Каб харашэць душойПедагагічны сайт Міколы Жуковіча, Урокі літаратуры |
Сістэма ўрокаў па вывучэнні аповесці Янкі Маўра
|
Мірон |
Віктар |
Агульнае |
|
Рознае |
|
Выкладчык прапануе сямікласнікам знайсці
ў самастойна прачытаным дома мастацкім тэксце факты і адпаведныя радкі,
якія сведчаць аб агульным
у галоўных вобразах. Тут вучні скажуць і сцісла занатуюць, што юнакі
былі равеснікамі – абодвум па семнаццаць з паловай гадоў, вучыліся ў
адным і тым жа тэхнікуме, займаліся ў адным і тым жа краязнаўым гуртку,
былі добрымі сябрамі, родам абодва з горада і ў маленстве жылі па суседству.
“Вучыліся абодва добра, чыталі шмат кніжак, асабліва прыгодніцкіх —Жуля
Верна, Майна Рыда, Купера і г.д. Цікавілі іх розныя далёкія краіны, дзікуны,
індзейцы, якіх цяпер бадай ужо зусім няма. Захапляліся рознымі прыгодамі
з іх жыцця, што адбываліся гадоў 60-80 назад. Марылі пра пальмы, джунглі.
А не бачылі добрай пушчы, якая была за некалькі дзесяткаў кіламетраў
ад іх. Уяўлялі сабе розныя паляванні на тыграў, сланоў, ільвоў, а вавёркі
на волі не бачылі. Марылі пра мора, караблі, а не бачылі вялікага возера,
якое ляжала за кіламетраў дваццаць ад іх”.
Другой часткай тэмы гаворкі на ўроку з,явіцца калектыўная работа па пошуках
індывідуальных
адметнасцей у іх паводзінах, учынках і характарах. Янка Маўр сам акрэслівае наступнае:
“Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар – жвавы,імклівы. Яны заўжды
спрачаліся паміж сабою, але былі найлепшымі сябрамі і жыць не маглі адзін без
аднаго” і яшчэ: “...Мірон цікавіўся больш батанікай, а Віктар – заалогіяй. Чытаючы
кнігі, кожны з іх галоўную ўвагу звяртаў на сваю галіну навукі. У жывым кутку
Віктар важдаўся з трусамі, мышамі, жабамі, а Мірон – з рознымі раслінамі. Паступова
кожны з іх досыць сур,ёзна азнаёміўся са сваім любімым прадметам”.
Іншыя адметныя рысы характару ў галоўных герояў паказаны пісьменнікам у развіцці.
Выявіць іх школьнікам самастойна будзе складана, таму настаўніку прапануем увагу
класа скіраваць на наступныя пытанні і заданні:
Чаму юнакі вырашылі самастойна ў час веснавых канікул зрабіць экскурсію?
Чым
ім не падабаліся тыя, што арганізоўваліся ў школе і тэхнікуме? Сямікласнікі адкажуць,
што Мірон і Віктар шмат прачыталі прыгодніцкіх кніжак, і ў іх саміх узнікла жаданне
пападарожнічаць, папасці ў незвычайныя абставіны, “пабачыць славутае палескае
разводдзе”. “У краязнаўчым гуртку яны даведаліся, што на Беларусі наогул, а ў
іх раёне асабліва, ёсць шмат куткоў, не горшых ад заморскіх. Ёсць пушчы, не менш
цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца
морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры”. Ад
экскурсій, наладжаных у школе і тэхнікуме, нельга было чакаць прыгод: “— Загадзя
ведаеш, дзе калі будзеш і што цябе там чакае. Не можаш пайсці, куды захочаш,
спыніцца, дзе сам хочаш, рабіць, што табе падабаецца”. Таму сябрам і захацелася
адправіцца ў падарожжа самастойна. Хутчэй за ўсё юнацкі максімалізм, што характэрны
гэтаму ўзросту, кіраваў імі; лічылі хлопцы сябе ўжо дарослымі і самастойнымі.
“... цвёрда пастанавілі выканаць свой намер чаго б гэта ні каштавала, каб даказаць
ўсім, што незвычайнае падарожжа цікавей, чым звычайнае”. Прага самастойнасці,
цікаўнасць да нязведанага, жыццёвая актыўнасць – гэта вядучыя рысы характару,
якія выяўляюцца ў гэтым урыўку.
Далей настаўнік прапануе вучням класа прачытаць па ролях эпізод невялікай
спрэчкі
сяброў, пачынаючы словамі: “І вось нашы падарожнікі апынуліся ў чоўне сярод бязмежнага
мора” і да фразы: “— Наўрад ці сам ты ведаеш, дзе ў цябе цэнтр цяжару, -- нездаволена
буркнуў Віктар”, і падумаць, як характарызуе гэтая дыскусія юнакоў.
Урывак сапраўды дапаўняе вобразы Мірона і Віктара, і асабліва іхняе крытычнае
стаўленне адзін да аднаго. Небалючыя кпіны сведчаць пра іх даўнюю дружбу і ўменне
своечасова патушыць справай усчаты канфлікт, праяўляецца і ўменне дараваць адзін
аднаму: “-- А я баюся, каб яна не перакулілася ад руху твайго языка“,-- спакойна
сказаў Мірон і, зняўшы шапку, пачаў вычэрпваць ваду.
