Каб харашэць душой

Педагагічны сайт Міколы Жуковіча,
настаўніка беларускай мовы і літаратуры, дырэктара Бярозаўскай СШ № 1 Брэсцкай вобласці

Урокі літаратуры


Міхась Лынькоў. Аповесць "Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў"


     Аповесць Міхася Лынькова "Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў" даўно стала любімым творам дзяцей. Гэта апошні буйны эпічны твор, якім завяршаецца раздзел "Чалавек і прырода" і наогул курс літаратуры ў пятым класе.
    На вывучэнне аповесці Міхася Лынькова ў праграме адведзена 4 гадзіны. Дадаткова адзін урок рэкамендуем правесці з ліку адведзеных на развіццё звязнай вуснай і пісьмовай мовы вучняў па тэме "Складаны план мастацкага твора" і выкарыстаць яго як арыентацыйныя заняткі. Знаёмства з раздзеламі і іх іналіз прапануем праводзіць следам за аўтарам. Запланаваныя гадзіны па вывучэнні твора можна размеркаваць наступным чынам:
    1 - шы ўрок . Уступныя і арыентацыйныя заняткі. Развіццё мовы. Складаны план мастацкага твора.
    2- гі ўрок. Першыя жыццёвыя ўрокі. Аналіз першага раздзела "Пра Мішкава дзяцінства і аб тым, як ён маліну любіў".
    3- ці ўрок. Пачаткі дружбы. Аналіз другога-пятага раздзелаў "Пра Вясёлую Бараду і пра чорнага Жука", "Як Мішка трапіў на вайсковую службу", "Дзіўны хворы, цукар і казлоў тытунь" і "Справы з генеральскім мундзірам".
    4- ты ўрок. Сталенне і прыгоды Мішкі. Аналіз сёмага-дзевятага раздзелаў "Як Мішку скралі і што з таго выйшла", "Не ганяйся, Мішка, за пеўнем — у бяду трапіш" і "Мішка ў лётчыкі падаецца, а пасля ў кавалерысты".
    5-ты ўрок. Заключныя заняткі. Паняцце пра аповесць.

1-шы ўрок. Уступныя і арыентацыйныя заняткі. Развіццё мовы.
Складаны план мастацкага твора.


    Пачаць уступныя заняткі можна з прадстаўлення партрэта і невялікага аповеду аб жыцці і творчасці Міхася Лынькова. У жыцці пісьменніка склалася так, што замест таго, каб вучыць дзяцей (ён атрымаў прафесію настаўніка), вымушаны быў апрануць шынель і ваяваць. Грамадзянская вайна, змаганне з іншаземнымі захопнікамі забрала ў яго амаль тры гады жыцця. Людзі на вайне адарваны ад блізкіх, ад мірных клопатаў. Яны ўвесь час сутыкаюцца са смерцю. Таму салдаты, якім даводзіцца прымаць удзел у баях, цягнуцца да ўсяго жывога, аддаюць яму сваё цяпло і ласку. Сябры-байцы, з якімі служыў М.Ц.Лынькоў у гады грамадзянскай вайны, таксама мелі сваіх улюбёнцаў-жывёл. Пра гэта і расказаў пісьменнік у сваёй аповесці "Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў" (1933). Галоўныя героі аповесці-казкі — медзведзяня, казёл і сабака.
    Калі ў час самастойнага дамашняга чытання твора вучням сустрэліся незразумелыя словы і выразы, трэба іх патлумачыць. Напрыклад: "ішоў пануры", "уздыхала трапяткой і гарачай наздрыной", "атрымаўшы некалькі лёгкіх кухталёў", "гукі балабонаў", "хацелася пабязуліць", "зябка атрасаючы лапы", "задзіраў пысу", "залацістыя лапікі спелага", "цялёпкацца", "столь", "чапурыцца" і г.д. Затым прапануем правесці працу па ўзнаўленні зместу аповесці-казкі. Думаецца, што эфектыўнай у дадзеным выпадку будзе гульня-крыжаванка "Хто лепш ведае змест аповесці-казкі Міхася Лынькова "Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў"?" Такая форма правядзення арыентацыйных заняткаў дапаможа ўключыць усіх вучняў у актыўную працу па засваенні зместу твора.
     Ніжэй падаюцца пытанні, якія прапануе настаўнік, і крыжаванка.
     Па вертыкалі:
1. Каго маці-мядзведзіца лічыла самым хітрым і небяспечным ворагам?
2. Самы любімы лясны ласунак Мішкі.
3. Чыя знешнасць апісана наступнымі радкамі: "...быў звычайным, звычайнай пароды. Ні асаблівымі здатнасцямі, ні асаблівымі талентамі ён не мог пахваліцца... Толькі вось бок хіба крыху падпалены, дык гэта ўжо ад паходнага жыцця прыпаліў, ля цяпла грэючыся ў халодную восеньскую ноч"?
4. Абавязак Мішкі ў батальёне.
5. Закончыце выказванне словам: "Можна падумаць, што Барадаты і Жук такія ўжо адвечныя ворагі і што яны так не паважаюць адзін аднаго. Гэта зноў-такі няпраўда. Калі пазнаёміцца з імі бліжэй, дык мы ўбачым, што яны самыя найлепшыя..."?
6. Машына, на якой галоўны герой падняўся ў неба.
7. Чыя знешнасць апісана наступнымі радкамі: "...шэрая ўзлахмачаная поўсць, вечна ў рэп'ях, у саломе. Левы рог напалавіну збіты — страціў дзесьці ў гарачых бойках. Куртаты хвост — адна відзімасць. Але затое ж барада — сапраўдная краса і гонар..."?
8. Птушка, ганяючыся за якой, Мішка дапамог чырвонаармейцам выбіць з вёскі белапалякаў.
9. Пачэснае імя, якое далі байцы галоўнаму герою за дапамогу разбіць атрад варожых коннікаў.
10. У што апранулі чырвонаармейцы Мішку, каб прывесці яго ў прыстойны для воіна выгляд?
11. Жывёла, прызначаная Мішку для кавалерыйскай справы.
Па гарызанталі:
I. За што Барадаты "пачаў адчуваць да Мішкі вялікую павагу"?
2. Які дыягназ паставіў ветэрынар "хвораму" медзведзяняці?
11. Чым спакусілі, каб скрасці, байцы суседняга палка да сябе галоўнага героя?
    Адказы: (Па вертыкалі) 1. Чалавек. 2. Маліна. 3. Жук. 4. Артыст. 5. Дружакі. 6. Самалёт.
7. Барадаты. 8. Певень. 9. Таптыгін. 10. Мундзір. 11. Мул.
(Па гарызанталі) 1. Махорка. 2. Сімуляцыя. 11. Мёд.



