Каб харашэць душой

Педагагічны сайт Міколы Жуковіча,
настаўніка беларускай мовы і літаратуры, дырэктара Бярозаўскай СШ № 1 Брэсцкай вобласці

Урокі літаратуры


Вывучэнне аповесці Барыса Сачанкі "Пакуль не развіднела"
(IX клас)


    Аповесць Барыса Сачанкі "Пакуль не развіднела" — яшчэ адзін у школьнай праграме твор, які прысвечаны тэме партызанскага руху на Палессі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
    Адметнасць кампазіцыі аповесці заключаецца ў тым, што асноўны аўтарскі аповед пра ваенны час перакрыжоўваецца з даваеннымі ўспамінамі Юлі. 3 падобнай структурай мастацкага твора вучні ўжо сустракаліся ў восьмым класе, калі вывучалі аповесць Васіля Быкава "Абеліск" і дадаткова знаёміліся з яго апавяданнем "На чорных лядах". Такую ж пабудову мае і аповесць Барыса Сачанкі "Апошнія і першыя", з якой, магчыма, вучні знаёміліся на ўроку пазакласнага чытання таксама ў восьмым класе. 3 вопыту вядома, што творы такой будовы аналізаваць з вучнямі больш складана, чым творы, у якіх сюжэт разгортваецца храналагічна. Для лепшага ўспрымання аповесці "Пакуль не развіднела" неабходна адпаведная падрыхтоўка, што будзе зроблена на ўступных занятках. Дамашняе чытанне твора патрабуе, каб былі праведзены арыенціровачныя заняткі. На гэта спатрэбіцца час — мінімум як адна гадзіна, таму, нам думаецца, больш мэтазгодна вывучаць аповесць "Пакуль не развіднела" змешаным шляхам, спалучаючы праблемны аналіз з павобразным.
    Аповесць "Пакуль не развіднела" належыць да твораў вялікай эпічнай формы. У хрэстаматыі яна змешчана ў скарачэнні. Настаўніку трэба параіць вучням прачытаць аповесць у поўным аб'ёме. Пажадана, каб да яе вывучэння на ўроках дзевяцікласнікі ўжо добра ведалі змест твора. Таму настаўніку варта даць класу апераджальнае заданне прачытаць аповесць. На арыенціровачных занятках неабходна дапамагчы вучням запомніць яе змест. Вядома, што толькі другое чытанне скіравана на больш дакладнае засваенне сюжэта, вызначэнне праблематыкі і ідэйнага зместу.
    Прапануем наступную сістэму заняткаў.
    Першы ўрок. Уступныя заняткі: Барыс Сачанка — ахвяра і сведка падзей Вялікай Айчыннай вайны. Арыенціровачныя заняткі па аповесці "Пакуль не развіднела".
    Другі ўрок. Тэма сталінскага беззаконня ў творы.
    Трэці ўрок. Развіццё звязнай вуснай мовы. Сачыненне на тэму "Мой бацька".
    Чацвёрты ўрок. "Свае" і чужыя ў аповесці.
    Пяты ўрок. Вобраз Юлі. Заключныя заняткі.

    Першы ўрок. Барыс Сачанка — ахвяра і сведка падзей Вялікай Айчыннай вайны. Арыенціровачныя заняткі па аповесці "Пакуль не развіднела"


