Рэкамендацыі да правядзення ўрока-заліку
па трылогіі Якуба Коласа
“На ростанях” у 11-ым класе адзінаццацігадовай школы з выкарыстаннем камп’ютэра
Не адно пакаленне школьнай моладзі захапляецца гэтым
класічным творам. Пачынаючы з пяцідзесятых гадоў, трылогія "На ростанях" Якуба Коласа трывала ўвайшла
ў праграму па беларускай літаратуры для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы, а
з 2000 года ўвесь яе змест прапануецца асвоіць у класах з паглыбленым і профільным
вывучэннем гэтага прадмета . Праўда, цяпер агульная колькасць гадзін на вывучэнне
твора скарацілася прыкладна да сямі ўрокаў, таму папулярны раней сярод настаўніцтва
аналіз "следам за аўтарам" выкарыстоўваць стала немэтазгодна. Больш
рацыянальнымі ў гэтай сітуацыі становяцца праблемны або кампазіцыйны падыходы,
якія прапанавала Вера Ляшук у метадычным дапаможніку «Вывучэнне ў школе трылогіі
Якуба Коласа "На ростанях » (2001). Безумоўна, кампазіцыйны і праблемны
аналізы мастацкага твора маюць значную перавагу і высока ацэньваюцца ў сучаснай
методыцы як навукоўцамі, так і настаўнікамі, але, як вядома з вопыту, у сувязі
з недахопам часу па-за ўвагай вучняў застаюцца асобныя моманты сюжэта, некаторыя
вобразы і дэталі кнігі.
Такім чынам, улічваючы, што трылогія "На ростанях" — выдатная з'ява
ў гісторыі беларускай літаратуры, прапануем дадаць яшчэ адзін урок на правядзенне
тэстаў з дапамогай камп'ютэра толькі па адным гэтым творы, а не па ўсёй манаграфічнай
тэме "Якуб Колас".
Загадзя запланаваны і своечасова абвешчаны ўрок-залік па кнізе скіруе вучняў
на яе ўважлівае прачытанне і вывучэнне, а настаўніка пазбавіць праблемы выстаўлення
адзнак пры аналізе твораў буйной формы.
Падчас складання зместу і структуры праграмаў-тэстаў паводле трылогіі Якуба
Коласа "На
ростанях" улічваліся ўзроставыя асаблівасці адзінаццацікласнікаў, вопыт
іх працы на камп'ютэры. У тэстах сістэматызуюцца, падагульняюцца і правяраюцца
веды вучняў: ці знаёмыя яны з гісторыяй напісання трылогіі, з эпохай, адлюстраванай
у ёй, ці валодаюць зместам прачытанага, ці ўмеюць вызначаць праблемы, узнятыя
ў творы, яго ідэйны змест, своеасаблівасці сюжэта, ці маюць уяўленне пра кампазіцыю,
сістэму вобразаў, ролю пазасюжэтных элементаў.
Каб правільна адказаць на змешчаныя ніжэй тэсты, трэба ўважліва іх прачытаць:
любы неабдуманы ход можа стаць памылковым. Фармулёўка і структура пытанняў на
гэты раз не шаблонная, як гэта было на папярэднім заліку па біяграфіі і творчасці
Янкі Купалы.
На ўроку-заліку ва ўступным слове выкладчыку варта папярэдзіць вучняў пра магчымыя
механічныя памылкі ў час індывідуальнага адказу на камп'ютэры. У больш слабым
класе папярэдне можна правесці пробную міні-праграму з ідэнтычнымі па складанасці
зместам і структурай пытанняў і адказаў.
Прапануем наступныя нормы ацэнкі, якія трэба закласці ў праграму- тэст камп'ютэра:
адзнака "10" ставіцца, калі набраны 62 балы;
— "9" — 60-61 бал;
— “8"— 58-59 балаў;
— "7" — 56-57 балаў і г.д.
1
Над трылогіяй "На ростанях" Якуб Колас працаваў амаль усё сваё творчае
жыццё, таму гэты твор быў асабліва дарагі для яго. Цікавая і творчая гісторыя
трылогіі.