Зараз жа далучыўся Віктар, і вада хутка была вычарпана”. Як бачым, сучасным школьнікам
можна павучыцца ў юнакоў доўга не стрымліваць у душы крыўду на свайго сябра,
а як мага хутчэй памірыцца і рэальна дапамагчы ў складанай сітуацыі..
Што цікавага і незвычайнага ўбачылі вандроўнікі ў час “славутага палескага
разводдзя”?
Каб сказаць што шмат, то гэта будзе няпраўдай. Практычна ўсяго толькі ў адным
невялікім урыўку Янка Маўр апісвае прыгажосць пейзажу разводдзя: “А навакол разляглося
неабсяжнае каламутнае мора. Далёка ззаду ледзь віднеўся бераг, ад якога яны ехалі,
а наперадзе, яшчэ далей, паўставаў той лес, на які хацеў паглядзець Мірон. Да
лесу гэтага было яшчэ далёка, але затое ехаць туды было цікавей. Улетку тут канчалася
возера і пачыналася непраходнае балота, якое цяпер было заліта вадой. Гэтай вадзе
не відаць было канца-краю, апрача той палоскі лесу на даляглядзе. І на ўсёй гэтай
прасторы то там, то там вытыркаліся з вады верхавіны дрэў і кустоў – то паасобку,
то групамі.
Надвор'е было ціхае, цёплае. Веснавое сонца грэла ўжо як след. Дрэвы зелянеліся.
То была ўжо другая паводка на Палессі ў гэтым годзе”.
На жаль, у самым пачатку падарожжа нашых герояў-вандроўнікаў адно за
другім здарыліся няшчасці: хлапцоў ледзь не ўтапіў “вялізны рагаты корч”, а трохі
пазней яны папалі
ў халодную ваду, а човен аднесла наперад. Чаму Янка Маўр як аўтар не даў мажлівасці
юнакам больш часу палюбавацца акаляючымі палескімі краявідамі, лічы, не пашкадаваў
іх, а адразу акунуў у ваду і балотную твань? Гэтым нечаканым паваротам сюжэту
пісьменнік, відаць, паказвае нам на прыкладзе сваіх літаратурных герояў, што
прырода ўсё ж такі карае чалавека за легкадумны падыход да запланаванага падарожжа.
Мірон і Віктар практычна ўкралі човен-душагубку (ўжо назва лодкі гаворыць сама
за сябе), не папярэдзілі ні аднакурснікаў, ні выкладчыкаў, ні сваіх бацькоў,
абсалютна не пацікавіліся ні ў кога характарам вады ў час разводдзя. Магчыма,
аўтар гэтым эпізодам сцвярджае, што яго героі не ідэальныя людзі, а самыя звычайныя,
рэальныя, якія таксама, як і мы, дапускаюць недаравальныя памылкі ў сваім жыцці,
за якія даводзіцца плаціць такім чынам.
Раскажыце, як павялі сябе хлопцы ў час няшчасця? Якія асаблівасці характару
выявіліся
тут? – звернецца настаўнік з чарговым пытаннем да класа. Вучні скажуць, што Мірону
і Віктару яшчэ пашанцавала, бо папалі яны на залітае вадою балота. Было б значна
горш, калі б гэта была рака ці возера. Віктар першым пацікавіўся існаваннем свайго
таварыша, які павіс на дрэве. Пасля чарговай спрэчкі хлопцы не разгубіліся, а
сталі вырашаць, як выйсці з цяжкага становішча. “Ніхто нікога сур'ёзна не вінаваціў,
ды і карысці ніякай ад гэтага не было б ...” У экстрэмальнай сітуацыі Віктар
аказаўся больш псіхалагічна ўстойлівым да нягод, сумеў супакоіць і маральна падтрымаць
свайго сябра. Мірон, хутчэй ад роспачы, маўчаў – відаць, замкнуўся ў сабе.
Варт перачытаць уголас яшчэ раз апісаныя пакуты, што выпалі на долю юнакоў
у
час руху па балоце да берага. Пачаць можна словамі: “І хлопцы пусціліся ў далейшую
дарогу” і да сказа: “Выбраліся на бераг ледзь жывыя, аблепленыя тванню, дрыжачыя
ад холаду”.
Янка Маўр як спецыяльна падрабязна апісвае ўсю маёмасць, што засталася
ў хлапцоў пасля “крушэння карабля”: “махорка, скарынка хлеба, аловак, адна насавая
хустачка,
восем рублёў семдзесят чатыры капейкі грошай і чатыры мокрыя запалкі ў расплясканым
мокрым карабку”. Для чаго пісьменнік увёў гэтае пералічэнне рэчаў? Напэўна, каб
паказаць чытачу, што яго героі сапраўды апынуліся ў экстрэмальнай сітуацыі –
як выжыць, і гэтым апісаннем зацікавіць свайго чытача далейшым лёсам Мірона і
Віктара.
У пачатку II раздзела аповесці “Палескія рабінзоны” Янка Маўр падае чытачу
палярныя выказванні юнакоў наконт сваіх неабдуманых учынкаў і іх вынікаў. Варт
іх у класе
таксама зачытаць уголас і выказаць сваё меркаванне: хто з сяброў мае рацыю і
чаму. “— Вось да чаго даводзіць свавольства! – нібы сам да сябе прамовіў Мірон.—
Каб мы папрасілі човен у гаспадара, дык цяпер людзі ведалі б, дзе мы, і прыехалі
б па нас. А так, нават калі і знойдуць дзе човен, то не будуць ведаць, якім чынам
ён там апынуўся. Паслухаўся цябе...
