Каб харашэць душой

Педагагічны сайт Міколы Жуковіча,
настаўніка беларускай мовы і літаратуры, дырэктара Бярозаўскай СШ № 1 Брэсцкай вобласці

Школьныя тэхналогіі навучання


Дыдактычныя мадэлі правядзення заняткаў з прымяненнем мультымедыа сродкаў. Прэзентацыя тэмы “Тыпы аднасастаўных сказаў” у 9-ым класе

    Англійская прыстаўка multi (мульты) асацыіруецца ў чытача са словамі “мультфільм”, “мультыплікатар”, “мультымільянер” і інш. У сувязі з развіццём і ўдасканаленнем камп’ютэрнай тэхнікі з 90-ых гадоў мінулага стагоддзя стаў шырока вядомы і яшчэ адзін тэрмін – мультымедыа.

    Што датычыцца лексічнага значэння гэтага слова, то яно складаецца з дзвюх частак: multi , што ў перакладзе абазначае “многа, шмат”, і media – “асяроддзе”. У слоўніку тэрмінаў (гл. вучэбны дапаможнік для сярэдняй школы “Агульная інфарматыка. – Масква , 2003) аўтары С.Сімановіч, Г.Яўсееў і А.Аляксееў даюць наступнае азначэнне: “Мультымедыа – гэта аб’яднанне ў адным дакуменце гукавой, музычнай і відэаінфармацыі з мэтай імітацыі ўздзеяння рэальнага свету на органы пачуццяў”.

     Сапраўды, дзякуючы выкарыстанню такой камп’ютэрнай тэхналогіі на сучасным уроку школьнік мае мажлівасць успрымаць неабходную інфармацыю адначасова некалькімі органамі пачуццяў, а не паслядоўна, як гэта звычайна бывае пры традыцыйным выкладанні. На сёння мультымедыйная сістэма ўжо замяніла і выдатна спалучыла ў адно цэлае добра знаёмыя настаўніку графапраектар, ці кадаскоп, дыяпраектар (фільмаскоп), эпіпраектар, прайгравальнік і магнітафон.

     Перавага мультымедыйнай праграмы яшчэ і ў тым, што вучань падчас самастойнай дзейнасці як на ўроку, так і дома можа выбіраць уласны тэмп працы, пасільны аб’ём інфармацыі і ступень яе цяжкасці . Такі прыём выкладання і навучання дае настаўніку мажлівасць з поспехам рэалізоўваць дыферэнцыяваны падыход у навучанні. Дзеці больш грунтоўна запамінаюць новы матэрыял, павышаецца іх матывацыя да пазнання школьных прадметаў, значна эканоміцца час на выкананне трэніровачна-карэкцыйных заданняў, развіваецца наглядна-вобразнае мысленне, фарміруецца ўменне работы з інфармацыяй: яе пошук, адбор і перапрацоўка.

     З дапамогай камп’ютэрнай графічнай праграмы PowerPoint настаўнік пры жаданні можа сам стварыць і паказаць вучням на экране набор слайдаў з разнастайнымі схемамі, табліцамі, малюнкамі, фотаздымкамі, неабходным тэкстам. Таксама ёсць магчымасць дэманстраваць анімацыйныя фільмы, відэакліпы, слухаць мелодыі як на ўроках мовы, так і літаратуры. Прафесійна падрыхтаваная дэманстрацыя пэўнай інфармацыі ў навуцы, адукацыі, бізнесе, медыцыне, прамысловасці і іншых галінах чалавечай дзейнасці называецца яшчэ і прэзентацыяй .

     Раней урок, на якім выкарыстоўвалася камп’ютэрная тэхніка і праграмныя сродкі навучання, у дыдактыцы называўся “ўрокам з камп’ютэрнай падтрымкай”. Затым шырокае выкарыстанне настаўніцтвам сродкаў мультымедыа нарадзіла новую назву – “мультымедыа – ўрок”. Для больш зручнага вымаўлення з цягам часу і гэтае слова скарацілася, і цяпер у педагагічнай літаратуры найчасцей ужываецца “медыа-ўрок”.

     Перш чым уводзіць новыя мультымедыйныя сродкі навучання ў вучэбна-выхаваўчы працэс, настаўнік павінен усвядоміць педагагічную мэтазгоднасць прымянення камп’ютэрнай тэхнікі на ўроку: што ў выніку гэта дасць вучням і самому педагогу-карыстальніку.

