Каб харашэць душой

Педагагічны сайт Міколы Жуковіча,
настаўніка беларускай мовы і літаратуры, дырэктара Бярозаўскай СШ № 1 Брэсцкай вобласці

Школьныя тэхналогіі навучання


Асаблівасці канструявання і рэалізацыі заняткаў па модульнай тэхналогіі

    Модульнае навучанне ўзнікла як альтэрнатыва традыцыйнаму яшчэ на пачатку 1960-х гг. XX ст. у навучальных установах ЗША і Заходняй Еўропы. Асаблівасці праектавання і рэалізацыі гэтага метаду даволі шырока пададзены ў манаграфіях расейскіх вучоных Пятра Траццякова, Таццяны Шамавай, Дзмітрыя Левітэса і інш. Апошнім часам у сувязі з рэфармаваннем сістэмы адукацыі модульнае навучанне набывае папулярнасць і сярод настаўніцтва Беларусі. Асаблівую ўвагу прыцягвае асноўная мэта такой тэхналогіі — поўнае засваенне школьнікамі навучальнага праграмнага матэрыялу, развіццё ў іх навыкаў самаадукацыі, самавыхавання і фармавання камунікатыўных здольнасцяў.
    Модульная тэхналогія адрозніваецца ад традыцыйнай і іншых асобасна-арыентаваных методык тым, што сам змест навучання звычайна прапаноўваецца вучню ў выглядзе інфармацыйна закончаных блокаў. Гэта дае мажлівасць кожнаму школьніку большую частку ўрока працаваць самастойна, вучыцца планаваць і арганізоўваць сваю дзейнасць, аб'ектыўна вызначаць узровень сваіх ведаў і ўменняў, бачыць прабелы ў іх. У час выкарыстання модульнага навучання цалкам мяняюцца формы зносінаў настаўніка з вучнямі: са звычайнага інфармацыйнага рэжыму выкладання педагог пераходзіць у рэжым кансультавання і кіравання вучэбнай дзейнасцю. Паміж выкладчыкам і школьнікам ідзе гутарка як з дапамогай модуляў, так і непасрэдна.
     Разгляданы навучальны метад мае ўжо даволі салідную практыку, назапашаны значны вопыт яго рэалізацыі ў школе, напісана шмат прац, але сярод вучоных і педагогаў-практыкаў існуюць разнастайныя погляды як на змест самога паняцця "модуль", так і на падыходы канструявання модульных праграм. Спынімся на тых, якія, на нашу думку, будуць найбольш эфектыўнымі ў сучаснай беларускай школе на ўроках мовы і літаратуры.
    Слова "модуль" (лац. modul — мера) абазначае важны каэфіцыент або велічыню. Слоўнік іншамоўных слоў А Булыкі дае пяць лексічных значэнняў. Чацвёртае з іх найбольш адпавядае тэме гаворкі пра "модуль": "Вузел дэталяў, які выконвае самастойную работу ў прыборы ці апараце". Што датычыць паняцця "модуль" у педагогіцы, то найлепшае азначэнне, на нашу думку, даў расейскі вучоны-педагог Дз.Левітэс: "Модуль — гэта мэтавы функцыйны вузел, у якім навучальны змест і тэхналогія авалодання ім аб'яднаны ў сістэму высокага ўзроўню цэласнасці".
    Блокі-модулі могуць быць трох тыпаў: пазнавальныя, аперацыйныя і змешаныя. Пазнавальныя, ці інфармацыйныя, выкарыстоўваюцца настаўнікам на ўроках тлумачэння новага матэрыялу або пры вывучэнні асноў асобных навук. Аперацыйныя ўжываюцца з мэтай фармавання і развіцця ў школьнікаў пэўных спосабаў дзеяння, аперацый. Змешаныя блокі-модулі, зыходзячы з самой назвы, аб'ядноўваюць у сабе адначасова першы і другі тыпы. У навучальных установах найболып папулярны змешаны тып.
    У час канструявання блокаў-модуляў паводле пэўнай тэмы метадысты прапануюць настаўніку мовы і літаратуры выкарыстоўваць наступныя кампаненты:
    1) дакладна сфармуляваная навучальная агульная ці спецыяльная мэта;
    2) спіс неабходнай літаратуры, абсталявання, матэрыялаў;
     3) наяўнасць па адпаведнай тэме ўрока сціслага канкрэтнага інфармацыйнага тэксту, які можа суправаджацца схемамі, ілюстрацыямі;
    4) наяўнасць разнастайных практыкаванняў і заданняў для выпрацоўкі ў вучняў неабходных навыкаў і ўменняў;
    5) наяўнасць розных форм праверачнай работы, змест якой павінен дакладна адпавядаць тым задачам, што былі пастаўлены ў дадзеным навучальным элеменце (НЭ).
    3 мэтай паспяховага выкарыстання модульнага навучання на ўроках мовы і літаратуры выкладчыку неабходна захоўваць наступныя правілы:
    1) уводзіць модулі ў навучальны працэс паступова, пажадана пачынаць толькі з элементаў, асабліва на пачатковым этапе;
    2) у змесце блокаў тэкст павінен быць запісаны так, быццам настаўнік гутарыць з вучнем, выклікае яго на разважанні, арыентуе на поспех;
    3) выкарыстоўваць калектыўныя спосабы навучання, скіроўваць школьнікаў на ўзаемадапамогу, каб развіваліся камунікатыўныя здольнасці падлеткаў.
    Як сведчаць даследчыкі модульнай тэхналогіі і як паказвае настаўніцкі вопыт, яе прымяненне дазваляе скараціць час навучальнага курса на 30 %.
3 мэтай разнастайнага і эфектыўнага выкладання модульную тэхналогію можна выкарыстоўваць на ўроках літаратуры. Асабліва спрыяльнымі з'яўляюцца заняткі ў 10 — 11 класах па вывучэнні аглядавых тэм, літаратуразнаўчых артыкулаў і біяграфій пісьменнікаў.
Прывядзём прыклад модульнай праграмы па тэме
" Біяграфія Янкі Брыля" ў 11 класе ў спрошчаным варыянце.
    Мэты і задачы модуля: у выніку працы над навучальнымі элементамі (НЭ) вы павінны:
    1) ведаць біяграфію пісьменніка;
    2) умець вызначаць адметнасці характару асобы аўтара і стылёвыя адметнасці яго творчасці на аснове вывучанага літаратуразнаўчага артыкула;
    3) развіваць уменне збіраць матэрыял для вуснага паведамлення.
     Выкарыстоўвайце для засваення модуля наступную літаратуру: Вучэбны дапаможнік для 11-ых класаў агульнаадукацыйнай школы / Ішчанка Г., Лебедзеў У. і інш.; пад рэд. В. Ляшук. — Мн., 2000.
    Беларуская літаратура. Тэсты. XI клас: Дапаможнік для навучэнцаў агульнаадукацыйных школ, гімназій, ліцэяў / Аўтары-скл. Гарадко Г. і інш. — Мн., 2001.