-- Ну-ну, няма чаго наракаць, -- нездаволена забурчаў Віктар.— Ніхто цябе не
прымушаў. Калі ты такая цаца, дык не трэба было згаджацца. А ісці за паўкіламетра
шукаць гаспадара і ў цябе самога не было ахвоты. З,есці збіраліся мы гэтую душагубку,
ці што? Каб не такі выпадак, вярнулі б на месца – і ўсё”. Гэтыя маўраўскія радкі
з,яўляюцца добрым падмуркам для выхавання падлеткаў. І добра, каб менавіта разважанні
Мірона сталі блізкімі і зразумелымі сучасным сямікласнікам.
Перад апошнім заданнем на гэтым уроку стане сціслы пераказ эпізодаў II
раздзела згодна аўтарскага плана: “ — Начная дужанка. – Заяц, які дзюбаецца.
– Апошнія
запалкі. – Дадому”.
Якія рысы характару найбольш яскрава выявіліся ў галоўных герояў на аснове
пераказаных
эпізодаў? Якія думкі і ўражанні ўзніклі ў вас наконт “начной дужанкі”? Безумоўна,
учынак Віктара, які ноччу першым кінуўся ў кусты на крык дзікіх жывёл, можна
назваць смелым і мужным. Хлопец сапраўды здагадлівы, калі беспамылкова і імгненна
пралічыў гэтую сітуацыю. На жаль, гэтая думка рэзка адыходзіць на другі план,
калі ён па-браканьерску, жорстка расправіўся над жывёламі: “...стукнуў птушку
галавой аб дрэва. Гэтак жа забілі і зайца”. Жах наводзіць і эпізод, калі абодва
юнакі паклалі яшчэ цёплых ахвяр сабе пад бок, каб сагрэцца. Думаецца, будзе што
сказаць сямікласнікам наконт гэтага ўчынку Віктара і Мірона.
У якасці хатняга задання настаўнік парэкамендуе на наступны ўрок падрыхтаваць вуснае паведамленне па тэме ўрока на аснове падрыхтаванай табліцы, самастойна перачытаць III – V раздзелы твора і добра ведаць іх змест.
3-ці ўрок
“...Няма чаго рыхтавацца да смерці!”
Аналіз III – V раздзелаў твора
Гэты ўрок пажадана пачаць з праверкі дамашняга
задання:
ля дошкі заслухаць падрыхтаванае вуснае паведамленне па тэме мінулага
ўрока “Вобразы Мірона
і Віктара: агульнае і рознае ў іх” і адначасова можна прапанаваць
двум-тром радам
вучняў самастойна ў сшытку па літаратуры адказаць на ацэнку на дзевяць
пытанняў з элементамі крыжаванкі з мэтай праверкі ведання зместу самастойна прачытаных
III-V раздзелаў.
Пытанні могуць быць наступныя:
1. Закончыце сказ патрэбнымі па зместу словамі: “...ён (Віктар) схіліўся
і пачаў скубці ды есці нейкую траву. Прыгледзеўся Мірон і ўбачыў светленькія
далікатныя круглыя лісточкі так званай
"
( Заечай капусты )
2. Што з'явілася адзінай і першай “ежай” для хлапцоў у першыя суткі
іх знаходжання на востраве?
( Вада )
3. З-за якой сур,ёзнай перашкоды юнакі не змаглі прарвацца дамоў у час першай спробы?
( Возера )
4. Як называецца збудаванне, якое зрабілі Мірон і Віктар на другую ноч іх знаходжання
на востраве?
( Бярлога )
5. Устаўце патрэбнае па зместу аповесці слова: “Узялі два сухія кавалкі
і пачалі церці адзін аб адзін. Церлі доўга, цярпліва, некалькі разоў мяняліся. Але ... не
было”
. ( Агню )
6. Які від каменя назваў Віктар Мірону, з дапамогай якога можна здабыць агонь
для існавання на гэтым востраве?
( Крэмень )
7. Што з,явілася падставай зрабіць героям аповесці выснову, што яны знаходзяцца
не на бязлюдным востраве?
( Пень )
8. Як Віктар назваў зробленую ім прыладу па здабыванни агню?
( Дынама-машына )
9. Што для Мірона і Віктара паслужыла нажом у час зняцця скуры з забітага зайца?
( Спражка )
Аналіз III-V раздзелаў аповесці “Палескія рабінзоны” настаўнікам будзе скіраваны
на вызначэнне ў галоўных герояў новых рыс характару, што праявіліся
ў іх у час выжывання на востраве ў экстрэмальных умовах. Давесці сямікласнікам,
што
Мірон і Віктар з,яўляюцца ўвасабленнем маўраўскай веры ў чалавечыя сілы і здольнасці
знайсці выйсце са складанай жыццёвай сітуацыі. Выхоўваць у вучняў пачуццё аптымізму,
актыўнай грамадскай дзейнасці, цікавасць да тэарэтычных і практычных ведаў,
што дапамагаюць чалавеку выстаяць у надзвычайных умовах; развіваць уменне даваць
характарыстыку галоўным героям аповесці на аснове іх учынкаў.
Трэба зазначыць, што работа па названых раздзелах у большасці будзе грунтавацца
на зачытванні асобных яркіх эпізодаў твора, якія дапамогуць рэалізаваць мэту
заняткаў. Арганічным будзе і працяг працы вучняў па запаўненні табліцы “Вобразы
Мірона і Віктара: агульнае і рознае ў іх”.
