Каб харашэць душой

Педагагічны сайт Міколы Жуковіча,
настаўніка беларускай мовы і літаратуры, дырэктара Бярозаўскай СШ № 1 Брэсцкай вобласці

Урокі мовы


Урок па тэме “Двукроп’е ў бяззлучнікавых складаных сказах” ў 9-ым класе

Прапануем матэрыял модуля 3 у выглядзе табліцы.

Абсталяванне:

1) Гардзей Н., Навіцкі П., Тамашэвіч 3. Беларуская мова: навучальны дапам. для IX ( X ) класа школ з рускай мовай навучання. Мн., 2000, с. 152- 154;

2) Лаўрэль Я. Дыдактычны матэрыял па беларускай мове. Дапаможнік для IX класа агульнаадукацыйнай школы з рускай мовай навучання. Мн., 2001, с. 95 — 96;

3) набор сігнальных картак для вучняў;

4) канверты №№ 1,2,3 з адказамі.

Кожны вучань атрымлівае надрукаваны матэрыял модуля 3, разлічаны на два ўрокі
№ модуля № навучальнага элемента Навучальны матэрыял з заданнямі Метадычныя рэкамендацыі
3 1.0. Мэта: пазнаёміцца і вывучыць правілы пастаноўкі двукроп’я ў бяззлучнікавых складаных сказах (БСС)
1.1. Уважліва (2-3 разы) прачытайце і асэнсуйце тэарэтычны матэрыял параграфа 33 падручніка
1.2. Самастойна або разам з суседам па парце пастарайцеся як мага кампактней і дакладней скласці апорную табліцу па правілах пастаноўкі двукроп’я ў БСС з выкарыстаннем квадратных дужак і лаканічнага каментара Параўнайце сваю апорную табліцу з табліцай суседа па парце і табліцай, змешчанай на дошцы. Пры неабходнасці зрабіце праўку або перапішыце сабе лепшую з прапанаваных
1.3. Нягучна перакажыце суседу па парце правілы пастаноўкі двукроп’я ў БСС (без прыкладаў) З дапамогай чырвонай карткі праінфармуйце настаўніка пра сваю тэарэтычную падрыхтаванасць па тэме модуля . Чакайце далейшых указанняў выкладчыка
2.0. На папярэднім уроку зазначалася, што вялікая роля ў афармленні БСС належыць інтанацыі. Паслухайце тлумачэнне настаўніка і прыміце ўдзел у агульнай навучальнай працы, мэта якой – правільна інтанаваць БСС з двукроп’ем у моўнай плыні адпаведна з сэнсава-стылістычнымі адносінамі паміж часткамі
2.1. Разгарніце дапаможнік Я.Лаўрэля “Дыдактычны матэрыял па беларускай мове. IX клас” (пр. 144) Чакайце ўказанняў і тлумачэнняў настаўніка
3.0. Мэта: фармаваць уменне тлумачыць пастаноўку двукроп’я ў БСС
Самастойна ці ў пары прачытайце пр. 167 падручніка і растлумачце пастаноўку двукроп’я. Потым згрупуйце сказы і запішыце праз коску толькі іх нумары адпаведна правілам, што занатаваны ў апорнай табліцы.Запіс можа быць такі:
1-е правіла: ... , ... , ... ;
2-е правіла: ... , ... , ... ;
3-е правіла: ... , ... , ... ;
Не адпавядаюць тэме модуля: ... , ... , ...
Калі ўзнікнуць цяжкасці, звярніцеся да табліцы або папрасіце дапамогі ў суседа па парце ці ў настаўніка. Параўнайце свае адказы з варыянтам аднакласніка ці з адказам, запісаным на дошцы. Ацаніце сваю працу паводле наступных крытэрыяў:
0 памылак – “ 9” балаў,
1 – “ 8”,
2 – “ 7”,
3 памылкі – “ 6” і г.д.
Прадэманструйце вынікі сігналамі:
чырвоны – “ 9” балаў,
зялёны – “ 8” – “ 6”,
жоўты – “ 5” -- “ 1”,
паднятая рука – “ 2”.
Атрыманую адзнаку пастаўце ў свой ацэначны ліст
4.0. Мэта: удасканальваць уменне адрозніваць пастаноўку двукроп’я ў простым і бяззлучнікавым складаным сказах
4.1. Вы ведаеце, што двукроп’е ставіцца яшчэ і ў простым сказе пасля абагульняльнага слова пры аднародных членах. Напрыклад: І ўсё мілагучна для слыху майго: і звонкае“дзе”, і густое “чаго” (П.Панчанка).
О: і О, і О.
Паспрабуйце самастойна вызначыць нумары змешчаных ніжэй сказаў, у якіх пастаўлена двукроп’е:
а) у простым сказе ... , ... , ...;
б) у бяззлучнікавым складаным ... , ... , ...
1. Мы зберажом усё: і зуброў, і чалавечнасць, і старыя вежы, і ўсплёскі бабра, і дзіва сонечных палян, і вуркатанне дзікага голуба, і святую гучную цішыню Пушчы (У.Караткевіч).
2. Дае прырода зноў урокі нам: не верце цішыні, салодкім снам, бяда і радасць ходзяць побач вечна, людзей ратуе толькі чалавечнасць (П.Панчанка). 3. Усё навокал было па-ранейшаму: глуха шумеў лес, нізка над зямлёю плылі хмары (С.Александровіч). 4. Усюды лета: гулі строіць сонца, шалясціць зялёны колас на саломцы (Я.Купала). 5. У чалавеку павінна быць усё прыгожым: і твар, і адзенне, і душа, і думкі (А.Чэхаў).