НЭ-1

1.0.     Мэта: вызначыць, наколькі добра вы ведаеце творчасць Янкі Брыля, якую вывучалі ў 5 — 6 і 8 класах, асноўную тэматыку і праблематыку яго кніг.
    1.1. Запішыце ў сваім сшытку дату і назву тэмы ўрока.
    1.2. Літаратурная міні-віктарына "Па вывучаных і самастойна прачытаных творах Янкі Брыля".
Нагадваем, што ў сярэдняй школе па праграме беларускай літаратуры вы пазнаёміліся з наступнымі творамі сучаснага класіка: апавяданнямі "Цюцік" (5 кл.), "Маці" (6 кл.), аповесцю "Сірочы хлеб" (8 кл.) і з урыўкамі дакументальнай кнігі "Я з вогненнай вёскі..." (8 кл.). Магчыма, да ўрокаў пазакласнага чытання вы з цікавасцю прачыталі і абмеркавалі з аднакласнікамі яшчэ і такія яго апавяданні, як "Жыў-быў вожык", "Ветэрынар", "Сняжок і Волечка" з цыкла "Шчасце маленства", "Мышалоўкі" і аповесць "У сям’і". Самастойна адкажьше на пытанні віктарыны. Адказы запішыце.
    I. 3 якіх твораў гэтыя ўрыўкі:
    1) "Як вядзецца спрадвеку, яна спачатку прыткнулася лбом да шыбы, паглядзела. Потым выйшла ў сенцы, дрыжачымі рукамі выцягнула засаўку і адчыніла дзверы. Стала толькі ясна тое, аб чым яна здагадалася адразу: гэта — яны, байцы...
Адзін з іх, — а колькі ўсіх было, не паспела заўважыць адразу ў матава-празрыстым паўзмроку дасвецця, — адзін падышоў да яе і ўсё яшчэ шэптам сказаў, нібы спытаўся:
    — Мать? Ты нам хлебушка дай, родная... Ты не бойся: мы сразу же уйдем... Из лагеря бежали...";
    2) " — Мы, сяляне вёскі Галынка, — чытаў Мікола, — заяўляем пратэст супраць таго, каб нашы дзеці вучыліся не на роднай мове, і патрабуем адкрыць у нас беларускую школу...
    Данік ведаў — не хто-небудзь іншы, а ён, Мікола, пісаў гэты пратэст. А падпісала яго ўся вёска — з канца ў канец ";
    3) «І пані Мар'я працягнула да яго рукі. Данік ішоў туды, як заваражоны. Яна ляжала галавою да акна, завешанага фіранкай, па шыю схаваўшыся пад беленькай коўдрай. Чорныя, кучаравыя валасы яе "полькі" растрэсліся на падушцы, а чырвоныя, нібы прыпухлыя губы ўсміхаліся. Калі Данік зусім падышоў, пад далонямі пані Мар'і загарэліся яго шчокі і вушы, а на лбе — зусім нечакана-горача цмокнулі пацалункам губы настаўніцы.
    — Харошы мой!.. І чаго ж ты так засаромеўся? Ну, сядзь. Вазьмі вунь крэсла, каля стала»;
    4) "Ён нарадзіўся ў лесе, у двары таго дзядзькі, што пільнуе лес. Спачатку нічога не бачыў і ніяк не называўся, - жыў сабе вобмацкам, ды ўсё. Было нешта вялікае, калматае, цёплае, у чым ён хаваўся разам са сваім чорным казытлівым чмысікам; там жа была нейкая соска з крынічкай цёпленькага малака; а нешта вялікае, добрае грэла, абнюхвала і лізала, пяшчотна і многа”?
    II. У якіх творах Янка Брыль
    1) асудзіў жорсткасць і абыякавасць людзей да лёсу прыручаных жывёл;
    2) адлюстраваў праблему станаўлення чалавечай асобы;
    3) уславіў подзвіг беларускай жанчыны;
    4) разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам паказаў трагедыю беларускага народа вачыма мірнага насельніцтва — ахвяр агрэсіі фашызму ў гады Вялікай Айчыннай вайны?
    1.3. Праверце правільнасць вашых адказаў (змешчаны на левым крыле дошкі):
    I.1) "Маці"; 2) "Сірочы хлеб"; 3) "Сірочы хлеб";
    4) "Цюцік".
    II.1) "Цюцік"; 2) "Сірочы хлеб"; 3) "Маці"; 4) "Я з вогненнай вёскі...".
    1.4. На аснове літаратурнай міні-віктарыны падрыхтуйце вусны адказ на 1 і 2 пытанні, што змешчаны на с. 219 падручніка, і прыміце ўдзел у агульнакласнай гутарцы. Вывады запішыце ў канспект.

НЭ-2

    2.0. Мэта: пазнаёміцпа з радзімай, бацькамі, сваякамі пісьменніка, што паўплывалі на фармаванне яго асобы (як казаў славуты нямецкі пісьменнік Ёган Вольфганг Гётэ: "Калі хочаш зразумець паэта, адпраўляйся на яго радзіму").
    2.1. Прачытайце артыкулы "Біяграфія" і "Два маленствы", што змешчаны ў падручніку на с.219-222.
    2.2. Праверце свае веды па тэме "Маленства Янкі Брыля", разгадаўшы крыжаванку.

    Па гарызанталі: 1. Першы настаўнік у жыцці, які прывіў малому Янку любоў да кнігі і адукацыі.     2. Месца нараджэння пісьменніка. 3. Імя брата, які пазней не працягваў вучобу, а застаўся працаваць на гаспадарцы. 4. Адна з адметнасцяў літаратурнага таленту Янкі Брыля. 5. Адэскі падарунак малодшым дзецям ад старэйшых братоў Уладзіка і Ігната. 6. Прозвішча настаўніцы, якая стала адным з прататыпаў пані Мар'і з аповесці "Сірочы хлеб". 7. Мястэчка, дзе ў польскай сямігодцы вучыўся будучы пісьменнік. 8. Горад, дзе Янка Брыль правучыўся ў гімназіі ўсяго адзін месяц. 9. Вёска, якая стала для пісьменніка малой радзімай.
    2.3. Праверце, ці правільна вы адказалі.
Адказы: 1. Маці. 2. Адэса. 3. Мікола. 4. Перакладчык. 5. Кнігі. 6. Пранеўская. 7. Турэц. 8. Наваградак. 9. Загора.