Ва ўступным слове настаўнік літаратуры нагадае класу, што пасля
першай трывожнай ночы юнакі, хоць і галодныя, раніцай бадзёра і з аптымізмам
рушылі шукаць дарогу
дадому. Здзейсніўшы першую спробу, яны зноў і зноў шукалі выйсце. Якая галоўная
рыса характару найбольш ярка выяўляецца ў Мірона і Віктара ў гэтым урыўку кнігі?
Відавочна, -- адкажуць сямікласнікі, -- дапамагае хлопцам выстаяць у няўдалых
спробах настойлівасць у дасягненні сваёй мэты і ўзаемадапамога. Гэтую думку можна
таксама падмацаваць радкамі з твора: “ Трэба аддаць справядлівасць нашым хлопцам:
паказалі яны сябе тут сапраўднымі героямі. Праціскаліся, караскаліся, скакалі
з купіны на купіну, загразалі, выцягвалі адзін аднаго...”
Як вядома, Мірону і Віктару ўжо было па семнаццаць з паловаю гадоў. Для
таго, каб хутчэй знайсці выйсце з вострава, можна было б раздзяліцца. Чаму хлопцы
не
разлучаліся? Па-першае, героі былі на незнаёмым для іх востраве, і таму, відаць,
трохі было страшна адасабляцца ў незнаёмым месцы. Па-другое, кіраваў імі і дзесьці
такі-сякі кніжны вопыт, набыты з прыгодніцкай мастацкай літаратуры, дзе сцвярджалася,
што каб прадсцерагчы сябе ад непрыемнасцей, лепш трымацца пляча сябра, які заўсёды
дапаможа ў час бяды. Яшчэ невядома, як склаліся б абставіны, калі б хлопцы пайшлі
паасобку.
Затым настаўнік прапануе класу прачытаць па ролях эпізод гаворкі юнакоў,
калі
яны зрабілі выснову, што знаходзяцца ўсё ж такі на востраве, пачынаючы словамі:
“Калі надышоў вечар, хлопцы стаялі каля таго самага дрэва, якое дало ім першы
прытулак...” і заканчваючы: “ – Яно так, -- паскроб патыліцу Віктар, -- але на
справе гэта зусім не так добра, як здавалася раней”. Гэты эпізод – яркае сведчанне
аптымізму, разважлівасці , надзеі і веры ў моц свайго духу і фізічнай сілы Мірона
і, як ні дзіўна, роспачы Віктара.
Напрыканцы III раздзела твора Янка Маўр падае свой аўтарскі маналог:
“Пачуццё адзіноты ахапіла хлопцаў. Чаго яны сюды забраліся, далёка ад людзей,
ад сваіх
блізкіх? Што ім тут рабіць? А калі і як выберуцца – яшчэ невядома”. Настаўнік
прапануе класу паразважаць над думкамі няўласна-простай мовы. Для чаго пісьменнік
іх тут падаў? Якія пачуцці яны выклікаюць у чытача? Хутчэй за ўсё змешчаныя рытарычныя
пытанні сведчаць аб аўтарскім спачуванні сваім героям, што папалі ў недарэчную
сітуацыю. Яшчэ гэта і прамыя думкі саміх хлопцаў, пацверджанне іх усведамлення
бяды і роспачы -- пакаяння.
“Палескія рабінзоны” даюць мажлівасць педагогу яшчэ раз акцэнтаваць увагу
сваіх
выхаванцаў на станоўчую ролю ведаў у жыцці чалавека. Менавіта дзякуючы толькі
эрудыцыі, Мірон і Віктар змаглі пратрымацца пэўны час на гэтым палескім востраве.
Тут выкладчык папросіць даказаць на прыкладах з аповесці, што яна мае
і пазнавальнае
значэнне для чытача. Уважлівыя вучні ўзгадаюць пра “заечую капусту”, якая стала
для галоўных герояў пасля вады другой стравай, пра шматразовыя спробы і некаторыя
прыёмы па здабыванні агню.
Чаму не ўсе высновы навук, такія, напрыклад, як закон Архімеда ў час
пагружэння хлапцоў у ваду ці першая спроба па здабыванні агню, не спрацоўвалі
практычна
ў жыцці герояў? – звернецца настаўнік літаратуры да дзяцей і з такім пытаннем.
Сямікласнікі скажуць, што Мірон і Віктар, відаць, мелі павярхоўныя, нетрывалыя
веды, многае забылі ці дрэнна ўсведамлялі іх. Вось як у гэтым прызнаецца сам
Мірон: “—Ды неяк не звяртаў увагі на падрабязнасці”. І яшчэ: “—Не ўмеем мы ўважліва
чытаць кнігі...” Як бачым, і самакрытычны падыход да сваёй асобы таксама прысутнічае
ў характарах герояў кнігі.
