Тэхналогія педагагічных майстэрняў
(французская). Майстэрня па аповесці Уладзіміра Караткевіча «Сівая легенда”
ў 10-ым класе.
Урок пазакласнага чытання
Пасля вывучэння тэмы «Уладзімір Караткевіч. "Дзікае паляванне
караля Стаха"» праграмай рэкамендавана правесці ўрок пазакласнага
чытання па аповесці "Сівая легенда" (1960). На нашу думку,
на гэтых занятках варта выкарыстаць метады, прыёмы і формы працы паводле
тэхналогіі педагагічных майстэрняў.
Гэтую тэхналогію таксама называюць французскай, бо яна распрацаваная ў Францыі
прадстаўнікамі плыні "Французская група новай адукацыі". Псіхолагі
названага руху лічылі, што ўдасканаліць любое грамадства можна толькі пры ўмове
карэнных зменаў у адукацыі. Яны былі перакананыя ў тым, што кожны чалавек здольны
здабываць веды самастойна, але асабліва ў сумесным пошуку. Педагог-майстар
павінен прадумаць і арганізаваць ход заняткаў такім чынам, каб кожны вучань
праз асабісты вопыт і даследаванні быццам сам адкрываў веды.
Найбольш важныя і неабходныя прынцыпы эфектыўнай пабудовы педагагічнай майстэрні:
1) абавязковае стварэнне педагогам атмасферы шчырасці, добразычлівасці і сутворчасці
на ўсіх этапах урока;
2) майстар павінен звяртацца да асабістых пачуццяў школьніка, абуджаць яго
персанальную зацікаўленасць у вывучэнні тэмы;
3) на працягу заняткаў не ацэньваць працу вучня, а на апошнім этапе даць яму
мажлівасць самому ацаніць сябе;
4) пажадана чаргаваць індывідуальную працу падлеткаў з калектыўнай, даць ім
права выбару відаў дзейнасці;
5) педагогу важна не спяшацца адказваць самому на пастаўленыя пытанні, бо галоўнае
— не так вынік, як сам працэс пошуку ведаў;
6) неабходна дамагацца роўнасці ў адносінах паміж школьнікамі і настаўнікам.
Звычайна на ўрокі па тэхналогіі педагагічных майстэрняў адводзіцца ў сярэднім
дзве гадзіны, але, улічваючы рэальныя магчымасці педагога і змест сучаснай
праграмы па беларускай літаратуры, паспрабуем паказаць сутнасць методыкі ў
межах сарака пяці хвілін на асноўных структурных этапах гэтай тэхналогіі.
Вынікам урока па аповесці "Сівая легенда" павінна стаць разуменне
дзесяцікласнікамі аўтарскай ідэі ў творы — асуджэнне дэспатызму, жорсткасці,
рэнегацтва і ўслаўленне найлепшых рысаў беларускага характару ў вобразе галоўнага
героя — шляхціца Рамана Ракутовіча; раскрыццё мастацкай вартасці аповесці і
яе сімволікі.
Урок пазакласнага чытання варта пачаць (не аб'яўляючы яго тэмы, задач і этапаў)
з індукцыі ("навядзення") удзельнікаў на тэму ці праблему, якую ўзняў
пісьменнік у мастацкім творы. Выклікаць у вучняў эмацыйны настрой, пачуцці,
асацыяцыі, якія б спрыялі ўдумліваму стаўленню да прадмета абмеркавання, —
асноўная задача першага этапа. Для гэтага можна выкарыстаць адпаведную мелодыю,
песню, уступнае слова педагога-майстра, прачытаны верш, тэкст, фразу, пытанне
з мэтай асэнсавання загалоўка мастацкага твора, а таксама фотаздымкі, малюнкі,
ілюстрацыі, прадметы і інш.
Удалым індуктарам можа стаць мастацкае чытанне заключнай сцэны аповесці — "Сустрэча
закаханых Рамана Ракутовіча і Ірыны на замкавым двары" (пачынаючы ад слоў "Ударыў
недзе першы далёкі ўдар звана" да радка "і твар ваяўніка плакаў без
слёз").
Пасля паўзы настаўнік пачынае ажыццяўляць другі этап урока-майстэрні — самаканструкцыю,
што скіроўвае вучняў на індывідуальную працу па стварэнні гіпотэзы, тэксту,
малюнка, праекта, на пошук вырашэння, адказу.
