Каб харашэць душой

Педагагічны сайт Міколы Жуковіча,
настаўніка беларускай мовы і літаратуры, дырэктара Бярозаўскай СШ № 1 Брэсцкай вобласці

Аб аўтару


Наталля Левічава, метадыст Брэсцкага абласнога інстытута павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. “Роднае слова”, № 4, 2004, с.57-58

   У 1992 г. часопіс "Роднае слова" пазнаёміў чытачоў з вопытам працы творчых настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Бярозаўшчыны. Сярод прапанаваных матэрыялаў былі і два ўрокі настаўніка Шылінскай базавай школы Міколы Жуковіча. Метадычныя распрацоўкі сведчылі пра яго імкненне выхаваць у школьнікаў калектыўны пошук трапнага адказу, кемлівасць, гумар, артыстызм, навучыць пераказу самастойна прачытанай кнігі, даваць ацэначную характарыстыку персанажам твора і г. д.
   Праблема развіцця творчасці вучняў, выхавання асобы стала адной з цэнтральных у педагагічнай справе Мікалая Васілевіча. Настаўнік пераканаўся, што навучанне можа стаць цікавай і захапляльнай справай. 3 радасцю і задавальненнем шылінскія вясковыя дзеці разам з настаўнікам спазнавалі невядомыя грані роднага слова, пранікалі ў творчую лабараторыю беларускіх пісьменнікаў. Вучні давяралі настаўніку, любілі яго за шчырасць, адкрытасць душы. "Наш Лабановіч", - называлі яго выхаванцы.
   У практыку настаўніка трывала ўвайшлі нетрадыцыйныя формы ўрокаў (альманахі, дыспуты, залікі, семінары, віктарыны і інш.). Мікалай Васілевіч мае цікавыя распрацоўкі па вывучэнні праграмных празаічных твораў ("Мой сябар Пятрусь" Івана Навуменкі, "Лісце каштанаў" Уладзіміра Караткевіча, "Жураўліны крык" Васіля Быкава), вершаў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Анатоля Вярцінскага, Сяргея Законнікава. Цікава і змястоўна праводзіць М. Жуковіч і ўрокі мовы, практыкуе блочную падачу моўнага матэрыялу. Урокі мовы па тэмах "Даданыя члены сказа", "Аднасастаўныя сказы", "Складаны сказ" і іншыя вартыя творчага пераймання. Выклікаюць цікавасць і праца са словам, слоўнікам, заданні па развіцці мовы.
   Настаўнік лічыць найбольш важнымі ўмовамі поспеху сучаснага ўрока любоў да дзяцей, глыбокае веданне прадмета, дасягненняў навукі і перадавога вопыту найлепшых майстроў педагагічнай справы. М. Жуковіч дзеліцца знаходкамі і пошукамі з іншымі. Публікацыі на старонках "Роднага слова", "Настаўніцкай газеты" па выкладанні прадмета знаходзяць водгук сярод аднадумцаў. Часам М. Жуковіч друкуецца ў раённай газеце "Маяк" па пытаннях пазакласнай працы і адраджэння нацыянальнай культуры. Калегі-настаўнікі сталі сведкамі росту педагагічнага майстэрства Міколы Жуковіча, фармавання яго грамадзянскай пазіцыі і поглядаў на сучасную школу, выхаванне, нацыянальнае адраджэнне.
   Шлях ад настаўніка да дырэктара школы, кіраўніка вялікага педагагічнага калектыву абумоўлены поўнай аддачай Мікалая Васілевіча абранай прафесіі. Яго ведаюць і цэняць за справы. Ён - настаўнік вышэйшай катэгорыі, лаўрэат абласнога конкурсу "Настаўнік года-92", кіраўнік раённага метадычнага аб'яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, лектар курсаў павышэння кваліфікацыі. Сёння дырэктар СШ № 1 г. Бярозы, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мікалай Жуковіч мае вялікі вопыт, валодае высокім узроўнем педагагічнага майстэрства. Сучасная адукацыйная сітуацьгя патрабуе ад яго як кіраўніка школы арганізаваць сістэму дзейнасці педкалектыву па ўдасканаленні навучальна-выхаваўчага працэсу на аснове Праграмы 12-гадовай мадэлі навучання. Мікалай Васілевіч працуе з кадрамі з пазіцый асобасна-арыентаванага падыходу, з улікам першачарговых праблем новага зместу адукацыі: звяртае ўвагу на ўдасканаленне методыкі выкладання прадметаў, інавацыйную дзейнасць настаўнікаў школы, на якасць ведаў, уменняў і навыкаў вучняў пры актывізацыі іх навучальнай дзейнасці.