Па змешчанай ніжэй кароткай характарыстыцы вызначце назву аповесці, пра якую
ідзе гаворка.
1. Над гэтай аповесцюЯкуб Колас працаваў на працягу 1921 — 1922 гг., калі месца
інтэлігенцыі ў жыцці маладой рэспублікі набывала выключна важнае значэнне. Беларускі
народ атрымаў дзяржаўнасць, пачаўся працэс беларусізацыі. Урад запрашаў вярнуцца
ў рэспубліку беларускіх інтэлігентаў з-за мяжы, каб дапамагчы свайму народу набыць
нацыянальнае аблічча, адрадзіць яго культуру. Такое запрашэнне атрымаў і Якуб
Колас.
2. Гэтая частка трылогіі пісалася з 1948 да 1954 г. пасля доўгага перапынку.
На Беларусі ўсё яшчэ ішло вынішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі, спыненае толькі
на час Вялікай Айчыннай вайны. Пад пагрозай не адзін раз было і жыццё самога
аўтара: на яго сыпаліся розныя палітычныя абвінавачванні. Якуб Колас перайначыў
далейшы лёс Андрэя Лабановіча. Рэпрэсаванымі аказаліся і некаторыя прататыпы
герояў трылогіі.
а) "У палескай глушы"; б) “У глыбі Палесся”; в) "На ростанях".
Адказ: 1) а; 2) в
2
Аўтар не называе у трылогіі канкрэтных датаў падзей, але вядома, што сюжэтна
твор ахоплівае няпоўныя дзесяць гадоў" пачатку XX ст. Назавіце гэты час.
1. 3 1895 да 1904 г.
2. 3 1904 да 1913 г.
3. 3 1907 да 1917 г.
+ 4. 3 1902да 1911 г.
5. 3 1900 да 1909 г.
3
Якія дзве рэальныя гістарычныя падзеі ўскосна закранаюцца і адлюстроўваюцца аўтарам
у трылогіі?
1. I з'езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (1898 г.).
+2. Руска-японская вайна 1904 г.
+3. Рэвалюдыя 1905 — 1907 гг.
4. Першая сусветная вайна.
5. Грамадзянская вайна.
4
Трылогія "На ростанях" складаецца з трох аповесцяў. Асобныя з іх
дзеляцца на часткі. З прапанаваных загалоўкаў правільна згрупуйце змест усяго
твора.
а) "Верхань".
б) "На бацькаўшчыне".
в) "На крыжовых дарогах".
г) "На новым месцы".
д) "У палескай глушы".
Адказ: 1-ая кніга – д; 2-ая – б,г; 3-яя – а,в
5
У сюжэт трылогіі "На ростанях" аўтарам уведзены лісты, якія выступаюць
сродкам характарыстыкі герояў. Хто і каму з персанажаў напісаў наступныя радкі:
1. "Вельмі цяжка пачуваць, што цябе пачынае зацягваць балота, і ты ведаеш,
што ў гэтым балоце твая грамадзянская смерць. I калі б мяне спытаў хто, што мне
найбольш кінулася ў вочы і зрабіла мацнейшае ўражанне за першы год настаўніцтва,
я вызначыў бы гэта так: павольнае ўміранне душы і зацягванне цябе балотам".
2. "Цяпер жа, пішучы вам, я толькі хачу прынесці вам падзяку за тое, што
вы аздобілі маё жыццё тут, што вы былі тою яснаю, чыстаю зоркаю, якая свяціла
мне ў гэтай цемры жыцця, радавала мяне і ўхіляла ад рознага бруду, і калі ў мяне
захавалася жывая іскра, то толькі дзякуючы вам".
3. "Мілы... дурань";
а) Ядвіся — Лабановічу;
б) Лабановіч — Ядвісі;
в) Лабановіч — Марыне;
г) Лабановіч — Тукалу;
д) Лабановіч — Турсевічу;
е) Турсевіч — Лабановічу.
Адказ: 1) г; 2) б; 3) а
6
У якой кнізе трылогіі апавядаецца пра...