Выкладчык прапаноўвае вучням у сшытку па літаратуры абвесці ручкай сваю далонь
і на кожным графічным пальцы ў адзін радок запісаць пачуцці (магчымы розныя
часціны мовы), якія ўзніклі пад час слухання ўрыўка. У асацыяцыйны рад, верагодна,
патрапяць словы "страх", "боль", "нянавісць", "трывога", "шкадаванне", "радасць" і
інш. Кожны вучань зачытвае запісаныя ім словы і дапаўняе гэты рад іншымі, названымі
астатнімі ўдзельнікамі майстэрні. Такое заданне ўключае дзесяцікласнікаў у
творчы працэс, які прымушае ў дадзеным выпадку зразумець трагізм таго, што
адбылося з закаханымі. Потым майстар просіць перачытаць яшчэ раз запісанае,
а адно слова, самае галоўнае і важнае, запісаць у цэнтры далоні.
3 мэтай вывучэння ўспрымання вучнямі самастойна прачытанай аповесці настаўнік
прапаноўвае прыгадаць на галоўнае слова эпізоды, якія выклікалі ў чытачоў гэтае
пачуццё, і расказаць пра ўражанні пасля прачытання твора.
Вусныя адказы даюць выкладчыку мажлівасць пераканацца, наколькі добра дзесяцікласнікі
ведаюць змест аповесці "Сівая легенда". Школьнікі адзначаюць, што
душэўныя пакуты і просьбы нобіля Рамана Ракутовіча, выказаныя Аляхно Кізгайлу,
каб той вызваліў Ірыну, выклікаюць шкадаванне і спачуванне; напад паўстанцаў
на кісцянёўскі замак — радасць і трывогу; бойка Рамана з Кізгайлам — пачуццё
хвалявання за жыццё лірычнага героя.
Супярэчлівыя думкі і пачуцці вучні могуць выказаць пры абмеркаванні сцэны размовы
пані Любкі з Ракутовічам, а потым і з Ірынай: адны спачуваюць першай з-за яе
няспраўджанага кахання, другія спрабуюць аргументаваць сваю нянавісць да пані,
трэція ацэньваюць вернасць усіх герояў каханню. Практычна ўсе ўдзельнікі майстэрні
выказваюць боль і трывогу, калі згадваюць эпізод пакарання закаханых Рамана
і Ірыны пасля суда.
Наступныя два этапы педагагічнай майстэрні — сацыяканструкцыя і творчасць —
зыходзячы з задач гэтага ўрока буцуць аб'яднаны. Вучнёўскі калектыў трэба арганізаваць
у міні-каманды ці майстэрні, дзе стварэнне гіпотэз, малюнкаў, праектаў, пошук
адказаў ажыццяўляюцца ў пары, у групе з трох-пяці чалавек ці індывідуальна.
Колькасць міні-групаў звычайна залежыць ад колькасці запланаваных выкладчыкам
заданняў. Пры наяўнасці больш за дваццаць удзельнікаў майстэрні варта на пэўнае
заданне фармаваць два-тры міні-калектывы, якія ў працэсе ўрока будуць дапаўняць
адзін аднаго.
Кожнай групе школьнікаў майстар дае заданне, запісанае на асобных картках ці
на дошцы.
Першай групе, назавем яе ўмоўна майстэрняй "гісторыкаў", прапаноўваецца
вызначыць час і месца падзей, асаблівасці эпохі, апісаныя ў "Сівой легендзе".
Другой — "тэатральных дзеячаў" — даецца наступнае заданне: «Як вядома,
аповед у творы "Сівая легенда" вядзецца вуснамі швейцарца Канрада
Цхакена, які дзевяць гадоў пражыў на Беларусі як наёмны ваяр. Безумоўна, за
такі час у яго склаліся свае ўражанні і думкі пра характар беларускага народа.
На аснове старонак твора складзіце дыялог з героем-апавядальнікам на гэтую
тэму і праінсцэніруйце яго перад аднакласнікамі».
Трэцяй — "літаратурным крытыкам" — прапанавана даць сціслую характарыстыку
галоўнаму герою Раману Ракутовічу на аснове яго выказванняў у найбольш значных
эпізодах.