НЭ —3

    3.0. Мэта: больш падрабязна пазнаёміцца з асобамі, асяроддзем і абставінамі, якія паспрыялі станаўленню таленту і фармаванню пісьменніцкіх ідэалаў Янкі Брыля.
    3.1. Прачытайце па падручніку артыкулы “Гады выпрабаванняў, мужнасці і мастакоўскага ста-
наўлення”, "На службе свайго прызвання" (с.222 — 229) і заканспектуйце асноўныя факты з жыцця і творчасці класіка ў наступную табліцу:

Гады Асноўныя перыяды жыцця і творчасці пісьменніка Індывідуальныя здольнасці, мары, ідэалы і рысы характару Я.Брыля Публікацыіі, тэмы і жанры яго твораў

    3.2. Складзіце 10-15 пытанняў па біяграфіі Янкі Брыля і задайце іх свайму суседу па парце. Паспрабуйце даць вусныя адказы на пытанні віктарыны свайго аднакласніка.

НЭ-4

    4.0. Мэта: праверыць веды па тэме "Біяграфія Янкі Брыля".
     4.1. Пісьмова дайце адказы на кантрольныя пытанні тэстаў, што змешчаны на с. 74 — 76 дапаможніка "Беларуская літаратура. Тэсты. XI клас...".
    4.2. Праверце, ці правільна вы адказалі (адказы змешчаны на с. 88 дапаможніка).
    4.3. Ацаніце сваю працу, зыходзячы з наступных крытэрыяў:
на "9" — 0 недахопаў;
на "8" — 1;
на "7" — 2;
на "6" — 3 і г.д .
    Адзнаку паведаміце настаўніку.
    Дамашняе заданне: на аснове запісаў канспекта і артыкулаў падручніка (с. 219 — 229) падрыхтуйце вуснае паведамленне па тэме заняткаў.
    Дзякуем за працу на ўроку!


Урок па тэме “Бяззлучнікавыя складаныя сказы” ў 10-ым класе

    Комплексная дыдактычная мэта: у выніку выканання ўсіх модуляў вучні павінны ведаць сінтаксічныя прыметы бяззлучнікавых складаных сказаў, іх будову, сэнсава-граматычныя адносіны паміж часткамі, ролю ў тэксце; умовы пастаноўкі знакаў прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах; умець знаходзіць бяззлучнікавыя складаныя сказы ў тэкстах, абгрунтоўваць мэтазгоднасць іх ужывання; вызначаць сэнсава-граматычныя адносіны паміж часткамі і правільна інтанаваць у моўнай плыні; абгрунтоўваць расстаноўку знакаў прыпынку; будаваць такія сказы, карыстацца імі як сінтаксічнымі сродкамі ў вуснай і пісьмовай мове.
     Назвы модуляў: МО — комплексная дыдактычная мэта; М1 — коска ў бяззлучнікавых складаных сказах (далей БСС); М2 — кропка з коскай у БСС; МЗ — двукроп'е ў БСС; М4 — працяжнік у БСС; М5 — кантрольная дыктоўка ці тэст (выніковы кантроль).
Прапануем матэрыял модуля 3 у выглядзе табліцы.
     Абсталяванне: 1) Гардзей Н., Навіцкі П., Тамашэвіч 3. Беларуская мова: навучальны дапам. для IX (X) класа школ з рускай мовай навучання. Мн., 2000, с. 152- 154;
    2) Лаўрэль Я. Дыдактычны матэрыял па беларускай мове. Дапаможнік для IX класа агульнаадукацыйнай школы з рускай мовай навучання. Мн., 2001, с. 95 — 96;
    3) набор сігнальных картак для вучняў;
    4) канверты №№ 1,2, 3 з адказамі.
    Кожны вучань атрымлівае надрукаваны матэрыял модуля 3, разлічаны на два ўрокі.