    3 паняццем складаны план пяцікласнікі ў школьным курсе беларускай мовы і літаратуры сустрэнуцца ўпершыню. Хаця аналагічныя тэмы "Частка тэксту. Абзац. Просты план" па мове і "Просты план мастацкага тэксту" па літаратуры вывучаліся значна раней. Такім чынам, "падмурак" да чарговага ўрока развіцця мовы ўжо закладзены. Пачаць заняткі пажадана з гутаркі па пытаннях: Што мы разумеем пад планам? Навошта яго трэба рабіць пры вывучэнні мастацкага твора? Як скласці план мастацкага твора? Вучні нагадаюць, што план перадае змест і будову тэксту. Каб скласці план, трэба падзяліць яго на часткі і даць ім загалоўкі.
    Затым перад настаўнікам паўстае задача даць паняцце пра складаны план і паказаць яго адрозненне ад простага, развіваць у школьнікаў уменне састаўляць складаны план.
    Добрым памочнікам на гэтым этапе заняткаў паслужыць каменціраванае чытанне артыкула "Складаны план", які змешчаны ў падручніку хрэстаматыі, і гутарка па пытаннях 1—3 з мэтай замацавання тэмы. Пасля варта спыніцца на асноўных патрабаваннях да састаўлення складанага плана і паказаць яго адрозненне ад простага. Тут можна прааналізаваць загадзя запісаныя на дошцы ўзоры планаў або выкарыстаць іх з адпаведных артыкулаў падручніка -хрэстаматыі.
    Заключнай часткай урока стане калектыўнае выкананне задання 4 да артыкула "Складаны план".
    На наступны ўрок вучням прапануецца дома самастойна прачытань першы раздзел "Пра Мішкава дзяцінства і аб тым, як ён маліну любіў".


2-гі ўрок. Першыя жыццёвыя ўрокі. Аналіз раздзела "Пра Мішкава
дзяцінства і аб тым, як ён маліну любіў".