     Зразумела, што камп’ютэр ніколі не заменіць настаўніка, а толькі дапаможа зрабіць яго працу больш эфектыўнай. Па-першае, педагог на медыа-ўроку часцей за ўсё выступае ў якасці кансультанта, а гэта значыць, ён зможа адвесці на індывідуальную работу з вучнямі больш часу. Па-другое, ёсць унікальная магчымасць зрабіць урокі роднай мовы і літаратуры больш цікавымі, нагляднымі і дынамічнымі. Па-трэцяе, школьнікі за даволі кароткі тэрмін нашмат лепш запамінаюць неабходны матэрыял, больш глыбока ўсведамляюць яго сутнасць.

     Мультымедыа-ўрок – гэта таксама тып урока фарміравання новых ведаў, як і ўрок-лекцыя, урок-семінар, урок-экскурсія, урок-даследаванне. Праводзіць яго можна ў звычайным класе, які абсталяваны камплектам апаратных сродкаў. Для дэманстрацыі неабходны камп’ютэр, спецыяльны праектар, экран, гукавыя калонкі і наяўнасць прыстасаванняў для дыскет і кампакт-дыскаў.

    На сёння беларускамоўныя электронныя падручнікі і энцыклапедыі па мове і літаратуры адсутнічаюць. Прапануем некаторыя рэсурсы беларуска-рускамоўных сайтаў, якія можна часткова ці поўнасцю выкарыстаць для стварэння ўласнай прэзентацыі новай тэмы :

http ://natlib.org.by (Нацыянальнай бібліятэкі),

www.kniha.by.ru (творы мастацкай літаратуры),

http ://literatura.at.tut.by (партал беларускай літаратуры),

www.lim.by (газета “Літаратура і мастацтва”),

www.dziejaslou .by (часопіс “Дзеяслоў”)

http://starbel.narod.ru (гісторыя Беларусі IX - XVIII стст.),

www.znyata.com ( беларускі фотапартал),

www.apx-by.info ( архітэктура Беларусі),

http ://globus.tut.by (помнікі архітэктуры Беларусі),

www.krayavid.znyata.com ( маладзёжнае фота),

www.arthistory.ru (гісторыя сусветнага мастацтва),

www.kupala-theatre.by ( Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы),

http ://rtbd.of.by (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі),

http ://museum.bsu .by ( Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь),

www.wallpapers.km.ru (разнастайныя тэматычныя фотаздымкі),

http://pogudo.bas-net.by (Літаратурныя музеі М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа),

www.bykau.by.ru (Васіль Быкаў),

www.pesniary.com (ансамбль “Песняры”),

www.palac.org (гурт “Палац”),

www.troitsa.net (гурт “Троіца”),

http ://bogdanovich149.narod.ru (Максім Багдановіч),

http ://uladzimir-karatkevich.iatp.by (Уладзімір Караткевіч),

www .brest .by ( Брэсцкая крэпасць-герой) і інш.

     З гэтых сайтаў педагог мае мажлівасць узяць для мультымедыа-ўрока неабходныя тэксты, фотаздымкі і мелодыі. Самастойна створаныя настаўнікам інфармацыйныя і адукацыйныя распрацоўкі могуць выкарыстоўвацца для франтальнага, групавога і індывідуальнага навучання ў адукацыйнай установе, а таксама для самастойнай працы вучняў дома.

     Распрацаваць першы камплект вучэбна-метадычных матэрыялаў настаўніку-філолагу будзе складана. Добра, калі гэта зробіць выкладчык інфарматыкі ці аматар-знаўца медыа-тэхналогіі. Але, бясспрэчна, што без папярэдне прадуманай паслядоўнасці слайдаў прэзентацыя атрымаецца няўдалай. Таму настаўніку патрэбна скрупулёзна спланаваць сваё бачанне выкладу новай тэмы.

    У час праектавання мультымедыа-ўрока рэкамендуецца ўлічваць і захоўваць некаторыя санітарна-гігіенічныя правілы і патрабаванні. Для школьнікаў шостых-сёмых класаў можна адвесці да дваццаці хвілін часу на бесперапынную працу за камп’ютэрам, для

     восьмых-дзевятых класаў – да дваццаці пяці хвілін, для старшакласнікаў – да трыццаці. З мэтай зніжэння стамляльнасці вучняў прапануем працу за камп’ютэрам чаргаваць з працай за дадатковым сталом : спалучаць прагляд прэзентацыйнага матэрыялу на маніторы ці экране з выкананнем разнастайных трэніровачна-карэкцыйных практыкаванняў і заданняў.