     Дзевяцікласнікі ўжо знаёміліся з творамі Барыса Сачанкі ў папярэдніх класах: у шостым вывучалі апавяданне "Зерне і млын", а ў восьмым абмяркоўвалі на ўроку пазакласнага чытання аповесць "Апошнія і першыя". Такім чынам, імя пісьменніка Барыса Сачанкі школьнікам ужо вядома. I хаця праграма па беларускай літаратуры не патрабуе знаёміць дзевяцікласнікаў з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка, але будзе карысна адвесці час у пачатку першага ўрока, каб аднавіць вядомае і даць новае пра асобу празаіка. Таму мэтазгодна настаўніку або добра падрыхтаванаму вучню выразна прачытаць змешчаны ў падручніку ўступны артыкул-аўтабіяграфію "Пісьменнікам мяне зрабіла вайна...". Гэта найбольш эфектыўны прыём правядзення ўступных заняткаў, бо праца скіравана на выхаванне ў вучняў цікавасці да асобы і творчасці Барыса Сачанкі. Трэба мець на ўвазе, што ў далейшым праграма не прадугледжвае абавязковага вывучэння твораў пісьменніка ў старэйшых класах, таму настаўніку варта паклапаціцца, каб вучні засвоілі змешчаны ў артыкуле матэрыял.
    3 мэтай вывучэння чытацкага ўспрымання самастойна прачытанай дзевяцікласнікамі аповесці "Пакуль не развіднела" класу можна прапанаваць невялічкую віктарыну і гутарку па пытаннях і заданнях. Яны скіраваны на тое, каб настаўніку зарыентавацца, як вучні ведаюць змест аповесці, стварыць атмасферу эмацыйнасці, што спрыяе больш трываламу засваенню матэрыялу.
    I. Чый гэта партрэт?
    1. "Сярод людзей, што мелі патрэбу ў той дзень наведацца ў Доўгі Мох і ішлі туды па дарозе з мястэчка, была і дзяўчына гадоў пад пятнаццаць-шаснаццаць, не надта прыгожая з твару, уся ў рабацінні, да таго ж цыбатая і худая". (Партызанская сувязная, галоўная гераіня аповесці Юля.)
    2. "...ён быў маленькі ростам, з угнутай у горб кароценькай шыяй і ненатуральна доўгімі, як і ва ўсіх гарбуноў, рукамі. Звычайна ён укатваўся надвячоркам у хату, тоўсценькі, кругленькі, дабрадушна смяяўся і гаварыў да бацькі..." (Дзядзька Падабед, партызанскі сувязны, падпольшчык.)
    II. Хто з персанажаў аповесці апісаны ў наступных радках?
    1. "Начальнікам паліцыі стаў ... чалавек, які невядома адкуль паявіўся, але пра якога ўсе гаварылі, што ён люта ненавідзіць бальшавікоў і ўсё, што хоць чым-небудзь напамінае Саветы. Хадзіла пагалоска, што сам ён з кулакоў, бацьку яго нібыта раскулачылі і саслалі, а ён недзе перахаваўся і ацалеў".
(Паліцай Коўцік.)
    2. "...як жыццё яго ні кідала, ні цёрла, праз увесь век свой застаўся верны самому сабе — хоць з голаду падыхаў, але ніколі нідзе на пуп добра не браў, не перасільваўся, а то часам і наогул нічога не рабіў. Сена ў яго заўсёды гніло на лузе нягрэбенае, снапы прарасталі немалочаныя ў копах, а тое, што ўдавалася яму неяк абмалаціць, прэла ў мяшках, бо прасушыць зерне ў (яго) не даходзілі рукі... Сваю абыякавасць і непавагу да працы (ён) перадаў і сыну". (Бацька паліцая Шылахвоста, Банадысь.)
    3. "... (ён) не толькі багата чаго расказваў, ён вучыў Юлю пазнаваць душу лесу, бачыць у ім усё жывое і разумець яго — ад маленечкага чарвячка ў кары да самага высачэннага дуба-волата. I гэта быў такі вялізны свет, які на пэўны час цалкам захапіў Юлю". (Юлін бацька.)
    III. Чые гэта думкі і разважанні?
    1. "— Няўжо ты, Каця, і праўда лічыш, што ўсіх, каго забралі, забралі правільна?.. — і, не чакаючы, што тая адкажа, гаварыў далей: — Дык ведай жа — гэта казаў мне сам той следчы, што разбіраў маю справу, бо гэта быў добры знаёмы нашай сям'і, ён ляжаў паранены ў нашай хаце яшчэ ў грамадзянскую, калі тут былі белапалякі: некаторыя справы, якія ён разбіраў, такія ж, як і мая, ліпавыя... Я не гаварыў табе пра ўсё, каб ты менш ведала і менш перажывала... I мне трэба маўчаць, калі я хачу быць на волі, маўчаць, як мыш. Нідзе нікому ні пра што нічагуткі, ні шэп нават..." (Юлін бацька.)
    2. "Каб ніхто не здолеў прабрацца да партызан і не паведаміў пра карную экспедыцыю — што нехта паспрабуе гэта зрабіць, (ён) быў упэўнены: гэтых людзей бі, палі, вешай, а яны ўсё роўна жывыя, зноў робяць тое, што і рабілі, — (ён) аддаў загад сёння ж перакрыць усе дарогі да вёскі Доўгі Мох, паблізу якой, як яму далажылі, акурат і атабарыўся партызанскі атрад". (Камендант раёна обер-лейтэнант Ганс Вінкель.)
    3. "Яму зрабілася аж горача ад гэтых думак, і далей ён ужо не мог сябе стрымаць — у думках ён лез, як цыган па драбінах, у неба... Немцы ставяць яго бургамістрам ці, можа, забіраюць і вышэй, у вобласць... Тады... Ах, навошта думаць, што будзе тады..." (Начальнік павятовай паліцыі паліцай Шылахвост.)
     4. "Бацька, ён, ён вінаваты, што я ў паліцыі!.. Ты ж ведаеш, які ён у мяне. Яму абы яго не чапалі. А нашы гэта ці немцы — усё роўна. Прыйшлі гэтыя, а ён мне і кажа: "Усё адно табе, сынок, адседзецца не ўдасца. Калі ў партызаны не пойдзеш, у паліцыю трэба падавацца. Бо ў Нямеччыну звязуць. Як іншых... Дарога туды далёкая, а ці вернешся адтуль — невядома... 3 усіх бед выбірай найменшую. Мая рада табе такая — ідзі ў паліцыю. Не лезь вельмі там, не выслужвайся — папі гарэлкі трохі, за дзеўкамі пабегай, затворам паляпай... А там убачым, хто над кім верх бярэ: немцы — немцам і служыць будзеш. А нашы — у лес пойдзеш..." (Малады хлопец, паліцай Міхась Цапок.)
    5. "Што, калі мяне вось зараз затрымаюць і не выпусцяць?.. Хто, хто перадасць тады партызанам тое, што павінна перадаць я?.. I што будзе заўтра з тымі людзьмі, якіх застануць немцы ў Доўгім Моху, што будзе з самімі партызанамі? Ах, якая ж я дурніца... Пайшла сама ў рукі паліцаям. Чаму не вярнулася, калі пачула, што ў Доўгі Мох не пускаюць, што ўсіх, хто туды ідзе, арыштоўваюць? — узнікалі, таўкліся ў галаве, абганяючы і выцясняючы адна адну, думкі. — Казаў жа Падабед, мне трэба думаць не толькі пра сябе, але і пра тых, хто ў лесе, хто застаўся ў мястэчку, хто жыве ў Доўгім Моху..." (Юля.)
    IV. Закончыце фразу тэксту:
    1. "Коўцік з'явіўся ўслед за пасыльным. Як валяўся ў пасцелі, так і прыбег — у чорных памятых штанах, барвовай, такой жа памятай, як і штаны, бы пажованай, сацінетавай кашулі, на манішцы якой былі вышыты..." (блакітныя васількі).
    2. "Прайшла па дарозе далей ад броду. Потым вярнулася назад да дуба: усё ніяк не магла паверыць, што ля броду нікога няма. "Можа за мною цікуюць, прыглядаюцца, хто я такая? Яны ж бачаць мяне ўпершыню. I можа не ведаюць — адзывацца на мой голас ці лепей памаўчаць?.."
     Не стрывала — крыкнула зноў.
     У адказ — маўчанне. Глухое. сцятае...
    " Што ж мне рабіць?" — агартаў Юлю неспакой, одум.
     I ў гэты момант на вочы ёй неспадзявана ўпалі..." (сляды).
    3. "...Ні Юля, ні нават Падабед не ведалі, што ў той дзень, калі выйшла з мястэчка Юля, толькі на некалькі гадзін раней, па дарозе ў Доўгі Мох..." (пайшла і яшчэ адна дзяўчына...).
    Віктарына не ахоплівае ўсяго зместу аповесці, таму варта яшчэ паставіць класу некалькі пытанняў, прыкладна такіх:
    1. Якія гістарычныя перыяды з жыцця нашага народа адлюстраваны ў творы Барыса Сачанкі? Дзе адбываюцца падзеі?
     2. Назавіце асноўных персанажаў аповесці. Раскажыце пра іх.
    3. Якія ілюстрацыі захацелася б вам намаляваць да аповесці Барыса Сачанкі, каб праз іх зацікавіць вашых сяброў чытаннем гэтага твора?
    Цяпер, калі сюжэт твора ахоплены, можна папрасіць клас выказаць свае матываваныя адносіны да твора Барыса Сачанкі "Пакуль не развіднела". Вусныя адказы на пытанні дапамогуць стварыць цэласную карціну падзей, якія адлюстраваны ў аповесці.
    Да наступнага ўрока вучням даецца заданне падрыхтаваць сціслы пераказ лёсу Юлінага бацькі па самастойна складзеным плане, а таксама — выразнае чытанне аповеду дзядзькі Падабеда пра лёс сакратара райкома партыі.