     Вучням прапануюцца наступныя пытанні і заданні: У першым раздзеле Міхась Лынькоў з пяшчотаю і любоўю апісвае нам узаемаадносіны маці-мядзведзіцы і яе сына. Чаму маці так строга, а часам і жорстка карала за непаслушэнства свайго маленькага сына? Ці можна сказаць, што яна не любіла сына? Чаму старая не давала Мішку раніцай доўга паляжаць у бярлозе?
    Мядзведзіца карала, відаць, малога таму, што баялася за жыццё сына, была нераўнадушнай да яго будучыні. Яна старалася выхаваць у мядзведзіка ў першую чаргу паслухмянасць старэйшаму важаку — самы галоўны мядзведжы жывёльны закон, без якога нявопытнаму медзведзяняці можна было загінуць. Мядзведзіца не злосная, а патрабавальная. Тут школьнікі прыгадаюць, што яна выцягнула Мішку з канавы, частавала яго чарвякамі з-пад калод, пчаліным мёдам, заступілася за сына, калі мядзведзь-бацька накінуўся на малога. Як бачым, строгая маці любіла свайго Мішку. Будзіла яго так рана таму, бо добра ведала, што мядзведзя, як і іншых лясных жывёл, кормяць ногі. Яда сама не прыйдзе да іх. Тут старая таксама давала сыну самы галоўны жыццёвы ўрок: спажыву на снеданне шукаць лепш з усходам сонца.
    Чаму Мішка, каб болей не атрымліваць па загрыўку, а жыць сабе вольна, без усякага матчынага прыгляду і апекі, не ўцёк за ноч ад яе? Ці разумеў ён клопат маці?
    Мішку, напэўна, стрымліваў страх. Медзведзяня было яшчэ зусім малое: не змагло б само пракарміцца, а значыць — выжыць. На жаль, Мішка не разумеў клопату матулі, нават спрабаваў адпомсціць ёй, злаўчыўся і ўкусіў яе за нагу.
    Адметнасцю сюжэта першага раздзела "Пра Мішкава дзяцінства і аб тым, як ён маліну любіў" з'яўляецца тое, што Міхась Лынькоў па-майстэрску апісаў нораў і павадкі мядзведзяў — маці і сына. Пры дапамозе якіх выразаў пісьменнік паказвае, што гэта ўзаемаадносіны менавіта мядзведзяў? Знайдзіце і зачытайце іх. (Тут добра арганізаваць чытанне па радах. Першы — пра Мішку, другі — пра мядзведзіцу.) Адказам на гэта заданне будуць наступныя радкі: "хістаўся троху з боку на бок і час ад часу вурчаў паціху", "Мішка паціху заскуголіў", "асцярожна пераступіў з нагі на нагу, зябка атрасаючы лапы ад сцюдзёных кропель вады", "уткнуўся носам у зямлю", "ціха скуголіць"; "матка... выскаляла зубы", "грузна ўзнялася на пярэднія лапы", "зяхнуўшы, стала на ўсе чатыры, шумна атрэслася ад моху, ад сухога лісця", "узяла Мішку зубамі за карак і паставіла на ногі", "лізнула языком яго халодны нос" і інш.
    Паразважайце, чаму маці-мядзведзіца асабліва ўхілялася ад сустрэч з чалавекам, вучыла гэтаму і Мішку? Старая з вопыту ведала, што сустрэча з чалавекам можа закончыцца смерцю для яе самой і сына. Магчыма, разумела, што чалавек — цар прыроды, які не заўсёды спагадна ставіцца да лясных жывёл, таму старалася бьшь далей ад бяды.
    Якія жыццёвыя ўрокі дае мядзведзіца-маці Мішку? Якія з іх можа ўзяць сабе і чалавек?
    Вядома, — працягне далей настаўнік, — што жыццёвыя ўрокі медзведзяняці дае не толькі яго мама. Чаму навучылі Мішку незнаёмыя яму жаба, чмель, вожык і пчолы? Заслухаўшы сціслыя пераказы аб сустрэчы Мішкі з іншымі жывёламі, пяцікласнікі ў выніку прыйдуць да высновы, што ўсе вышэй узгаданыя звяркі вучылі медзведзяня самазахаванню, уменню жыць у лесе, пазбягаць бяды, вучыцца ў іншых. Нават маленькі чмелік і той бароніць сваё жыццё.
    Якія ўрокі галоўнаму герою дала сустрэча з мядзведзем-бацькам, з дзятлам і вавёркай ? Тыя непрыемнасці, што адбыліся ў час сустрэчы з гэтымі жывёламі, не толькі пашырылі кругагляд Мішкі аб іншых прадстаўніках фауны, што насяляюць лес, але і пераконвалі: кожны звер павінен займацца сваёй справай, тым, што наканавана яму самой прыродай. А пасля тых непрыемнасцей, якія перажыў пасля спаткання з бацькам, Мішка па-сапраўднаму ацаніў любоў і клопат пра яго маці. Хоць і не любіў да гэтага купацца, цяпер "паслухмяна цялёпкаўся ў вадзе і падстаўляў пад матчыны лапы то адзін, то другі бок".
     У першым раздзеле аповесці "Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў" Міхась Лынькоў нам расказаў не толькі пра стасункі медзведзяняці з іншымі жывёламі, але некалькі абзацаў адвёў і апісанню малюнкаў самой прыроды — гэта, дарэчы, таксама адна з яркіх асаблівасцей сюжэта твора. Якой паказвае пісьменнік прыроду? Што новага адкрылася ў гэтым урыўку пра галоўнага героя? Які тут яшчэ адзін жыццёвы ўрок ён атрымаў?
    Вучні зачытваюць урывак, пачынаючы са слоў: "I сапраўды, яны хутка выйшлі на вялікую паляну ў лесе" і да радка: "Любіць Мішка слухаць аўсяныя шолахі". Гэты пейзаж сведчыць пра любоў героя да летніх фарбаў і гукаў, але са страхам успамінае ён зіму, таму што ўсё жывое любіць цяпло. Летняя прырода выклікала ў мядзведзіка пачуццё шчасця.
    Першы раздзел казкі "Пра Мішкава дзяцінства і аб тым, як ён маліну любіў" заключае вялікае пазнавальнае значэнне. Што новага даведаліся вы пра жыццё мядзведзяў? Пяцікласнікі назавуць найбольш любімыя ласункі гэтых жывёл, адзначаць іх норавы і павадкі, засяродзяць увагу на сваяцкіх адносінах сярод жывёл.
    Завяршыць першы ўрок прапануецца вучнёўскім адказам на наступныя падагульняльныя пытанні: 1. Якія першыя жыццёвыя ўрокі атрымаў Мішка ад узаемаадносін з маці, жабай, чмялём, вожыкам, дзятлам, вавёркай, і наогул, з акаляючай прыродай ? 2. Аповесць М.Лынькова называецца "Пра смелага ваяку Мішку...". Наколькі апраўдана ўжыванне слова "смеласць" у першым раздзеле ? Ці ўхваляеце вы гэтыя Мішкавы "смелыя" ўчынкі? Чаму?
    Пажадана, каб вучні далі правільную ацэнку паводзінам галоўнага героя, каб назвалі іх нахабнымі і бяздумнымі. Да іх належаць, як Мішка помсліва грызянуў сваю маці за лапу, як без нагляду далекавата адышоўся ад бярлогі і імкнуўся залезці на невысокае дрэва, каб дагнаць вавёрку.
    Дома пяцікласнікам прапануецца падрыхтаваць разгорнуты адказ на пытанне "Мае адносіны да Мішкі" на аснове першага раздзела, даецца таксама заданне аднавіць у памяці змест наступных чатырох раздзелаў: "Пра вясёлую Бараду і пра чорнага Жука", "Як Мішка трапіў на вайсковую службу", ''Дзіўны хворы, цукар і казлоў тытунь'' і "Справы з генеральскім мундзірам”.