     Якім жа чынам дастасаваць мультымедыйную тэхналогію да ўрока беларускай мовы ? Паспрабуем праілюстраваць гэта на асноўных яго этапах і фрагментах, напрыклад, па тэме “Тыпы аднасастаўных сказаў ” ў 9-ым класе (ўводны ўрок).

     Як паказвае педагагічны вопыт, гэты матэрыял засвойваецца вучнямі з цяжкасцю, таму мы прапануем вывучаць яго з дапамогай мультымедыйных сродкаў, выкарыстоўваючы прыём блокавай падачы паняццяў адразу ўсіх пяці тыпаў аднасастаўных сказаў: пэўна-асабовыя , няпэўна-асабовыя, безасабовыя , абагульнена-асабовыя і назыўныя . Усе названыя віды сказаў з адным галоўным членам засвойваюцца школьнікамі больш эфектыўна, калі параўноўваюцца між сабой. І хоць праграмай па мове на вывучэнне тыпаў (відаў) аднасастаўных сказаў адводзіцца да шасці гадзін, прапануем ужо на ўводным уроку прэзентаваць усе іх віды.

    Перш чым пачаць прэзентацыю, на матывацыйным этапе ў ходзе франтальнай гутаркі неабходна ўзнавіць веды вучняў пра безасабовыя дзеясловы, іх ужыванне і ролю ў тэксце.

    Каб увесці дзевяцікласнікаў у новую тэму, можа выкарыстаць загадзя запісанае на дошцы тэставае заданне, якое звычайна прапануецца выпускнікам на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове з варыянта B :

    Вызначце тып аднасастаўнага сказа:

 
       Кінь саромецца мовы сваёй, 
       Зваць сябе беларусам пачні, 
       Папрацуй над сялібай сваёй, 
       А пасля з ціхатой адпачні !.. 
                          М.Чарот 
  1. ) безасабовы
  2. ) пэўна-асабовы
  3. ) няпэўна-асабовы
  4. ) абагульнена-асабовы
  5. ) назыўны

    Такі падыход, безумоўна, павышае цікавасць вучняў да новага матэрыялу, практычна ніхто з іх не можа даць правільны адказ — узнікла праблемная сітуацыя.

     На інфармацыйным і трэніровачна-карэкцыйным этапах ўрока, пасля пастаноўкі вучнямі яго мэты і задач, настаўнік прапануе класу ўважліва паслухаць лекцыю і актыўна ўключыцца ў калектыўную працу па засваенні тэмы “Тыпы аднасастаўных сказаў”.

    Звычайна любая прэзентацыя пачынаецца тытульным слайдам, на якім аб’яўлена яе тэма :

     На другім пажадана адлюстраваць мэту і задачы заняткаў:

    Выхаваўчай мэтай урока стане рэалізацыя педагогам актуальнай ідэі фарміравання ў школьнікаў нацыянальнай самасвядомасці, грамадзянскай пазіцыі і ўсведамлення неабходнасці беражлівых адносін і павагі да беларускай мовы.

     Для чытача, які пакуль не мае ўяўлення пра мультымедыйную прэзентацыю, патлумачым, што практычна на кожным слайдзе неабходныя аб’екты да тэмы з’яўляюцца на экране не ў гатовым выглядзе, як паказана ў дадзеных кадрах, а іх прадстаўленне адбываецца паступова, пасля чарговага шчаўчка “мышкаю”. Напрыклад, у час тлумачэння новага матэрыялу з выкарыстаннем ніжэй змешчанага слайда запланаваныя рознакаляровыя аб’екты будуць з’яўляцца па чарзе, па загадзя прадуманаму сцэнарыю. Вось як гэты парадак будзе выглядаць у лічбавым эквіваленце – ад (1) да (12):

 

     На наступных пяці слайдах неабходны тэарэтычны матэрыял пабудаваны і выкладаецца на аснове агульнага прынцыпу : спачатку на экране з’яўляецца азначэнне пэўнага тыпу аднасастаўнага сказа, затым узнікае апорная схема, а напрыканцы веды падмацоўваюцца адпаведным сказам.