Другі ўрок. Тэма сталінскага беззаконня ў творы


    Тэма ўрока патрабуе, каб вучні мелі некаторае ўяўленне пра 30-ыя гг., пра рэпрэсіі і беззаконне, што панавалі ў той час.
    Таму перад гутаркай варта правесці лексічную працу над словамі і паняццямі: таталітарны рэжым, рэпрэсіі, рэабілітацыя, тэрор, паклёпніцтва, НКУС (сустракаецца ў беларускіх творах і НКВД (энкавэдэ), нацыяналіст і інш. Безумоўна, без ведання іх лексічнага значэння не атрымаецца гаворкі пра стан жыцця народаў былога СССР канца 20-ых і першай паловы 50-ых гг., вучні не асэнсуюць ва ўсёй паўнаце сэнс старонак аповесці пра лёс бацькі Юлі і аповед дзядзькі Падабеда пра лёс сакратара райкома. Улічваючы тое, што на ўроках гісторыі Беларусі гэты гістарычны час ужо вывучаўся ды і ў апошні час былі паказаны па тэлебачанні дакументальныя і мастацкія фільмы пра Сталіна і сталінізм ("Завтра была война" па аднайменнай аповесці Барыса Васільева, "Знак бяды" па аднайменнай аповесці Васіля Быкава, "Холодное лето пятьдесят третьего", "Николай Вавилов", "Красный скорпион", "Эшалон-007" і інш.), друкавалася шмат артыкулаў у газетах і часопісах, таму з класам можна правесці гутарку, ажыццяўляючы міжпрадметныя сувязі, па наступных пытаннях:
    1. Супраць каго былі скіраваны рэпрэсіі ўладаў? У чым іх адметнасць на Беларусі?
    2. Які лёс рэпрэсаваных?
    Педагогу пажадана абагульніць адказы школьнікаў, акцэнтуючы ўвагу на імёнах рэпрэсаваных. Называюцца трынаццаць беларускіх пісьменнікаў, расстраляных у адзін дзень. Сярод іх Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач і інш. Прайшлі праз сталінскія турмы і ГУЛАГі Сяргей Грахоўскі, Уладзімір Дубоўка, Станіслаў Шушкевіч, Васіль Хомчанка, якія, на шчасце, уцалелі. Варта ўспомніць таксама трагічныя лёсы беларускіх вучоных, напрыклад, Язэпа Лёсіка, Браніслава Тарашкевіча, Сцяпана Некрашэвіча, Усевалада Ігнатоўскага і інш. Беспадстаўныя арышты стваралі ў рэспубліцы атмасферу страху, развівалі паклёпніцтва, даносы — усё гэта негатыўна ўплывала на асобу чалавека. Такая папярэдняя праца падвядзе дзевяцікласнікаў да больш глыбокага разумення тых падзей, пра якія гаворыць Барыс Сачанка ў аповесці "Пакуль не развіднела".
    Затым настаўнік прапануе вучням сцісла пераказаць па самастойна складзеным дома плане біяграфію бацькі Юлі, пачынаючы са слоў: "Бацьку Юля любіла..." Такая форма працы з'яўляецца эфектыўным сродкам падрыхтоўкі да аналізу вынесенай на ўрок праблемы. Каб вучні паўней і глыбей ахапілі матэрыял, настаўніку мэтазгодна запісаць загадзя на дошцы разгорнуты план пераказу. Ён можа быць прыкладна такім:
    I. 3 бацькам заўсёды было цікава.
    II. Жыццё ў мястэчку.
    1. Настаўніцкая праца бацькі.
    2. Сямейныя зацікаўленні ў вольны час.
    3. "Самыя шчаслівыя дні ў Юлі".
     III. "На бацьку завялі справу..."
    IV. Пасля вяртання бацькі дадому.
    1. "...бацьку болей не выклікалі..."
    2. "Ён наогул за гэтыя два гады змяніўся".
    3. Праца ў лясніцтве.
    4. "— ... I мне трэба маўчаць, калі я хачу быць на волі..."
    Апытанне біяграфіі Юлінага бацькі па прапанаваным плане можна правесці так званым ланцужком, калі адзін вучань пачынае і раскрывае, скажам, першыя два пункты, а другі — наступныя і г.д. Затым у класе праводзіцца аналітычная праца.
    — За што Юля любіла свайго бацьку?
    Ён быў яе бацькам, і ўжо гэта само па сабе вызначала стасункі паміж імі. Асабліва прываблівала ў бацьку тое, што ён многа ведаў, быў добрым знаўцам лесу і наогул прыроды. Бацька быў таксама цікавым апавядальнікам і суразмоўцам. Па натуры ён чалавек добры і працавіты, што таксама вабіла да сябе дзяўчыну. Ён заставаўся педагогам не толькі ў класе, але і дома — шмат аддаваў увагі выхаванню дачкі.
— Як вы думаеце, ці былі падставы лічыць, што бацька Юлі парушыў закон, нанёс шкоду дзяржаве? Аргументуйце свае выказванні,
    Зыходзячы са зместу аповесці, вучні прыходзяць да думкі, што такіх падстаў няма. Забароненай у той час была праўда. Яе якраз ніяк нельга было гаварыць. Усё гэта сведчыць аб беззаконні, якое панавала ў нашай краіне ў сталінскую эпоху. На падставе даносу на чалавека адразу заводзілі палітычную справу.