№ модуля
№ навучальнага элемента Навучальны матэрыял з заданнямі Метадычныя рэкамендацыі
3 1.0. Мэта: пазнаёміцца і вывучыць правілы пастаноўкі двукроп’я ў БСС
  1.1. Уважліва (2-3 разы) прачытайце і асэнсуйце тэарэтычны матэрыял параграфа 33 падручніка  
  1.2. Самастойна або разам з суседам па парце пастарайцеся як мага кампактней і дакладней скласці апорную табліцу па правілах пастаноўкі двукроп’я ў БСС з выкарыстаннем квадратных дужак і лаканічнага каментара Параўнайце сваю апорную табліцу з табліцай суседа па парце і табліцай, змешчанай на дошцы. Пры неабходнасці зрабіце праўку або перапішыце сабе лепшую з прапанаваных
  1.3. Нягучна перакажыце суседу па парце правілы пастаноўкі двукроп’я ў БСС (без прыкладаў) З дапамогай чырвонай карткі праінфармуйце настаўніка пра сваю тэарэтычную падрыхтаванасць па тэме модуля . Чакайце далейшых указанняў выкладчыка
  2.0. На папярэднім уроку зазначалася, што вялікая роля ў афармленні БСС належыць інтанацыі. Паслухайце тлумачэнне настаўніка і прыміце ўдзел у агульнай навучальнай працы, мэта якой – правільна інтанаваць БСС з двукроп’ем у моўнай плыні адпаведна з сэнсава-стылістычнымі адносінамі паміж часткамі  
  2.1. Разгарніце дапаможнік Я.Лаўрэля “Дыдактычны матэрыял па беларускай мове. IX клас” (пр. 144) Чакайце ўказанняў і тлумачэнняў настаўніка
  3.0. Мэта: фармаваць уменне тлумачыць пастаноўку двукроп’я ў БСС  
  3.1. Самастойна ці ў пары прачытайце пр. 167 падручніка і растлумачце пастаноўку двукроп’я. Потым згрупуйце сказы і запішыце праз коску толькі іх нумары адпаведна правілам, што занатаваны ў апорнай табліцы.Запіс можа быць такі:
1-е правіла: ... , ... , ... ;
2-е правіла: ... , ... , ... ;
3-е правіла: ... , ... , ... ;
Не адпавядаюць тэме модуля: ... , ... , ...