Чацвёртая майстэрня — "ваенных тактыкаў і стратэгаў" — выконвае такое
заданне: «Адметнасць сюжэта аповесці "Сівая легенда" — падрабязны
паказ У. Караткевічам батальных сцэнаў штурму, абароны і захопу замка ў Кісцянях.
На дошцы ці на аркушы паперы намалюйце ўмоўнымі знакамі карту ходу бітвы паўстанцаў
і абаронцаў крэпасці. Якія вашы высновы пасля аналізу баталіі?»
Апошнюю групу складаюць адораныя школьнікі — "мастакі-ілюстратары".
Настаўнік просіць стварыць на аркушы два партрэты Рамана Ракутовіча (у барвяным
плашчы на белым кані пасля бою і на замкавым двары ў Магілёве), а таксама партрэт
пакаранай Ірыны.
Як паказвае практыка, рабіць карту бою і партрэты мастацкіх вобразаў у час
правядзення майстэрні не пажадана: гэтая праца патрабуе значнага часу, творчага
настрою, фантазіі і цішыні. Таму выкладчыку літаратуры варта загадзя даць вучням
мажлівасць выканаць гэтыя заданні дома, напярэдадні ўрока пазакласнага чытання.
Выкананыя праекты і ілюстрацыі мацуюцца на дошцы для агляду і абмеркавання.
Кожная вучнёўская група дэманструе і абараняе свой праект, творчае заданне.
Гэтыя справаздачныя этапы ў тэхналогіі называюцца сацыялізацыя і афішаванне.
Ідэальны варыянт абароны праекта той, у якім удзельнічаюць усе члены групы.
Астатнія вучні ўважліва слухаюць, пры неабходнасці задаюць пытанні і ў сшытках
па літаратуры занатоўваюць свае пачуцці і ўражанні.
Прывядзем для ўзору некаторыя праекты-адказы на прапанаваныя вышэй заданні.
Праект майстэрні "гісторыкаў" можа быць пададзены як асобным вучнем,
так і ўсім міні-калектывам.
Падзеі, апісаныя ў аповесці "Сівая легенда", адбываюцца на Магілёўшчыне,
непадалёк ад Быхава, у кісцянёўскім замку, а напрыканцы твора — і ў самім Магілёве
на пачатку ХVІІ ст., пасля Люблінскай (1569) і Брэсцкай (1596) уній. Гэта быў
трагічны для Белай Русі час. Пасля аб'яднання Польскага Каралеўства і Вялікага
княства Літоўскага ў нашай краіне ўзмацняўся ўплыў каталіцтва, а беларуская
мова і культура захлыналіся ад паланізацыі. На тэрыторыі заходняй часткі Беларусі
пачалі інтэнсіўна ўзводзіць касцёлы, замкі, абарончыя збудаванні. Рэакцыяй
на ўсё гэта сталі стыхійныя выступленні простых людзей супраць прыгнятальнікаў
і іх наймітаў. У размове нобіля Аляхно Кізгайлы з наёмным капітанам Канрадам
Цхакенам згадваецца смута ў Віцебску. Як вядома з гісторыі, гаворка ідзе пра
паўстанне сялян і шляхты 1623 г, накіраванае супраць сацыяльнага і нацыянальна-рэлігійнага
ўціску. Рэлігійны прымус адбіўся і на маладой сям'і Кізгайлаў. "Сам гаспадар,
— пісаў У. Караткевіч, — таксама быў свежы католік, а жонка яго, Любка, заставалася
праваслаўнай".
У аповесці дзейнічаюць і рэальныя асобы першай паловы XVII ст. — нобіль Раман
Грынка з Ракутовічаў, пад кіраўніцтвам якога быхаўскія сяляне змагаліся супраць
уціску магнатаў і іх прыслужнікаў, палітычны дзеяч, прыхільнік уніяцкай ідэі
Леў Сапега, Дэспат-Зяновіч і князь Друцкі.
Адзначана ў творы і тое, што горад Магілёў яшчэ не страціў магдэбургскага права,
паводле якога гараджане вызваляліся ад феадальных павіннасцяў, што давала ім
магчымасць займацца рамесніцтвам, гандлем і земляробствам. Жыхары маглі выбіраць
гарадскі орган улады — магістрат, а таксама суд.
Праект “тэатральных дзеячаў" пабудаваны на аснове выказванняў героя-апавядальніка
Канрада Цхакена (дзесяцікласнікам трэба падабраць урыўкі з твора і прыдумаць
да іх пытанні).