— Чаму бацьку ўдалося ўратавацца ад арышту і высылкі? Хутчэй за ўсё яму пашчасціла: трапіўся добра знаёмы і яшчэ сумленны следчы, які пашкадаваў інтэлігента, паспачуваў яму, нават параіў з'ехаць на нейкі час куды-небудзь. Відаць, следчы добра разумеў палітычную сітуацыю ў краіне, меў вопыт у вядзенні падобных спраў, якія заканчваліся для падсудных у лепшым выпадку лагерам. Думаецца, што дзесьці і сам следчы быў салідарны з думкамі Юлінага бацькі, таму і хацеў проста дапамагчы сумленнаму чалавеку.
    — Як гісторыя з Юліным бацькам характарызуе час пярэдадня вайны?
    Беззаконне, страх, даносы разбэшчвалі частку людзей, развівалі жаданне за кошт некага дасягнуць ці дабрабыту, ці павышэння па службовай лесвіцы. Усё разумнае, адданае народу ганьбавалася, штучна вырывалася з грамадскага жыцця, што аслабляла дзяржаву.
    — Як дапаўняе наша ўяўленне пра сітуацыю ў СССР напярэдадні вайны аповед дзядзькі Падабеда пра складаны і трагічны лёс сакратара райкома Арцёма Піліпавіча, які таксама падпаў пад кувадла палітычнай сістэмы? Гэты ўрывак з твора пажадана выразна прачытаць на ўроку, пачынаючы са слоў: "Аднойчы ён расказаў бацьку і маці такое, чаго Юля доўга не магла забыць..." і заканчваючы: "Калі Піліпавіча ўзялі, дык чаго ж ужо чакаць нам..." Калі Юлін бацька быў усяго настаўнікам, то сакратар райкома вызначаў палітыку на значнай тэрыторыі. Ад яго залежыў лёс многіх людзей: арыштоўвалі сумленных, разумных, адданых, чым аслабілі краіну, бо на змену прыходзілі адданыя не справе, а асобам. Барыс Сачанка рэальна адлюстраваў палітычнуго сітуацыю, якая панавала ў былым перадваенным СССР пры Сталіне. Нават высокапастаўлены на той час партыйны работнік стаў ахвярай таталітарнай сістэмы кіравання, быў такім самым безабаронным, як і яго падначаленыя. Сакратар райкома быў сумленным кіраўніком, адданым ідэям рэвалюцыі. Гэта падпольшчык, які змагаўся супраць царызму, прымаў удзел у Кастрычніцкай рэвалюцыі, ваяваў на франтах грамадзянскай вайны. Ён свята верыў у ідэалы камунізму і самаахвярна імкнуўся іх рэалізаваць. Ніякі ён не вораг народа, а адданы працаўнік, які бачыў, што рабілася ў дзяржаве, і імкнуўся хоць крыху зменшыць негатыўны ўплыў такой палітыкі на лёс народа і Айчыны.
    — Як і чаму даваенныя гістарычныя падзеі паўплывалі на Юлінага бацьку? Пісьменнік гаворыць, што бацька многа думаў. Паразважайце, што яго трывожыла. Чаму?
    Бацька, калі вярнуўся з далёкай будоўлі дамоў, стаў больш ціхі, шмат думаў. "Ён наогул за гэтыя два гады змяніўся. Пастарэў, у куточках яго вуснаў стаіліся дзве сухія, жарсткаватыя складкі". Думаць было над чым. Справа, якую некалі на яго завялі, заставалася незакрытай. Хаця не стала і даносчыка, але не стала і таго следчага, што яе разбіраў. А гэта значыць, што ў любы час зноў магло пачацца следства. Як бацька і муж, ён хваляваўся за далейшы лёс сваёй сям'і. Напэўна, на далёкай будоўлі наслухаўся ды й пабачыў, чым можа закончыцца для чалавека ўласная шчырасць і адкрытасць з людзьмі. Трывожыла героя сітуацыя ў краіне, балела сэрца за лёс народа, шукаліся адказы на балючыя пытанні, якія ставіла жыццё. Разумеючы, што ў краіне робіцца нешта не тое, думаў аб прычынах беззаконня, тэрору. На першым плане ў гэтых думках, безумоўна, была сям'я, з якой не бачыўся амаль два гады.
    Юліна маці часта ўшчувала мужа за тое, што ён усяго баіцца, не дабіваецца вяртання да настаўніцкай працы і наогул рэабілітацыі.
    — На чыім вы баку ў сямейных спрэчках маці і бацькі?
    Хутчэй ад няведання рэальнай праўды і па жаночай наіўнасці так паводзіла сябе Юліна мама. Бацька меў рацыю, калі сказаў: "Радавацца трэба і так, што я на волі. Работа — гэта паўбяды ўжо, глупства, не прападу і тут, дасць бог — не здзічэю ў лесе... А пачні дабівацца, усплыве нешта яшчэ — і ўсё... — і дадаў вельмі ціха і сумна: — Пасадзяць..." Магчыма, хтосьці з дзевяцікласнікаў будзе і асуджаць бацьку за яго празмерную палахлівасць, але настаўніку пажадана прымаць меркаванні вучняў беражліва, каб не страціць іх шчырасці і надалей, тактоўна падводзіць клас да думкі, што, на жаль, памылялася Юліна мама. Сёння вядома і агульная лічба бязвінных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, вядомы многія імёны тых, хто верыў у сталінскую "праўду".
    Дома вучням прапануецца падрыхтаваць звязны аргументаваны адказ па тэме ўрока.