На працягу ўсіх раздзелаў ёсць эпізоды, якія пацвярджаюць, што юнакі
валодаюць і такімі рысамі характару, як здагадлівасцю і дасціпнасцю. Падмацуйце
гэта фактамі
з самастойна прачытаных раздзелаў. Школьнікі сёмага класа тут прыгадаюць у першую
чаргу Віктара, калі той хутка прааналізаваў начную валтузню пугача і зайца ў
кустах. Каб хоць трошкі самому сагрэцца і каб сябар не замёрз, наладзіў начную
дужанку. Як ні прыкра, але пакладзеныя ля бакоў толькі што забітыя заяц і пугач
таксама трохі сагрэлі юнакоў. Мірон з падручных рэчаў зрабіў дынама-машыну для
распальвання агню, выкарыстаў у якасці нажа раменную спражку, каб зняць скуру
з забітага зайца. Гэтым, можна сказаць, і даў магчымасць абодвум выжыць у неспрыяльных
умовах.
Перад хлопцамі “паўстала пытанне, што спачатку рабіць: ці “хату” будаваць,
ці
агонь здабываць?” Вырашылі аднагалосна, “што агонь важней”. Чаму ён важнейшы?
Напэўна, і тут паслужылі кніжны вопыт і жыццёвая назіральнасць Мірона і Віктара.
Зразумела, што смажаны заяц будзе смачнейшы, а ўжо хацелася есці. Па-другое,
юнакі агню ў сваім жыцці яшчэ ніколі не здабывалі, а давядзецца, адчувалі, шмат
на гэтую справу затраціць часу. Ведалі, што мяса зайца таксама хутка псуецца,
а хацелася і яго выкарыстаць з карысцю, бо ці ўдасца што падобнае больш злавіць.
А без будана ўжо першую ноч прабылі -- змайстраваную бярлогу можна было выкарыстаць
зноў.
Чаму Янка Маўр шмат увагі удзяліў у IV раздзеле апісанню пошуку агню,
падаў магчымыя
спосабы па яго здабыванні? Думаецца, што такім прыёмам пісьменнік хацеў пашырыць
кругагляд сваіх юных чытачоў. Аўтар яшчэ раз падкрэслівае павярхоўнасць ведаў
Мірона і Віктара нават ў такой важнай для жыцця справе, як здабыванне агню, хоць
у любым падручніку гісторыі для сярэдняга школьнага ўзросту гэты працэс апісаны
і паказаны на малюнку. Агонь — гэта аснова жыцця для людзей. І як яго правільна
здабыць -- трэба каб цвёрда ведаў любы чалавек і тым больш вандроўнік. Праўда,
пісьменніка можна пакрытыкаваць за тое, што ў сучасных умовах на Беларусі, тым
больш ранняй вясной, з дапамогай дынама-машыны раздабыць агню усё ж такі не атрымаецца.
Добра, каб на гэты ўрок хто-небудзь з вучняў падрыхтаваў неабходныя дэталі гэтай
“машыны” і прадэманстраваў яе работу.
Пасля доўгіх памкненняў хлопцы ўсё ж такі агонь здабылі. Што гэтаму паспрыяла?
Чаму Мірон і Віктар сумелі яго зберагчы нават у час навальніцы? Зноў жа дапамаглі
ім настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты, старанне, веды з кніжных крыніц,
сапраўдная дружба, знаходлівасць і дасціпнасць. Вось галоўны пералік якасцей
характару, што дапамагаюць чалавеку выжыць у экстрэмальных умовах.
Як вы думаеце,-- звернецца настаўнік з апошнім пытаннем да школьнікаў,-- каго
і што Янка Маўр хацеў увасобіць на вобразах галоўных герояў аповесці “Палескія
рабінзоны”? Віктар і Мірон сапраўды з,яўляюцца аўтарскім увасабленнем веры ў
чалавечыя сілы і здольнасці знайсці выйсце са складанай жыццёвай сітуацыі. Як
бачым, пасля шматлікіх выпрабаванняў і пакут літаратурныя героі атрымоўваюць
узнагароду – агонь, а гэта значыць – жыццё.
Дамашняе заданне. Самастойна перачытаць і добра ведаць змест VI-IX раздзелаў
кнігі “Палескія рабінзоны”. Ініцыятыўным групам падрыхтаваць па дадзеных раздзелах
літаратурную віктарыну: 1-ай групе – на тэму “У свеце раслін”, 2-ой – “У свеце
жывёл”, 3-яй – “Цікава ведаць на ўсякі выпадак”.
4-ты ўрок
Аповесць “Палескія рабінзоны” – даведнік для вандроўніка-пачаткоўца па
Беларусі. Вобраз Радзімы ў творы.
Аналіз VI-IX раздзелаў
Зыходзячы з прадстаўленай тэмы чарговых заняткаў, настаўнік літаратуры
павінен максімальна сканцэнтраваць увагу сямікласнікаў на пазнавальнае
значэнне вывучаемага твора Янкі Маўра і прасачыць разам з дзецьмі за
аўтарскім майстэрствам стварэння збіральнага вобраза Беларусі.
Пастаўленую задачу прапануем рэалізаваць двума шляхамі. Першы з іх , на нашу
думку, гэта можа быць урок у форме літаратурнай віктарыны па самастойна прачытаных
вучнямі дома раздзелах аповесці. Другі -- сціслы пераказ школьнікамі адпаведных
пазнавальных эпізодаў, і асабліва ў тым класе, дзе прысутнічае большасць вучняў
з цяжкасцямі ў вучобе. У такім разе па зместу віктарыны могуць самастойна папрацаваць
моцныя сямікласнікі, запісваючы патрэбныя адказы ў сшыткі па літаратуры.
Пачаць чацвёртыя заняткі прапануем з выказвання вучняў наконт разумення
імі першай часткі тэмы ўрока: “Аповесць “Палескія рабінзоны” – даведнік для
вандроўніка-пачаткоўца
па Беларусі”. Ці можна пагадзіцца з такім выразам і чаму?