Непасрэдна перад пачаткам абароны гэтага праекта настаўнік прапаноўвае вучням
усяго класа заданне: вызначыць і занатаваць рысы характару беларускага народа,
найбольш ярка выяўленыя ў выказваннях іншаземца.
Летапісец. Паважаны Канрад, Вы пражылі на Беларусі дзевяць гадоў. Што Вы думаеце
пра беларусаў?
Канрад Цхакен. «Так, я жыў сярод іх дзевяць год, часам пачынаў нават думаць
па-беларусінску, а ўсё ж ведаў іх ненашмат лепей, чым у першы дзень.
Яны будуць крычаць: "Воўк вырваўся з логава" і ніколі не зробяць
ласкі толкам растлумачыць, што здарылася, каб добры хрысціянін зразумеў іх.
Як быццам гэта наш абавязак — разумець іхнія тропы і іншасказы... Крый божа,
калі сярод іх з'явіцца першы паэт — яны затопяць вершамі ўвесь свет і нікому
не дадуць спакою.
Яны трацяць шалёныя грошы на цэлы табун загадзя асуджаных коней — і пакідаюць
пад'ёмны мост апушчаным.
Іхнія старыя крэпасці, як Смаляны, Ворша, Магілёў, — страшныя. Я не згадзіўся
б абараняць іх нават пад пагрозай пазбаўлення раю (я ўсё адно, бадай што, туды
не траплю), нават калі б мне плацілі не пяцьдзесят талераў, а сто. Сапраўды,
каб выстаяць за такім плотам, патрэбна вялікая мужнасць і вялікая легкадумнасць.
А яны не толькі выстойваюць, але і наносяць страты ворагу.
Яны ўмудрыліся, седзячы ў гэтых быдлячых загонах, адбіцца ад татар і сто год,
абяскроўленыя, супраціўляліся Літве — гэтага досыць».
Летапісец. У сваім жыцці Вы мелі непасрэдныя стасункі з найбольш радавітай
часткай беларускага магнацтва — нобілямі. Што можна сказаць пра іх сэнс жыцця?
Канрад Цхакен. "Нобілі — самыя знатныя і самыя паважаныя народам людзі
на гэтай зямлі. Яны не проста маюць дрэва продкаў, яны вядуць яго ад якога-небудзь
слаўнага чалавека.
Іхні закон гонару: кожнае пакаленне павінна прымножыць славу гэтага продка
сваімі дзеяннямі. Таму большасць з іх вызначаецца справядлівасцю, шчырым норавам
і неўтаймаванай адвагай у баі.
Гэтыя тры добрыя якасці — я заўсёды казаў гэта — зусім не садзейнічаюць працвітанню.
Таму гэта парода належыць да ліку выміраючых. Зніклі нашчадкі князя Вячкі,
няма прамых нашчадкаў Андрэя Полацкага, нястомнага ворага Крэўскай уніі. Іх
забылі. I па заслузе — няма чаго геройстваваць. Чалавек створаны на тое, каб
пладзіцца, а не на тое, каб знішчаць сябе. Які толк у тым, што іх імёны занесены
ў які-небудзь гарадзельскі прывілей або першы статут, калі носьбітаў гэтых
імён не засталося на зямлі".
Летапісец. Як ваяру Вам даводзілася часта бачыць смерць людзей розных нацыянальнасцяў,
у прыватнасці і беларусаў. Чым вылучаюцца яны ў апошнія хвіліны жыцця?
Канрад Цхакен. "Паміраюць спакойна — за іх заступаецца Божая маці, — так
спакойна, быццам у іх шчырыя сяброўскія адносіны і з богам і з чортам. I мне
здаецца, што яны не вераць у тое і ў другое".
Летапісец. У чым, на Вашу думку, заключаецца шчасце беларусаў?
Канрад Цхакен. "Тутэйшым людзям мала трэба: толькі штодзённая луста хлеба
з салам, гарэлка на свята. I яшчэ дабрата. Калі з імі добры — яны зробяць усё.
Нават калі не будзе сала і гарэлкі, толькі павага".
Пасля інсцэніроўкі, у час франтальнай гутаркі, дзесяцікласнікі адзначаюць найлепшыя
рысы характару беларускага народа: смеласць, адданасць справе, справядлівасць,
дабрыню і павагу да іншых людзей. Усё пералічанае можна аб'яднаць у адно ёмкае
паняцце — чалавечнасць. Практычна ўсе ўдзельнікі выказваюць пачуцці захаплення
і гонару за свой народ.