Трэці ўрок. Развіццё звязнай вуснай або пісьмовай мовы. Сачыненне на тэму "Мой бацька"


    Праца над сачыненнем на гэтую тэму будзе арганічным працягам папярэдняга ўрока. Каб дапамагчы вучням, можна правесці гутарку па пытаннях.
1. Назавіце імя вашага таты. Колькі яму гадоў? Дзе і ў якой сям'і ён нарадзіўся і вырас?
2. Як вучыўся ў школе, вучылішчы (тэхнікуме ці ВНУ)? Калі быў у войску, то ў якіх мясцінах служыў? Якую набыў вайсковую спецыяльнасць?
3. Дзе і кім працуе? Ці падабаецца яму яго праца?
4. Ці бавіць ён з вамі свой вольны час?
5. Ці былі ў вас з ім непаразуменні, спрэчкі? Хто найчасцей меў рацыю? У чым вы хочаце быць падобны на тату? Якія рысы яго характару найбольш імпануюць вам і чаму?
    Астатні час урока адводзіцца на працу над сачыненнем. Яно дасць магчымасць чатырнаццацігадоваму падлетку задумацца аб ролі і значэнні бацькі ў сям'і, а некаторых вучняў прымусіць перагледзець свае адносіны са старэйшымі.

Чацвёрты ўрок. "Свае" і чужыя ў аповесці "Пакуль не развіднела". Праблема здрадніцтва і яе вытокі