Безумоўна, на гэта сямікласнікі прывядуць шмат фактаў, што затым і стане асноўным
зместам работы на ўроку. Загадзя падрыхтаваны дома выбарачны пераказ адпаведных
эпізодаў па складанаму плану стане своеасаблівай справаздачай хатняга задання.
Твор сапраўды можна назваць даведнікам па двух яго якасцях. Па-першае, у ім
апавядаецца пра адметнасці флоры і фауны нашай беларускай прыроды. Па-другое,
героі, а значыць і аўтар аповесці павучаюць сучаснага чытача і вандроўніка,
як выжыць у экстрэмальных умовах менавіта на Беларусі.
Добра, каб настаўнік загадзя да ўрока паклапаціўся пра неабходную нагляднасць
у кабінеце біялогіі: падабраў патрэбны гербарый раслін, фотаздымкі і малюнкі
з адлюстраваннем дзікіх жывёл і птушак, што ўзгадваюцца ў аповесці Янкі Маўра.
Вось прыкладны змест пытанняў і заданняў пазнавальнай віктарыны на выяўленне
ў класе лепшага знаўцы кнігі “Палескія рабінзоны”:
“У свеце раслін”
1. “Мірон нахіліўся. Ён убачыў бурыя грыбы, -- нібы сушаныя грушы,
панатыканыя вострымі канцамі ў зямлю. Безліч тонкіх, далікатных зморшчак
надавала ім нейкі
асаблівы выгляд ... Гэта першыя нашы грыбы. Яны з,яўляюцца зараз жа пасля
таго, як растане снег”. Як называюцца гэтыя грыбы, якія былі знойдзены і
выкарыстаны Міронам і Віктарам для ежы? (Смаржы)
2. “Тут ёсць цукар, які карыснейшы за мяса. Яго якраз і не хапала для нашых арганізмаў. Цукар падтрымлівае нервовую сістэму і асабліва карысны пры разумовай працы”. Пра які цукар ідзе гаворка? У чым юнакі яго знайшлі? (Бярозавы сок)
3. Па наступных аўтарскіх апісаннях пазнайце дрэвы, якімі зацікавіліся
і любаваліся рабінзоны на востраве:
А) “Ужо праз сотню крокаў Віктар зацікавіўся высокай хвояй з шараватаю гладкай
карою і шызымі ігламі.
-- Што гэта такое? – запытаўся ён. – Здаецца, ні сасна, ні елка.
... – Бачыш, іглы больш сціснутыя, а знізу во якія дзве сінявата-белыя палоскі.
Шышкі падобныя да яловых, але больш тупыя.
-- Дык яны ж растуць у Сібіры! – здзівіўся Віктар.
-- А вось, бачыш,ёсць і ў нас. А сібірскія ... і росту меншага, і іглы і шышкі
напалову меншыя”. (Ельніца)
Б) Хлопцы натрапілі на невялікае дрэва з нейкім дзіўным лісцем: не то
хваёвыя іглы, не то звычайныя вузкія лісцікі. Дзве паловы ліста складалі
нібы жалабок, а каля ліставой пазухі былі прычэплены шурпатыя галачкі.
-- А гэта якое дрэва, хваёвае ці ліставое? – запытаўся Віктар, упэўнены, што
Мірон ведае.
-- Гэта, гэта ... – мармытаў ён і напружваў памяць.
-- Эх ты, спец! – насмешліва сказаў Віктар.
... – Ведаю! Паўднёвая расліна, але належыць да хваёвых. Лісце атрутнае. Само
дрэва вельмі моцнае ... Не ведаю, як тут, а ў іншых месцах яно можа жыць дзве
тысячы гадоў. ... наогул дрэва невялікае. Тут яно вельмі рэдка сустракаецца;
бывае яшчэ ў Белавежскай пушчы. А далей на ўсход няма ...” (Ціс)
В) “Праз некаторы час звярнулі ўвагу яшчэ на адно невялікае хваёвае
дрэва з маленькімі зялёненькімі ігламі, якія раслі паасобнымі мяцёлкамі.
Віктар зацікавіўся ім.
-- Глянь. Здаецца, нібы іглы ўсе маладыя, толькі што пачынаюць расці.
-- Так яно і ёсць ... Яна на зіму скідае свае іглы, ... любіць горную камяністую
глебу. Але ў некаторых месцах і ў нас добра расце. Яе часта ў нас штучна разводзяць.
Гэта -- ... ,-- адказаў Мірон”. (Лістоўніца)
4. “ ... Мірон спыніўся каля травы з зубчастым, складаным лісцем. На
верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі.
-- Раю заўважыць гэтую расліну, -- са смехам сказаў Мірон, -- табе яна можа
спатрэбіцца.
-- Чаму ж так мне?
-- А вось калі пачнеш гарачыцца занадта, дык зробім адвар з кораня, каб супакоіць
нервы. Гэта – ...”
Коранем якой расліны збіраўся Мірон супакоіць нервы Віктара? (Валяр,ян)
5. “Хлопцы заўважылі на спадзе, пад аховай дрэў, купку не то травы,
не то кустоў з вялікімі прыгожымі залаціста-жоўтымі кветкамі. Падышоўшы
бліжэй, хлопцы ўбачылі, што некаторыя сцяблы дасягаюць двух метраў вышыні.