Параўнайце свае адказы з адказамі суседа па парце і тымі , што запісаны на дошцы. Прааналізуйце дапушчаныя памылкі. Ацаніце сваю працу паводле крытэрыяў НЭ-3.1. Адзнаку запішыце ў свой ацэначны ліст. Пра вынікі паведамце настаўніку. На аснове гэтага задання зрабіце вывад пра пастаноўку двукроп’я ў простым сказе і БСС
5.0. Мэта: развіваць уменне будаваць БСС з ужываннем у іх двукроп’я на аснове простых і складаназалежных сказаў
5.1. З ліку прапанаваных ніжэй простых сказаў утварыце бяззлучнікавыя складаныя і запішыце іх, каб на мяжы частак можна было паставіць двукроп’е. Растлумачце яго выкарыстанне адпаведным нумарам правіла апорнай табліцы па тэме модуля.

1. Аглянуўся. Кусцікі згінулі ў процьме ночы (Ц.Гартны). 2. Па лесе імчаўся гул. Пачалася навальніца (П.Пестрак). 3.За сялом, за пералескам злосны вецер свішча. Там спраўляе завіруха гульбішча-ігрышча (А.Русак). 4. Заўсёды ў лесе добра мне. У ім так ціха, урачыста (Я.Колас). 5. Ціха было ў навакольных лясах. Супакоілася птаства.Не шапацелі дрэвы (паводле А.Чарнышэвіча). 6. Вуліца бязлюдная. Усё жывое схавалася ў які-небудзь цень. Сланечнікі ў гародчыку насупраць павесілі галовы, неяк бездапаможна апусціліразлапістае лісце (паводле І.Навуменкі).

Параўнайце свае сказы са сказамі, што ў канвеце № 1. Ацаніце сваю працу паводле крытэрыяў НЭ-3.1. З дапамогай сігнальных картак праінфармуйце выкладчака пра сваю адзнаку і пастаўце яе ў свой ацэначны ліст
5.2. На першых уводных уроках па тэме зазначалася, што па адносінах паміж часткамі БСС блізкія (сінанімічныя) да складаназлучаных або складаназалежных сказаў. Самастойна перабудуйце складаназалежныя сказы (1- 6) у бяззлучнікавыя (пр.169 падручніка) Параўнайце свае варыянты з адказамі, што ў канверце № 2. Ацаніце сваю працу паводле крытэрыяў НЭ-3.1. З дапамогай сігнальных картак праінфармуйце настаўніка пра сваю адзнаку і запішыце яе ў ацэначны ліст
5.3. У сучаснай беларускай мове БСС шырока ўжываюцца ў мастацкай літаратуры і ў вуснай мове. Паспрабуйце дапісаць прапанаваныя БСС, каб паміж простымі сказамі, з якіх яны складаюцца, трэба было ставіць двукроп’е. Растлумачце знакі прыпынку нумарам правіла апорнай табліцы. 1. Нездарма ў нас кажуць: ... 2. Андрэй зірнуў на неба: ... 3.Спакойнага шчасця незычу нікому: ... 4. На другі бераг ракі перабрацца не ўдалося: ... 5. У лесе было прыгожа: ... Абмяркуйце запісаныя сказы з аднакласнікамі або настаўнікам. Атрыманую адзнаку пастаўце ў ацэначны ліст
5.4. Напішыце сачыненне-мініяцюру на тэму “Канец зімы” (6-7 сказаў) з ужываннем усіх выпадкаў пастаноўкі двукроп’я ў БСС Абмяркуйце напісаную працу з аднакласнікам ці выкладчыкам. Атрыманую адзнаку пастаўце ў ацэначны ліст
6.0. Мэта: праверка і карэкцыя атрыманых ведаў і ўменняў па вывучанай тэме модуля
Самастойна выканайце пр. 168 (1-9 сказы) падручніка Параўнайце свае варыянты з адказамі, што ў канверце № 3. Ацаніце сваю працу паводле крытэрыяў НЭ-3.1. Праінфармуйце настаўніка і выстаўце адзнаку ў ацэначны ліст
7. Падсумуйце ўсе атрыманыя адзнакі (балы) і пастаўце выніковую за свой узровень ведаў і ўменняў па гэтай тэме. Самастойна прааналізуйце, ці дасягнулі вы мэты. Для гэтага вярніцеся на пачатак модуля і прачытайце, якія задачы стаялі перад вамі
8. Дамашняе заданне:
  • скласці вуснае паведамленне на тэму “Двукроп’е ў БСС”;
  • пісьмова выканаць пр. 168 (10-15 сказы) падручніка
Ацэначны ліст вучня

НЭ

3.1.

4.1.

5.1.

5.2.

5.3.

5.4.

6.1.

Выніковая

Атрыманая адзнака (або колькасць балаў) за выкананыя заданні

 

 

 

 

 

 

 

 

   
   

Хостинг от uCoz