     Барыс Сачанка не з'яўляецца для дзевяцікласнікаў першаадкрывальнікам праблемы здрадніцтва. Вучні ў папярэдніх класах знаёміліся з творамі Івана Сяркова "Мы з Санькам у тыле ворага", Васіля Быкава "Сваякі" і "Абеліск", Івана Шамякіна "Гандлярка і паэт" і іншымі, дзе апавядаецца, што прывяло асобных людзей, на жаль, па нацыянальнасці беларусаў, у паліцыю, чаму яны сталі здраднікамі, памочнікамі фашыстаў. Гэтая праблема хвалюе і Барыса Сачанку ў аповесці "Пакуль не развіднела". Аналіз праблемы, вынесенай на ўрок, можна правесці ў форме гутаркі па наступных пытаннях і заданнях:
     — Каго і чаму з персанажаў вывучаемага твора назвалі б "сваімі" і чужымі? Да першай групы хутчэй за ўсё аднясуць начальніка млынкоўскай валасной паліцыі Шылахвоста, паліцаяў Свердзела і маладога хлопца Цапка. Да другой — каменданта раёна обер-лейтэнанта Ганса Вінкеля і астатніх фашыстаў, паказаных у аповесці.
     — Якія парадкі пачалі ўсталёўваць фашысты ў вёсцы Доўгі Мох?
     Пісьменнік апісвае факты варварства, бяздушша захопнікаў: каля вёскі згвалцілі і забілі дзяўчыну, расстралялі з аўтаматаў ні ў чым не вінаватых хлапчукоў, сабак. Вялі допыты сялян з мэтай выявіць, хто падпаліў свіран і забіў двух немцаў. За гэта акупанты расстралялі дваццаць мужчын і падлеткаў на вачах у людзей.
    — Чаму Юліна маці парушыла бацькаву параду і вярнулася з вёскі ў мястэчка? Ці мела яна рацыю? Як фашысты паводзілі сябе ў мястэчку?
    Паглядзеўшы на "новы парадак" у вёсцы, Юліна маці пасля расстрэлу аднавяскоўцаў сапраўды ў той жа дзень сабралася ўцякаць назад у мястэчка: "Там такое яны не асмеляцца тварыць. А тут што захочуць, тое і зробяць... Ведама, вёска..." Не спраўдзіліся яе надзеі захаваць нармальнае жыццё сям'і і ў мястэчку. Яны лопалі, як мыльныя бурбалкі. Жанчына ніяк не магла зразумець, чаму некаторыя людзі служылі ў ворага. У мястэчку таксама ішлі арышты і расстрэлы. "Немцы зусім ашалелі, — піша Сачанка. — Хапалі кожнага падазронага і цягнулі ў камендатуру". На сценах дамоў улады расклейвалі загады, у якіх смерць пагражала любому, "хто хавае зброю, пускае ў сваю хату начаваць людзей, не заявіўшы пра гэта ў камендатуру, ці будзе хадзіць па мястэчку ў недазволены час". Фашысты за адзін дзень у гарадку сабралі і расстралялі ўсіх яўрэяў.
     — 3 якой мэтай Барыс Сачанка апавядае пра парадкі, што ўсталёўвалі фашысты ў гады Вялікай Айчыннай вайны на нашай зямлі?
    Відаць, пісьменнік хоча давесці чытачу, што далей народ не павінен цярпець. Трэба змагацца, каб выжыць, каб не загінуць, як раб. Так чытач рыхтуецца да подзвігу Юлі.
     — Барыс Сачанка ў самым пачатку аповесці "Пакуль не развіднела" знаёміць з трэцім па ліку камендантам — фашысцкім афіцэрам обер-лейтэнантам Гансам Вінкелем. Якія ўражанні выклікае у вас адзін з так званых чужых у творы? 3 урыўка паўстае тыповы вобраз ворага, гітлераўскага афіцэра, які імкнецца любым шляхам выканаць загад вышэйшага начальства. Ён аператыўна прадумаў ход аперацыі-аблавы партызан, каб апраўдаць сваю пасаду і быць узнагароджаным. У ім няма нічога людскага. Ён гатовы забіваць, паліць, нішчыць, каб дамагчыся свайго, любой цаной выслужыцца перад начальствам. Планы разлічаны на поўнае вынішчэнне мясцовага насельніцтва. У размове з начальнікам паліцыі Коўцікам камендант Вінкель паўстае ганарлівым і грубым, бо адчувае сябе гаспадаром, а мясцовых здраднікаў толькі выканаўцамі яго волі. Адносіны да іх пагардлівыя і зневажальныя — каб паказаць арыйскую перавагу над падначаленым.
    Затым настаўнік накіруе ход гутаркі з класам на аналіз вобразаў здраднікаў, большасць якіх былі па нацыянальнасці беларусамі, так званымі сваімі.
     — Спынімся спачатку на вобразе начальніка раённай паліцыі Коўціка. Якія ўражанні выклікае ў вас апісанне яго партрэта? Як сам аўтар адносіцца да паліцая? Што прымусіла Коўціка здрадзіць Радзіме і пайсці ў паліцыю? Зачытайце ў адказ адпаведныя радкі з твора.
    Апісанне знешняга выгляду гэтага здрадніка выклікае ў чытача агіду: "Як валяўся ў пасцелі, так і прыбег — у чорных памятых штанах, барвовай, такой жа памятай, як і штаны, бы пажованай, сацінетавай кашулі, на манішцы якой былі вышыты блакітныя васількі, нават не расчасаўшыся і не спаласнуўшы вадой заспанага твару". Апісаннем знешняга выгляду пісьменнік падкрэслівае, што гэты чалавек згубіў пачуццё годнасці. Ён усяго толькі служка, якога ніхто не паважае і не лічыцца з ім.
    — Пра што сведчыць наступная аўтарская дэталь: на манішцы кашулі былі вышыты блакітныя васількі? Чаму не ружы, не рамонкі, а менавіта васількі?
    Хутчэй за ўсё гэта сведчыць пра беларускае паходжанне роду, пра тое, што ён па-свойму любіў Беларусь ці, можа, хацеў падкрэсліць, што ён змагаецца за беларускія інтарэсы. Гэты ўзор успрымаецца як нейкае непаразуменне, бо атрымліваецца, што беларус забівае беларуса, лакейнічае перад заваёўнікамі, выказвае жаданне выканаць любое даручэнне Вінкеля. "Коўцік хацеў выкінуць наперад руку, зусім так, як гэта робяць нямецкія салдаты, калі ім нешта загадваюць іхнія камандзіры, але ў яго гэта не выйшла. I ён, засаромеўшыся самога сябе, крыва ўсміхнуўся і вяла апусціў рукі па швах".