1) жыццё панямонскай "інтэлігенцыі", пра планы і намеры, якія імкнуўся
ажыццявіць Лабановіч у вёсцы Мікуцічы, пра сустрэчу настаўніка з Аксёнам Калем
і Вольгай Андросавай, пра знаёмства з нелегальнай літаратурай;
2) адносіны паміж Лабановічам і Турсевічам, пра настаўніцкі сход, пра працу ў
беларускай газеце, пра суд і турэмнае зняволенне, пра гутарку Лабановіча з Галубовічам.
а) "У палескай глушы"; б) "У глыбі Палесся"; в) “На ростанях”
Адказ: 1) б; 2) в
7
Адно са значных пытанняў, якое хвалявала Андрэя Лабановіча на пачатку настаўніцкай
дзейнасці, — для чаго чалавек жыве на зямлі?
Хто з герояў адказаў на яго наступным чынам:
1) "Чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія
вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых";
2) "Жыве чалавек для таго, каб у жыцці як можна болей вывудзіць карыснага
і прыемнага для сябе";
3) "Жывём, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыйдзе смерць, тады
пахаваюць";
а) Старожка бабка Мар'я; б) Настаўнік Турсевіч; в) Старожка бабка Параска;
г) Лабановіч; д) Саханюк; е) Вольга Андросава.
Адказ: 1) б; 2) г; 3) а
8
Андрэй Лабановіч прыехаў у палескую глуш з цвёрдым намерам глыбей спазнаць жыццё
і зрабіць усё магчымае, каб палепшыць становішча сялян. Якая з ніжэй пададзеных
формаў дапамогі свайму народу не адпавядае зместу твора?
1. Ставіць перад сабой мэту даць глыбокія і грунтоўныя веды сваім вучням, выхаваць
актыўных удзельнікаў грамадскага жыцця.
2. Наведвае сялянскія хаты цельшынцаў з мэтай вывучэння асноўных прычын народных
праблем, а потым праводзіць асветніцкую працу, імкнецца абудзіць крытычныя думкі
ў сялян.
3. Прапануе сялянам Мікуціч угнаіць неўрадлівую зямлю балотным глеем.
4. Імкнецца арганізаваць будаўніцтва грэблі ў вёсцы Мікуцічы.
+ 5. Агітуе народ супраць веры ў добрага цара.
6. Падымае натоўп сялянаў на паўстанне супраць пана Скірмунта.
9
Якія дзве рысы характару з пералічаных ніжэй не адпавядаюць вобразу Андрэя Лабановіча?
1. Яму характэрны дух вандроўніцтва.
2. Выразна ўсведамляе сваю нацыянальную прыналежнасць.
3. Вызначаецца шырынёй і разнастайнасцю інтарэсаў.
+ 4. Валодае выключнай фізічнай сілаю.
5. 3 адказнасцю ставіцца да прафесійных абавязкаў.
6. Усведамляе свае памылкі, самакрытычны.
7. Вызначаецца добрым літаратурным густам.
8. Любіць прыроду, чуйны да яе хараства.
9. Любуецца хараством жанчыны, здольны кахаць.
10. Грамадскі дзеяч і рэвалюцыянер.
+ 11. Фантазёр, адарваны ад рэчаіснасці.
10
Жыццёвыя дарогі зводзілі Андрэя Лабановіча з многімі дзяўчатамі. Найбольшую
цікавасць у юнака выклікалі тры палескія прыгажуні — Людміла, Марына
і Ядвіся. Пазнайце іх партрэты.
1) "Лабановіч знайшоў, што такой слаўнай дзяўчыны ён яшчэ ні разу
не бачыў. Цёмныя чыстыя вочы, крыху як бы чымся засмучоныя, пазіралі
так панадна і з такою дабратою, што ад іх погляду рабілася лёгка на сэрцы!
На высокі белы лоб навіслі чорныя-чорныя валасы і дадавалі яе твару яшчэ
больш хараства. Тонкія замкнёныя вусны рабілі твар дзяўчыны разам з тым
і крыху строгім і сур'ёзным".