    3-ці ўрок. Пачаткі дружбы. Аналіз другога—пятага раздзелаў «Пра Вясёлую Бараду і пра чорнага Жука», «Як Мішка трапіў на вайсковую службу», «Дзіўны хворы, цукар і казлоў тытунь», «Справы з генеральскім мундзірам»


    На папярэднім уроку ўжо адзначалася, што пісьменнік Міхась Лынькоў — выдатны майстар-анімаліст. У другім раздзеле «Пра Вясёлую Бараду і пра чорнага Жука» аўтар трапна падаў таксама характар і нораў казла і сабакі. Настаўнік звяртаецца да вучняў з пытаннем: 3 дапамогай якіх выразаў Лынькову ўдалося апісаць паводзіны гэтых герояў у час забавы? Знайдзіце іх у тэксце і зачытайце.
    «Вясёлая Барада важнецкі прахаджваўся», «ганарыста трос барадой», «кідаўся, каб пацэліць на рогі», «гоцае адтуль з усіх чатарох капыцікаў», «абышоў яго, панюхаў, лізнуў», «пераскочыў з разгону, аж захрусцелі капыцікі на зямлі».
    «Жук выскаляў зубы, пагрозліва бурчаў», «заліваецца брэхам ды хвастом па зямлі б'е».
    Значную ролю ў мастацкім творы адыгрывае знешні выгляд літаратурнага героя (партрэт). Стварае «партрэт» сваіх герояў і Міхась Лынькоў. Настаўнік прапануе знайсці і зачытаць у творы аўтарскае апісанне знешняга выгляду Барадатага і Жука, цікавіцца, якое ўражанне выклікае гэтае апісанне.
    У тэксце вучні знаходзяць, што сабака Жук быў самым «звычайным сабакам, звычайнай пароды», больш сур'ёзным і стрыманым, чым казёл.
    Партрэт Барадатага выклікае ў чытача смех: у яго «шэрая ўзлахмачаная поўсць, вечна ў рэп'ях, у саломе. Левы рог напалавіну збіты... Куртаты хвост... Абскубленая барада».
    Вядома, што ні з казла, ні з сабакі чырвонаармейцам не было ніякага матэрыяльнага прыбытку, як, скажам, з каровы ці каня. Чаму байцы ўсё ж забралі гэтых жывёл у свае батальёны, так добразычліва ставіліся да іх і не адпускалі? Нават і ў наш час, калі па тэлебачанні паказваюць хроніку пра салдат, якія ўдзельнічаюць у ваенных падзеях, побач з вайскоўцамі мы найчасцей бачым сабаку. Чаму?
     У першую чаргу гэта сведчанне даўняй дружбы чалавека з жывой прыродай, яго сум, настальгія па мірным жыцці. На жаль, як трапілі да чырвонаармейцаў Барадаты і Жук, аўтар не паведаміў. Але можна дапусціць, што байцы сустрэлі бяздомных казла і сабаку, пашкадавалі іх, пачалі даглядаць. Жывёлы потым сталі пацехай вайскоўцаў. Вось як сам аўтар піша пра гэта ў аповесці: «Ці холад, ці спякота, ці снег, ці дождж — ідуць баявыя батальёны чырвонаармейцаў. I хоць цяжка ў дарозе — і ногі ныюць, і муляе плечы, — не сумуюць байцы, песні спяваюць, жарты ладзяць, гармонік заводзяць. А калі заціхае часам гармонік, тады выступаюць батальённыя веселуны — Жук ды Барадаты».
    Трэці раздзел «Як Мішка трапіў на вайсковую службу» пачынаецца з апісання летняй раніцы ў лесе. Настаўнік просіць прачытаць урывак і вызначыць вобразныя сродкі мовы.
    Чаму аўтар так пачаў гэты раздзел? Якая роля належыць у мастацкім творы пейзажу? Пейзаж дае магчымасць чытачу яскрава ўявіць малюнак летняй раніцы ў лесе, шчаслівага бесклапотнага Мішку, які быў зачараваны лясным краявідам і задаволены сваім жыццём. Замалёўка ціхай летняй раніцы стварае ў чытача лірычны настрой, які хутка знікае. Апісанне прыроды паказвае, дзе адбываецца дзеянне ў мастацкім творы.
    Як вы думаеце, што стала прычынай таго, што медзведзяня патрапіла ў бяду? Які ўрок з гэтага можна вынесці і нам, чытачам? Да бяды прывяло Мішку яго свавольства. Кончылася яго вольнае лясное жыццё.