    — Што прывяло Коўціка ў паліцыю?
    Пісьменнік піша: " Начальнікам паліцыі стаў Коўцік — чалавек, які невядома адкуль з'явіўся, але пра якога ўсе гаварылі, што ён люта ненавідзіць бальшавікоў і ўсё, што хоць чым-небудзь напамінае Саветы. Хадзіла пагалоска, што сам ён з кулакоў, бацьку яго нібыта раскулачылі і саслалі, а ён недзе перахаваўся і ацалеў".
    Такім чынам, ваенныя падзеі цесна пераплятаюцца з даваеннымі. Тое беззаконне, што чыніла савецкая ўлада ў 30-ыя гг., той генацыд, які яна вяла супраць сялянства, найперш той яе часткі, якая любіла зямлю і ўмела на ёй гаспадарыць, штурхнула частку нашых грамадзян да фашыстаў. На жаль, яны помсцілі звычайным людзям, партызанам, якія паўсталі на абарону Радзімы.
    Каб больш поўна раскрыць праблему здрадніцтва, Барыс Сачанка паказвае ў творы вобраз яшчэ аднаго паліцая — Шылахвоста. Ужо само прозвішча гаворыць пра многае. Што ж прымусіла яго стаць нямецкім паслугачом? Каб вучні маглі больш аргументавана адказаць на пытанне, спачатку прапануецца аднавіць біяграфію Шылахвоста па прапанаваным настаўнікам цытатным плане. Ён можа быць наступным:
1. "Як, Шылахвост з немцамі? Чаго ж гэта ён пайшоў да іх на службу?"
2. "Бацька яго, Банадысь, ... ніколі нідзе на пуп добра не браў..."
3. "Шылахвост зненавідзеў усіх..."
а) "Калі пачалася калектывізацыя...";
б) "...каб хадзіць у начальстве, на гэта трэба было мець грамату";
в) "Ажыў быў ён, акрыяў зноў душою ў трыццаць сёмым годзе...";
г) "Ён трохі пацёрся між начальства...";
д) "...і паехаў у раён да сакратара райкома...";
е) "Арцёма Піліпавіча неўзабаве ўзялі".
4. "...у першыя дні вайны..."
5. "...выратаваць яго ад кары людской магло толькі адно — служба ў немцаў".
6. "Шылахвост пастукаўся да каменданта".
7. "...паставілі яго начальнікам млынкоўскай валасной паліцыі".
8. "...але павышэння па службе не было. А яно вунь як трэба было Шылахвосту!"
9. "...Шылахвост хацеў, каб трапіў той, каму і трэба было трапіць у Доўгі Мох..."
    Пасля пераказу вучням патрэбна давесці, што калі Коўцік пайшоў у паліцыю з-за таго, што "люта ненавідзіць бальшавікоў", якія раскулачылі і саслалі яго бацьку, то Шылахвост, наадварот, сам прымаў удзел у раскулачванні тых, "хто быў багацейшы". 3 пачаткам вайны стаў баяцца, што "ўсе тыя, каго ён раскулачваў і на каго пісаў некалі "заяўкі", не даруюць — будуць рупіцца адпомсціць. Калі не самі, дык іхнія дзеці, сваякі... I чым большы ён будзе начальнік, тым цяжэй будзе помсціць яму..." На такіх, як Шылахвост, трымалася савецкая ўлада. Вось прыклады маральнага разбэшчвання людзей ва ўмовах беззаконня, заахвочвання даносаў, паклёпу.
    Паліцаем не па сваёй ахвоце стаў добры, шчыры юнак Міхась Цапок. Туды яго паслаў бацька, дбаючы пра выгаду, хітруючы тады, калі хітраваць нельга. Бацька зламаў сынаў лёс. Ён вінаваты, што сын загіне здраднікам і яго імя будзе пакрыта ганьбай. Варта на ўроку прачытаць выразна ўголас споведзь Цапка перад Юляй, пачынаючы са слоў: "Не я, Юля, служу, гора маё служыць..." і заканчваючы: "А я ведаю, што другую мне хату ўжо недзе робяць... 3 дошак..."
    Ці можна юнака апраўдаць? Гэтае пытанне, магчыма, выкліча дыскусію ў класе. Важна, каб разважанні вучняў былі аргументаваныя, каб яны ўсведамлялі, якім складаным было жыццё і як часам бывае няпроста застацца самім сабой.
     — Ці мела рацыю маці Юлі, калі сказала пра паліцаяў: "Не было б гэтых прадажнікаў, што б зрабілі немцы? Яны ж як сляпыя тут, ані нічога не ведаюць... А гэтыя, свае, усё ведаюць і, калі што, падказваюць!.."? Чаму было так многа здраднікаў у гады вайны? Дзе карані, на думку пісьменніка, здрады?
     Так, маці мела рацыю. Калі чалавек уступае ў адзінаборства з фашыстамі, то ён можа іх абхітрыць, падмануць. Калі ў справу ўмешваюцца свае, то такой надзеі няма, бо тыя добра ведаюць, хто ёсць хто. Здраднікаў, на жаль, было вельмі многа. Здраднікамі станавіліся і па сацыяльных, і па маральных матывах. Барыс Сачанка, аднак, пераканальна паказвае, што вытокі здрадніцтва ў даваеннай рэчаіснасці. Беспадстаўныя рэпрэсіі выклікалі ў часткі грамадства імкненне адплаціць савецкім уладам за зробленае зло. На жаль, адплата скіроўвалася не супраць тых, хто чыніў зло, а супраць бязвінных. Маральнае разбэшчванне народа таксама дало свае вынікі. Годнасць, сумленне, адказнасць перад людзьмі і Богам перасталі быць няпісаным законам, які парушаць нельга.
     — Што збліжае ў аповесці фашыстаў і паліцаяў? Збліжае, відаць, тое, што фашысты і іх памагатыя — ворагі і нелюдзі. За свае ўчынкі яны заслугоўваюць пакарання.
    Дома настаўнік прапанус вучням падрыхтаваць разгорнуты аргументаваны адказ на пытанне "Праблема здрадніцтва ў аповесці Б.Сачанкі "Пакуль не развіднела".

