Дыстанцыйнае навучанне. Біяграфія Васіля Быкава ў 11-ым класе
з выкарыстаннем Інтэрнэту
Апошнім часам у педагагічным друку ўсё часцей сустракаюцца публікацыі
пра дыстанцыйнае навучанне, электронны падручнік ці Інтэрнэт-урок, якія,
як сцвярджаюць навукоўцы, у XXI ст. стануць самай эфектыўнай формай навучання
і падрыхтоўкі спецыялістаў. Заняткі аб'ядноўвае тое, што арганізуюцца
яны на базе камп'ютэрных тэхналогій, такіх, як Інтэрнэт, электронная
пошта, тэлебачанне і інш.
Дзякуючы доступу да Інтэрнэту сучасныя школьнікі і студэнты могуць засвоіць
праграму, атрымаць неабходны навучальны матэрыял практычна па любой дысцыпліне
ў электронным ці друкаваным выглядзе і - самае важнае - авалодаць ім
самастойна, без выкладчыка. Роля настаўніка тут мяняецца на ролю кансультанта,
партнёра па творчым пошуку. На яго ўскладаюцца функцыі каардынацыі працэсу
і карэкцыі выкладанага курса.
З дапамогай Інтэрнэту навучэнец на значнай адлегласці і не выходзячы
з дому можа ўжо сёння адкрыць сайты электронных бібліятэк і за лічаныя
секунды знайсці патрэбныя раздзел кнігі, параграф, цытату, кінафільм,
табліцу ці мастацкі твор. Камп'ютэрная сістэма таксама дае вучню мажлівасць
на адлегласці праверыць веды па вывучанай тэме, выявіць дапушчаныя памылкі
і атрымаць адпаведныя рэкамендацыі.
Характэрнай асаблівасцю дыстанцыйнага навучання з'яўляецца тое, што вучні
могуць не наведваць заняткі ў навучальнай установе, а выбіраць для працы
зручныя для сябе час, месца і тэмп. У аснову такога навучання пакладзены
модульны прынцып: прымяненне інструкцый для самастойнай ці групавой працы
з інфармацыйнымі крыніцамі сеткі.
Такім чынам, дыстанцыйнае навучанне — гэта атрыманне навучэнцамі ведаў
па пэўнай галіне навукі на любой адлегласці і ў любы час з дапамогай
камп'ютэрных тэхналогій без наведвання навучальнай установы.
Інтэрнэт відавочна пранікае ў адукацыйную галіну. Прагрэсіўныя педагогі нашай
краіны для таго, каб надаць эфектыўнасць і прывіць цікавасць да свайго прадмета,
сёння выкарыстоўваюць у навучальна-выхаваўчым працэсе камп'ютэрныя тэхналогіі.
Такі падыход дазваляе сучаснаму выкладчыку вырашаць наступныя метадычныя задачы:
1) фармаваць у школьнікаў устойлівую матывацыю вучыцца,
2) развіваць уменні самастойнай працы з навучальным матэрыялам,
3) выпрацоўваць крытычнае мысленне ва ўмовах карыстання вялікім аб'ёмам інфармацыі,
4) паспяхова развіваць здольнасці індывідуальнай працы і ў камандзе,
5) удасканальваць навыкі самаадукацыі і самакантролю.
Настаўнік беларускай літаратуры ўжо цяпер можа выкарыстаць Інтэрнэт як дапаможны
сродак на занятках ці арганізаваць асобны Інтэрнэт-урок.
На сёння ёсць тры рэсурсы, прысвечаныя класікам беларускай літаратуры: Максіму
Багдановічу (http:// bogdanovich149.narod.ru), Уладзіміру Караткевічу (http://
uladzimir-karatkevich.iatp.by) і Васілю Быкаву (www.bykau.by.ru). Гэтыя сайты
нельга пакінуць па-за ўвагай сучасных школьнікаў, асабліва на ўроках літаратуры
ў 10-11-ых класах агульнаадукацыйных школ, гімназій і ліцэяў.
3 улікам магчымых збояў у сеціве і з мэтай эканоміі фінансавых сродкаў настаўніку
беларускай мовы і літаратуры варта за некалькі дзён да планаванага ўрока зайсці
на сайт "Васіль Быкаў" і скапіяваць патрэбны матэрыял у папку камп'ютэра "Мае
дакументы" ці на дыскету. Перад заняткамі гэты матэрыял можна вельмі хутка
перанесці на персанальныя камп'ютэры.
Мэты ўрока: паўтарыць і сістэматызаваць веды школьнікаў па раней вывучаных
творах пісьменніка; пры дапамозе новых камп'ютэрных тэхналогій пазнаёміць адзінаццацікласнікаў
з асноўнымі этапамі жыцця і творчасці класіка, з грамадзянскай пазіцыяй Васіля
Быкава; зацікавіць старшакласнікаў неардынарнай асобай празаіка і яго кнігамі;
выхоўваць пачуццё нацыянальнай самасвядомасці.