Лісце было прадаўгаватае, тоўстае, нібы тлустае. Ад кветак ішоў моцны
пах. Усё гэта рабіла ўражанне, нібы расліна гэтая з,яўляецца тут нейкім
госцем.
-- А гэтая штука досыць цікавая! – прамовіў Віктар і пачаў кратаць кветкі і
лісце. – Нібы нейкія там фікусы ці рададэндраны – ліха іх ведае, -- што часам
трымаюць у пакоях, у гаршках. Ды і пах такі, што можна адурэць
Мірон жа, здавалася, глядзеў на расліну з нейкім хваляваннем.
-- Так, -- сказаў ён нарэшце. – Гэта -- ...” Што далей сказаў юнак? (Азалія,
ці “божае дрэўца”)
“У свеце жывёл”
1. Па наступных маўраўскіх апісаннях пазнайце жыхароў лесу:
А) “Здавалася, увесь ён складаўся толькі з адной страшэннай галавы.
Ні зада, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава са шчаціністым
хібам, натапыранымі
вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай”? (Дзік)
Б) “Яна ляжала, скруціўшыся на пяньку, і грэлася на сонейку. Галаву вытыркала ўверх і млява варушылася”? (Змяя)
В) “Тут па дрэве шмыгнула нейкая новая жывёліна, крыху падобная да
вавёркі, толькі танчэйшая і даўжэйшая за яе. Колер шкуры – руды, з белымі
плямамі...
-- Зімою ён белы, а цяпер якраз змяняе зімовае адзенне на летняе. Самая галоўная
яго адзнака – канец хваста, які заўсёды бывае чорным”? (Гарнастай)
Г) “Падыходзячы да аднаго балотца, здалёк заўважылі, што на беразе
яго нехта капошыцца...
Гэты “нехта” быў велічынёю з шапку. Яно неяк смешна і нязграбна прыстасоўвалася,
каб хвастом выкапаць у зямлі ямку, і была так занята сваёю справай, што
нічога не заўважала навакол”? (Чарапаха)
Д) “Над галавой іх нехта ціхенька праляцеў і ўчапіўся за суседнюю бярозу...Яно значна адрозніваецца ад вавёркі. Удзень звычайна сядзіць у сваім гняздзе”? (Ляцяга, або лятучая вавёрка)
2. “Крэк-крэк”, -- пачуўся недзе голас .
-- І ён тут! – здзівіўся Мірон. – Да гэтага часу я чуў яго толькі ў жыце.
-- Гэта, мусіць, падарожны, -- аўтарытэтна сказаў Віктар. – Відаць, толькі
што прыйшоў з Афрыкі.
-- Як гэта “прыйшоў”?—здзівіўся Мірон.
-- Ды прыпёр пехатою, і ўсё.
-- З Афрыкі?
-- Але.
Мірон зарагатаў.
--Ты не рагачы, я кажу сур,ёзна. Сам у кнізе чытаў. Яны дрэнна лятаюць
і не любяць ляцець. Таму і лічаць за лепшае ісці і тады толькі падымаюцца,
калі на дарозе вада ці іншая перашкода.
Мірон павінен быў паверыць, але доўга яшчэ смяяўся з гэтага дзіўнага пешахода”.
Пра якую птушку вядуць размову сябры і хто з іх мае рацыю? ( Пра драча. Віктар.)
3. “... хлопцы заўважылі, як у вадзе шмыгнула нешта цёмнае. Не паспелі прыгледзецца,
як каля берага паказалася бліскучая цёмна-бурая круглая галава з белай плямай
на носе. У роце незнаёмы “злодзей” трымаў рыбіну.
--...Ах, паганая! Яна ўсю нашу рыбу зжарэ! Тым болей што яна часта адгрызае
толькі спіну, а рэшту кідае.
-- Будзем тады лавіць яе разам з рыбай, -- прапанаваў Мірон.
-- Ну не, брат, яна не такая дурная. Яе толькі ў пастку можна злавіць, ды і
то трэба паставіць каля нары. А нара мае два выхады: адзін наверх, а другі
пад ваду.Аднаго разу чатыры чалавекі па чарзе пільнавалі яе шэсць тыдняў і
не маглі злавіць”. Што гэта быў за “злодзей”? (Выдра)
4. “На палянцы білася некалькі пар, ды так, што толькі пер,е ляцела
ва ўсе бакі. Асабліва вызначаўся стары, чорны, з белымі палосамі на крылах.
Навакол, па галінах, сядзелі рабыя самкі і глядзелі на гэтае спаборніцтва,
якое адбывалася выключна дзеля іх.
Яны крыкамі падбадзёрвалі байцоў, а тыя стараліся з усіх сіл, каб паказаць
сябе перад красунямі”. За баталіямі якіх птушак назіралі юнакі? (Бой цецерукоў)
“Цікава ведаць на ўсякі выпадак”
1. Што, на думку Мірона, чалавеку-вандроўніку можа замяніць
соль? (Попел)
2. Што паслужыла для хлапцоў рыбалоўным саком? (Кашуля)
3. Скуру якой жывёлы юнакі выкарысталі для булавы? (Вожыка)
4. Што паслужыла Мірону і Віктару пасудзінай для прыгатавання чаю
і захоўвання вады? (Панцыр чарапахі)
5. Што выкарысталі вандроўнікі ў якасці скураных пецель для лоўлі
цецерукоў? (Скуру змяі)
-- Як вы думаеце, што такое Радзіма? – з чарговым пытаннем звернецца
настаўнік літаратуры да сямікласнікаў пасля віктарыны, каб скіраваць
гаворку на вобраз Беларусі ў аповесці “Палескія рабінзоны”. Зразумела,
адказы вучняў будуць разнастайнымі: нехта з дзяцей скажа пра Рэспубліку
Беларусь, Айчыну ў цэлым, асобныя засяродзяць увагу на малой бацькаўшчыне.