2) "Габрыня зараз жа выйшла і хутка вярнулася з сястрой, стройнаю
чарняваю дзяўчынаю, гадоў шаснаццаці, з тонкімі прыгожа абрысаванымі
брывамі. Выраз яе цёмных акруглых вачэй часта змяняўся: то ў іх іскрыўся
вясёлы смех і нахіл да жартлівасці, то адбівалася нейкае засмучэнне і
тая сталасць, што рабіла ўражанне, быццам дзяўчына многа перадумала і
перажыла".
3) "На высокім сядзенні, па-запраўску трымаючы туга нацягнутыя раменныя
лейцы, сядзела маладая паненка. На ёй было лёгкае футра; зімняя шапачка,
надзетая крыху набок, вельмі ішла да яе твару. Здаровы холад зімы авеяў
і разрумяніў яе шчокі. Ад стройнае фігуркі так і патыхала здароўем і
жыццём... Яна шпарчэй пагнала каня... Але ён паспеў разгледзець і
запамятаваць твар гэтае паненкі: тонкія бровы, бойкія сіняватыя вочы,
пухлыя, прыгожа абрысаваныя губы. Дзяўчына была досыць прыгожая, як здалося
Лабановічу".
а) Людміла; б) Марына; в) Ядвіся
Адказ: 1) б; 2) в; 3) а
11
Хто з герояў трылогіі...
1) "не дае задрамаць сялянам у іх заціснутым жыцці. Катурхае, будзіць
іх грамадскую думку, кідае новыя мыслі, падымае на змаганне з няпраўдай";
2) "сваё галоўнае назначэнне як настаўніка... вызначаў так: абудзіць у
вучняў і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з'явы і факта яны
падыходзілі з пытаннямі — як выніклі? у чым іх прычыны? I, наогул, каб да ўсяго
падыходзілі свядома";
3) пазнаёміў Андрэя Лабановіча з арганізацыяй пінскіх рэвалюцыянераў;
4) любіў гаварыць афарызмамі;
5) кінуў у пакой Лабановіча праз фортку кветкі;
6) быў рэдактарам газеты "Панямонскія ведамасці".
а) Ядвіся; б) Аксён Каль; в) Вольга Андросава; г) Андрэй Лабановіч; д) Янка
Тукала; е) Бухберг.
Адказ: 1) б; 2) г; 3) в; 4) д; 5) а; 6) е
12
Хто з герояў твора меў наступны жыццёвы ідэал, мэту:
1) пасада пісара, выпіўкі, карты, поспех у жанчын;
2) матэрыяльны дабрабыт, жонка-прыгажуня, такая, як Людміла;
3) на словах — жыць для дабра, для служэння праўдзе, каб быць карысным іншым,
а на самай справе клопат пра сябе;
4) унутраная патрэба пошуку, страх перад духоўнай смерцю;
5) "знайсці ў жыцці нешта такое, што дадавала б сэнс гэтаму жыццю. Трэба
перш за ўсё пашыраць свой кругагляд, выблутацца з павуціння, што засланяе разумнае
жыццё"?
а) Турсевіч; б) памочнік пісара Дубейка; в) Саханюк; г) Лабановіч; д) Садовіч.
Адказ: 1) б; 2) в; 3) а; 4) г; 5) д
13
У трылогіі Якуб Колас даў характарыстыку беларускаму народу, стварыў вобразы
простых людзей. Якія своеасаблівыя рысы характару ўвасобіў аўтар у вобразах
палешукоў? Супастаўце іх
Рысы характару і якасці: |
Вобразы: |
1) фізічная моц, сіла і вынослівасць; |
а) дзед Мікодым; |
2) дабрыня і чуласць сялянскай душы, сардэчнасць
і цяпло; |
б) дзед Мікіта; |
3) багацце мовы; |
в) Цімох Жыга і Аксён Каль |
4) прыродны розум, рэальныя погляды на жыццё, атэізм; |
г) бабка Мар'я і
бабка Параска; |
5) вера ў праўду, у справядлівасць, разуменне неабходнасці барацьбы
за яе. |
д) стары Грыгоры і дзед Мікіта. |
Адказ: 1) д; 2) г; 3) а; 4) б; 5) в 14
На працягу ўсёй кнігі Якуб Колас прадстаўляе галерэю вобразаў святароў — духоўных
пастыраў народа, якіх аўтар, паводле сваіх атэістычных поглядаў, малюе негатыўна.