     Шчаўчком камп’ютэрнай “мышкі” адкрываецца блок “Назыўны сказ” для азнаямлення і аналізу:

    Настаўнік прапануе класу вусна з каментарыем выканаць практыкаванне 207 на старонках 101-102 падручніка Л.А.Антанюк , З.І.Бадзевіч і інш. “Беларуская мова: Сінтаксіс і пунктуацыя...”( 2000) , дзе вучням патрэбна вызначыць назыўныя сказы ў вершаваным тэксце.

     Далей пажадана павесці гаворку пра тыпы аднасастаўных сказаў з галоўным членам выказнікам, прадэманстраваўшы яшчэ раз слайд № 3, і адкрыць новы аб’ект прэзентацыі – блок “Безасабовы сказ”:


     Як зазначалася вышэй, да гэтага блока тэмы вучні былі падрыхтаваны ўжо на матывацыйным этапе, калі вялася размова пра безасабовыя дзеясловы. Для трэніроўкі і карэкцыі ведаў настаўнік рэкамендуе класу самастойна прыдумаць і запісаць два-тры безасабовыя сказы пра беларускую мову і вызначыць, чым у іх выражаны выказнікі.

     Адкрыўшы паўторна слайд № 3, а пасля -- № 6, настаўнік акцэнтуе ўвагу на пэўна-асабовых сказах:

     Для замацавання ведаў школьнікаў можна выканаць практыкаванне 180 (с.91), дзе прапануецца вызначыць асобу дзеясловаў-выказнікаў ў пэўна-асабовых сказах.

     Падобнае тлумачэнне пра няпэўна-асабовыя і абагульнена-асабовыя сказы настаўнік правядзе па слайдах № 7 і № 8 :

     Напрыканцы выкладу тэмы настаўнік прапануе класу выніковы слайд у выглядзе апорнай табліцы, якую пажадана раздрукаваць для кожнага вучня.

     На кантрольна-рэфлексійным этапе ўрока прапануем дзевяцікласнікам у пары з суседам вызначыць тыпы аднасастаўных сказаў у вершы Генадзя Бураўкіна:

 
     Слова наша роднае, хапала 
     На стагоддзі доўгія цябе. 
     Прыпадалі да цябе ў журбе, 
     Адкідалі кпіны і абразу, 
     З дзён былых цягнулі ў заўтра ніць 
     І, хаця не ўсіх і не адразу,-- 
     Навучылі ўсё ж цябе цаніць. 
     Вымытае ў гулкіх навальніцах, 
     Нам як запавет перадалі, 
     Каб пілі і не маглі напіцца 
     І ўзнялі наўздзіў усёй зямлі. 
    
     Матчына нявыцвілае слова, 
     Даўжнікі мы вечныя твае... 
     Так нам не хапае Куляшова. 
     Мележа так горка не стае. 
     Нам цяпер цябе на раздарожжах 
     Берагчы за іх і за сябе, 
     Даражыць пявучым гукам кожным, 
     Як зярняткам чыстым на сяўбе, 
     Каб не адляцела, як салоўка, 
     Не аглухла ў гуле бальшакоў... 
     Строга з нас вачэй не зводзіць Броўка. 
     Стоена ўзіраецца Лынькоў... 
     Мова продкаў нашых і нашчадкаў – 
     Шэпт дубровы і пчаліны звон, -- 
     Нам цябе ласкава і ашчадна 
     Спазнаваць ажно да скону дзён. 
     Па чужых краях не пабірацца, 
     Не аддаць цябе на забыццё, 
     Наша невычэрпнае багацце, 
     Наша несмяротнае жыццё. 

     Пасля франтальнай праверкі адказаў настаўнік арганізуе калектыўны аналіз прыведзенага на самым пачатку ўрока тэста з варыянта B .

     Час, які, магчыма, застанецца пасля мультымедыйнай прэзентацыі, можна прысвяціць абмеркаванню праблемы функцыянавання беларускай мовы ў нашым грамадстве ці на выяўленне вучнёўскіх ўражанняў, рэфлексій.

     У якасці дамашняга задання настаўнік прапануе выканаць практыкаванне 216 на с.105, па ўмове якога неабходна вызначыць тыпы (віды) аднасастаўных сказаў і зрабіць іх сінтаксічны разбор.

     На наступных уроках па тэме адбываецца канкрэтызацыя і замацаванне вывучанага матэрыялу, выпрацоўваюцца адпаведныя ўменні і навыкі.

 
   

Хостинг от uCoz