Справаздача майстэрні "літаратурных крытыкаў" можа быць прадстаўлена
таксама ўсімі членамі. Кожны ўдзельнік называе адну-дзве найбольш значныя рысы
характару Рамама Ракутовіча і аргументуе прыкладамі з прачытанай аповесці.
У гісторыі пра закаханых, якую расказаў герою-апавядальніку Канраду Цхакену
нейкі поп, і потым, на працягу ўсёй аповесці, у нобіля Грынкі яскрава выяўляюцца
такія рысы характару, як настойлівасць у дасягненні мэты і вернасць у каханні
да Ірыны. Два разы Раман асабіста прасіў і маліў Аляхно Кізгайлу адпусціць
дзяўчыну яму ў жонкі, нягледзячы на іх сацыяльную няроўнасць.
Нянавісць да панства не засляпіла вочы "мужыцкаму цару" пасля штурму
замка: ап'янёны перамогай, ён праявіў літасць да наёмных ваяроў-іншаземцаў
і да нобіля Аляхно Кізгайлы, пакуль апошні сам не напрасіўся на паядынак, што
закончыўся яго смерцю. Праўда, прынцыповым Ракутовіча бачым у адносінах да
астатніх ворагаў, пераважна з беларускай шляхты, калі ён загадаў некаторых
з іх "пусціць пад корань", хоць добра ведаў, што сам асуджаны ўладамі
на смерць за кіраўніцтва паўстаннем.
Справядлівым можна назваць галоўнага героя за яго загад не знішчаць і не рабаваць
замак Кізгайлы, а ўсю маёмасць падзяліць пароўну паміж усімі мужыкамі і іх
сем'ямі.
Вернасць нобіля свайму народу, бацькаўшчыне мы заўважаем, калі асэнсоўваем
прамоўленыя ім словы: "Мужык — станавы хрыбет усяму. А вы яго ў пекла
ўвергнулі... Ты ці многа разумееш у гонары? Ваш гонар у Варшаве Жыгімонту пяткі
лізаў. Ваш гонар адзінаверцаў маскоўскіх пад Воршай разграміў і пакуты ім чыніў
смяротныя. Ваш гонар сваіх беларусаў на прэнг вешае. Да чаго вы народ русінскі,
божы народ, давялі ў подласці сваёй? Дзеў на чужацкі ложак шпурнулі. Краіну
ўсю! Слёзы яе вам сэрца не абцяжарваюць?! Веру змянілі, хрыстапрадаўцы! Народ
прадалі, гандляры! Сваімі рукамі пятлю на яго звілі ды самі і надзелі. Ва ўніжэнні,
ва ўціску ён небу вапіе, а вы лікуеце! <...> Я дваран здрадзіў, а ты
здрадзіў край. Мне гарэць, а табе пакі. Ды мне, можа, яшчэ і даруе пан Бог,
бачачы, што скроні ў мяне ад мучэнняў сівеюць. А табе — няма літасці".
У сцэне размовы ў бібліятэцы Рамана Ракутовіча з пані Любкай Кізгайлай маладая
жанчына шчыра прызналася і ў сваім каханні да яго. Можна было пакараць грэшніцу,
але ён і тут гуманны: "Другая ніколі ў такім не сазналася б. Адна ты...
Таму і не магу я цябе ненавідзець. I калі што перашкодзіла б мне цябе кахаць,
дык не гэта тваё прызнанне".
3 канцоўкі аповесці мы даведаліся, што панскае войска разбіла палкі мяцежнікаў,
але самога кіраўніка доўга не маглі схапіць. "Амаль ніхто не здаваўся,
а астатнюю, большую, частку Раман выпусціў сваім целам: паставіў умову, што
здасца, калі іх адпусцяць.
I здаўся. Пасля гэтага кінуліся лавіць адпушчаных уцекачоў, ды куды там".
Такім чынам, "мужыцкага цара" можна назваць клапатлівым і самаахвярным.
Такая рыса характару, як мужнасць, яскрава выяўляецца ў сцэне пакарання Ракутовіча
і Ірыны на дварцовай плошчы ў Магілёве. Кат адсек герою правую руку вышэй кісці,
а на левай пакінуў толькі мезены і безыменны пальцы. Але гэтыя здзекі не зламілі
героя.