Калі ўзнікнуць цяжкасці, звярніцеся да табліцы або папрасіце дапамогі ў суседа па парце ці ў настаўніка. Параўнайце свае адказы з варыянтам аднакласніка ці з адказам, запісаным на дошцы. Ацаніце сваю працу паводле наступных крытэрыяў: 0 памылак – “9” балаў, 1 – “8”, 2 – “7”, 3 памылкі – “6” і г.д. Прадэманструйце вынікі сігналамі: чырвоны – “9” балаў, зялёны – “8” – “6”, жоўты – “5” -- “1”, паднятая рука – “2”. Атрыманую адзнаку пастаўце ў свой ацэначны ліст
  4.0. Мэта: удасканальваць уменне адрозніваць пастаноўку двукроп’я ў простым і бяззлучнікавым складаным сказах  
  4.1. Вы ведаеце, што двукроп’е ставіцца яшчэ і ў простым сказе пасля абагульняльнага слова пры аднародных членах. Напрыклад: І ўсё мілагучна для слыху майго: і звонкае “дзе”, і густое “чаго” (П.Панчанка). О: і О, і О. Паспрабуйце самастойна вызначыць нумары змешчаных ніжэй сказаў, у якіх пастаўлена двукроп’е:
а) у простым сказе ... , ... , ...;
б) у бяззлучнікавым складаным ... , ... , ...
1. Мы зберажом усё: і зуброў, і чалавечнасць, і старыя вежы, і ўсплёскі бабра, і дзіва сонечных палян, і вуркатанне дзікага голуба, і святую гучную цішыню Пушчы (У.Караткевіч).
2. Дае прырода зноў урокі нам: не верце цішыні, салодкім снам, бяда і радасць ходзяць побач вечна, людзей ратуе толькі чалавечнасць (П.Панчанка).
3. Усё навокал было па-ранейшаму: глуха шумеў лес, нізка над зямлёю плылі хмары (С.Александровіч).
4. Усюды лета: гулі строіць сонца, шалясціць зялёны колас на саломцы (Я.Купала).
5. У чалавеку павінна быць усё прыгожым: і твар, і адзенне, і душа, і думкі (А.Чэхаў).
Параўнайце свае адказы з адказамі суседа па парце і тымі , што запісаны на дошцы. Прааналізуйце дапушчаныя памылкі. Ацаніце сваю працу паводле крытэрыяў НЭ-3.1. Адзнаку запішыце ў свой ацэначны ліст. Пра вынікі паведамце настаўніку. На аснове гэтага задання зрабіце вывад пра пастаноўку двукроп’я ў простым сказе і БСС
  5.0. Мэта: развіваць уменне будаваць БСС з ужываннем у іх двукроп’я на аснове простых і складаназалежных сказаў  
  5.1. З ліку прапанаваных ніжэй простых сказаў утварыце бяззлучнікавыя складаныя і запішыце іх, каб на мяжы частак можна было паставіць двукроп’е. Растлумачце яго выкарыстанне адпаведным нумарам правіла апорнай табліцы па тэме модуля.
1. Аглянуўся. Кусцікі згінулі ў процьме ночы
(Ц.Гартны).
2. Па лесе імчаўся гул. Пачалася навальніца
(П.Пестрак).
3.За сялом, за пералескам злосны вецер свішча. Там спраўляе завіруха гульбішча-ігрышча (
А.Русак).
4. Заўсёды ў лесе добра мне. У ім так ціха, урачыста
(Я.Колас).
5. Ціха было ў навакольных лясах. Супакоілася птаства. Не шапацелі дрэвы (