Пяты ўрок. Вобраз Юлі ў аповесці. Заключныя заняткі


     Аналіз вобраза можна правесці па наступных пытаннях:
1. Хто такая Юля?
2. Што мы даведаліся пра дзяўчыну з апісання яе партрэта?
3. Чаму Падабед прапанаваў менавіта Юлі папярэдзіць партызанаў? Ці меў ён на гэта права?
4. Чаму Юля дала згоду?
5. Паразважайце, як бацька паставіўся б да ўчынку дачкі. Чаму?
6. Якія рысы характару Юлі выявіліся за час яе дарогі?
7. Паразважайце над далейшым лёсам дзяўчыны.
8. Ухваляеце ці асуджаеце вы Падабеда? Чаму?
9. Ці дарэмнай была пакутлівая дарога Юлі да партызанаў? Аргументуйце свае меркаванні.
    У выніку абмеркавання клас прыйдзе прыкладна да такіх высноў. Юля — звычайная дзяўчына, якая выхоўвалася ў сям'і настаўнікаў. Яны вучылі яе сумленнасці, працавітасці, дабрыні. Улічым, што летам яна звычайна была ў вёсцы, у бацькавых сваякоў. Вялікі ўплыў на фарміраванне Юлі аказаў бацька. Ён адкрываў дзяўчыне багацце і хараство навакольнага свету, вучыў любіць лес і арыентавацца ў ім, развіваў прагу ведаў. У сям'і дзяўчына навучылася любіць сваю зямлю, быць шчырай і сумленнай, верыць у ідэалы дабра і справядлівасці. Праўда, у сувязі з бацькавым звальненнем з працы і забаронай быць настаўнікам не ўсё разумела дзяўчына ў гэтым свеце. Тая несправядлівасць, якая чынілася ў адносінах да яе бацькі, успрымалася як часовая і выпадковая, якая хутка выправіцца. Бяда бацькі не парушала светлага ўспрымання ёю жыцця наогул.
     Знаёмства з вобразам Юлі пачынаецца з яе партрэта. Было ёй гадоў 15—16, і была яна не надта прыгожая з твару, уся ў рабацінні, да таго ж цыбатая і худая. Праз апісанне партрэта пісьменнік раскрывае, як цяжка жылося народу ў час акупацыі, бо Юля была апранута надта бедна. Пісьменнік знарок надзяліў сваю гераіню звычайнай знешнасцю, каб падкрэсліць тыповасць дзяўчыны, здольнай на подзвіг.
    Падабед невыпадкова звярнуўся з просьбай да Юлі. Ён ведаў сям'ю, дзе выхоўвалася гэтая дзяўчына, і быў упэўнены: усё лепшае, што было ў яе бацькоў, яны перадалі ёй. Не апошнюю ролю, напэўна, адыгрывалі і адметнасці біяграфіі дзяўчыны. Яна дачка чалавека, хто пацярпеў ад савецкай улады. Праўдападобным быў і матыў, чаго яна ішла ў Доўгі Мох: там сапраўды жыла бацькава радня.
    Падабед пасылаў дзяўчыну-падлетка, каб тая выканала вельмі важнае заданне. Гэта для дзяўчыны магло скончьшца трагічна. Стары камуніст адпраўляў дзяўчыну фактычна на смерць, таму адносіны да яго ўчынку неадназначныя. Нельга не ўлічваць, што суровае змаганне з фашыстамі патрабавала напружання сіл усяго народа, у тым ліку і падлеткаў. Юля атрымала заданне, выкананне якога павінна было дапамагчы ўратаваць тысячы людзей. Разам з тым даўні бацькаў сябар спадзяваўся на добры зыход: Юля застанецца жывой. Ён прадумаў да дробязей, як павінна сябе паводзіць дзяўчына, нават наказаў, каб на нейкі час засталася ў партызанаў. Цяжка далося Падабеду рашэнне даручыць Юлі папярэдзіць партызан. Тым не менш цалкам апраўдаць яго нельга. Падабед не меў права даваць Юлі такое заданне, бо ён ведаў, як немцы і паліцаі ставяцца да дзяўчат, а тым больш калі падазраюць у сувязях з партызанамі. Галоўнае для яго было перакананне: "Гэтая рабенькая дзяўчына, дачка яго суседа, нікому і ні за што не выдасць яго". Як бачым, матыў не надта каб высакародны.
    Тым не менш трэба ўлічваць, што дзяўчына дала згоду выканаць даручэнне, бо адчула: не ад дабра іх сусед звярнуўся да яе. Ён верыў дзяўчыне і размаўляў з ёй, як з дарослай. Падабед не спрашчаў складанасці задання і не хаваў, чым гэта можа скончыцца. Яго галоўны аргумент — трэба дапамагаць свайму народу. Яна без ваганняў прыняла думку Падабеда як закон: "Ты павінна думаць цяпер не толькі пра сябе, але і пра нас усіх: пра тых, хто ў Доўгім Моху, і тых, хто ў лесе".
    Юля разумела, што гэта лёсавызначальны ўчынак у яе жыцці, таму дарогаю яна думала яшчэ і пра сваю сям'ю, а найперш пра бацьку. Менавіта цяпер ёй не хапала мудрай бацькавай парады. Ёй думалася, што сваім учынкам яна хоць крыху ды памагае бацьку, набліжаючы іх сустрэчу. Дзяўчыне верылася, што бацька хутчэй за ўсё ўхваліў бы яе ўчынак, бо трэба бараніць радзіму ад фашысцкай навалы. Не апошнюю ролю, напэўна, мела і тое, што даручэнне ёй даў не проста сусед, а чалавек, з якім бацька сябраваў.
     Характар Юлі найбольш поўна раскрываецца праз яе думкі, пачуцці. Яна паказваецца чалавекам удумлівым, разумным, хоча асэнсаваць складаныя жыццёвыя праблемы, у тым ліку і тыя палітычныя працэсы, якія адбываліся ў краіне ў прадваенныя гады. Бацькавыя ўрокі не прапалі для Юлі дарма, яна тонка рэагуе на жыццё прыроды.
    Юлі страшна. Яна баіцца, што не выканае даручэнне Падабеда, і па яе віне загіне шмат людзей. Дзяўчына рыхтуецца да найгоршага — да катавання фашыстаў — і пераконвае сябе, што яна павінна вытрымаць усё. У Юлі мужнасць спалучаецца з мэтаімкнёнасцю. На сваім шляху ёй давялося многае ўбачыць і перажыць. Дзяўчына пачула жахлівы аповед жанчыны пра зверствы фашыстаў і паліцаяў. Яна ўбачыла павешаную дзяўчыну, якую перакінулі сюды з-за лініі фронту, — нічога добрага не абяцала ёй сустрэча з паліцаямі і допыт у Шылахвоста. Юля ўсё адужала, у ёй ні на хвіліну не ўзнікла жадання вярнуцца дадому. Яна дасягнула мэты, але партызанаў не аказалася: іх папярэдзіла дачка Яўгена Камарэвіча, які застрэліўся, але не дазволіў сябе арыштаваць.
    Юліны намаганні аказаліся дарэмнымі. Пісьменнік не раскрывае далейшы лёс дзяўчыны, але падкрэслівае, што наперадзе яе чакалі новыя суровыя выпрабаванні: "Ішоў новы дзень, а за ім ішлі новыя трывогі".
    Варта прапанаваць вучням пачытаць змешчаны ў падручніку заключны артыкул "Чалавек і абставіны ў творах Б.Сачанкі" і вылучыць у ім тое, пра што не гаварылася ў працэсе аналізу твора. Клас зверне ўвагу на адметнасць сюжэта твораў пісьменніка, якая заключаецца ў тым, што "Б.Сачанка не гоніцца за бурнымі падзеямі, за незвычайнай інтрыгай, эфектыўнай канцоўкай. У кожным эпізодзе, жыццёвым факце ён імкнецца заўважыць асаблівасці чалавечых узаемаадносін, пэўныя рухі чалавечай душы". Гатоўнасць гераіні ахвяраваць сваім жыццём "паказваецца не як вынік, а як станаўленне праз трывогі, баязлівасць, страх, уласцівыя Юлі, як і кожнай дзяўчыне пераломнага ўзросту".
    Дома прапануецца паразважаць пра сэнс назвы аповесці "Пакуль не развіднела", самастойна прачытаць яе і падрыхтаваць падрабязны пераказ апавядання Барыса Сачанкі "Дарога праз лес".

 
   

Хостинг от uCoz