На аркушы паперы ці на дошцы ўдзельнікі майстэрні “ваенных тактыкаў і стратэгаў" прадстаўляюць
загадзя падрыхтаваную карту штурму, абароны і захопу кісцянёўскага замка. Яны
павінны тапаграфічнымі знакамі пазначыць названыя ў адпаведным эпізодзе лес,
узгорак, лагчыну, вал, Кізгайлаў замак, размяшчэнне абедзвюх армій і асабліва
падрабязна апісаць расстаноўку мужыцкага войска. Вусны аповед вучняў мае на
мэце паказаць майстэрства падрыхтоўкі і вядзення бою, мужнасць і мудрасць Рамана
Ракутовіча як военачальніка і раскрыць прычыны паражэння арміі даволі вопытнага
ў вядзенні вайны капітана Канрада Цхакена.
3-за дыму абаронцы замка не заўважылі, як з лагчыны, зусім блізка ад муроў,
нечакана выпаўзла дваццаць мужыцкіх вазоў з дзіўным рыжым сенам. Капітан Цхакен,
разважаючы пра незвычайнае з'явішча, спазніўся своечасова знішчыць гарматамі
гэтыя вазы. I ў выніку абедзве брамы замка Аляхно Кізгайлы згарэлі. Вал перад
крэпасцю з-за няхваткі ваяроў таксама не быў абаронены. Гэта і стала першай
сур'ёзнай памылкай абаронцаў, бо ўзнікла нечаканая пагроза замку і знікла перашкода
для ворага патрапіць у яго.
Раззлаваны капітан Цхакен зрабіў яшчэ адну недаравальную памылку, калі паслаў
на вараных конях сваіх кірасіраў на невялікі натоўп узброеных абы-чым паўстанцаў
з асаднымі доўгімі лесвіцамі. Як потым выявілася, гэта была запланаваная падсадка,
праз якую чорны конны атрад пасля быў цалкам знішчаны конніцай мяцежнікаў.
Сілы абодвух войскаў па колькасці ваяроў сталі няроўнымі. Пасля аблогі замак
быў узяты мужыкамі пад кіраўніцтвам "барвянога ўладара і ваяўніка". "Чорт
бы пабраў гэтага мужыцкага караля! — злосна праклінаў Ракутовіча наёмны капітан
Канрад Цхакен. — Ён ваяваў зусім не па правілах. Праўдзівей, не па тых правілах,
па якіх ваююць ва ўсім свеце. I не зразумела, па якіх".
Пасля гэтага выступлення выкладчык прапаноўвае дзесяцікласнікам назваць і запісаць
рысы характару Рамана Грынкі, выяўленыя ў батальнай сцэне.
Кульмінацыйны момант педагагічнай майстэрні — этап "разрыву", на
якім з'яўляецца новае бачанне, азарэнне. Удзельнікі павінны адчуць недахоп
ведаў, унутраны эмацыйны канфлікт, што ў далейшым скіроўвае на паглыбленне
ў праблему, на пошук адказаў, на зверку набытых ведаў з літаратурнымі крыніцамі.
На дадзеным этапе можна выкарыстаць і "падказкі" — інфармацыю, якая
будзе дадзена вучням, калі ў гэтым ёсць патрэба.
Далей, пасля афішавання першага партрэта "барвянога ваяўніка" (на
белым кані), майстар прапаноўвае класу паслухаць аўтарскас мастацкае апісанне
Рамана Ракутовіча.
" Конь мерна ступаў паміж целамі, і капыты звонка білі аб камень. Белы конь
з залацістымі вачыма. А гэты сядзеў на ім як уліты. Бачыў я грыву непаслухмяных
і бліскучых попельных валасоў, што адлівалі золатам, ёмісты чэрап з вялікім ілбом,
цвёрда сціснуты вялікі рот, жорсткія жаўлакі на шчоках, прамы і крыху кірпаты
нос.
Аблічча, што наганяе жах. Але жахлівей за ўсё былі вочы, незразумелыя па колеру,
то шэрыя, то сталёвыя. То залацістае ў ім прамільгне, то нават трохі зялёнае,
раз'юшанае. Доўгія, светлыя, незразумелыя вочы.