Каб на ўроку стварыць адпаведны настрой вучняў і творчую атмасферу, на школьнай
дошцы пасля тэмы можна змясціць на фоне ручніка партрэт Васіля Быкава. Пад
ім - паставіць у гарлачыку сімвалічны букет з жытнёвых каласкоў і васількоў.
Побач з партрэтам празаіка варта змясціць на плакаце ці запісаць крэйдай на
дошцы эпіграфы да заняткаў: "Васіль Быкаў, як той васілёк у жыце Беларушчыны,
робіць зямлю нашую бліжэйшай да неба, а неба слова беларускага -вышэйшым" (Рыгор
Барадулін);
Будуць часам ідалы раструшчаны.
Свет разумны стоміцца ад крыкаў.
Васільком у жыце Беларушчыны
Назаўсёды застанецца Быкаў!
Рыгор Барадулін;
ці: "Лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён жыў і пісаў ад імя цэлага
пакалення, ад імя тых, што юнакамі спазналі вайну і ўзмужнелі духам са зброяй
у руках,
для якіх дзень жыцця быў роўны веку жыцця" (Чынгіз Айтматаў).
Добра, каб належнае месца ля партрэта заняла і выстава быкаўскіх кніг, фотаздымкаў,
а таксама афіш да кінафільмаў, балета і оперы, што зняты і пастаўлены паводле
твораў пісьменніка.
Інтэрнэт-урок па біяграфіі Васіля Быкава можна пачаць традыцыйна з асэнсавання
згаданых эпіграфаў і невялікага ўступнага слова настаўніка, у якім можна сказаць,
што, паводле звестак ІОНЕСКА, напрыканцы 70-х гг. XX ст. Васіль Быкаў быў адным
з самых вядомых пісьменнікаў у свеце. Ды і сёння не зменшылася яго папулярнасць:
быкаўскія творы перакладзеныя больш чым на пяцьдзесят моваў свету, у тым ліку
на англійскую, іспанскую, італьянскую, нямецкую, французскую, японскую. Кнігі
В. Быкава выходзілі ў Варшаве, Берліне, Празе, Будапешце, Сафіі, Мілане, Парыжы,
Лондане, Каіры. Пра яго і сёння пішуць у папулярных газетах Расеі, Францыі,
Германіі, Італіі, Польшчы, Швецыі, Фінляндыі...
Васіль Быкаў узнагароджаны Залатой Зоркай Героя Сацыялістычнай працы, ордэнам
Айчыннай вайны I ступені, яму нададзена ганаровае званне "Народны пісьменнік
Беларусі", ён уганараваны Ленінскай прэміяй за аповесць "Знак бяды" і
Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа за аповесці "Воўчая зграя", "Яго
батальён", прэстыжнай расейскай прэміяй "Трыумф".
Для актывізацыі апорных ведаў па матэрыяле, вывучаным у 6-8-ых класах, настаўнік
можа правесці з вучнямі франтальную гутарку па пытаннях:
— Што вы ведаеце пра жыццё і творчасць Васіля Быкава, яго ўдзел у грамадскім
жыцці Беларусі?
— 3 якімі творамі празаіка вы пазнаёміліся?
— Чым яны запомніліся?
— Якія героі асабліва ўсхвалявалі, уразілі і чаму?
Настаўніцкі вопыт паказвае, што веды па біяграфіі ў адзінаццацікласнікаў
практычна адсутнічаюць. Больш упэўнена адчуваюць сябе вучні ў час абмеркавання
апавяданняў "Сваякі", "Адна
ноч", "На Чорных лядах" і аповесцяў "Абеліск" і "Жураўліны
крык".
Пасля пастаноўкі мэты і задач урока настаўнік прапануе старшакласнікам з дапамогай
рэсурсаў Інтэрнэту звярнуцца да зместу электроннага сайта www.bykau.by.ru.
Каб праца школьнікаў была больш эфектыўнай і мэтанакіраванай, настаўнік
павінен сцісла пазнаёміць іх з асноўнымі раздзеламі сайта — "Біяграфія", "Артыкулы", "Фота", "Творы", "Бібліяграфія" і
прапанаваць модульную праграму для самастойнай ці парнай работы:
1. Прачытайце на сайце сціслую біяграфію Васіля Быкава і запішыце ў сшытках
па літаратуры яе план, які стане асноўным матэрыялам для вуснага паведамлення
(рыхтуецца дома).
2.Адкрыйце файл пад назвай "План біяграфіі В. Быкава" ў папцы камп'ютэра "Мае
дакументы" і параўнайце свой план з настаўніцкім, зрабіце карэктывы
ў сваім сшытку.