паводле А.Чарнышэвіча).
6. Вуліца бязлюдная. Усё жывое схавалася ў які-небудзь цень. Сланечнікі ў гародчыку насупраць павесілі галовы, неяк бездапаможна апусцілі разлапістае лісце
(паводле І.Навуменкі).
Параўнайце свае сказы са сказамі, што ў канвеце № 1. Ацаніце сваю працу паводле крытэрыяў НЭ-3.1. З дапамогай сігнальных картак праінфармуйце выкладчака пра сваю адзнаку і пастаўце яе ў свой ацэначны ліст
  5.2. На першых уводных уроках па тэме зазначалася, што па адносінах паміж часткамі БСС блізкія (сінанімічныя) да складаназлучаных або складаназалежных сказаў. Самастойна перабудуйце складаназалежныя сказы (1- 6) у бяззлучнікавыя (пр.169 падручніка) Параўнайце свае варыянты з адказамі, што ў канверце № 2. Ацаніце сваю працу паводле крытэрыяў НЭ-3.1. З дапамогай сігнальных картак праінфармуйце настаўніка пра сваю адзнаку і запішыце яе ў ацэначны ліст
  5.3. У сучаснай беларускай мове БСС шырока ўжываюцца ў мастацкай літаратуры і ў вуснай мове. Паспрабуйце дапісаць прапанаваныя БСС , каб паміж простымі сказамі, з якіх яны складаюцца, трэба было ставіць двукроп’е. Растлумачце знакі прыпынку нумарам правіла апорнай табліцы.
1. Нездарма ў нас кажуць: ...
2. Андрэй зірнуў на неба: ...
3.Спакойнага шчасця не зычу нікому: ...
4. На другі бераг ракі перабрацца не ўдалося: ...
5. У лесе было прыгожа: ...
Абмяркуйце запісаныя сказы з аднакласнікамі або настаўнікам. Атрыманую адзнаку пастаўце ў ацэначны ліст
  5.4. Напішыце сачыненне-мініяцюру на тэму “Канец зімы” (6-7 сказаў) з ужываннем усіх выпадкаў пастаноўкі двукроп’я ў БСС Абмяркуйце напісаную працу з аднакласнікам ці выкладчыкам. Атрыманую адзнаку пастаўце ў ацэначны ліст
  6.0. Мэта: праверка і карэкцыя атрыманых ведаў і ўменняў па вывучанай тэме модуля  
  6.1. Самастойна выканайце пр. 168 (1-9 сказы) падручніка Параўнайце свае варыянты з адказамі, што ў канверце № 3. Ацаніце сваю працу паводле крытэрыяў НЭ-3.1. Праінфармуйце настаўніка і выстаўце адзнаку ў ацэначны ліст
  7. Падсумуйце ўсе атрыманыя адзнакі (балы) і пастаўце выніковую за свой узровень ведаў і ўменняў па гэтай тэме. Самастойна прааналізуйце, ці дасягнулі вы мэты. Для гэтага вярніцеся на пачатак модуля і прачытайце, якія задачы стаялі перад вамі  
  8 Дамашняе заданне: 1) скласці вуснае паведамленне на тэму “Двукроп’е ў БСС”; 2) пісьмова выканаць пр. 168 (10-15 сказы) падручніка  

Ацэначны ліст вучня

№ НЭ 3.1. 4.1. 5.1. 5.2. 5.3. 5.4. 6.1. Выніковая
Атрыманая адзнака (або колькасць балаў) за выкананыя заданні                

Табліца Двукроп’е ў бяззлучнікавых складаных сказах

 
   

Хостинг от uCoz