   Свабода творчасці - лічыць Мікалай Жуковіч - залог поспеху, бо менавіта яна раскрывае сутнасць кожнага педагога, яго індывідуальнасць. За гады карпатлівай і плённай творчай працы ён сфармаваўся ў асобу, здольную захапіць іншых ідэямі пераўтварэння, стварыў сістэму індывідуальнай працы і дзейнасці вучняў. Настаўнік не здрадзіў свайму галоўнаму прынцыпу - быць дарадцам, старэйшым сябрам вучняў. Галоўнае - дзеці, іх інтарэсы, паводзіны, схільнасці, захапленні. На ўроках, у гутарках ён не ўхіляецца ад складаных жыццёвых пытанняў, не адмяжоўваецца ад рэальных супярэчнасцяў, бо ведае, што рыхтуе школьнікаў да самастойнага жыцця.
   У 1999 г. М. Жуковіч закончыў аспірантуру пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці агульная педагогіка. Сёння ён працуе над дысертацыяй "Разнастайнасць тыпаў і відаў урокаў беларускай літаратуры ў працы настаўніка як адзін з кірункаў павышэння эфектыўнасці ў навучанні і выхаванні вучняў старэйшых класаў".
   Выбар тэмы дысертацыі невыпадковы. Мікалай Васілевіч выкарыстоўвае методыку прафесара, кандыдата педагагічных навук, вядомага ў рэспубліцы метадыста Веры Якаўлеўны Ляшук. Ён-яе выхаванец. Ідэі Веры Ляшук па вывучэнні эпічных твораў, выкарыстанні краязнаўчай працы трывала ўвайшлі ў яго практыку. Мікалай Васілевіч працуе па праграме, складзенай выкладчыкамі Брэсцкага універсітэта. Ён - сааўтар метадычных дапаможнікаў па беларускай літаратуры для V і IX класаў.
   Рэфармаванне школы, канцэптуальныя падыходы да новага зместу моўнай і літаратурнай адукацыі, праца над дысертацыяй скіравалі ўвагу настаўніка на выкарыстанне эфектыўных метадаў навучання, найноўшых педагагічных тэхналогій. Інавацыйная дзейнасць М. Жуковіча зарыентавана на новыя падыходы да выкладання літаратуры. Сведчаннем высокага прафесійнага майстэрства сталі аўтарскія курсы М. Жуковіча па тэме "Творчы падыход да выкладання беларускай мовы і літаратуры на этапе рэфармавання сучаснай школы". Ён прапагандуе асаблівасці канструявання і рэалізацыю зместу моўнай і літаратурнай адукацыі
   Па тэхналогіях модульнага навучання, калектыўнага асэнсавання, развіццёвага навучання па сістэме Д. Эльконіна - В. Давыдава, педагагічных майстэрняў і пад. У час лекцый, практычных заняткаў М. Жуковіч заўсёды выкарыстоўвае камп'ютэр, аўдыёвідэатэхніку. Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці не толькі вучняў, а і настаўнікаў ідзе праз шырокае ўжыванне тэхнічных сродкаў навучання. Мікалай Васілевіч упэўнены, што камп'ютэр у працэсе вучнёўскай дзейнасці забяспечыць і трываласць засваення праграмнага матэрыялу, і сістэмны кантроль за ведамі, уменнямі і навыкамі школьнікаў. Настаўнік стварае праграмы-тэсты і метадычныя рэкамендацыі да іх правядзення. Так, змястоўна распрацаваны ўрок-залік па трылогіі "На ростанях" Якуба Коласа ў X класе і інш. Метадычныя распрацоўкі апублікаваны ў часопісе "Роднае слова" (1998, № 8; 2000, № 10). Творчага і ініцыятыўнага настаўніка з Бярозы цікавіць структура тэставых заданняў па беларуекай мове. Ён - эксперт Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.
   Кіраўнік педагагічнага калектыву, настаўнік, ён жыве ідэямі рэфармавання школы, выніковасці навучальна-выхаваўчага працэсу. На працягу васьмі гадоў у СШ № 1 назіраецца рост паступлення выпускнікоў XI класаў у ВНУ краіны: у 2000 г. - 48, 4%, 2001 - 50,6%, у 2002 г. -57%. Па колькасці прызавых месцаў школа ўваходзіць у тройку найлепшых устаноў раёна. Пад кіраўніцтвам М. Жуковіча добры ўзровень атрымала дыферэнцыяцыя навучальнага працэсу: укараняецца тэхналогія "Арыенцір", для вучняў VIII і X класаў арганізуецца профільнае і паглыбленае вывучэнне асобных прадметаў, ёсць і ліцэйскія класы. На працягу пяці гадоў Мікалай Васілевіч выкладае беларускую мову і літаратуру на павышаным узроўні, праводзіць для вучняў X і XI класаў факультатыў "Тэсты па беларускай мове". Многія яго выхаванцы сталі настаўнікамі. Адметнасць педагагічнай дзейнасці Міколы Жуковіча ў тым, што ён не страчвае настаўніцкага запалу, духоўнасці, свабоды творчасці, імпэту, ажыўляе адміністратарскую справу навізной, ініцыятыўнасцю.
 
   

Хостинг от uCoz