    Чаму Міхась Лынькоў, апісваючы радасць байцоў трэцяга батальёна з-за незвычайнай знаходкі, называе мядзведзіка «звярушкаю», а не проста звярком? Што вы можаце сказаць пра свае і аўтарскія адносіны да ўчынку чырвонаармейцаў, якія сілком надзелі на Мішку нашыйнік і забралі яго з сабою? Тут слова «звярушка» асацыіруецца не толькі з памяншальна-ацэначным эначэннем, але і з рускім «игрушка» — цацка. Таму можна лічыць, што Міхась Лынькоў шкадуе свайго героя, спачувае яму, ужо загадзя прадбачыць няўдалае жыццё ляснога жыхара сярод людзей, якія, відавочна, паставяцца да яго як да забаўкі: пагуляюць, пацешацца і выкінуць. Пісьменнік асуджае неабдуманы ўчынак чырвонаармейцаў, шкадуе збэнтэжанага звярка. Гэта вынікае з «думак і адчуванняў» Мішкі: «Эх, не есці цяпер болей маліны!», «Ну і людзі! І ў кожнага, відаць, матка ёсць...» І яшчэ «аж сэрца заходзілася ад страху ў Мішкі, калацілася як падбітая птаха». Аргументуюць пяцікласнікі свае адносіны яшчэ і такім радком: «Ну, якая ж ахвота на прывязі хадзіць, калі да гэтага часу Мішка хадзіў усюды па сваёй ахвоце, па свайму надуму».
    Паразважайце аб дружбе жывёл і людзей: чаму Вясёлая Барада і Жук сябравалі, былі, як піша пісьменнік, — «самыя найлепшыя дружакі», хоць з'яўляліся зусім рознымі па характары і схільнасцях жывёламі? Чаму байцы даволі хутка прыручылі да сябе ляснога жыхара, а вось памірыць і здружыць яго з казлом і сабакам спатрэбілася шмат часу?
    Знаёмячы чытача ў другім раздзеле з Вясёлай Барадой і Жуком, Міхась Лынькоў зазначае, што яны паміж сабой не заўсёды ладзілі, але не былі і ворагамі. Калі хто ўздумае пакрыўдзіць каго з іх, то яны тады такога «дыхту зададуць», што дзесятаму закажаш. А здружыла казла і сабаку тое, што абодва, напэўна, яшчэ змалку гадаваліся на двары чалавека, былі хатнімі жывёламі, і таму ўжо нават знешні выгляд кожнага быў знаёмы і прывычны. Калі байцы першага і другога батальёнаў займаліся вайсковымі справамі, то Барадаты і Жук, каб не сумаваць, разам часта праводзілі свой вольны час.
    Што датычыцца іх непрымірымых стасункаў з мядзведзем, то тут таксама наканавана прыродай. Мішка — лясны жыхар, якога, магчыма, упершыню ў сваім жыцці ўбачылі казёл і сабака. Таму так агрэсіўна яны сустрэлі яго ля малінніку на паляне, а затым доўга не маглі прывыкнуць і здружыцца з ім.
    Чырвонаармейцы з трэцяга батальёна, у якіх адсутнічаў весялун, даволі хутка прыручылі мядзведзіка да сябе дзякуючы розным ласункам, якіх не трэба было яму самому шукаць, як гэта рабілася раней з мамай. Тут падавалі ўсё гатовае і даволі смачнае. Падстаў крыўдзіцца на людзей не было.
    Трэці раздзел «Як Мішка трапіў на вайсковую службу» пісьменнік заканчвае апісаннем сну мядзведзяняці. Настаўнік прапануе вучням прачытаць яго і паразважаць: Якія пачуцці гэты ўрывак выклікае ў чытача? Чаму менавіта сном завяршае Лынькоў гэты раздзел? Чаму Мішка ўздыхнуў на возе?
    Сон мядзведзіка з'яўляецца ў творы своеасаблівай мяжой двух яго жыццяў — ляснога, малінавага, якога ўжо «ніякай лапай... не дастаць», і новага, нязведанага сярод людзей. Уздыхнуў не толькі з-за холаду, страху, але, напэўна, і ўспомніў цяпло сваёй матулі, проста засумаваў па ёй.