Радзімай сапраўды з,яўляецца тое месца, дзе чалавек нарадзіўся, вучыўся,
пражыў шмат гадоў, пасталеў, спазнаў шчасце і гора. Добра, калі дзеці
ўзгадаюць сваіх сямейнікаў, родзічаў, сяброў, якія таксама з,яўляюцца
прадстаўнікамі і часткай радзімы. Настаўнік падагуліць выказванні падлеткаў
і акцэнтуе ўвагу на двух значэннях гэтага слова, зачытае ў падмацаванне
адпаведныя артыкулы з тлумачальнага слоўніка: “Радзіма. 1. Краіна, якая
гістарычна належыць пэўнаму народу і якую гэты народ насяляе; бацькаўшчына.
2. Месца ўзнікнення, паходжання чаго-небудзь”.
Затым педагог яшчэ раз зачытае ўголас запісаныя на дошцы словы-адказы на пытанні
літаратурнай віктарыны і прапануе сямікласнікам назваць, на іх думку,
тыя словы-вобразы, якія асацыіруюцца ў іх уяўленні з нашай Радзімай. Тут, безумоўна, у вучнёўскі
адказ-пералік увойдуць такія словы, як смаржы, бярозавы сок, дзік, драч, мядзведзь,
валяр,ян і інш. Пад канец эўрыстычнай гутаркі настаўнік падвядзе падлеткаў
да думкі, што ўсе маўраўскія апісанні вобразаў у аповесці “Палескія рабінзоны”
складаюць у цэлым агульную карціну -- вобраз Беларусі.
На кантрольна-рэфлексійным этапе гэтага ўрока выкладчык прапануе класу выказаць
свае думкі наконт ролі прыроды ў аповесці Янкі Маўра “Палескія рабінзоны”.
Чаму твор носіць пазнавальны характар і прадстаўляе вобраз нашай Радзімы. Відаць,
дзеці скажуць, што пісьменнік у гэтай кнізе імкнуўся паказаць не толькі прыгажосць
і разнастайнасць свету палескай прыроды. Больш важную місію яе трэба бачыць
у раскрыцці аўтарскай ідэі.Прырода з,яўляецца аб,ектам праверкі і гартавання
галоўных герояў на сапраўднасць дружбы, іх моцы сілы і духу.
Дома патрабуецца ад вучняў самастойна перачытаць і добра ведаць змест X-XII раздзелаў твора.
5-ты ўрок
Аналіз X-XII раздзелаў кнігі. Заключныя заняткі. Развіццё паняцця пра прыгодніцкую
аповесць
Напрыканцы вывучэння аповесці “Палескія рабінзоны” настаўнік літаратуры зверне
ўвагу дзяцей на адметнасць яе сюжэта, на экалагічную накіраванасць і пазнаёміць
з літаратуразнаўчым паняццем “ прыгодніцкая аповесць” – вось
асноўны пералік задач на гэты заключны ўрок.
Пачаць заняткі можна з праверкі дамашняга задання: падрабязнага пераказу
самастойна прачытаных вучнямі дома заключных X-XII раздзелаў ці з правядзення
літаратурнай
віктарыны з элементамі крыжаванкі:
1. Якую жывёлу Мірон і Віктар завялі на востраве ў якасці хатняй гаспадаркі
першай?
(Цецярук)
2. Сям,я якой пароды жывёл стала ахвярай у час палявання юнакоў ля лісінай
нары?
(Барсук)
4. З якога прыроднага матэрыялу рабіўся гэты посуд? (Гліна)
6-7-ы ўрокі
Развіццё звязнай мовы.
Сачыненне
Звычайна пасля вывучэння буйнага мастацкага твора настаўнік літаратуры
праводзіць урокі развіцця мовы. Па выніках аналізу аповесці “Палескія
рабинзоны” таксама
можна прапанаваць сямікласнікам напісаць па выбары сачыненне: сачыненне-разважанне
ці сачыненне-апавяданне на адну з прапанаваных тэм, тым больш, што асобныя
ўрокі з прадстаўленай сістэмы ўжо былі накіраваны на падбор матэрыялу
для творчай працы.
Тэмы сачыненняў могуць быць наступнымі:
1. Вобразы Мірона і Віктара: агульнае і адметнае ў іх.
2. Якую ролю адыгрывае прырода ў раскрыцці аўтарскай ідэі ў аповесці Янкі
Маўра “Палескія рабінзоны”?
3. Чаму можна павучыцца нам у галоўных герояў аповесці Янкі Маўра “Палескія
рабінзоны”?
4. Маё падарожжа па славутых мясцінах Бярозаўшчыны.
Галоўная |
Урокі мовы |
Урокі літаратуры |
Школьныя тэхналогіі навучання |
Пазакласная праца |
Нагляднасць |
Адміністратару школы |
Педагагічныя навінкі |
Публіцыстыка |
Бібліяграфія |
Аб аўтару сайта |