(Змест файла "План біяграфіі В. Быкава": 1. Некалькі радкоў пра
радзіму, навучанне і франтавы шлях пісьменніка. 2. Час апублікавання і
тэматыка ранніх
быкаўскіх твораў. 3. Узнагароды за творчасць. 4. Экранізацыя. 5. Жыццё
і праца ў Гродне. 6. Праблемы ў сярэдзіне 1990-х гг. Жыццё за мяжой. 7.
Адкрыццё
памятнага
знака ў райцэнтры Старыя Дарогі. 8. Смерць Васіля Быкава.)
3.Самаcтойна пазнаёмцеся ў рубрыцы "Бібліяграфія" з
пералікам твораў Васіля Быкава і іх перакладаў. Выпішыце найбольш перакладаныя,
а значыць
вядомыя.
4.Давайце зверымся і зробім карэктывы. Для параўнання адкрыйце папку
камп'ютэра "Мае
дакументы" і ў ёй файл "Папулярныя быкаўскія творы".
(Адказ: "Трэцяя ракета", "Абеліск", "Сотнікаў", "Альпійская
балада" перакладзены на англійскую, нямецкую, рускую, чэшскую і іншыя
мовы.)
5.У рубрыцы "Фота" паглядзіце фотаздымкі пісьменніка
і яго сяброў. Занатуйце ў сшытак па літаратуры прозвішчы найбольш слынных
людзей,
з якімі
Васіль Быкаў меў цесныя стасункі.
6. Давайце зноў зверымся і зробім карэктывы. Адкрыйце для параўнання файл "Сябры
пісьменніка" ў папцы "Мае дакументы".
(Адказ: Алесь Адамовіч, Уладзімір Караткевіч, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін
і інш.)
7.У рубрыцы "Творы, прысвечаныя Васілю Быкаву" пазнаёмцеся
з вершамі Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Караткевіча. Выпішыце найбольш
трапныя выразныя
мастацкія сродкі, якімі паэты характарызавалі класіка.
8.Давайце зверымся і зробім карэктывы. Адкрыйце для адказу файл "Тропы".
[Васіль Быкаў - "анёл, Гаспадар Беларусі" (Р. Барадулін), "рыцар
сумлення і свабоды" (У. Караткевіч).]
9.Самастойна прачытайце артыкул Валянціна Акудовіча "Чаму Васілю Быкаву
не далі Нобелеўскай прэміі?" і пісьмова дайце сціслы адказ на пастаўленае
пытанне. Ці згодны вы з думкай публіцыста? Чаму?
10. У файле "Нобелеўская прэмія" знайдзіце цытаты-адказы на гэтае
заданне.
(«...толькі фармальна "Нобелем" узнагароджваюць некага персанальна,
а насамрэч гэта прэмія кантыненту, рэгіёну, краіне... »; «З гэтага вынікае,
што праблему "Быкаў — Нобель" будзе лагічна перафармуляваць на праблему "Беларусь
— Нобель"...»; "...не далі таму, што некаму гэтага вельмі моцна не
хацелася... даць Нобелеўскую прэмію Васілю Быкаву — азначала легалізаваць Беларусь
у якасці эстэтычнага, інтэлектуальнага і... этычнага суб'екта сусветнай супольнасці"; "Скасаваць
краіну, якая мае свайго Нобелеўскага лаўрэата, значна складаней, чым скасаваць
краіну, якая яго не мае".)
Звычайна дыстанцыйны ўрок заканчваецца кантрольна-рэфлексійным этапам: праводзіцца
невялікі зрэз ведаў, атрыманых з дапамогай рэсурсаў Інтэрнэту. Але на такім
нетрадыцыйным уроку літаратуры мэтазгодна правесці гутарку для выяўлення вучнёўскіх
уражанняў і думак, каб настаўнік мог удасканальваць методыку такіх заняткаў.
Кантрольныя пытанні пажадана даць на другім уроку ў час праверкі дамашняга
задання ў форме тэстаў, што знаходзяцца на с. 103 - 107 кнігі "Беларуская
літаратура. Тэсты. XI клас: Дапаможнік для навучэнцаў агульнаадукацыйных школ,
гімназій, ліцэяў" / Аўтары-скл. Гарадко Г. і інш, - Мінск, 2001.
Дамашняе заданне: на аснове запісаў канспекта і артыкулаў
(с. 324 -337) навучальнага дапаможніка для 11 класа агульнаадукацыйнай
школы (Ішчанка Г. і інш. / Пад
рэд. В. Ляшук. Мінск, 2002) падрыхтаваць вуснае паведамленне па тэме
ўрока.
Такі ўрок можна праводзіць і з захварэлымі вучнямі, якія маюць дома доступ
да Інтэрнэту і гэты канспект-модуль.
Школьны ўрок, такім чынам, перастае ўспрымацца як адзіны шлях атрымання
ведаў, ён — толькі адна з яго формаў. Выкарыстанне нават элементаў дыстанцыйнага
навучання
ў звычайным навучальна-выхаваўчым працэсе дазваляе зрабіць яго жывым,
цікавым і творчым.
|
|
|