    Аналіз раздзела «Дзіўны хворы, цукар і казлоў тытунь» варта пачаць з наступнага пытання: Чаму Мішка не слухаўся маці-мядзведзіцы, а даволі хутка прывык да новых абавязкаў сярод салдат, «спраўляўся, — як піша аўтар, — досыць шчыра, заўзята, і таму любілі яго і паважалі з кожным днём усё больш і больш»? Чым выклікана розніца ў яго паводзінах? Тлумачыцца гэта тым, што маці рыхтавала свайго маленькага сына для нялёгкага ляснога, мядзведжага жыцця, а чырвонаармейцы хацелі бачыць у ім палкавога веселуна, клоуна, «цацку». Ужо нават тое, што мядзведзік быў у трэцім батальёне, весяліла і радавала байцоў, асабліва ў час адпачынку паміж баямі. Не патрэбны былі Мішку вялікія высілкі, каб смяшыць людзей: «Наеўся Мішка, напіўся і ад вялікага задавальнення пачаў у пясочку куляцца, на задніх лапах хадзіць ды ўсякія фокусы вырабляць: цераз галаву куляцца, на пярэднія лапы становіцца як гімнаст які спрытны».
    Далей пяцікласнікам прапануецца сцісла расказаць гісторыю з мяшком цукру, які ўпотайкі з'еў Мішка-весялун. Эпізод можна пачаць так: «Былі за Мішкам і такія-сякія грахі, бо вельмі любіў ласункі...»
    Слухачам ставіцца задача ўважліва сачыць за пераказам, пастарацца ацаніць выступленне аднакласнікаў, адзначыць у іх выказваннях станоўчае і недахопы.
    Ніжэй змяшчаецца план да раздзела «Дзіўны хворы, цукар і казлоў тытунь»:
І. На капцёрскім возе.
2. Чырвонаармейцы занепакоіліся.
3. Фокуснік.
4. Доктарскі агляд.
5. Наступствы агляду.
6. Непераможны сверб.
7. Умяшанне капцёра.
8. Сімулянт.
9. На новую кватэру.
     Мэтазгодна выклікаць двух-трох вучняў. Аповед кожнага выступоўцы абавязкова рэцэнзуецца слухачамі.
    Чаму байцы трэцяга батальёна, якія з-за Мішкі панеслі матэрыяльныя страты (а пазней з-за яго чуць не адправіўся на той свет і Барадаты), не адпусцілі мядзведзяня на волю, а толькі перасялілі яго на другі воз? Чырвонаармейцы не неслі адказнасці за растраты перад батальённым начальствам. Зусім па-іншаму паводзіў сябе капцёр. Даведаўшыся пра страты, стаў злосным, «парваў усякія дыпламатычныя зносіны з Мішкам, Жуком ды Барадатым і зрабіўся іхнім перакананым ворагам». Па-другое, спрацаваў тут спаборніцкі эгаізм байцоў трэцяга батальёна: не хацелася зноў застацца без свайго артыста, быць у пройгрышы, трываць насмешкі першага і другога батальёнаў.
    У пятым раздзеле «Справы з генеральскім мундзірам» апавядаецца, што малады камандзір параіў сваім байцам абмундзіраваць палкавога веселуна Мішку. Настаўнік прапануе вучням класа сцісла расказаць гісторыю з Мішкавай амуніцыяй і адказаць на наступныя пытанні: Ці толькі з-за набліжэння асенніх халадоў узнікла ў маладога камандзіра думка абмундзіраваць звярка? Чаму Мішка дужа сурова аднёсся да адзення і нават з-за яго пакрыўдзіўся на людзей? Што хацеў сказаць гэтай гісторыяй сам Міхась Лынькоў чытачам?
    Вядома, не з-за халадоў і не з-за шкадавання да Мішкі ўзнікла думка апрануць звярка. Камандзір добра ведаў, што мядзведзь адзенне насіць не будзе. Маладому хлопцу дужа хацелася рассмяшыць сваіх байцоў такім незвычайным напаўчалавечым выглядам палкавога артыста. Як бачым, сапраўды, веселуну трэба было быць і «звярушкаю», цацкаю для людзей. Адзенне скоўвала дадзеную яму прыродай волю. Таму Мішка і прыняў гэты жарт «за надругу над сваёй асобай»: парваў на шматкі гэтае абмундзіраванне.
    Пісьменнік дае нам, чытачам, яшчэ адзін урок: нельга здзеквацца з жывёл, нельга навязваць ім сваю волю. Яны павінны жыць па тых законах, якія наканаваны ім самой прыродай.
    Вучням прапануецца прачытаць дома наступныя тры раздзелы: «Як Мішку скралі і што з таго выйшла», «Не ганяйся, Мішка, за пеўнем — у бяду трапіш» і «Мішка ў лётчыкі падаецца, а пасля ў кавалерысты», падрыхтаваць сціслы пераказ апошняга раздзела.