Хто з іх...
1) у час царкоўнай службы выкарыстаў замест Евангелля том Пушкіна;
2) "быў вельмі заўзяты п'яніца і лаяльнік, сушыў жыта за царскімі дзвярамі,
а ў святую нядзельку перад набажэнствам зазвычай хадзіў на балота трасці бучы
з рыбаю сваіх парафіян";
3) у час набажэнства таргаваў карову;
4) узяў на сябе абавязкі шпіёна і даносчыка. Падслухоўваў размовы Лабановіча
з Аксёнам Калем і Вольгай Віктараўнай, падглядаў у вокны і лічыў сваім абавязкам
час ад часу наведваць кватэру настаўніка?
а) Айцец Кірыл з Хатовіч; б) айцец Мадэст з Малевіч; в) айцец Мікалай з Выганаў;
г) дзяк Бацяноўскі з Выганаў; д) айцец Уладзімір з Верхані.
Адказ: 1) д; 2) б; 3) в; 4) г
15
Якія параўнанні найбольш падыходзяць да прапанаваных ніжэй групаў герояў і
асобных вобразаў?
1) настаўнікі Турсевіч, Садовіч, Тукала, Вольга Андросава;
2) настаўнікі Шырокі, Саханюк, Анцыпік, памочнік пісара Дубейка, сядзелец Скаромны,
фельчар Найдус, валасны старшыня Брыль;
3) выганаўскія чыноўнікі: валасны старшыня Захар Лемеш, пісар Мацей Дулеба,
ляснічы Іван Бяляўскі;
4) Ядвіся;
5) Лабановіч;
6) настаўнік Шырокі.
Параўнанні:
а) абаронцы царскага самаўладства, мяшчане;
б) балота, "героі зялёнага поля";
в) "крынічны струмень";
г) "свяцільнік Бабруйшчыны", "златавуст панямонскі";
д) "прасвяціцель цёмнага Палесся, вялікі пустэльнік";
е) "лепшая, прыгажэйшая кветка Палесся".
Адказ: 1) в; 2) б; 3) а; 4) е; 5) д; 6) г
16
Шмат агульначалавечых праблем вырашае Якуб Колас у трылогіі. Якая з іх з'яўляецца
цэнтральнай?
1. Чалавек і прырода.
2. Сяброўства і каханне.
3. Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці.
+ 4. Інтэлігенцыя.
5. Пошукі сэнсу жыцця.
6. Пошукі шляхоў служэння народу.
7. Чалавек і космас.
8. Патрыятызм.
17
Асобныя радкі трылогіі "На ростанях" сталі афарыстычнымі. Згадайце,
каму з герояў належаць прыведзеныя ніжэй выслоўі:
1) "жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны
дар".
2) "Прырода — найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачамі кожнага
з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы — хіба
ж гэта не ёсць шчасце?".
3) "Дарога, вандроўка — самае лепшае лякарства ад усякіх напасцей".
4) "Вот люблю свайго брата настаўніка! Гэта — соль зямлі!".
а) старожка бабка Мар'я; б) Андрэй Лабановіч; в) настаўнік Тарас Шырокі;
г) Максім Турсевіч; д) Ядвіся.
Адказ: 1) б; 2) б; 3) б; 4) в
18
Назавіце трох найбольш аўтарытэтных літаратурных даследчыкаў трылогіі.
+ 1. Алесь Адамовіч.
2. Уладзімір Гніламёдаў.
3. Віктар Каваленка.
+ 4. Іван Навуменка.
+ 5. Юльян Пшыркоў.
6. Уладзімір Калеснік.
19
Хто з даследчыкаў сказаў пра кнігу наступныя словы: «Трылогія "На ростанях" —
гэта натхнёны гімн чалавеку, шукальніку і змагару, чалавеку, які ніколі не
спыняецца ў сваім руху наперад, да ісціны, да шчасця для ўсіх»?
1. Янка Купала.
+ 2. Алесь Адамовіч.
3. Іван Навуменка.
4. Юльян Пшыркоў.
5. Віктар Каваленка.
6. Уладзімір Калеснік.
|
|
|