас будуць пісаць такія творы, як «Курган», «Бандароўна», «Новая зямля», то мы з імі будзем размаўляць на іншай мове...» Цішыня... Выступаць пасля Бэндэ ніхто не хоча, і тады падымаецца з месца Янка Купала. Сагнуўшыся, нетаропка ідзе да трыбуны. Чытае сваю знакамітую «Песню будаўніцтву»: Прыйдзе новы — а мудры — гісторык, Гром апладысментаў. Усе зразумелі: новы гісторык — не Бэндэ, у такіх няма будучыні». Чытаем кнігу нарысаў Васіля Шырко «Дарагія мае землякі» (Мн., 1991) і нельга адарвацца — разам з аўтарам чытач робіць цікавае падарожжа па сцежках, якія звязаны з жыццём і творчым лёсам беларускіх пісьменнікаў — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Кандрата Крапівы, Паўлюка Труса, Пятра Глебкі, Алеся Якімовіча і інш. Кожная кніга — гэта новае адкрыццё для чалавека. Прачытаўшы кнігу «Дарагія мае землякі», вы даведаецеся, напрыклад, як Янка Купала трапіў на вучобу ў Бяларучы і як пачаў даваць тут першыя самастойныя ўрокі паэзіі сваім аднакласнікам. Разам з Васілём Шырко вы наведаеце музей Якуба Коласа, пабываеце на яго радзіме. Гэта невялічкая экскурсія дапаможа глыбей зразумець творчасць народнага паэта. Пра спагаду і чалавечнасць Коласа апавядае беларускі паэт, былы вязень сталінскіх лагераў Павел Пруднікаў. Кніга В. Шырко раскажа нам пра паэта, празаіка, публіцыста, аўтара першага беларускага рамана Цішку Гартнага, імя якога доўгі час замоўчвалася. Пра сваю легендарную маладосць, вучобу, службу “за веру, цара і айчыну” распавядае сам Кандрат Крапіва. Чытач даведаецца ў гэтай кнізе пра цікавыя і незвычайныя лёсы многіх нашых пісьменнікаў. Аповед-споведзь Вось і зноў прачытаны паэтычны зборнік «Паміж усмешкай і слязой » маёй любімай паэтэсы, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова Ніны Язэпаўны Мацяш. Любімая, напэўна, таму, што яе вершы і паэмы хвалююць мяне, яны прасякнуты шчырасцю і таямнічасцю, радасцю і болем, лірызмам і патрыятызмам, светлым пачуццём любові і спагады да людзей, да жыцця. У зборніку змешчаны лепшыя творы з шасці кніг паэтэсы, якія выйшлі раней. Мне, як і кожнаму маладому чалавеку ў пятнаццаць гадоў, вельмі блізкая тэма кахання. Ніна Мацяш знаёміць нас з героем, які даверліва расказвае пра сваё каханне. Яно то шчаслівае, то горкае. Паслухайце, калі ласка, некаторыя вершы на гэтую вечную тэму са зборніка «Паміж усмешкай і слязой». Вучаніца (вучань) чытае на памяць два-тры вершы на выбар. Аповед-дыспут Амаль ва ўсіх сваіх творах Васіль Быкаў расказвае пра вайну. Але пісьменніка цікавіць не столькі сама вайна, колькі маральны свет чалавека, магчымасці яго духу. Васіль Быкаў заўсёды ставіць сваіх герояў у экстрэмальныя сітуацыі, калі чалавек знаходзіцца перад выбарам: жыццё ці смерць. Пісьменніка цікавяць прычыны гераізму і здрады. У цяжкіх умовах дзейнічае і сельскі настаўнік Алесь Іванавіч Мароз з аповесці “Абеліск”. У канцы 1939 г. у заходнебеларускай вёсцы Сяльцо пачала дзейнічаць першая савецкая школа, у якой працаваў Алесь Іванавіч. “...Не толькі школьнікі з Сяльца, але і сяляне з усяе акругі сталі глядзець на Мароза, як на якога заступніка. Што ў каго было цяжкага ці незразумелага — усе да яго цягнуліся ў школу». Калі пачалася вайна, настаўнік не мог па стане здароўя са зброяй у руках змагацца з ворагам. Ён працягваў працаваць у школе. Пасля няўдалай дыверсіі на паліцая хлопцы трапляюць у фашысцкі палон. Настаўнік добраахвотна здаецца ў рукі ворагаў, каб выратаваць сваіх выхаванцаў, але і сам гіне разам з імі. Учынак настаўніка выклікае сярод чытачоў супярэчлівыя меркаванні. Пасля выхаду аповесці “Абеліск” на старонках газет і часопісаў вялася дыскусія. Погляды чытачоў падзяліліся: адны сцвярджалі, што Мароз добраахвотна ідзе да ворага, каб падзяліць са сваімі вучнямі адказнасць за іх учынкі. Іншыя меркавалі, што В.Быкаў прымусіў Мароза ахвяраваць сабой, каб не даць яму магчымасці выканаць больш цяжкай задачы: мужнай барацьбой адпомсціць за расстраляных хлопцаў. Давайце ўважліва прачытаем аповесць Васіля Бьікава “Абеліск” і выкажам свае думкі. Заключная частка мерапрыемства Бібліятэкар знаёміць вучняў з выставай кніг “Раім прачытаць летам”. Можна правесці паэтычную пяцімінутку па тэме «Гімн кнізе». Тут гучаць такія паэтычныя творы: “Летапісец”, “Перапісчык”, “Кніга”, “...Вы, хто любіце патрапіць” Максіма Багдановіча; “Летапісец” Змітрака Бядулі; “Апошняя кніга” Аркадзя Куляшова; “Скарына пакідае Радзіму” Уладзіміра Караткевіча; “Кніга” Петруся Броўкі; “Роздум перад кніжнай паліцай” Ніла Гілевіча; “Азбука зямлі” Рыгора Барадуліна і інш. З цікавасцю ўспрымаюцца вучнямі літаратурныя віктарыны. Напрыклад, па тэме «Ці добра ты ведаеш жыццё і творчасць пісьменнікаў-землякоў” і інш.
Падвядзенне вынікаў Члены журы (звычайна гэта бацькі, настаўнікі, лепшыя вучні) падводзяць вынікі абароны любімай кнігі. Калі ёсць магчымасць, узнагароджваюць пераможцаў. Думаецца, што такі ўрок-абарона любімай кнігі можа вырасці ў агульнашкольнае мерапрыемства – ранішнік ці вечарыну “Любімая кніга, любімыя пісьменнікі”. На ім без вялікай папярэдняй падрыхтоўкі могуць выступіць пераможцы з усіх класаў. |
|
||||||||||||