    4-ты ўрок. Сталенне і прыгоды Мішкі. Аналіз сёмага—дзевятага раздзелаў «Як Мішку скралі і што з таго выйшла», «Не ганяйся, Мішка, за пеўнем — у бяду трапіш» і «Мішка ў лётчыкі падаецца, а пасля ў кавалерысты»


    Аповесць Міхася Лынькова «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» напісана з гумарам, які выклікае ў чытача смех і вясёлы настрой. Настаўнік прапануе вучням прачытаць апісанне «святочнай» вячэры з нагоды цёплай сустрэчы Мішкі са сваімі сябрамі Барадатым і Жуком пасля ўдалых уцёкаў першага з суседняга палка.
    Адзін з вучняў чытае ўголас урывак з раздзела «Як Мішку скралі і што з таго выйшла», пачынаючы са сказа: «Полк размясціўся на начлег у лесе». Сцэна «святочнай» вячэры сяброў даецца Міхасём Лыньковым сапраўды з гумарам: «шыкозны баль», «яўны завадатар усёй пачэснай кампаніі», «налягаў на селядцы і на цукар», «пажаваўшы селядцовага хваста», «крэкчучы, сталі масціцца адпачываць», «ласаваўся махоркай і жаваў яе, салодка прыжмурыўшы левае вока».
    Чырвонаармейцы трэцяга батальёна, калі выявілі адсутнасць свайго артыста, не вельмі і ўбіваліся па ім. Абшукалі толькі прыдарожныя мясціны і вазы, а пазней нават пачалі і забывацца пра яго. Чаму? Адной з прычын пасіўных пошукаў байцамі Мішкі з'яўляецца вайна. Аўтар як бы апраўдвае чырвонаармейцаў: «Гарачыя былі дні: паходы, штодзённыя бойкі, і хутка ў паходных клопатах пачалі забывацца і на Мішку». Большасць вучняў не згодныя з гэтым, бо сапраўдных сяброў не кідаюць у бядзе. Можна было праявіць большую настойлівасць, непакой пра свайго веселуна.
    Некаторыя дзеці адзначаюць, што Мішка быў для байцоў «звярушкаю», толькі забаваю.
    Чаму скрадзены Мішка, пражыўшы больш за тыдзень у другім палку, не прыжыўся там і пры зручным выпадку адразу ж уцёк
? Вялікую памылку дапусцілі чырвонаармейцы суседняга палка, калі ўкрадзенага мядзведзіка прывязалі вяроўкамі да воза, трымалі на прывязі. А зверу, як ужо гаварылася на папярэдніх уроках, галоўнае — воля. Разам з тым звер ацаніў, што ён трапіў з агню ў полымя, што новыя яго гаспадары горшыя за папярэдніх.
     Раздзел «Як Мішку скралі і што з таго выйшла» заканчваецца вяртаннем галоўнага героя ў родны батальён, да сваіх таварышаў Жука і Барадатага. Чаму пісьменнік называе батальён родным? Якія рысы характару праявіліся ў жывёл у час іх сустрэчы? Пад канец сёмага раздзела аўтар ужывае тры разы словазлучэнне «родны батальён». Родным для Мішкі ён з'яўляўся таму, што тут мядзведзяня пражыло нейкі час, не мела патрэбы ў пошуках ежы, не было абдзелена і ўвагаю людзей, пазнаёмілася, а затым і пасябравала са свойскімі жывёламі, атрымала ўрокі жыцця і — самае галоўнае — тут стараліся цаніць яго волю, не трымалі на прывязі.
    Дзякуючы галасам Жука і Барадатага Мішка патрапіў зноў у свой батальён. У час сустрэчы не пасквапнічаў, а падзяліўся з сабакам і казлом знойдзенымі прадуктамі харчавання, наладзіў сябрам «святочную» вячэру. Хоць і адсутнічаў ён пэўны час, але не забыў сваіх «заўзятых дружбакоў-таварышаў», не адзічэў, рады сустрэчы таксама казёл і сабака.
     Працу па аналізе раздзела «Не ганяйся, Мішка, за пеўнем — у бяду трапіш» пажадана пачаць з пераказу эпізода, калі Мішка вырашыў злавіць пеўня і дапамог чырвонаармейцам выбіць з вёскі белапалякаў.
     Пачынаецца пераказ са сказа: «Падзеі ж разгарнуліся такім чынам...» Каб аблегчыць працу вучням, ім прапануецца план:
1. Загад батальёнам.
2. Мішка і Барадаты ловяць пеўня.
3. Ворагі адступілі.
4. Пчаліны дух.
5. Пчолы-абаронцы.
6. Суровае пакаранне.
     Заслухаўшы сціслы пераказ аднаго-двух вучняў, настаўнік спытае: Чаму чырвонаармейцы вырашылі «за ўсе ганебныя ўчынкі пазбавіць Мішку і Барадатага іх артыстычнае годнасці і прагнаць з палка»? Клас прыйдзе да высновы, што байцы, напэўна, пераканаліся, што яны памыліліся, забраўшы для сваёй пацехі маленькага ляснога звярка. Чырвонаармейцы ўбачылі, што Мішка фізічна падрос, у яго ўсё больш і больш стаў праяўляцца прыродны інстынкт ляснога звера. Таму будзе правільна, калі мядзведзь застанецца жыць у лесе. Праўда, свайго намеру не ажыццявілі.
     Са зместу дзевятага раздзела «Мішка ў лётчыкі падаецца, а пасля ў кавалерысты» вядома, што галоўны герой не пабаяўся падысці да незнаёмага чалавека, украў яго мундзір, а затым залез у самалёт, які бачыў упершыню ў сваім жыцці. Чым кіраваўся Мішка ў гэтай сітуацыі? Якія рысы характару тут выявіліся ў яго найбольш? 3 маленства прыручаны да людзей і адчуваючы да сябе іх прыязныя адносіны, мядзведзь не пабаяўся ціха падысці да польскага лётчыка. Для яго чалавек ужо не быў самым хітрым ворагам, як яго вучыла некалі маці. Самалёт вабіў незвычайнасцю, Мішка кіраваўся сваёй прыроднай дапытлівасцю, цікаўнасцю да ўсяго новага. Аўтар, апавядаючы пра прыгоды мядзведзя, падкрэслівае смеласць свайго героя: «Мішка ж так асмялеў, што абмацаў добра хвост самалёта, потым смела ўзабраўся на самалёт і ўтульна ўлёгся ў задняй кабінцы».
    Затым настаўнік прапануе вучням сцісла пераказаць эпізод «Мішка ў варожым самалёце» і паразважаць, ці сапраўды смеласцю кіраваўся мядзведзь, калі хацеў пасадзіць белапольскі самалёт на зямлю. Вучні, спасылаючыся на тэкст, гавораць, што ніякай смеласці і геройства ў Мішкі не было. Звер, «перапалоханы не на жарт», «ледзь не самлеў», «моташна яму стала», «месца сабе не знаходзіў» і інш.
     Закончыць урок мэтазгодна выразвым чытаннем эпізода пра Мішкавы непаразуменні з мулам, пачынаючы са сказа: «Так пачаў і закончыў Мішка сваю лётніцкую кар'еру» і да канца раздзела. Перад чытаннем пажадана паставіць пытанне: Чаму мул зусім не падпарадкоўваўся свайму новаму гаспадару? Як толькі ні «выхоўваў» Мішка “патомка асла”, але падпарадкаваць сваёй волі не здолеў: як вядома, мул вызначаецца незвычайнай упартасцю. Таму давялося мядзведзю з мулам расстацца.
     На дом даецца заданне падрыхтаваць пераказ эпізода «Апошні гераічны ўчынак Мішкі» з дзесятага раздзела «Мішка-герой», зрабіць малюнкі да тых эпізодаў твора, якія асабліва палюбіліся.