I гэта галава была закінута назад, бы ў нязмернай гардыні, а жылістая рука
ўладна сціскала павады. І конь адчуваў гэтую руку і ішоў паслухмяна, дрыжучы
кожнай жылкай, касавурачы шалёным вокам і стрыгучы вушамі”.
Вучні адказваюць на пытанне: сімвалам чаго выступае ў аповесці Раман Ракутовіч?
Майстар побач з партрэтам галоўнага героя кнігі прымацоўвае "падказку":
выяву старажытнабеларускага герба "Пагоня" і бел-чырвона-белага
сцяга. Супрацьлеглыя ўражанні выклікае ў вучняў кантраст згаданага партрэта
з партрэтамі знявечаных пасля суда ў Магілёве закаханых Рамана і Ірыны. Выкладчык
задае пытанне: чаму менавіта так пакаралі суддзі галоўных герояў (юнаку адсеклі
кісці рук, а дзяўчыну асляпілі), што сімвалізуе гэтае пакаранне?
У падмацаванне зробленых вучнямі высноваў майстар можа працытаваць урывак з
артыкула даследчыка літаратуры Анатоля Вераб'я: «Аповесць насычана патрыятычнай
сімволікай. Так, Раман выступае нібы казачны волат-асілак. У ягоным апісанні
як вершніка на белым кані, апранутага ў барвяны плашч са старадаўнім двухручным
мячом у руцэ, увасобіліся святыя для мастакоўскага сэрца герб "Пагоня" і
бел-чырвона-белая старажытная беларуская сімволіка. І потым, калі паўстанне
пацярпела паражэнне, на гэтай, як піша У. Караткевіч, "Богам праклятай,
лютай, грэшнай зямлі", ганьбаваліся і былі пакараны і сам вершнік, змагар
і абаронца людзей, і ягоныя меч і шчыт, і ягоная каханая, якая ўспрымаецца
як дзяўчына і як сімвал Беларусі.
У аповесці "Сівая легенда" асуджаецца дэспатызм, жорсткасць і рэнегацтва.
Асабліва трагічна паказана пакаранне Ракутовіча і яго каханай Ірыны <...> якія
не здрадзілі свайму пачуццю. Нельга не далучыцца да заключных слоў, сказаных
Цхакенам: "Божа, злітуйся над зямлёю, што нараджае такіх дзяцей".
Так пранікнёна і балюча сказаць пра аслепленую і абязручаную Беларусь мог сапраўдны
талент”.
Настаўнік прапаноўвае дзесяцікласнікам паразважапь над сэнсам заключных слоў
аповесці, якія сказаў герой-апавядальнік, калі назіраў за сустрэчай скалечаных
Рамана і Ірыны, і адказаць на пытанне: якіх "такіх дзяцей" капітан
меў на ўвазе?
Адказам могуць паслужьшь названыя школьнікамі рысы характару абодвух літаратурных
вобразаў: "такіх — гэта значыць стойкіх, цвёрдых воляю, цярплівых, мэтанакіраваных
і — самае галоўнае — верных адно аднаму ў каханні, якое здолелі зберагчы і
пранесці праз неймаверныя пакуты і выпрабаванні".
Такім чынам, на этапе "разрыву" як бы замыкаецца кола ходу ўрока-майстэрні
па аповесці "Сівая легенда": ён пачаўся з мастацкага чытання ўрыўка
пра трагічны эпізод сустрэчы Рамана і Ірыны і заканчваецца гэтай сцэнай, але
ўжо асэнсаванай з пункту погляду літаратуразнаўцы.
Потым майстар скіроўвас ўвагу вучняў на самае першае, запісанае ў цэнтры далоні
галоўнае слова, якім яны выказалі сваё ўражанне ад прачытанага, і прапаноўвае,
калі ў гэтым ёсць неабходнасць, замяніць яго іншым.
Закончыць педагагічную майстэрню методыка рэкамендуе рэфлексіяй — апошнім этапам
гэтай тэхналогіі. Рэфлексія — зварот "назад", усведамленне і асэнсаванне
кожным удзельнікам уласнай дзейнасці. Настаўнік просіць вучняў выказаць пачуцці,
уражанні і заўвагі, якія ўзніклі ў працэсе заняткаў. Гэтыя выказванні — карысны
матэрыял для выкладчыка, для ўдасканалення наступнай майстэрні і наогул для
далейшай педагагічнай працы.
|
|
|