5-ты ўрок. Заключныя заняткі. Паняцце пра аповесць


     Пачынаецца ўрок з праверкі падрыхтаванага дома пераказу эпізода «Апошні гераічны ўчынак Мішкі». У час аповеду вучні могуць выкарыстаць план настаўніка, які загадзя запісаны на дошцы:
1. Пад канец грамадзянскай вайны.
2. Аднойчы позняй восенню ў лесе.
3. Дазорны на высокай хвоі.
4. Незнаёмыя коннікі.
5. «Няўжо зноў тыя самыя штаны?»
6. Паніка сярод варожага войска.
7. «— Ну і малайчына, Мішка!»
     Заключны раздзел аповесці-казкі не задаваўся школьнікам для самастойнага дамашняга чытання на гэтыя заняткі, таму варта прапанаваць вучням пафантазіраваць і вусна прадоўжыць апавяданне пра ўжо добра знаёмых герояў твора. Як склаліся ў далейшым іх жыццёвыя дарогі? Што сталася далей з Мішкам, Вясёлай Барадой і Жуком?
     Пасля знаёмства з вучнёўскім варыянтам канцоўкі аповесці пажадана паслухаць спецыяльна падрьгхтаванае на гэты ўрок чытанне настаўнікам ці вучнем раздзела «Што сталася з акторамі». Чытанне зойме не болей за 7—8 хвілін, стане цікавым момантам заключных заняткаў.
     Затым увага класа пераводзіцца на выставу малюнкаў, якія падрыхтавалі вучні. Добра, калі прапанаваныя малюнкі яшчэ і «агучаць» самі аўтары. Не лішняй будзе і дэманстрацыя ілюстрацый да аповесці «Пра смелага ваяку Мішку...», якія выканаў прафесійны мастак-ілюстратар Васіль Александровіч да асобнага выдання кнігі Міхася Лынькова «Міколка-паравоз. Аповесці і апавяданні» (Мн., 1989).
     Калі больш дакладна вызначыць жанр кнігі «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», то відавочна, што яна з'яўляецца аповесцю-казкай.
     3 эпічнымі творамі такога аб'ёму і жанру пяцікласнікі ўжо сустракаліся ў школьным курсе літаратуры. Без асаблівых цяжкасцей яны ўзгадаюць аповесці Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага» і Паўла Місько «Эрпіды на планеце Зямля». Таму, перш чым даваць паняцце аб аповесці, настаўнік прапануе вучням спачатку на аснове набытага ўжо вопыту выказаць свае думкі наконт жанру «аповесць» і параўнаць яе з апавяданнем. У ходзе эўрыстычнай гутаркі школьнікі прыходзяць да высновы, што аповесць — гэта твор сярэдняй эпічнай формы, які мае
     большы аб'ём і складаны сюжэт у адрозненне ад апавядання. У аповесці галоўны герой паказваецца ва ўзаемаадносінах з іншымі персанажамі на працягу даволі значнага часу.
    Кожны раздзел кнігі «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» — гэта сэнсава закончанае апавяданне, а такіх апавяданняў у творы адзінаццаць.
     Далей з мэтай замацавання тэарэтычнага паняцця прапануецца прачытаць у падручніку-хрэстаматыі артыкул «Паняцце пра аповесць» і даць вусныя адказы на пытанні, што змешчаны пасля яго.
    У канцы ўрока перад класам можна паставіць пытанне: Якія эпізоды твора вам падаліся больш падобнымі да казачных? Успомніце і назавіце іх. Такіх сітуацый у творы шмат, аднак героі не паводзяць сябе так, каб мы не паверылі, што гэта сапраўды мядзведзь, казёл і сабака. Вучні адразу прыгадаюць шматлікія думкі мядзведзяняці, што, вядома, не натуральна для жывёлы. Не верыцца, што Барадаты кінуў выпрошваць махорку ў байцоў, і «да таго заселі ў яго галаве невясёлыя думкі аб загінуўшым без усякіх вестак таварышу», калі Мішка знік з батальёна. Відаць, «згусціў» Міхась Лынькоў фарбы ў эпізодзе лову «ваякам» разам з Барадатым пеўня, калі напалоханыя імі белапалякі адступілі і пакінулі сяло. Толькі ў казцы мядзведзь можа апрануць сам лётчыцкую амуніцыю і ціхенька залезці ў кабіну самалёта. Казачным падасца і той момант твора, калі Мішка саскочыў з хвоі і патрапіў прама на варожага конніка, чым таксама нарабіў шмат панікі сярод белапалякаў.
    Да якога віду належыць казка «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў»? Чым адрозніваецца літаратурная казка ад народнай? Твор напісаны пісьменнікам. Казку можна аднесці да казак пра жывёл. Праўда, у ёй, акрамя жывёл, дзейнічаюць і людзі. Твор Міхася Лынькова вызначаецца вялікім памерам.
    Закончыць урок можна асэнсаваннем назвы вывучанай аповесці-казкі, вызначэннем яе тэмы і ідэйнага зместу.
     Вучням даецца заданне паразважаць дома, чаму пісьменнік назваў Мішку «смелым ваякам», а сабаку і казла — «слаўнымі таварышамі».

 
   

Хостинг от uCoz